Адукацыя для ўсіх

- 10:44Якасць адукацыі

У новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі прадугледжана прадастаўленне магчымасцей для атрымання абавязковай сярэдняй адукацыі. У прынцыпе гэтая норма ўжо даўно рэалізуецца на практыцы, аднак у цяперашні час у краіне застаюцца этнічныя групы з вельмі нізкім адукацыйным узроўнем, напрыклад, прадстаўнікі супольнасці рома. Большасць ромаў спыняюць адукацыю пасля заканчэння базавай школы. Істотная іх колькасць увогуле мае толькі пачатковую адукацыю. Недахоп адукацыі бацькоў з’яўляецца сур’ёзнай перашкодай для адукацыі дзяцей. Як правіла, у сем’ях рома фактычна прайграваецца ўклад жыцця, які ўстаяўся. Як уцягнуць дзяцей рома ў адукацыйны працэс? Як матываваць іх на атрыманне або працяг адукацыі? Над гэтымі і шэрагам іншых пытанняў разважалі ўдзельнікі тэматычнага рэспубліканскага семінара ў Магілёве. Мерапрыемства прайшло ў рамках рэалізацыі інавацыйнага праекта “Адукацыя рома — новы погляд у будучыню”, а яго ўдзельнікамі сталі педагагічныя работнікі з розных рэгіёнаў краіны.

—У нашай рэспубліцы цыганская абшчына займае даволі значнае месца, паколькі ўваходзіць у дзясятку найбольш шматлікіх нацыянальных і этнічных супольнасцей. Па даных перапісу насельніцтва 2019 года, на тэрыторыі рэспуб­лікі пражывае каля 7 тысяч цыган, хоць, па неафіцыйных даных, іх істотна больш. Улічваючы спецыфіку гэтай нацыянальнай супольнасці, адна з актуальных задач — інтэграцыя цыган у структуру беларускага грамадства. Зрабіць гэта можна з дапамогай уключэння дзяцей рома ў адукацыйны працэс. Зараз сярод часткі цыган распаўсюджаны думкі, што дзіця не павінна ці не можа наведваць звычайную школу. Магчыма, ­

яны асцерагаюцца страты нацыянальнай ідэнтычнасці. Можа, спрацоўваюць патрыярхальныя стэрэатыпы. Трэба, каб гэтыя перакананні сышлі ў мінулае, а дзеці цыган інтэграваліся ў нашае грамадства праз сіс­тэму дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі. Больш за тое, неабходна, каб яны працягвалі навучанне, атрымлівалі прафесію і маглі за­няць дастойнае месца на рынку працы. Важна таксама пераадолець у беларускім грамадстве ксенафобскія настроі ў дачыненні да выхадцаў з цыганскай абшчыны. Неабходна мяняць грамадскія погляды ў адносінах да цыган. Сярод іх вельмі шмат дастойных людзей, якія плённа працуюць на карысць краіны, — адзначыў у ходзе мерапрыемства член Пастаяннай камісіі Савета Рэспуб­лікі Нацыянальнага сходу па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Алег Дзячэнка.

Менавіта на вырашэнне гэтых актуальных праблем накіраваны праект “Адукацыя рома — новы погляд у будучыню”. Як паведаміла кіраўнік праекта дырэктар Гомельскага абласнога грамадскага аб’яднання “Сацыяльныя праекты”  Ніна Кекух, неабходнасць  рэалізацыі  такой  ініцыятывы  наспела.

— Раней мы працавалі над навучаннем дарослых рома. У працэсе работы шмат размаўлялі з цыганскімі сем’ямі, гутарылі пра тое, што іх хвалюе, якія ў іх патрэбы. Праблем было агучана мноства, і мы прыйшлі да высновы, што вытокі большасці з іх — у недахопе адукаванасці іх дзяцей. Аднак сучасныя рома хо­чуць, каб іх дзеці атрымлівалі адукацыю і набывалі спецыяльнасць. Гэта паслужыла стымулам для распрацоўкі праекта. Ініцыятыва стартавала ў 2016 годзе. На працягу чатырох гадоў мы рэалізоўвалі праект у Гомельскай вобласці. За гэты час апрабавалі эфектыўныя напрацоўкі нашых педагогаў і стварылі вучэбныя праграмы для дзяцей малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту, бацькоў супольнасці рома. Для малодшых дзяцей мы прадумалі сістэму работы па падрыхтоўцы да школы, з улікам таго, што яны не наведваюць дзіцячы сад. Са школьнікамі сярэдняга звяна імкнуліся дасягнуць больш высокага ўзроўню адукаванасці, а бацькам аказвалі ўсебаковую кансультацыйную дапамогу ў выхаванні  дзяцей, — расказала Ніна Іванаўна.

Паводле яе слоў, зараз рэалізуецца наступны этап праекта. Да яго падключыліся ўсе рэгіёны краіны. У кожнай воб­ласці створаны адпаведны рэсурсны цэнтр. Іх мэта — забеспячэнне ўзаема­дзеяння настаўнікаў па пытаннях адукацыі дзяцей рома, акумуляцыя станоўчага педагагічнага вопыту ў гэтым кірунку, распаўсюджванне лепшых напрацовак.

Установы адукацыі Магілёўшчыны таксама актыўна далучыліся да рэалізацыі праекта. Належная ўвага адукацыі дзяцей рома ўдзяляецца непасрэдна ў абласным цэнтры.

— У навучанні дзяцей цыганскай дыяспары ёсць пэўная спецыфіка. У іх часта ўзнікаюць праблемы з адаптацыяй. Яшчэ адна праблема — не вельмі добры ўзровень ведання рускай мовы. Усе гэтыя моманты мы бачым і шукаем шляхі іх вырашэння. Усяляк імкнёмся стварыць роўныя ўмовы для навучання ўсіх дзяцей. Ёсць і станоўчыя тэндэнцыі. Раней дзеці цыган атрымлівалі толькі пачатковую адукацыю і сыхо­дзілі са школы. Цяпер жа яны практычна ўсе атрымліваюць базавую адукацыю. Сваю задачу мы бачым таксама ў тым, каб матываваць дзяцей рома на далейшы працяг навучання, на атрыманне прафесіі, бо гэта галоўны аспект іх далейшай паспяховай сацыялізацыі ў грамадстве, — адзначыла начальнік упраўлення па адукацыі Магілёўскага гарвыканкама Ірына Рыбакова.

Наглядна азнаёміцца з арганізацыяй адукацыйнага працэсу дзяцей рома ўдзельнікі семінара маглі на базе сярэдняй школы № 13 Магілёва. Сёння нямала навучэнцаў гэтай установы — прадстаўнікі цыганскай аб­шчыны. Педагагічны калектыў школы знаходзіцца ў пастаянным пошуку новых падыходаў у павышэнні матывацыі дзяцей рома да навучання. Педагогі навучальнай установы з энтузіязмам уключыліся і ў ажыццяўленне рэспубліканскага праекта.

Значная работа вядзецца і ў рамках дзейнасці рэгіянальнага рэсурснага цэнтра. Адметныя педагагічныя напрацоўкі былі прадэманстраваны прысутным падчас майстар-класаў. У рамках мерапрыемства адбыўся таксама круг­лы стол, дзе бацькі супольнасці рома маглі атрымаць адказы на пытанні наконт выхавання  дзяцей.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.