Ужо традыцыйна напрыканцы снежня ў выставачнай галерэі Рэспубліканскага эколага-біялагічнага цэнтра ажывае казка. Хіба можна назваць па-іншаму мікс з лёду, кветак і фантазіі. Рэспубліканская выстава-конкурс з аднайменнай назвай не першы год аб’ядноўвае разам юных “мастакоў прыроды” і іх педагогаў, якія рады прадэманстраваць нам свой талент. Высокі прафесіяналізм тут суседнічае з навізной ідэй і спробамі знайсці ўласны стыль у раскрыцці тэмы. Памятаеце з казкі: “Я не чараўнік, я толькі вучуся…”
Навагодняя ёлка як арт-аб’ект
Сёлетні конкурс “Лёд. Кветкі. Фантазія” набыў нечаканае гучанне. Арганізатары прапанавалі ўдзельнікам пакрэатывіць у такіх намінацыях, як “Зімовая модніца”, “Калаж-рэканструкцыя”, “Агонь і лёд зімовай краіны”, “Навагодняя паштоўка”. Сярод традыцыйных было вырашана пакінуць толькі намінацыю “Арт-ёлка”. Акрамя таго, магчымасцю праявіць сябе прама на вачах у журы стала вочная намінацыя “Няхай жывуць шышкі!”, у якой за тры гадзіны ўдзельнікі павінны былі стварыць мастацкі аб’ект з даступнага ўсім прыроднага матэрыялу. Натуральна, што і самі ўдзельнікі конкурсу, і іх педагогі вельмі хваляваліся, бо судзілі работы прафесіяналы сваёй справы, сярод якіх майстар-фларыст міжнароднага класа Мікалай Даніловіч і майстар-фларыст, член творчага саюза мастакоў Расіі, удзельнік праекта “Грані вялікага горада” Людміла Канстанціновіч.
Хоць намінацыя “Арт-ёлка” за ўсе гады існавання конкурсу сабрала нямала авацый, сёлета яна зноў парадавала. Ёлку з кампакт-дыскаў, упрыгожаную фізалісам, скрылёчкамі апельсінаў, шышкамі, сухацветамі і нават марскімі ракавінкамі, прывезлі фларысты Эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі горада Пінска (Брэсцкая вобласць). Арыгінальную ёлку-сашэ, якая выклікала асаблівую ўвагу наведвальнікаў, прадставілі фларысты Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі. Ёлка ў кітайскім стылі з чыста беларускай назвай “Шчодры вечар” была зроблена ў сценах жодзінскай гімназіі № 1 (Мінская вобласць). Яе асновай сталі чырвоныя драўляныя лыжкі, а ў ролі цацак — залатыя званочкі, шышкі і маленькія сюрпрызы-падарункі. Не абышлося і без модных тэндэнцый. Ёлка, звязаная кручком і ўпрыгожаная рознакаляровымі шарыкамі лямцу, выглядала асабліва ўтульна і па-дамашняму. Гледзячы на яе, лёгка было ўявіць, як патрэскваюць дровы ў каміне і як працяжна гудзе вецер за акном.
Юныя майстры з Цэнтральнага раёна Гомеля назвалі сваю ёлку ледзяной. Ледзяной празрыстасці ім удалося дасягнуць з дапамогай звычайнага цэлафану. А вось аматары жывой прыроды засталіся адданымі прыродным матэрыялам. “А ў нас пад Новы год!” — так назвалі сваю работу выхаванцы Слуцкага эколага-біялагічнага цэнтра навучэнцаў (Мінская вобласць) і ўпрыгожылі яе драўлянай гірляндай і цацкамі з фасолі, кукурузы, арэхаў і жалудоў.
Для многіх зыходнай кропкай у творчасці стала форма. Піраміды і ёлкі ў выглядзе ветразяў выглядалі эфектна, але дастаткова прадказальна. Больш цікавымі падаліся работы ў выглядзе ярусаў. А самай крэатыўнай стала ёлка з мілай назвай “Смяшарык”. Ёлку ў выглядзе навагодняга шара, якая нагадвала ці то навагоднюю цацку ў армейскай форме, ці то армейскую гранату, прывезлі з Віцебска. Аўтары дабіліся галоўнага — іх арт-аб’ект не запомніць немагчыма.
Беларускі вобраз Барбі на шмат крокаў наперадзе арыгінала
Адной з самых цікавых і ў той жа час самых спрэчных стала намінацыя “Зімовая модніца”. Можна толькі ўявіць, якім было захапленне многіх дзяўчат, калі яны даведаліся, што самыя прыгожыя зімовыя сукенкі будзе прымяраць іх любімая Барбі — лялька, якая мае сусветную папулярнасць.
Без перабольшання можна сказаць, што каля стэнда гэтай намінацыі госці выставы праводзяць найбольшую колькасць часу. Дробныя дэталі, неверагодныя ідэі і дасканаласць у выкананні прымушаюць паверыць у тое, што наш беларускі рукатворны вобраз амерыканкі Барбі на шмат крокаў наперадзе арыгінала. Бачыла б стваральніца — стэнаграфістка кампаніі “Mattel” Рут Хэндлер, у што апранулі яе Барбару фларысты Эколага-біялагічнага цэнтра Баранавіч (Брэсцкая вобласць). Дызайнерская сукенка, спадніца якой выканана з хвойных іголак, а карсаж — з пяшчотных пялёсткаў гартэнзіі, ператварае нашу гераіню ў сапраўдную каралеву балю. Тым больш што і з колерам аўтары гэтай работы не памыліліся. Па словах старшыні журы Мікалая Даніловіча, насычаны зялёны, сіні, чорны і карычневы стануць асновай модных тэндэнцый надыходзячага года. Менавіта гэтых колераў патрабуе сімвал 2013 года — Вадзяная Змяя.
