Адукацыя — навука — вытворчасць — пастулат БРУ пры падрыхтоўцы спецыялістаў дзвюх краін

- 11:03Образование

Беларуска-Расійскі ўніверсітэт — адзін з лідараў саюзнай адукацыі, які аператыўна вырашае задачы па падрыхтоўцы неабходных спецыялістаў для эканомік дзвюх краін. Гэта дасягаецца дзякуючы навучанню студэнтаў як па беларускіх, так і па расійскіх адукацыйных праграмах. Пра гэта карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказаў рэктар установы Міхаіл Лусцянкоў.

Кампетэнтнасны падыход

БРУ рыхтуе спецыялістаў па шырокім спектры тэхнічных спецыяльнасцей у галіне аўтамабіле- і машынабудавання, электратэхнікі і электронікі, IT-тэхналогій і мехатронікі, прамысловага і грамадзянскага будаўніцтва, эканомікі і кіравання. Прычым пад­рыхтоўка ажыццяўляецца па 28 спецыяльнасцях беларускіх адукацыйных праграм і па 16 спецыяльнасцях — расійскіх.

— На працягу больш чым 20 гадоў нашай дзейнасці адукацыйныя праграмы і падыходы да іх фарміравання мяняліся і ўдасканальваліся. Сёння для беларускіх і расійскіх адукацыйных праграм характэрны кампетэнтнасны падыход. Гэта значыць, што выпускнікі павінны вало­даць сукупнасцю кампетэнцый, вызначаных на аснове патрабаванняў рынку працы, абагульнення айчыннага і замежнага вопыту, а таксама запытаў заказчыкаў кад­раў, — адзначыў Міхаіл Лусцянкоў.

Дарэчы, падыходы да фарміравання адукацыйных праграм дзвюх краін падобныя. Расійскія праграмы дапускаюць большую варыятыўнасць для УВА, у той жа час адзіныя патрабаванні да дзяржкампанента дазваля­юць павысіць ­якасць і ўніверсаль­насць падрыхтоўкі спецыялістаў у нашай краіне. У сваю чаргу беларускія праграмы па тэхнічных напрамках маюць большую напоўненасць практычнай пад­рыхтоўкай і дыпломным праектаваннем, што павышае іх практыкаарыентаванасць.

— Штогод больш за 20 расіян паступаюць у БРУ. Прычым абітурыенты выбіраюць як расійскія адукацыйныя праграмы, так і беларускія. Традыцыйна абітурыентам падабаюцца спецыяльнасці IT-профілю. Аднак трэнд у апошнія гады мяняецца: маладых лю­дзей усё часцей цікавяць спецыяльнасці, звязаныя з сучаснай вытворчасцю: “Мехатроніка і робататэхніка”, “Аўтаматызацыя тэхналагічных працэсаў і вытворчасцей”, “Вытворчасць вырабаў на аснове трохвымерных тэхналогій”. Запатрабаваны таксама будаўнічыя спецыяльнасці, карыстаюцца папулярнасцю нядаўна адкрытыя “Нафтагазавая справа” і “Біятэхнічныя сістэмы і тэхналогіі”, — паведаміў Міхаіл Яўгеньевіч.

Каб расійскіх абітурыентаў станавілася ўсё больш, прадстаўнікі ўніверсітэта рэгулярна выязджаюць на прафарыентацыйныя сустрэчы са старшакласнікамі прыгранічных рэгіёнаў Расіі. Кантактная работа з імі дае станоўчы вынік.

— Да нас едуць пасту­паць з Чэлябінскай, Калужскай, Мурманскай, Кемераўскай, Маскоўскай і іншых абласцей. Для прываблівання абітурыентаў з Расіі мы праводзім шматвектарную работу. Традыцыйна ўніверсітэт прэзентуе адукацыйныя праграмы на міжнародных адукацыйных выставах у Маскве, Санкт-Пецярбургу, Валгаградзе, Смаленску і інш. Дарэчы, нядаўна мы апрабавалі новы від работы — экскурсійна-адукацыйныя туры “Выхадныя ў БРУ”. Да нас ужо прыязджалі абітурыенты з горада Вялікія Лукі Пскоўскай вобласці і вучні Зеленаўскай сярэдняй школы Валгаградскай вобласці. Яны жылі ў нашым студэнцкім інтэрнаце і харчаваліся ва ўніверсітэцкай сталовай. Мы азнаёмілі іх з лабараторыямі, тэхнічным абсталяваннем і магчымасцямі навучання. Бо, пагадзіцеся, адна справа, калі ты бачыш старонку ў інтэрнэце, і зусім іншая — калі сам наведваеш УВА, — перакананы рэктар БРУ.

