Адкуль растуць ногі ў плагіяту,

- 11:50Рознае, Суразмоўца

або Чаму браць чужыя рэчы сорамна, а запазычваць чужыя тэксты прымальна?

Нядаўна да нас у рэдакцыю завітаў універсітэцкі выкладчык Іван Пятровіч А. Ён прынёс з сабой стос матэрыялаў, якія, па словах Івана Пятровіча, указваюць на тое, што яго калега займаецца плагіятам. “Яна спісвае з вядомых падручнікаў цэлымі старонкамі, — абураўся мой суразмоўца. — І вы павінны пра гэта напісаць”.

Размаўляючы з Іванам Пятровічам, я таксама ўзгадала адзін кур’ёзны выпадак са сваёй журналісцкай практыкі. Аднойчы мы надрукавалі артыкул нашай чытачкі-настаўніцы, а потым патэлефанавала іншая настаўніца і паведаміла, што артыкул цалкам спісаны з яе работы. Калі пачалі разбірацца, высветлілася, што абедзьве запазычылі тэкст у трэцяга чалавека…

На жаль, плагіят не рэдкасць у нашым жыцці. І хоць я, пагартаўшы матэрыялы, якія прынёс Іван Пятровіч, пагадзілася з тым, што ён мае рацыю, я не магу ўказаць ні імёнаў тых, хто крадзе чужыя тэксты, ні нават рабіць намёку на іх, бо назваць плагіятчыкаў плагіятчыкамі можа толькі суд. Але я паабяцала напісаць пра гэтую з’яву, якая з развіццём інтэрнэту набывае ўсё большае распаўсюджанне.

Пра абарону аўтарскіх правоў мы гутарым з дацэнтам кафедры грамадзянскага права юрыдычнага факультэта БДУ Дзіянай Уладзіміраўнай Івановай.

— Скажыце, Дзіяна Уладзіміраўна, як часта справы аб плагіяце выходзяць за межы звычайнага абурэння і даходзяць да суда?

— Вельмі рэдка. Справа ў тым, што заканадаўчыя палажэнні ў аўтарскім праве не настолькі канкрэтныя, каб у кожным выпадку мы гарантавана сказалі, ёсць парушэнне ці няма. Любы твор па законе павінен адпавядаць прымеце “вынік творчай дзейнасці”, аднак паняцце творчасці заканадаўствам не вызначаецца. І калі другі, трэці ці чацвёрты чалавек узяў у першага аўтара толькі ідэю (навуковую, педагагічную, метадычную і г.д.), то прыцягнуць яго да адказнасці не ўдасца. Сама па сабе ідэя не ахоўваецца законам, і гэта правільна, інакш усе ідэі вельмі хутка былі б разабраны паміж праваўладальнікамі, на іх аснове не маглі б паяўляцца новыя творы. Напрыклад, трагедыя Шэкспіра “Рамэа і Джульета”. Усім вядома закладзеная ў згаданы твор ідэя, але гэта не перашкаджае ствараць на яе аснове іншыя творы — літаратурныя, музычныя, кінематаграфічныя і г.д.

Аднак калі хтосьці бярэ не проста ідэю, а форму, у якой яна пададзена, кавалак чужога твора, тады ўжо ўзнікае пытанне парушэння аўтарскіх правоў. Хаця нават у такім выпадку нельга стапрацэнтна гаварыць аб плагіяце. Каб высветліць гэта, эксперты літаральна па слове параўноўваюць два творы і фіксуюць усе супадзенні. Ісціну, вядома, устанаўлівае суд.

— Колькі працэнтаў супадзенняў ужо можна лічыць плагіятам?

— Гэта заканадаўствам таксама не вызначана, кожны выпадак індывідуальны. Напрыклад, ёсць праблемы не толькі з літаратурным, але і з музычным цытаваннем. Часам можна пачуць, маўляў, у прыродзе існуе ўсяго 7 нот, таму няма нічога дзіўнага ў тым, што часам іх гучанне супадае. Тут рашэнне выносяць эксперты — спецыялісты ў галіне музыкі, якія павінны ўстанавіць: быў музычны твор вынікам творчасці або гэта кампіляцыя з іншага твора з пэўнымі ўстаўкамі. Пры гэтым важна высветліць, як шмат творчасці было прыўнесена для таго, каб з’явіўся новы твор.

— Кампіляцыя заўсёды прыраўноўваецца да плагіяту?

