Адзначылі пачатак вясны

- 9:38Нам пішуць

Прырода ўжо пачынае абуджацца ад халоднага сну. Менавіта з гэтай нагоды было калісьці прыдумана свята Масленіца. Школа № 7 Мінска таксама вырашыла адзначыць гэта свята шэрагам мерапрыемстваў.

Адкрыў святкаванне традыцыйны блінны кірмаш. Усе жадаючыя маглі паспрабаваць бліны і іншыя мучныя вырабы. Пасля дзеянне перамясцілася ў спартыўную залу, дзе праходзіла спаборніцтва паміж настаўнікамі і навучэнцамі школы – спартландыя «Хутчэй. Смялей. Мацней». Каманда настаўнікаў узяла сабе назву “МТС”, а вучні – “Мядзведзі”. За ходам спаборніцтва назіралі суддзі.

Пачалося ўсё з эстафеты. Першымі перамогу атрымалі “Мядзведзі”. Пасля было яшчэ шмат конкурсаў: каманды кідалі мячы ў абруч, напаўнялі шклянкі вадой, «збіралі грыбы» з завязанымі вачыма, бегалі з тэнісным мячыкам у лыжцы. Самым напружанным момантам стала перацягванне каната. Каманда настаўнікаў была на першым месцы, але апошні конкурс усё змяніў. Маладосць перамагла вопыт. А узнагародай для пераможцаў стаў смачны торт.

Потым усіх запрасілі ў актавую залу. Там прайшоў спектакль «Крадзенае сонца», які падрыхтаваў тэатральны калектыў навучэнцаў школы «Мельпамена». У пастаноўцы было шмат цікавага: танцы, песні, і нават рэп. Маленькія акцёры стварылі цёплую атмасферу, якая паставіла кропку ў тыдні Масленіцы.

Усім прысутным прапанавалі напісаць на паперках тое, што яны хацелі б пакінуць у гэтай зіме. Потым іх спалілі разам з саламяным пудзілам. На такой цёплай ноце і завяршылася Масленіца, якія пакінула пасля сябе мноства яркіх уражанняў. Такім чынам, наша школа дэманструе малодшаму пакаленню ўсю прыгажосць беларускіх народных святаў, адкрывае для дзяцей свет традыцый нашага народу.