Адпачыць ад мітусні запрашаюць “Светлячкі”

- 16:44Нам пішуць

Канікулы — пара адпачынку дзяцей ад школьнай мітусні, урокаў. Аднак лішак вольнага часу не заўсёды спрыяе паўнавартаснаму рацыянальнаму адпачынку дзіцяці. Галоўнай задачай школьнага аздараўленчага лагера з’яўляецца стварэнне неабходных умоў для ўцягвання дзяцей у перыяд канікул у сацыяльна значную дзейнасць, актыўны культурны адпачынак. А калі праводзіць іх разам з сябрамі, то і радасці атрымаеш нашмат больш. У гэтым абсалютна ўпэўнены хлопчыкі і дзяўчынкі, якія адпачывалі ў дзіцячым аздараўленчым лагеры “Светлячок” Пархімаўскай базавай школы.

Педагогі нашай школы стварылі максімальна бяспечныя і камфортныя ўмовы для адпачынку 10 дзетак 6—10 гадоў. На 6 дзён школа ператварылася ў маленькую краіну са сваімі клопатамі, праблемамі і радасцямі. Нягледзячы на невялікую колькасць дзяцей, яны пажадалі размеркавацца на два атрады: “Сонейка” і “Пчолкі”. Атрады спаборнічалі паміж сабой, атрымліваючы бонусы за свае старанні, удзельнічаючы ў гульнях і мерапрыемствах. Дзеці прымалі актыўны ўдзел у спартыўных і пазнавальных мерапрыемствах, развучвалі новыя песні, устанаўлівалі свае маленькія рэкорды, паўтаралі правілы бяспекі. Кожны дзень праходзіў пад сваёй назвай. Першая палова дня — актыўны адпачынак, прагулкі, спаборніцтвы, гульні, конкурсы. Другая палова дня — спакойныя гульні, гутаркі, прагляды кінафільмаў і мультфільмаў.

Працавалі аб’яднанні па інтарэсах. Запомніўся дзецям майстар-клас “Вясновыя кветкі”, які падрыхтавала і правяла педагог Т.А.Сяўко. Дзеці малявалі кветкі ў нетрадыцыйнай тэхніцы (з дапамогай манкі). Кожная праца была цікавая і арыгінальная. У “Дзень бяспекі” прайшла сустрэча з супрацоўнікам РАНС. У ходзе гутаркі дзецям нагадалі аб правілах выпальвання травы, бяспечных паводзін, паводзін у выпадку ўзнікнення пажару.

У апошні дзень лагера дзеці атрымалі памятныя падарункі і павесяліліся на дыска-балі.

Святлана ТУРОК,
дырэктар лагера “Светлячок” Пархімаўскай базавай школы
Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобласці.