На першым уроку з ліцэістамі Іосіф Іосіфавіч на дошцы малюе кола, ад якога адыходзяць шляхі-праменьчыкі і на якім ён адзначае акенцы. Такімі сімваламі настаўнік паказвае сваю пазіцыю навучання і прапануе выхаванцам адкрываць у свет усе вокны, выкарыстоўваць кожную магчымасць вучыцца, пазнаваць, спасцігаць. У цэнтры гэтага кола стаіць настаўнік, які дапамагае маладым людзям вызначыцца ў жыцці, прафесіі, маральных прыярытэтах.
Імногія вучні настаўніка гісторыі і грамадазнаўства ліцэя № 1 Ліды Іосіфа Іосіфавіча Залескага пайшлі па шляху, які ён адкрыў для іх. Сталі настаўнікамі гісторыі, сумленнымі і адказнымі людзьмі. Толькі за апошнія гады 15 выхаванцаў І.І.Залескага паступілі на гістарычныя факультэты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Першыя алімпіяднікі І.І.Залескага ўжо самі працуюць настаўнікамі: Алена Кадлубай выкладае ў сярэдняй школе № 8 Ліды, Вадзім Сакалоўскі — у гімназіі, Аляксандр Арлукевіч працуе ў ГрДУ імя Янкі Купалы, рыхтуецца да абароны кандыдацкай дысертацыі і, як і раней, у гады вучобы ў ліцэі, раіцца са сваім настаўнікам, абмяр-коўвае і навуковыя, і жыццёвыя тэмы.
— Іосіфа Іосіфавіча вельмі любяць і паважаюць вучні, — гаворыць дырэктар ліцэя Ірына Іванаўна Рубцэвіч. — З такой жа любоўю і павагай ставіцца і ён да сваіх вучняў. І для ўсяго нашага педагагічнага калектыву І.І.Залескі — аўтарытэт. Ён заўсёды актыўны, дынамічны, у яго заўсёды ёсць слушныя прапановы па арганізацыі вучэбнага працэсу, па рабоце з вучнямі-алімпіяднікамі. Кіруе секцыяй “Спадчына” даследчага таварыства “Ліцэіст”. У 2016 годзе кабінет гісторыі і грамадазнаўства, загадчыкам якога з’яўляецца Іосіф Іосіфавіч, быў адзначаны дыпломам ІІІ ступені на раённым конкурсе кабінетаў гісторыі і грамадазнаўства.
Рабоце з таленавітымі навучэнцамі І.І.Залескі аддае шмат часу. Педагог з’яўляецца кіраўніком раённай алімпіяднай школы і трэнерам абласной каманды навучэнцаў — удзельнікаў заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі, летам выкладае ў профільным лагеры “Навука” для адораных навучэнцаў Гродзенскай вобласці. За 13 гадоў работы ў ліцэі настаўнік падрыхтаваў шмат пераможцаў: 32 — раённага этапу, 20 — абласнога, 6 — заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі; 42 навучэнцы сталі пераможцамі раённага, 13 — абласнога і 3 — заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па грамадазнаўстве.
Вопытам работы педагог вышэйшай катэгорыі І.І.Залескі шчыра дзеліцца з калегамі — праводзіць адкрытыя мерапрыемствы, выступае на раённых метадычных аб’яднаннях настаўнікаў гісторыі і грамадазнаўства, канферэнцыях, семінарах, на курсах павышэння кваліфікацыі. Сёлета, напрыклад, правёў для настаўнікаў Лідскага раёна практыкум “Метадычныя асаблівасці падрыхтоўкі навучэнцаў да алімпіяды па гісторыі”, у мінулым годзе на раённым педагагічным форуме — майстар-клас “Развіццё прадметных кампетэнцый навучэнцаў на ўроках гісторыі сродкамі выяўленчай нагляднасці”.
Іосіф Іосіфавіч вялікую ўвагу ўдзяляе ўключэнню ліцэістаў у даследчую дзейнасць. Разам яны вывучалі гісторыю праваслаўных храмаў, фартыфікацыйных збудаванняў Першай сусветнай вайны на Лідчыне. Створаны ў ліцэі музей — таксама заслуга І.І.Залескага і яго вучняў. І хоць ліцэй існуе 15 гадоў, гісторыя адукацыі і гісторыя навучальных устаноў, якія размяшчаліся ў будынку цяперашняга ліцэя, мае больш чым стагадовую гісторыю.
У музейным пакоі Іосіф Іосіфавіч дэманструе дакументы, якія датуюцца 1901 годам. Тады была адкрыта першая прыватная школа Навіцкай для дзяўчынак, і гэта была адна з лепшых навучальных устаноў Ліды. На сайт музея заходзяць наведвальнікі з усіх куткоў свету — з Аўстраліі і Паўночнай Амерыкі, Еўропы і Афрыкі, шукаючы сляды былых навучэнцаў, цікавячыся сённяшнім днём ліцэя.
— Такая гісторыя дазваляе ганарыцца традыцыямі, — гаворыць Іосіф Іосіфавіч. — А яшчэ гісторыя, на маю думку, — гэта такі вучэбны прадмет, які дэманструе не толькі лічбы, даты, факты, але і змяшчае вялікі выхаваўчы і маральны кампанент. Я хачу навучыць дзяцей быць адкрытымі, прыстойнымі, сумленнымі, каб яны не хлусілі, каб сваіх мэт дасягалі не пры дапамозе мам і татаў, а самастойна. Гісторыя нароўні з літаратурай, грамадазнаўствам можа выхоўваць такія якасці, і я вельмі хацеў бы, каб у раскладзе заняткаў доля гэтых прадметаў не змяншалася.
А яшчэ Іосіф Іосіфавіч дазваляе сваім вучням выказвацца.
— Дыскутаваць, а часам спрачацца са сваімі вучнямі лічу справай патрэбнай: па-першае, ліцэісты ўжо дарослыя людзі, матываваныя на вучобу, па-другое, успрымаю іх як асоб, вартых павагі. Не лічу ганебным прызнаць, што часам быў залішне эмацыянальным у нашай размове. Такая пазіцыя — гэта і мой жыццёвы вопыт, падобнае я назіраў у Гродзенскім універсітэце. Мне пашанцавала там вучыцца. Сярод маіх выкладчыкаў былі знакамітыя гісторыкі Якаў Навумавіч Мараш, Міхаіл Аляксандравіч Ткачоў, Міхаіл Васільевіч Жарскі, Іван Іванавіч Коўкель, Іван Платонавіч Крэнь, Валерый Мікалаевіч Чарапіца. Мы заўсёды адчувалі цёплыя, шчырыя адносіны, жаданне дапамагчы, падтрымку. І, канечне, веды атрымлівалі добрыя. Са многімі сваімі аднагрупнікамі сябрую да гэтага часу. На 3 курсе захапіўся археалогіяй. А пасля заканчэння ўніверсітэта, калі пачаў працаваць у Мацевіцкай школе Лідскага раёна — на жаль, яе ўжо няма, — праводзіў з дзецьмі раскопкі, хадзіў у экспедыцыі.
За сваю 37-гадовую працоўную біяграфію Іосіф Іосіфавіч паспрабаваў хлеба настаўніка, намесніка дырэктара, дырэктара школы, працаваў у органах дзяржаўнага кіравання, але ўсё ж лічыць настаўніцтва самай падыходзячай для сябе дзейнасцю. За прафесійныя дасягненні І.І.Залескі адзначаны Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, тры разы з’яўляўся стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.