Аднойчы ў вялізным горадзе…

- 17:14Сацыяльны ракурс

У Мінску адбылася прэм’ера сямейнага 3D-спектакля

У Мінску паказалі першы ў Беларусі сямейны 3D- спектакль “Аднойчы ў вялізным горадзе”. Прэм’ера маштабнай тэатральнай дзеі адбылася пры падтрымцы кампаніі Velcom на сцэне Рэспубліканскага палаца культуры прафсаюзаў. Сюжэт спектакля заснаваны на фантастычным творы Ф.Дастаеўскага “Хлопчык у Хрыста на ёлцы”. Па матывах гэтага твора сямейны інклюзіў-тэатр “і” (СІТі) падрыхтаваў спектакль на беларускай мове, аналагаў якому ў Беларусі яшчэ не было.

“Наш тэатр адкрыты для кожнага дзіцяці, незалежна ад асаблівасцей яго развіцця, — патлумачыла мастацкі кіраўнік СІТі Ірына Пушкарова. — У тэатры была распрацавана і ўвасоблена ў жыццё ўнікальная методыка сацыялізацыі асаблівых дзяцей. Асаблівасць нашага сямейнага тэатра ў тым, што на сцэне побач са звычайнымі дзецьмі іграюць дзеці з аўтызмам. Прычым ігру іх практычна немагчыма адрозніць ад выканання роляў звычайнымі дзецьмі. Спектакль “Аднойчы ў вялізным горадзе” — дастаткова глыбокая драматычна-фантастычная дзея, якая ўзнімае вельмі важныя для чалавека пытанні: аб свабодзе асобы і яе праве выбару, сацыяльнай няроўнасці, дабрыні і справядлівасці, аб душы чалавека. У аснове сюжэту — гісторыя хлопчыка, які перад Калядамі страціў бацькоў і застаўся адзін у вялікім горадзе. І нечакана адбываецца цуд — маленькі жабрак трапляе на ёлку да Хрыста і анёлаў, дзе атрымлівае надзею на лепшую будучыню для сваёй душы. П’еса разлічана на сямейны прагляд. Самым маленькім будзе цікава ўбачыць фантастычную казку з маляўнічымі дэкарацыямі і эфектамі. Падлеткі задумаюцца аб сур’ёзных філасофскіх тэмах, якія абмяркуюць з бацькамі.

Гэта ўжо пятая пастаноўка нашага тэатра за мінулыя 2 гады і, пэўна, самая складаная і ў мастацкім, і ў тэхнічным плане. Мы не проста стварылі п’есу па матывах вядомага апавядання Дастаеўскага, а пастараліся прыўнесці ў яе часцінку беларускай культуры: родную мову, абрады і традыцыі. У маштабным відовішчы было задзейнічана больш за 100 акцёраў, у тым ліку і дзеці з асаблівасцямі. Адметнасцю пастаноўкі стала і тое, што некаторыя дзеці выступаюць на сцэне разам са сваімі бацькамі. Гледачы змаглі ацаніць сцэну, якая круцілася, аб’ёмныя 3D-праекцыі пярэдняга і задняга планаў і іншыя тэхнічныя рашэнні. У спектаклі гучала музыка Ігара Стравінскага і сучаснага беларускага кампазітара Аляксандры Сандлер. Але пры ўсёй сваёй тэхналагічнасці спектакль “Аднойчы ў вялізным горадзе” можа быць адаптаваны практычна да любой тэатральнай пляцоўкі. У планах стваральнікаў спектакля — паказаць яго ў розных рэгіёнах Беларусі”.

“СІТі — унікальнае месца, у якім умеюць убачыць талент кожнага дзіцяці. Ужо больш за 2 гады пастаноўкі тэатра падтрымлівае кампанія Velcom. Для нас супрацоўніцтва з тэатрам — адзін з найважнейшых кірункаў нашай сацыяльнай дзейнасці, — адзначыў начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый Velcom Мікалай Брэдзелеў. — Мы плануем і далей падтрымліваць у Беларусі ідэю фарміравання інклюзіўнага грамадства, якое прымае людзей незалежна ад асаблівасцей іх паводзін або дыягназаў”.

Прэм’ера першага ў Беларусі сямейнага 3D-спектакля адбылася з аншлагам, паглядзець п’есу прыйшло больш за 600 чалавек. Спецыяльна на паказ прыехаў рэжысёр галандскага тэатра Kazou для дарослых акцёраў з расстройствамі аўтыстычнага спектрf (РАС) Ханс Салемінк.

“Я ўжо больш за 28 гадоў займаюся з дарослымі акцёрамі з РАС, але аналагаў таго, што робіць СІТі нідзе больш не сустракаў. 2 гады назад, калі я ўпершыню прыехаў у Мінск пазнаёміцца з творчасцю тэатра, нават не змог вылучыць на сцэне сярод усіх акцёраў дзяцей з асаблівасцямі, — адзначыў Ханс Салемінк. — Тое, як працуюць у тэатры над іх сацыялізацыяй, сапраўды ўнікальна. Спадзяюся, што ў будучыні мы з кіраўнікамі СІТі зможам рэалізаваць сумесны міжнародны праект з удзелам двух тэатраў”.

Беларускі і галандскі тэатральныя калектывы будуць працаваць над творчым праектам “Восем пачуццяў”, у аснове якога казка Кастуся Жыбуля — асаблівага дзіцяці.

Надзея ЦЕРАХАВА.