І майстэрства, і творчасць прадэманстравалі навучэнцы і работнікі ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Гродзеншчыны. 23 установы адукацыі прынялі ўдзел у абласным этапе рэспубліканскага конкурсу творчых дасягненняў вучнёўскай моладзі “Праз творчасць — да майстэрства”.
— На першым этапе адбыліся агляды-конкурсы паміж групамі па розных відах творчасці, справаздачы аб’яднанняў па інтарэсах, выставы, віктарыны, — расказвае намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Гродзенскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці Тэрэза Серахан. — Лепшыя ўдзельнікі ў фінале спаборнічалі ў пяці намінацыях. У конкурсе “Усе грані прафесіі” прадстаўляўся 5-хвілінны відэаролік аб установе адукацыі і спецыяльнасцях, па якіх там рыхтуюць. Конкурс “І майстэрства, і натхненне” прадугледжваў выкананне аўтарскіх работ на тэму “Славутасці Беларусі” па кірунках: фотаздымак, рэкламны плакат, пано, якое трэба было выканаць у тэхніцы машыннай вышыўкі па матывах архітэктурных помнікаў. Намінацыя “Макетаванне” патрабавала выканання макета існуючай архітэктурнай славутасці Беларусі з выкарыстаннем разнастайных матэрыялаў — паперы, гіпсу, гліны, шклапластыку, пластмасы.
На конкурсе “Прадстаўленне каманды” неабходна было расказаць пра сваю ўстанову адукацыі, а таксама пра рэгіён, яго дасягненні і развіццё. Конкурс “Ад прадзедаў спакон вякоў…” вызначыў лепшую арганізацыю даследчай работы па захаванні і развіцці народных традыцый і рамёстваў і прадугледжваў выкананне вырабу беларускіх народных промыслаў. Конкурс “Адрасы цікавых прафесій” быў накіраваны на прафарыентацыйную работу і стварэнне станоўчага іміджу сучасных рабочых спецыяльнасцей. Прадстаўленне прафесій адбывалася ў выглядзе флэш-мобаў, рэкламных прома-акцый, віртуальных экскурсій, майстар-класаў.Лепшым у “Прадстаўленні каманды” стала выступленне калектываў Гродзенскага дзяржаўнага прафесійнага каледжа імя І.Шчаснага і Гродзенскага дзяржаўнага прафесійнага тэхналагічнага каледжа. Гродзенскі політэхнічны каледж перамагаў двойчы — у конкурсе “Ад прадзедаў спакон вякоў…” і ў намінацыі “Макетаванне” конкурсу “І майстэрства, і натхненне”. Пераможцамі ў гэтым конкурсе таксама сталі: у намінацыі “Мастацкая фатаграфія” — Гродзенскі дзяржаўны каледж тэхнікі, тэхналогій і дызайну, у намінацыі “Машынная вышыўка” — Гродзенскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж бытавога абслугоўвання насельніцтва. “Усе грані прафесіі” лепш за ўсіх адлюстравалі прадстаўнікі Слонімскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа сельскагаспадарчай вытворчасці.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.