— Не заўсёды. Напрыклад, ёсць так званыя састаўныя творы, калі ахоўныя творы ці іх часткі падбіраюцца і размяшчаюцца такім чынам, што ў гэтым таксама праяўляецца творчасць. У выніку з’яўляецца новы састаўны твор — альманах, энцыклапедыя, зборнік і г.д. Але і ў гэтым выпадку трэба захоўваць правы асобных аўтараў і атрымаць іх дазвол на тое, што іх творы (або часткі) увойдуць у склад састаўнога твора.

— Я, напрыклад, зрабіла б так: усім, што размешчана ў свабодным доступе ў інтэрнэце, можна карыстацца без абмежаванняў…

— Тады вы прыхільнік вельмі актыўнага руху ў свеце, які за тое, каб вызваліць інтэрнэт ад многіх заканадаўчых межаў, у тым ліку ад распаўсюджвання на яго права інтэлектуальнай уласнасці. Але хачу зазначыць, што нават самыя прасунутыя краіны не прыйшлі да гэтага. Нягледзячы на вялікую колькасць прыхільнікаў такога падыходу, ёсць інтарэс суб’ектаў, якія валодаюць аўтарскімі правамі, сярод якіх вялікія карпарацыі, і яны не дапускаюць зняцця абмежаванняў.

— Наколькі беларускае заканадаўства жорсткае ў дачыненні да плагіятчыкаў?

— Заканадаўствы розных краін у галіне аўтарскага права даволі ўніфікаваныя. Я не скажу, што беларускае заканадаўства абсалютна тоеснае заканадаўству ЗША ці еўрапейскаму, але ў гэтай сферы дзейнічае вельмі шмат міжнародных пагадненняў, і заканадаўствы краін, якія іх падпісалі (у тым ліку Беларусі), прыведзены ў адпаведнасць з імі.

У нас праблема звязана найперш з тым, наколькі грамадзяне знаёмы з заканадаўствам і кіруюцца ім у сваім жыцці. Нельга сказаць, што за мяжой няма праблем з плагіятам, інакш гэтая сфера не была б настолькі актуальнай. Мы ведаем шмат прыкладаў, як вялікія карпарацыі і вядомыя людзі судзяцца з парушальнікамі сваіх правоў. Але статыстыка паказвае, што ў нас больш кантрафакту і больш парушэнняў аўтарскіх правоў, і гэта звязана ў першую чаргу з невысокай прававой культурай.

Кожны чалавек нараджаецца з пачуццём абсалютнага эгаізму і адчуваннем таго, што ўсё вакол належыць яму. Але з самага ранняга дзяцінства ён вучыцца праву ўласнасці: разумець, дзе яго рэчы, а дзе — чужыя. Усе школьнікі ўжо ведаюць, што чужыя рэчы браць нельга, пазней прыходзіць асэнсаванне адказнасці, у тым ліку крымінальнай. Пры гэтым не ў нашых правілах ад нараджэння вучыць дзяцей таму, што нельга замахвацца не толькі на матэрыяльныя, але і на інтэлектуальныя аб’екты. Але ў наш век інфармацыйнага грамадства гэта надзвычай важна. Нельга браць у інтэрнэце чужыя творы і выдаваць іх за свае, нельга браць чужыя фотаздымкі, музыку і г.д. Пакуль жа атрымліваецца так, што ў дачыненні да нематэрыяльных каштоўнасцей многія людзі паводзяць сябе, як немаўляты: не адрозніваюць свайго і чужога.

— Але ж трэба неяк падступацца да гэтай праблемы, фарміраваць прававую культуру насельніцтва і пачынаць, верагодна, менавіта са школы. На практыцы атрымліваецца, што ўжо малодшым школьнікам за-даюць рыхтаваць даклады і рэфераты, якія дзеці ў прынцыпе не могуць зрабіць самастойна. Зразумела, што ўсё бярэцца з інтэрнэту (без спасылак на аўтараў), перапрацоўваецца бацькамі. І гэта заахвочваецца настаўнікамі. Дзеці бачаць, што некалькі радкоў, напісаных ад сябе, ацэньваюцца не так высока, як прыгожа аформленыя даклады, і пачынаюць актыўна асвойваюць тэхніку плагіяту…

— Я не стала б усё звальваць на школу, але сапраўды ў школьную адзнаку часта закладваюцца не тыя крытэрыі. Калі б больш заахвочвалася менавіта самастойнасць мыслення, а не падрыхтоўка рэфератаў, то ў канчатковым выніку гэта прынесла б плён. І нават калі б рэферат, які мае на ўвазе выкарыстанне чужых матэрыялаў, правяраўся на наяўнасць спасылак, а таксама ўтрымліваў самастойныя высновы, то гэта ўжо быў бы крок наперад.