Нагадаем, сёлета каля 1 тысячы бюджэтных месцаў у айчынных УВА будзе адведзена расійскім абітурыентам, якія паступаюць па выніках АДЭ.

— Расіяне заўсёды мелі магчымасць па выніках АДЭ паступаць у БРУ на бюджэтныя месцы па расійскіх адукацыйных праграмах. Аднак у гэтым годзе выдзелена квота для іх паступлення і на беларускія спецыяльнасці. Мы спадзяёмся, што ўсе гэтыя месцы будуць запатрабаваны расійскімі абітурыентамі. У адваротным выпадку іх зоймуць бе­ларускія паступаючыя, — па­тлу­ма­чыў Міхаіл Лусцянкоў.

Кадравае рашэнне

Беларуска-Расійскі ўніверсітэт забяспечвае першым працоўным месцам усіх сваіх выпускнікоў, якія падлягаюць размеркаванню. У асноўным яны накіроўваюцца ў вядучыя горадаўтваральныя арганізацыі нашай краіны: МАЗ, БелАЗ, Магілёўскі аўтамабільны завод імя С.М.Кірава, “Магілёўліфтмаш”, “Магілёўтрансмаш”, “Тэхналіт”, “Магатэкс”, “Зеніт”, “Магілёўаблдарбуд” і інш. Расійскія выпускнікі таксама ўладкоўваюцца на прадпрыемствы і ў арганізацыі Беларусі. Прычым як бюджэтнікаў, так і платнікаў прывабліваюць ільготы і сацыяльныя гарантыі, якія прадастаўляюцца нашым маладым спецыялістам.

— Апошнія гады адзначаецца істотнае павелічэнне патрэбнасці ў выпускніках машынабудаўнічых і будаўнічых спецыяльнасцей у рэальным сектары эканомікі Беларусі. Калі ў сярэднім па ўніверсітэце паступае 1,5 заяўкі ад работадаўцаў на кожнага выпускніка, то на шэраг машынабудаўнічых спецыяльнасцей прыпадае ад 7 да 10 заявак на кожнага маладога спецыяліста. Адзначаецца здаровая канкурэнцыя сярод работадаўцаў за нашых выпускнікоў, — падкрэсліў Міхаіл Яўгеньевіч.

Дыпломы, якія выдае БРУ, незалежна ад праграмы падрыхтоўкі, прызнаюцца і ў Беларусі, і ў Расіі.

Дарэчы, айчынныя арганізацыі актыўна дапамагаюць у падрыхтоўцы будучых спецыялістаў. На сённяшні дзень БРУ заключыў 35 дагавораў аб узаемадзеянні з рознымі прадпрыемствамі. Іх супрацоўнікі праводзяць заняткі ў філіялах выпускаючых кафедраў, знаё­мяць студэнтаў з рабочым працэсам і вытворчасцю, курыруюць іх практыкі і напісанне курсавых, дыпломных работ, а таксама ўдзель­нічаюць у рабоце дзяржаўных экзаменацыйных камісій.

— Мэтавая форма навучання таксама пачынае карыстацца ўсё большай папулярнасцю сярод абітурыентаў і прадпрыемстваў. Калі ў 2023 годзе быў залічаны 21 мэтавік, то, паводле папярэдняй інфармацыі, сёлета колькасць заявак ад заказчыкаў кад­раў набліжаецца да 100. Мы дапамагаем заказчыкам мэтавых месцаў адабраць самых матываваных і зацікаўленых абітурыентаў. Так, у канцы сакавіка на дзень адкрытых дзвярэй прыйшлі прадстаўнікі 8 арганізацый як Магілёўскай, так і Гомельскай вобласці: “Магілёўліфтмаш”, “Магілёўтрансмаш”, МАЗ, “Магілёўаблдарбуд”, Магілёўскі металургічны завод, “Зеніт”, Беларускі цэментны завод, “СтанкаГомель” і “Крычаўцэментнашыфер”. І кожны знайшоў патэнцыяльных мэтавікаў, — праінфармаваў рэктар БРУ.

