Адпачынак без здарэнняў

- 10:38Нам пішуць

Лета — час, калі дзеці праводзяць большую частку вольнага часу на свежым паветры. Аднак малым і іх бацькам не варта забываць, што вуліца тоіць мноства небяспек, адна з якіх — дарожны рух.

У рамках праграмы міжведамаснага ўзаемадзеяння ўстановы адукацыі ў летні перыяд па пытаннях прафілактыкі няшчасных выпадкаў сярэднюю школу № 4 Клімавічаў наведалі начальнік аддзялення ДАІ Клімавіцкага РАУС маёр міліцыі Уладзімір Салаўёў і старшы дзяржаўтаінспектар маёр міліцыі Аляксандр Сяргееў. Для выхаванцаў прышкольнага аздараўленчага лагера “Сонейка” яны падрыхтавалі цікавую гутарку аб руху на веласіпедах і мапедах, пра адказнасць непаўналетніх за кіраванне скутарамі і мапедамі.

Аляксандр Ягоравіч нагадаў школьнікам, што на веласіпедзе або мапедзе спераду павінна быць фара, якая выпраменьвае белае святло, ззаду — якая выпраменьвае чырвонае святло. Пры перасячэнні праезнай часткі дарогі па пешаходным пераходзе веласіпедыст павінен весці веласіпед побач з сабой. Акрамя таго, Уладзімір Анатольевіч яшчэ раз нагадаў хлапчукам і дзяўчынкам пра неабходнасць выканання правілаў дарожнага руху, каб няўважлівасць і халатнасць не прывялі да трагедыі. Важна і тое, што веласіпедыстам да 14 гадоў і вадзіцелям скутараў да 16 нельга выязджаць на дарогу без суправаджэння дарослых.

А з навучэнцамі старшых класаў была праведзена гутарка аб правілах паводзін на дарогах і аб’ектах чыгуначнага транспарту. Бо чыгунка — зона павышанай небяспекі. Уладзімір Анатольевіч звярнуў увагу на асноўныя прычыны траўміравання на чыгунцы: няведанне і парушэнне правілаў бяспекі пры знаходжанні ў зоне чыгуначных шляхоў; неапраўданая спешка і бестурботнасць; нежаданне карыстацца пераходнымі мастамі і насціламі; гарэзлівасць, хуліганства, гульні як на чыгуначных шляхах, так і на прылеглай да іх тэрыторыі.

Падводзячы вынік, Аляксандр Ягоравіч, пажадаў навучэнцам, каб іх канікулы сталі цікавыя, запамінальныя, а галоўнае, бяспечныя.

Марына НОВІКАВА,
настаўніца пачатковых класаў.