Адзенне для школьнікаў: пакупнік галасуе кашальком

- 14:42Рознае, Сацыяльны ракурс
Навучальны год у разгары, і пра адзенне для сваіх дзяцей-школьнікаў зараз мала хто думае — не сезон. Але гэта для нас, спажыўцоў, а для вытворцаў — час гарачы, яны да сезона пакупніцкага попыту рыхтуюцца загадзя. Многія вытворцы і прадаўцы адзення для школьнікаў сабраліся нядаўна на мастацка-тэхнічнай нарадзе ў ААТ “Камволь”, што ў Мінску.
Новая якасць

Швейнікі і прадстаўнікі гандлёвых арганізацый азнаёміліся з асартыментам новых тканін, якія прадпрыемства прапаноўвае для пашыву школьнага і парадна-выхаднога адзення (у новай калекцыі было прадстаўлена 85 колерамалюнкаў). На нараду з’ехаліся супрацоўнікі такіх швейных прадпрыемстваў, як Магілёўская швейная фабрыка, ЗАТ “Калінка”, ААТ “Славянка”, ААТ “Камінтэрн”, ААТ “Сцяг індустрыялізацыі”, Жлобінская швейная фабрыка і г.д. Таксама былі прадстаўнікі Белкаапсаюза, гандлёвых прадпрыемстваў розных рэгіёнаў краіны, найбуйнейшых сталічных гандлёвых арганізацый — ГУМа, гандлёвага дома “На Нямізе” і іншых.
Праўда, як заўважылі швейнікі, прадстаўленыя на нарадзе матэрыялы позна запускаць у вытворчасць да найбліжэйшага сезона. На што генеральны дырэктар прадпрыемства Віктар Васільевіч Гаўрыленка заўважыў, што ўсё яшчэ наперадзе. Чаму наперадзе? Таму, што зараз ААТ “Камволь” перажывае вялікую рэканструкцыю. На рамонт і тэхнічнае перааснашчэнне прадпрыемства прадугледжана выдаткаваць сотні мільярдаў рублёў (па 500 і больш мільярдаў на кожную з гэтых пазіцый). “Плануецца выйсці на магутнасць 6 мільёнаў пагонных метраў камвольнай тканіны. Сёння вытворчасць складае каля 2-х мільёнаў метраў у год”, — заўважыў намеснік старшыні канцэрна “Беллегпрам” Уладзімір Іванавіч Кужанаў.
Зразумела, рэканструкцыя накіравана не проста на павелічэнне вытворчасці, але і на аснашчэнне ААТ “Камволь” самым сучасным абсталяваннем, выраб тканіны сусветнага ўзроўню якасці. Дарэчы, у прадпрыемства і зараз нямала ўзнагарод. Сертыфікаты і пратаколы выпрабаванняў пацвярджаюць якасць прадукцыі, яе экалагічнасць. Для якой яшчэ прадукцыі, як ні для дзіцячага адзення, так важныя якас ць, гіграскапічнасць тканіны, паветрапранікальнасць, каэфіцыент змінання, поўная адсутнасць цяжкіх металаў, антыбактэрыяльная апрацоўка, адсутнасць паху і г.д.?

