Адукацыйны блог лепш вучыцца дапамог

- 15:30Якасць адукацыі

Вераніка Аляксандраўна Бебех, настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 4 Салігорска Мінскай вобласці, нядаўна стала адной з пераможцаў міжнароднага фестывалю “Пазнанне ў сумеснай творчасці”. У рабоце з усім класам і асобна з адоранымі вучнямі яна выкарыстоўвае адукацыйны блог, які чатыры гады назад стварыла сама і зараз пастаянна развівае. Аб прафесійных сакрэтах, цікавых і сучасных уроках англійскай мовы — наша размова.

— Вераніка Аляксандраўна, дзякуючы чаму ўдаецца рабіць урокі сучаснымі і цікавымі, матываваць школьнікаў на вучобу?

— Я пастаянна займаюся самаадукацыяй і заўсёды стараюся знайсці для сябе новыя адукацыйныя платформы, якія дазваляюць зрабіць урок больш цікавым і эфектыўным. У сваёй педагагічнай дзейнасці кіруюся прынцыпам What we learn with pleasure, we will never forget — тое, што мы вучым з задавальненнем, мы ніколі не забудзем.

У сучасных умовах ужо нельга ўявіць настаўніка, які стаіць ля дош­кі і чытае лекцыю. Надышоў час, калі абавязкова трэба прымяняць сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі. Гэта тое, што блізка і зразумела кожнаму дзіцяці, асабліва падлетку. Пераканана: менавіта выкарыстанне сучасных інфармацыйных тэхналогій і гаджэтаў здольна ператварыць любы ўрок у захапляльную прыгоду, павысіць матывацыю і ўцягнуць дзяцей у працэс навучання. Я актыўна выкарыстоўваю мабільныя тэхналогіі, анлайн, змешанае і дыстанцыйнае навучанне. Для мяне самае галоўнае — не адзнака, а жаданне дзіцяці вучыцца, яго пастаянная праца. Калі нехта не паспеў у класе зрабіць якое-небудзь заданне, то ў яго заўсёды ёсць магчымасць спакойна закончыць дома і пасля з дапамогай зваротнай сувязі на маім блогу ці нашай групы ў Viber прыслаць мне скрын. У такім выпадку вучань засвойвае матэрыял у прымальным для яго рытме, мае магчымасць палепшыць адзнаку і, значыць, будзе адчуваць сябе паспяховым і матываваным.

— Раскажыце пра свой адукацыйны блог? У чым яго асаблівасці?

— Свой адукацыйны блог у мяне з’явіўся чатыры гады назад. Апошнія два гады развіваю яго асабліва актыўна. На гэта мяне накіроўвае само жыццё. Важна, каб на ўроку вучням, у якіх розныя тэмп працы і магчымасці, было цікава, каб ніхто не сумаваў і для ўсіх час пралятаў хутка і карысна.

Прааналізаваўшы розныя платформы для блогінгу, я выбрала сэрвіс Blogger на платформе Google. Пры стварэнні свайго блога імкнулася да таго, каб у выніку з’явілася адзінае школьнае і міжшкольнае інфармацыйна-камунікацыйнае асяроддзе ў рамках змешанага і дыстанцыйнага навучання, былі прэзентаваны сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі і адукацыйныя платформы для павышэння эфектыўнасці адукацыйнага працэсу. Таксама мне важна было стварыць інструмент публічнага інтэрактыўнага абмеркавання школьных пытанняў і праблем на англійскай мове для ўцягнення вучняў у працэс іншамоўнай камунікацыі. Як паказаў час, усіх гэтых мэт можна паспяхова дасягнуць з дапамогай блога.

З самага пачатку справа пайшла добра. Адукацыйны блог (https://superenglishwithveronika.blogspot.com/) толькі за 10 месяцаў актыўнага функцыянавання заваяваў 48 пастаянных чытачоў. Зараз ён мае зваротную сувязь і ўжо налічвае больш за 100 публікацый аўтарскіх матэрыялаў. У ліку апошніх — аўтарскія тэксты, мультымедыйныя заданні, аўдыя- і відэаматэрыялы, а таксама планы ўрокаў, анонсы міжнародных канферэнцый, каментарыі, метадычныя рэкамендацыі па выкладанні англійскай мовы. Блогам цікавяцца не толькі вучні, але і калегі.

