Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне будучых абаронцаў Айчыны ў навучальных установах Гродна вядзецца ў цесным супрацоўніцтве з ветэранскімі арганізацыямі, ваеннымі камісарыятамі. Па ініцыятыве ваенных камісарыятаў Гродна і Гродзенскай вобласці, грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз афіцэраў”, пры падтрымцы аддзела адукацыі Гродзенскага гарвыканкама ў Гродне падвялі вынікі работы па грамадзянска-патрыятычным выхаванні навучэнцаў у 2018 годзе.
У актавай зале ваеннага камісарыята Гродзенскай вобласці сустрэліся ветэраны Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, воіны-афганцы, навучэнцы абласнога кадэцкага вучылішча і ваенна-патрыятычных класаў. Іх віталі старшыня Гродзенскага гарадскога Савета дэпутатаў Барыс Фёдараў і ваенны камісар Гродзенскай вобласці Вячаслаў Раманенка.
Як расказаў старшыня савета Гродзенскай гарадской арганізацыі Беларускага саюза афіцэраў палкоўнік запасу Аляксандр Радыёнаў, пры вызначэнні пераможцаў улічваецца шмат крытэрыяў, у тым ліку ваенна-навуковая работа і ўдзел у канферэнцыях, вынікі ўдзелу ў аглядзе-конкурсе страявой падрыхтоўкі, вучэбна-палявыя зборы, аснашчанасць кабінетаў дапрызыўнай падрыхтоўкі, музейныя экспазіцыі, прысвечаныя баявой славе.
Ганаровымі граматамі ваеннага камісарыята Гродна адзначаны сярэдняя школа № 11 імя генерала арміі А.І.Антонава, Гродзенскае абласное кадэцкае вучылішча, сярэднія школы №№ 3 і 38. Таксама граматы былі ўручаны навучэнцам, якія прынялі актыўны ўдзел у грамадзянска-патрыятычных мерапрыемствах і навуковых канферэнцыях: навучэнцам сярэдняй школы № 11 Уладзіміру Алёхіну і Уладзіславу Шаўчэнку, Аляксею Гайдзелю з сярэдняй школы № 26, Даніілу Казлоўскаму з 30-й школы, Яну Курстаку з 3-й школы і двум навучэнцам сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў — Уладзіславу Пачабуту з гандлёвага каледжа і Аляксею Кіркіцкаму з тэхналагічнага каледжа Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
Трэба адзначыць, што гродзенскія школьнікі прымаюць удзел у навуковых канферэнцыях, якія праводзяцца на ваенным факультэце ГрДУ і ваеннай кафедры Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і маюць публікацыі ў зборніках. На апошняй сустрэчы сваё даследаванне “Афганістан — мой боль” прадставіў навучэнец сярэдняй школы № 11 Уладзімір Алёхін. У гэтай школе праводзіцца адкрытая навукова-практычная канферэнцыя з удзелам навучэнцаў, студэнтаў, курсантаў ваенных навучальных устаноў, прысвечаная генералу арміі А.І.Антонаву. Чарговая канферэнцыя адбудзецца сёлета ў кастрычніку.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.