Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго

- 9:52Людзі адукацыі, Суразмоўца, Суразмоўца

На першым бацькоўскім сходзе яна пусціла па партах клубок нітак. Так педагог брэсцкай сярэдняй школы № 20 імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава Кацярына Меліхава паказала, што ў яе класе ўсе разам: бацькі, вучні і настаўнік.

У кастрычніку яна заняла 2-е месца ў рэспубліканскім конкурсе “Самы класны кіраўнік”, які праводзіла платформа электронных сэр­вісаў для адукацыі “Знай.бай”. Выбіралі самых творчых і крэатыўных педагогаў. І Кацярына Уладзіміраўна апынулася ў іх ліку: для сваіх 26 вучняў яна адначасова і сябар, і мама, і безумоўны аўтарытэт. З імі яна падарожнічае па Беларусі, ходзіць у кіно, адзначае ўсе дні нараджэння, а яшчэ вядзе Instagram-старонку класа. 

— Няма розніцы, якога ты ўзросту. Трэба стаць для вучняў “сваім чалавекам”, ведаць, што іх непакоіць, а што, наадварот, натхняе, — тады будзе проста працаваць з любым класам, — гаво­рыць настаўніца. — А мой 6 “Б” якраз няпросты! Хлопчыкаў у тры разы больш, чым дзяўчынак, і ў кожнага той яшчэ характар. Наш настаўнік працоўнага навучання нават здзіўляецца, як я спраўляюся з імі. Хлопчыкі ж сталеюць пазней за дзяўчынак. Тыя ў 6 класе ўжо маленькія модніцы: на перапынках глядзяць у TikTok, як правільна фарбавацца. А хлопцы яшчэ такія дзеці! Але для мяне чым складаней, тым цікавей. У рабоце прымяняю свой 20-гадовы педагагічны вопыт і сама шмат чаму вучуся ў дзяцей. Стараюся даведацца як мага больш пра кожнага вучня, увесь час знаходжуся на сувязі з бацькамі. Мне з імі, лічу, пашчасціла: усе актыўныя, неканфліктныя. Гэта вельмі каштоўна, бо ў нашай рабоце рознае бывае.

Дарэчы, з бацькоўскім калектывам Кацярына Уладзіміраўна літаральна звязана ў адзін маток — гэтую прыгожую традыцыю перадала ёй разам з класам настаўніца пачатковай школы Ірына Усанава, пусціўшы на першым баць­коўскім сходзе па партах маток нітак. І кожны па чарзе перадаваў адно аднаму нітачку і крыху расказваў пра сябе і сваё дзіця. Так усе і “звязаліся”, а потым настаўніца ўзяла ніткі і зноў зматала іх у клубок. Так яна паказала, што бацькі, настаўніца і дзеці — адно цэлае. 

— І кожны сход я пачынаю з гэтага матка, — расказвае Кацярына Меліхава. — Дастаю яго і нагадваю, што мы павінны працаваць разам. 

 

Чытайце матэрыял Лізаветы Міцкевіч у нумары ад 4 студзеня 2023 года.