Але школьнікі настолькі прывыкаюць браць гатовыя матэрыялы з інтэрнэту, што, калі паступаюць да нас на юрыдычны факультэт, вельмі здзіўляюцца, як выкладчыкі за 2—3 хвіліны знаходзяць іх рэфераты ў сетцы. У выніку замест “дзявятак” і “дзясятак”, да якіх маладыя людзі прывыклі ў школе, яны атрымліваюць “двойкі”.

Безумоўна, мы чакаем ад сваіх студэнтаў індывідуальных творчых работ і стараемся змагацца з плагіятам. Трэба прызнаць, што студэнтам вельмі цяжка перабудоўвацца. У школе яны практычна не пісалі сачыненняў, рыхтаваліся выключна да тэстаў. Як вынік — многія не ўмеюць выказваць думкі ні вусна, ні пісьмова. Хаця, безумоўна, ёсць дзеці з выбітнымі літаратурнымі здольнасцямі.

— Але да старшых курсаў вашы студэнты ўжо дарастаюць да разумення каштоўнасці і недатыкальнасці чужой інтэлектуальнай працы?

— Будучыя юрысты, безумоўна, больш ашчадна ставяцца да чужых аўтарскіх правоў. Аднойчы студэнт-першакурснік здаў мне курсавую работу. Я пачала яе вывучаць і бачу, што ўжо ў першым параграфе адкрыта двукоссе. З пункту гледжання цытавання ўсё правільна. Чытаю далей і бачу, што на першай старонцы двукоссе не закрыта, на другой — не закрыта… Двукоссе студэнт закрыў толькі ў канцы параграфа і там жа даў спасылку на крыніцу. У выніку спроба выканаць патрабаванне скончылася тым, што студэнт узяў у двукоссе ўсю работу. Але тут узнікае пытанне: які яго ўклад? Пад курсавой работай студэнта можна смела паставіць прозвішча аўтара, на якога ён шчыра спаслаўся. Такі вось кур’ёз.

Увогуле, мы са студэнтамі разглядаем шмат сітуацый, звязаных з захаваннем аўтарскіх правоў. Часта яны нават не вераць, што ўсе гэтыя сітуацыі ўзяты з рэальнага жыцця.

Так што нашы студэнты добра падкаваны ў пытаннях аўтарскага права, хаця, вядома, без агрэхаў не абыходзіцца. Так, мы перыядычна сутыкаемся (асабліва на завочнай форме) з тым, што нам прыносяць аднолькавыя, слова ў слова, рашэнні задач. Студэнты спрабуюць увесці выкладчыкаў у зман розным фармаціраваннем, змяненнем шрыфтоў і г.д., але пры гэтым заўсёды бачна, што задачы рэшаны адным чалавекам.

— Скажыце, Дзіяна Уладзіміраўна, а задачы па матэматыцы, фізіцы, хіміі — гэта ахоўны аб’ект ці не?

— Вядома, што некаторыя задачы качуюць са зборніка ў зборнік, з падручніка ў падручнік. Сярод іх ёсць тыповыя задачы на пэўныя формулы. У іх можна крыху відазмяніць сказы, падставіць іншыя лічбы і скласці на іх аснове тысячу новых. Я не бачу ў такіх задачах аб’екта аўтарскага права. А ёсць задачы іншага тыпу, менавіта яны часцей за ўсё сустракаюцца на алімпіядах. Гэта так званыя аўтарскія задачы, якія можа прыдумаць не кожны педагог. І калі хтосьці прысвойвае такія задачы, то ў гэтым выпадку можна адстойваць аўтарскія правы.

Я заўсёды папярэджваю настаўнікаў, каб яны ніколі не выкладвалі для агульнага доступу на сваіх старонках у інтэрнэце задачы цэнтралізаванага тэсціравання. Гэта дазволіць ім пазбегнуць спрэчных сітуацый. Нават калі самі задачы будуць прызнаны неахоўным аб’ектам, можа ўзнікнуць пытанне састаўнога твора. У тэсце задачы падбіраюцца пэўным чынам па тэмах, і тут ёсць верагоднасць, што ён можа быць прызнаны аб’ектам, які ахоўваецца менавіта па падборы задач. Аднак рашэнне гэтых задач інтэлектуальнай уласнасцю не з’яўляецца.

— Дзякуй, Дзіяна Уладзіміраўна, за інтэрв’ю.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.