Структурна блог складаецца са старонак (Home, My Teaching Philosophy, CPD, Online Video Conferencing, 5th grade. Resources, The English Language Olympiad 10—11 grade, The English Language Olympiad 5th grade) і пастоў (10th grade, 11th grade, 4th grade, 5th grade, Confusing words, English Traditions & Amazing Facts, Exam Topics, For Teachers, Functional English, Grammar, Holidays, Listening A1, Speaking і г.д.). Яны пастаянна абнаўляюцца і выкарыстоўваюцца як на вучэбных занятках у фармаце змешанага навучання, так і для паўтарэння дома ў фармаце дыстанцыйнага навучання.

Для вывучэння новай лексікі і моўных адзінак выкарыстоўваюцца карткі, створаныя на адукацыйнай платформе Quizlet і ўбудаваныя ў блог. Такім чынам, у вучняў няма неабходнасці рэгістравацца на іншай платформе. Для засваення граматычных структур і правіл у блог з дапамогай HTML кода дабаўляю вучэбныя відэа. У такіх выпадках прымяняю падыход flipped classroom (перавернуты клас): дзеці вывучаюць новы граматычны і моўны матэрыял дома з дапамогай файлаў мультымедыя, якія размяшчаю ў блогу; на ўроку ж вучні гатовы выкарыстоўваць і замацоўваць вывучаны матэрыял.

Акрамя таго, у блогу размя­шчаюцца тэсты (Microsoft Forms, Quizlet, GoConqr, Google Forms, Learning apps). Гэта дазваляе замацоўваць матэрыял і правяраць яго дыстанцыйна.

Яшчэ адна важная магчымасць заключаецца ў тым, што блог за­ахвочвае вучняў да таго, каб больш чытаць на замежнай мове. Не сакрэт, што зараз дзеці праводзяць значна больш часу ў розных сацыяльных сетках, чым за чытаннем мастацкай літаратуры. З дапамогай гіперспасылкі, якая змяшчаецца ў блогу (5th grade. Resources), загрузіўшы дадатковыя крыніцы для чытання на Google Disk, вучні маюць магчымасць развіць навыкі чытання і пашырыць свой кругагляд. Такая сучасная форма ім падабаецца.

Безумоўна, у блогу ёсць функцыя каментарыяў. Яна выкарыстоўваецца вучнямі для развіцця навыкаў пісьмовай мовы, дае рэальную аўдыторыю, якой можна пісаць, а пры аптымізацыі — яшчэ і асяроддзе для сумеснай работы (дабаўлена дошка Padlet для абмену тэкставымі паведамленнямі, фотаздымкамі, спасылкамі), дзе яны могуць даваць і атрымліваць зваротную сувязь.

Калі гаварыць пра цяжкасці, то для мяне як педагога яны існуюць пры ацэньванні каментарыяў. Стварыла свае ўласныя крытэрыі іх ацэньвання ў блогу з дапамогай крытэрыяў выстаўлення ад знак, распрацаваных Міністэрствам адукацыі.

На аснове ўласнага вопыту выкарыстання адукацыйнага блога з упэўненасцю магу сказаць: анг­лійская мова маіх вучняў паляпшаецца, яны становяцца больш уважлівымі ў вэб-публікацыях, бо ведаюць, што шырокая аўдыторыя (уключаючы аднагодкаў, аднакласнікаў) можа праглядаць і чытаць іх работы.

Блог мае вялікі патэнцыял і па фарміраванні рэфлексіўных навыкаў. Вучні запісваюць, перачытваюць, перапісваюць і пераасэнсоўваюць свой мінулы вопыт і свае чаканні, выкарыстоўваючы архіў. Акрамя таго, такі падыход і педагогу дае падказкі і напаміны, якія метады выбраць для больш эфектыўнага навучання пэўнага дзіцяці.