Лічбавы вектар

Тэхнічным установам вышэйшай адукацыі ў працэсе лічбавізацыі адводзіцца асаб­лівая місія, бо менавіта яны рыхтуюць кадры, якія будуць уплываць на развіццё сферы высокіх тэхналогій.

Беларуска-Расійскі ўніверсітэт па праве лічыцца цэнтрам падрыхтоўкі спецыялістаў для IT-галіны і ўваходзіць у IT-кластар Магілёўскай вобласці. Ва ўстанове рыхту­юць спецыялістаў па такіх спецыяльнасцях, як “Электронная эканоміка” (прафілізацыя “Электронны маркетынг”), “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі”, “Сістэмы кіравання інфармацыяй” (прафілізацыя “Аўтаматызаваныя сістэмы апрацоўкі інфармацыі”), “Прыкладная матэматыка” (напрамак “Распрацоўка праграмнага забеспячэння”), “Інфарматыка і вылічальная тэхніка” (напрамак “Аўтаматызаваныя сістэмы апрацоўкі інфармацыі і кіравання”) і “Праграмная інжынерыя” (напрамак “Распрацоўка праграмна-інфармацыйных сістэм”).

— Апошнім часам акцэнт робіцца на пад­рыхтоўцы ўніверсальных спецыялістаў, кампетэнцыі якіх знаходзяцца на стыку розных профільных галін і інфармацыйных тэхналогій. Сёння практычна кожная спецыяльнасць універсітэта можа лічыць сябе IT-спецыяльнасцю, — сказаў Міхаіл Лусцянкоў. — Асаб­лівую ўвагу пры падрыхтоўцы ўдзяляем фарміраванню кампетэнцый, без якіх у сучасным свеце ні адзін айцішнік не зможа дасягнуць поспеху. І гэта не толькі тэхнічная кампетэнтнасць, але і аналітычнае мысленне, уменне працаваць у камандзе. Мы выразна разумеем, што ні адзін спецыяліст IT-галіны сёння не можа абысціся без глыбокага разумення штучнага інтэ­лекту і кібербяспекі. Да таго ж ён павінен умець кіраваць праектамі і воблачнымі тэхналогіямі, разумець, як іх прымяняць для аптымізацыі бізнес-пра­цэсаў і г.д.

Практыка-арыентаваны падыход

За апошнія тры гады ў БРУ адкрыта больш за дзясятак новых напрамкаў пад­рыхтоўкі.

— Трэнд на адкрыццё новых спецыяльнасцей у БРУ вызначаюць менавіта заказчыкі кадраў. Адукацыйны пра­цэс носіць практыка-арыентаваны характар, што дазваляе ўлічваць меркаванні і жаданні будучых работадаўцаў. Штогод мы пераглядаем пералік спецыяльнасцей і лічбы прыёму абітурыентаў, арыентуючыся на сярэднетэрміновую і доўгатэрміновую патрэбнасць заказчыкаў кадраў у спецыялістах, — паведаміў рэктар універсітэта.

Дарэчы, БРУ мае ўнікальную матэрыяльна-тэхнічную базу для падрыхтоўкі спецыялістаў дзякуючы рэалізацыі праекта Саюзнай дзяржавы і фінансавай падтрымцы Міністэрства адукацыі Беларусі і Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі Расіі. Ва ўніверсітэце адкрыта больш за 25 сучасных вучэбна-практычных лабараторый: 3D-друку, кіберфізічных сістэм у машынабудаванні (абсталяваная калабаратыўным робатам), плазменных тэхналогій і зваркі, шматпрофільных і інш. Сумесна з Санкт-Пецярбургскім політэхнічным універсітэтам Пятра Вялікага створана ўнікальная сеткавая лабараторыя інтэлектуальнай робататэхнікі і кіберфізічных сістэм.

 Вольга АНТОНЕНКАВА