Адпавядаць патрабаванням часу

- 10:19Насустрач рэферэндуму

Дыялогавая пляцоўка, прысвечаная абмеркаванню праекта змяненняў і дапаўненняў Асноўнага закона, прайшла на базе сярэдняй школы № 2 Чавус.

На сустрэчу з навучэнцамі 9—10 класаў была запрошана старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Анжаліка Цітова, якая выступіла ў якасці спікера. Яна расказала пра гісторыю рэферэндумаў у нашай краіне і пра асноўныя папраўкі, якія плануецца ўнесці ў дзеючую Канстытуцыю.

Выкарыстоўваючы свае веды і багаты жыццёвы вопыт, А.Цітова пераканаўча і аргументавана ацаніла будучыя перамены. Таксама яна звярнула ўвагу, што важна разумець: Канстытуцыю не перапісваюць, а ўносяць неабходныя папраўкі, галоўныя з якіх выкліканы тым, што свет і грамадства змяніліся.

Спікер адзначыла, што сёння вельмі важна мець сваё аблічча ў свеце, сваю зямлю, родную мову. Усё гэта неабходна захоў­ваць, у той жа час развівацца, каб адпавядаць патрабаванням часу. І на гэта накіраваны праект Асноўнага закона нашай краіны.

Таксама было адзначана, што ў абноўленай Канстытуцыі ў асобны артыкул вылучылі магчымасці і гарантыі дзяржавы для мола­дзі. У прыватнасці, у ім гаворыцца, што “дзяржава садзейнічае духоўнаму, маральнаму, інтэлектуальнаму і фізічнаму развіццю мола­дзі, стварае неабходныя ўмовы для яе свабоднага і эфектыўнага ўдзелу ў грамадскім жыцці, рэалізацыі патэнцыялу моладзі ў інта­рэ­сах усяго грамадства”.

Сустрэча прайшла ў фармаце актыўнага дыялогу, удзель­нікі змаг­лі задаць пытанні, якія іх цікавілі.

“Ад таго, наколькі бу­дзе зменена Канстытуцыя, у якім выгля­дзе яна будзе прынята, залежыць наша будучыня”, — падсумавала А.Ці­това.

Ірына ШУНДАЛАВА.

Ірына ЗМАЧЫНСКАЯ,
начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Чэрвеньскага райвыканкама:

— Сёння ні адзін чалавек, які жыве ў нашай краіне, не павінен заставацца абыякавым да абмеркавання змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Праект Канстытуцыі абмяркоўваецца на розных узроўнях улады і грамадства. Сучасная палітычная і эканамічная сітуацыя дыктуе нам новыя ўмовы жыцця. Наша краіна імкнецца адпавя­даць патрабаванням часу — для мірнага рос­квіту, сяброўства і супрацоўніцтва з усімі дзяржавамі. Раней у Канстытуцыі было сказана, что Беларусь імкнецца быць нейтральнай дзяржавай, але цяпер мы не можам насіць гэты статус. Наша дзяржава ўваходзіць у шэраг дагаворных саюзаў: Саюзную дзяржаву Беларусі і Расіі, Еўразійскі эканамічны саюз, СНД, АДКБ. Па па­дзеях, якія адбываюцца ў свеце, мы бачым, што нельга быць нейтральнай дзяржавай. І правільна, што з Канстытуцыі выдаляецца гэты артыкул.

У артыкул 15 першага раздзела Канстытуцыі ўнесена дапаўненне, што дзяржава забяспечвае захаванне гістарычнай памяці і праўды аб гераічным подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. І гэта вельмі важна! Менавіта цяпер, калі заходнія дзяржавы імкнуцца перапісаць гісторыю ці ўносяць “карэкціроўкі” аб перамозе Савецкага Саюза над фашысцкай Германіяй, нам, педагогам, вельмі важна данесці ўсю праўду пра тое, якой цаной дасталася гэтая перамога, колькі гора і слёз выпала на нашу любімую Беларусь. Было знішчана 5295 вёсак (3% — у 1941 годзе, 16% — у 1942-м, 63% — у 1943-м, 18% — у 1944 годзе). Толькі ў нашым невялічкім Чэрвеньскім раёне былі спалены тры вёскі: Папова Града, Макаўе, Буда. Кожную сям’ю закранула вайна!

У нашым раёне вядзецца вялікая краязнаўчая работа, праводзяцца экскурсіі, якія знаёмяць дзяцей і дарослых з гераічнай спадчынай Смілавічаў і іншых мястэчак раёна, з памятнымі мясцінамі і мемарыяльнымі комплексамі “Разгром”, “Журботная маці”, “Папова Града”. Гістарычная памяць — гэта мост паміж мінулым, сённяшнім днём і будучыняй. Таму нам неабходна захаваць наша гераічнае мінулае і не дапусціць ніякіх замахаў заходніх змагароў на нашу дзяржаву.

2022 год аб’яўлены Годам гістарычнай памяці. Наперадзе карпатлівая работа па фарміраванні ў падрастаючага пакалення пачуцця гордасці за сваю Радзіму, за свой край, за свой народ і сваю спадчыну. І менавіта ў Год гістарычнай памяці важна звярнуцца да сувязнай ніткі пакаленняў, развіваць у сабе спрадвечныя беларускія якасці, такія як дабрыня, справядлівасць, патрыятызм, стойкасць, мужнасць.