— Наколькі часта ў блогу з’яўляюцца нейкія змены? Як вядзецца яго развіццё?

— Блог пастаянна мяняецца. Дабаўляюцца новыя пасты, старонкі, укладкі. Вядзенне блога — гэта вельмі захапляльны і дынамічны працэс. Неабходна ўлічваць сучасныя рэаліі і своечасова на іх рэагаваць. Таксама ўвесь час, калі ёсць задума нешта змяніць, трэба трымаць на ўвазе інтарэсы вучняў і настаўніка, задачы навучання.

— Наколькі складана педагогу пачаць свой адукацыйны блог? Якія вынікі дасць такі ўласны рэсурс?

— За апошні год мой блог быў прагледжаны больш за 14 500 разоў. Гэта паказвае зацікаўленасць вучняў у кантэнце прапанаванага рэсурсу і пацвярджае правільнасць выбранага падыходу для павышэння матывацыі дзяцей да вывучэння англійскай мовы і павышэння якасці адукацыі.

Каб лепш разумець сітацыю, у мінулым годзе я праводзіла апытанне сярод вучняў і бацькоў 4 і 5, 10 і 11 класаў, у якіх выкладаю. Аказалася: 89% дзяцей лічаць, што выкарыстанне блога спрыяе павышэнню іх матывацыі да вучобы, развівае і паляпшае моўныя навыкі. Бацькі 96% маіх вучняў таксама выказалі задаволенасць вынікамі сваіх дзяцей пры арганізацыі змешанага і дыстанцыйнага навучання пры дапамозе адукацыйнага бло га.

Не варта думаць, што стварэнне ўласнага блога — працэс вельмі складаны і па сілах не кожнаму педагогу. Па ўласным вопыце асабліва хачу адзначыць наступныя перавагі адукацыйнага блога для карыстальнікаў (настаўнікаў, вучняў, бацькоў).

* Першы і самы галоўны плюс адукацыйнага блога — гэта яго выкарыстанне ў якасці інструмента электроннага навучання. Такім чынам працэс выкладання-навучання можа ладзіцца і працягвацца і па-за класам.

* Прастата ў настройцы і адміністраванні ў адрозненне ад іншых тэхналогій.

* Спрошчаная публікацыя ўсіх тыпаў рэсурсаў (тэкст, выява, відэа, гіперспасылкі і г.д.) у інтэрнэце ў параўнанні з традыцыйнымі сайтамі.

* Імгненная публікацыя адным націсканнем мышы: блогі лёгка ствараць і падтрымліваць, у адрозненне ад традыцыйных вэб-старонак, якія з’яўляюцца больш працаёмкімі і патрабуюць па меншай меры некаторых ведаў вэб-дызайну (HTML, CSS, JavaScript).

* Для стварэння блога не патрабуецца спецыяльнага праграмнага забеспячэння, што дазваляе настаўніку ствараць і весці блог, не ведаючы HTML. Больш за тое, настаўнік можа спакойна засяродзіць сваю ўвагу на змесце, не хвалюючыся ні пра перыядычнае архівіраванне, ні пра дакласны час запісу.

* Абнаўленне з любога месца, не турбуючыся аб праграмным забеспячэнні для вэб-распрацоўкі і г.д.

* Ахоп шырокай аўдыторыі без страты якасці матэрыялу.

* Кругласутачны (у любы час і ў любым месцы, быў бы толькі інтэрнэт) доступ да інфармацыі, зме­шчанай у блогу.

* Прымяненне іншых платформ сумесна. Напрыклад, выкарыстанне Вікіпедыі як інструмента для групавога пісьма і абмену ведамі.

* Паставіць канчатковую адзнаку становіцца больш проста. Педагог бачыць і можа ацаніць тое, як вучні ўдзельнічалі і развіваліся ў ходзе курса.