Як шыць, з чаго шыць

Цудоўна, канечне, што прадукцыя ААТ “Камволь” мае ўсе гэтыя пацвярджэнні якасці. Але швейнікі і прадаўцы амаль у ад зін голас гавораць, што галоўным крытэрыем для беларускіх пакупнікоў зараз з’яўляецца цана (кітайская і нават турэцкая прадукцыя больш танная ў параўнанні з беларускай). І, зыходзячы з гэтага, людзі выбіраюць параўнальна танную тканіну, напрыклад, полівіскозную, а не матэрыялы з воўны або з яе ўтрыманнем. Між іншым на камбінаце збіраюцца выпускаць і полівіскозу. Пакуль жа ўдзельнікам нарады прапанавалі тканіну з воўнай. Прычым воўны ў прапанаваных узорах было ад 20 да 75 працэнтаў. Азнаёміўшыся з асартыментам новай прадукцыі, прысутныя адзначылі, што прадпрыемства ўлічыла іх ранейшыя заўвагі: новы асартымент быў прадстаўлены з тканінамі-кампаньёнамі, матэрыялы сталі больш мяккімі, у складзе некаторых ёсць эластан, што вельмі важна для пакупнікоў, як сцвярджаюць швейнікі і прадаўцы, многіх парадавала разнастайнасць узораў тканіны ў клетку. Прынамсі, прысутныя ўбачылі такія новыя віды прадукцыі камвольнага камбіната, як мокры шоўк і тканіна з галаграфічным эфектам (з малюнкам, што бачны толькі пад пэўным вуглом).
Сярод пажаданняў для вытворцаў былі наступныя: адрасная работа з прадпрыемствамі, правядзенне мастацка-тэхнічных нарад два разы ў год, загадзя, каб паспець да новага сезона, вытворчасць мінімальных партый прадукцыі, бо нават маленькія швейныя прадпрыемствы жадаюць працаваць з тканінай, малюнкі якой не паўтараюцца ў іх канкурэнтаў, асаблівая ўвага — фінішнай апрацоўкі тканіны. Але галоўным каменем спатыкнення для ўсіх стаў усё ж кошт тканіны. На мерапрыемстве былі прадстаўлены ўзоры па 60 — 100 тысяч рублёў за метр, але гэта без нацэнак. Не бяруся разважаць наконт магчымасцей знізіць гэтыя лічбы, але генеральны дырэктар аб’яднання заўважыў, што пайс ці па шляху зніжэння цэн у хуткім часе дапаможа, напрыклад, будаўніцтва ўласнай міні-ТЭЦ прадпрыемства, іншыя фактары.
“Пакупнік сёння робіць стаўку на цану, але і тканіны з утрыманнем воўны і нават з яе высокім утрыманнем нам патрэбны”, — на нарадзе прагучала і такое меркаванне, прычым неаднойчы. Некаторыя ўдзельнікі мерапрыемства адзначылі, што тэндэнцыя да паступовага павышэння пакупніцкай цікавасці да тканіны з натуральнымі валокнамі становіцца ўсё больш заўважнай.
А што думае пакупнік?

Выбірае пакупнік

Я вырашыла апытаць некалькіх маці школьнікаў наконт таго, чым яны кіруюцца, выбіраючы школьнае адзенне для сваіх дзяцей.
“Да гэтага навучальнага года я набыла сыну-чацвёртакласніку даволі дарагія пінжак і штаны з вялікім утрыманнем воўны айчыннай вытворчасці, — расказала адна з іх. — Камплект каштаваў прыкладна мільён рублёў. Для мяне гэта дорага, але сыну настолькі ўсё гэта пасавала, што я не ўстаяла. І ніколькі не шкадую аб гэтым. Пазней хацела купіць малому яшчэ адны штаны такой жа якасці і мадэлі, але не знайшла. Да таго ж сын, як, думаю, любы хлопчык, не любіць доўга прымяраць адзенне, таму заўсёды, як прыводжу яго ў магазін, успамінаю школьную форму савецкіх часоў. Яна і прыгожая была, лічу, і выбраць было проста. Хаця, напэўна, не ўсе будуць са мной згодны”.
“Я перш за ўсё гляджу на цану, — расказала другая маці. — Зарплата ў мяне невялікая (працую ў сістэме ЖКГ), і для мяне фактар кошту вырашальны. Але 100-працэнтную сінтэтыку для дзіцяці ўсё ж не вазьму. Больш прымальны варыянт з віскозай — калі не памыляюся, яе вырабляюць з драўніны, а гэта ўсё ж калі не натуральная тканіна, то блізкая да яе. І мне ўсё роўна, дзе зроблена тканіна і на якім прадпрыемстве пашыта адзенне. Вазьму і Кітай, калі якасць не будзе зусім ужо нізкай”.
“Мінулым летам збірала дачку ў першы клас, — гаворыць трэцяя мая суразмоўца. — Мне здалося, што беларускія вытворцы чамусьці вырашылі гэты сезон адзначыць адзеннем амаль цалкам чорнага колеру. На здымку класа, які рабілі нядаўна ў нашай гімназіі, ледзь ці не ўсе дзяўчынкі апрануты ў чорнае, што мяне надзвычай здзіўляе. Я ж вельмі доўга шукала сарафан для дачкі пад раней набыты імпартны жакет бэзавага колеру — не хацелася апранаць сваю першакласніцу ў штосьці змрочнае. Такі сарафан я нарэшце знайшла, але не беларускай вытворчасці. Паўшарсцяная рэч зроблена ў Кыргызстане. А вось блузку мы купілі вытворчасці аднаго з вядомых айчынных прадпрыемстваў. Прычым яна была даражэйшай за тую імпартную блузку, якую я хацела купіць спачатку, але наша больш спадабалася, і мы выбралі яе. Цяпер гэта любімы элемент адзення маёй дачкі”.
Зразумела, такое міні-апытанне не можа прэтэндаваць на глабальныя высновы, і ўсё ж, думаю, зразумела, што бацькоў (калі не ўсіх, то большую частку) нароўні з цаной клапоціць якас ць дзіцячага адзення і яго колер. Хаця па інфармацыі Міністэрства аховы здароўя сёння амаль палова беларускіх школьнікаў, у асноўным сярэдніх і старшых класаў, носіць дзелавое адзенне са значным утрыманнем сінтэтычных валокнаў або нават цалкам сінтэтычнае. Канечне, гэта супярэчыць санітарна-гігіенічным нормам. Адзенне дзелавога стылю павінна быць бяспечным для здароўя па санітарна-хімічных і таксікалагічных паказчыках. Яно павінна адпавядаць і пэўным паказчыкам па мяккасці, не камечыцца, не мяняць колер пад уздзеяннем сонечных промняў і пры мыцці.
“Наша пазіцыя заключаецца ў тым, што тканіна для школьнага адзення павінна ўтрымліваць натуральныя валокны, прычым не малую іх колькасць, — заўважыла Ірына Уладзіміраўна Булаўкіна, галоўны спецыяліст упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, якая прысутнічала на нарадзе ў ААТ “Камволь”. — Гэта важна і для здароўя, і для камфорту дзіцяці. Важна таксама, каб тканіна не камечылася, бо адзенне дзелавога стылю павінна выглядаць годна, колькі б дзіця ні хадзіла ў ім. Лічу, што адзенне павінна падабацца і бацькам, і самім дзецям. Мае значэнне не толькі мадэль, а і тое, з якой тканіны пашыта адзенне для школьнікаў, якога яно колеру, колькі каштуе. У жніўні прадстаўнікі Каардынацыйнага савета па пытаннях адзення дзелавога стылю для навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі выязджалі ў магазіны Мінска і Стоўбцаў Мінскай вобласці, размаўлялі з пакупнікамі, і аказалася, што нярэдка ім падабаюцца мадэлі адзення, але не падабаюцца колер і цана. Канечне, добра, каб у бацькоў была магчымасць набываць адзенне з тканіны і больш лёгкай, і больш тоўстай — па сезоне, камбінаваць розныя дэталі дзіцячага гардэроба. На сайце Міністэрства адукацыі ёсць інфармацыя аб адзенні дзелавога стылю, і там прапісана, якое адзенне маецца на ўвазе пад гэтым азначэннем. Кожны можа азнаёміцца з гэтым дакументам”.
Стварыць адзенне для школьнікаў, у якім гарманічна спалучаюцца цана, якасць і прыемны, але вытрыманы ў дзелавым стылі колер, — задача як для вытворцаў тканіны, так і для тых, хто такое адзенне шые. Пакупнік жа галасуе кашальком, выбіраючы тавар, які найбольш падыходзіць яму па ўсіх параметрах.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.