Што дае блог вучню? Па-першае, адукацыйны блог дапамагае ўстанаўліваць сувязі паміж навучэнцамі з рознымі думкамі і інтарэсамі. Гэта развівае крытычнае мысленне і вучыць паважаць пункт гледжання іншых ўдзельнікаў. Адукацыйны блог спрашчае абмен ведамі і інфармацыяй, а абмеркаванні ў каментарыях спрыяюць больш высокаму ўзроўню мыслення (таму што вучні могуць падумаць, перш чым адказваць), падтрымлівае камандную работу і групавое навучанне, заахвочвае нефармальнымі зносінамі, творчасцю і самавыяўленнем.

Вядзенне блога дапамагае знайсці агульную мову з вучнямі, быць з імі на адной хвалі. Для падлеткаў важна дзяліцца вопытам і пачуццямі, а блог дае ім магчы­масць рабіць гэта простым і зручным, прывычным для іх інтэрактыўным шляхам. Выкарыстанне адукацыйнага блога, дзякуючы новым тэхналогіям, лепш рыхтуе навучэнцаў да таго, каб у будучыні стаць сучаснымі спецыялістамі, якія будуць запатрабаваны на рынку працы. Настаўнік і дзеці вучаць і вучацца разам, плённа і ўсебакова развіваюцца дзякуючы падобным блогам.

— А як вы будуеце работу з адоранымі, высокаматываванымі дзецьмі?

— Высокаматываваных вучняў няма неабходнасці матыва­ваць. У рабоце з імі раблю стаўку на разнастайнасць заданняў, іх склада­насць і паступова павялічваю аб’ём. Гэта дазваляе ажыццявіць індывідуалізацыю і дыферэнцыяцыю працэсу адукацыі.

Высокаматываваныя вучні дома выконваюць дадатковыя заданні, размешчаныя для іх у блогу. Усе заданні маюць функцыю праверкі, акрамя таго, у многія ўнесены яшчэ і тлумачэнні. Пасля самастойнага аналізу памылак, калі нешта засталося незразумелым, вучань звяртаецца да мяне. Мая асноўная задача ў рабоце з высокаматываванымі дзецьмі — накіраваць іх да самастойнага навучання і пошуку інфармацыі, а затым падкарэкціраваць недахопы.

— Ведаю, што вы прайшлі навучанне ў Амерыцы. Што вас там найбольш уразіла?

— Навучанне ў Каліфарнійскім дзяржаўным універсітэце ў горадзе Чыка дало мне ўпэўненасць у сваіх сілах як педагога, прадаставіла магчымасць даведацца пра розныя сістэмы адукацыі і падыходы. Таксама гэта дазволіла мне па-сапраўнаму адкрыць для сябе найноўшыя інфармацыйныя тэхналогіі, каб пасля актыўна выкарыстоўваць іх у сваёй практыцы. Самымі ж яркімі і захапляльнымі момантамі, безумоўна, былі зносіны з людзьмі, з настаўнікамі з 38 краін свету. Са многімі з іх сувязь захавалася, мы сустракаемся цяпер ужо анлайн у фармаце Zoom-канферэнцыі.

— Наколькі было цікава паспрабаваць сябе ў ролі выкладчыка ў ЗША? Што вам даў гэты вопыт?

— Для мяне гэта быў каштоўны вопыт выкарыстання ІКТ, новых методык і падыходаў. Навучанне ў сярэдняй школе ў Амерыцы цесна звязана з практыкай і эксперыментам, калі нешта вывучылі ў тэорыі, затым дэталёва разбіраемся, як гэта прымяняецца на практыцы. Па маіх назіраннях, амерыканскія падлеткі адрозніваюцца ад нашых тым, што не баяцца задаваць пытанні, памыляцца, з лёгкасцю адгукаюцца на любыя заданні.

— А што ў планах? Чаго яшчэ вам хочацца дасягнуць?

— У планах — далейшая работа над блогам, навучанне дзяцей і сябе. Хацелася б прыняць удзел у канферэнцыі TESOL у ЗША і канферэнцыі IATEFL у Вялікабрытаніі.

— Дзякуй за цікавую гутарку! Плённай вам працы!

Гутарыла Таццяна ШЫМКО.
Фота аўтара.