Нікога не пакінула абыякавым лялька, якая вельмі нагадвае героя знакамітага фільма “Аватар”. Блакітная гама яе ўбору, які быццам іскрыцца серабрыстым інеем, цудоўна дапаўняе блакітны колер самой лялькі, што надае яе характару індывідуальнасць.
Арыгінальнай падалася работа фларыстаў Кобрынскага раённага эколага-біялагічнага цэнтра (Брэсцкая вобласць), назва якой гаворыць сама за сябе. “Лэдзі Га-Га” — так назвалі сваю ляльку аўтары і па-майстэрску завярнулі пер’е на яе сукенцы.
Галінкі проса і лішайнік сталі асновай работы майстроў з Юрацішкаўскага ясляў-сада — сярэдняй школы Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці. Быццам з заснежанага лесу, прыехала на выставу іх лялька і здзівіла ўсіх сваёй велічнасцю і прыгажосцю.
Тое, што на першы погляд здаецца лёгкім, зробленым з матэрыялу, які вельмі нагадвае звычайную вату, аказваецца выкананым з пладоў ватачніку. Барвенак, статніца і цынерарыя ненавязліва і з густам дапаўняюць вобраз Барбі з Магілёўскага абласнога цэнтра творчасці.
Дык у чым жа спрэчнасць намінацыі? Далёка не ўсе работы адпавядалі назве. Як ацаніць незвычайна вытанчаны ўбор у залацістай гаме з танюткага склераціраванага лісця ці “Пікавую даму” ў воблаку чырвонага сізалю або “Фею кветак”, сукенка якой зроблена з пялёсткаў ружы?
Рэканструюем Шагала і Ван Гога
У намінацыі “Калаж-рэканструкцыя” юныя майстры спрабавалі стварыць пры дапамозе прыроднага матэрыялу копіі вядомых карцін. Адным з самым папулярных для ўвасаблення стаў твор Марка Шагала “Палёт над горадам”. Не меншую цікавасць выклікала карціна Шышкіна “Раніца ў сасновым бары”, у якую бязмежная дзіцячая фантазія нават увяла новых персанажаў.
Як толькі ні інтэрпрэтавалі Ван Гога, але надаць новае гучанне яго “Зорнай ночы” пры дапамозе каляровых рысу і солі спрабавалі нямногія. Выхаванцы Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Ювента” горада Светлагорска (Гомельская вобласць) не пабаяліся замахнуцца на творчасць класіка.
Зразумела, вынікі завочных намінацый пакуль не падведзены, аднак наймацнейшыя ў стварэнні калажаў ужо заявілі пра сябе. Работа “Песня радасці і суму” з Аддзела экалагічнага выхавання Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Полацка (Віцебская вобласць) здзіўляе як падабранымі матэрыяламі (пап’е-машэ, насенне і лісце кукурузы), так і майстэрствам выканання. Акрамя таго, аўтарам работы ўдалося дасягнуць лёгкасці трохмернага эфекту.
Знакамітая “Дзяўчына з завушніцай” Яна Вермеера, без сумненняў, вылучае фларыстаў Лепельскага раённага цэнтра дзяцей і моладзі (Віцебская вобласць) з ліку іншых удзельнікаў конкурсу. З дапамогай прыроднага матэрыялу яны змаглі перадаць характар знакамітага партрэта.
Яшчэ адной моцнай рэканструкцыяй можна назваць работу Браслаўскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Віцебскай вобласці. “Анёл” — так называецца копія аднайменнай карціны. Тут фарбамі сталі пялёсткі ружы, элементы цынерарыі і дэльфініуму, алешыны і клёна.
У якасці мінусаў гэтай намінацыі Мікалай Даніловіч назваў недакладнасць некаторых рэканструкцый, прапорцый, а таксама адсутнасць атмасферы, характэрнай арыгіналу.
Запаліць святло Ражджаства
“Агонь і лёд снежнай краіны” — намінацыя, у якой былі прадстаўлены калядныя і навагоднія кампазіцыі. Менавіта яна, па меркаванні членаў журы, не дацягвае да агульнага ўзроўню конкурсу. Асноўнай прычынай такога несупадзення вядомыя фларысты назвалі адсутнасць падобных кампазіцый у беларускай культурнай традыцыі. Не ў нашых правілах афармляць святочны стол фларыстычным аб’ектам. Аднак гэта значыць толькі тое, што ў айчынных фларыстаў усё яшчэ наперадзе. Сімпатычны калядны валёнак прадставілі на суд гледачоў майстры са Шчомысліцкай сярэдняй школы Мінскага раёна Мінскай вобласці. Месячны анёл прыехаў з Рэчыцкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Гомельскай вобласці. Віцебскі абласны палац дзяцей і моладзі запаліў уласнае “Святло Ражджаства”. А фларысты Калінкавіцкага раённага эколага-біялагічнага цэнтра (Гомельская вобласць) расклалі нават “Калядны касцёр”.
Цікава, што намінацыя “Навагодняя паштоўка”, наадварот, была названа адной з самых моцных. Папера ручной работы, карункі, квілінг і трохмерная выцінанка… Гэта і многае іншае маглі ўбачыць наведвальнікі выставы.
Вочная намінацыя “Няхай жывуць шышкі” на цяперашні момант ужо знайшла сваіх пераможцаў. Першае месца дасталася камандзе Лідскага раённага эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі (Гродзенская вобласць) за стварэнне навагодняй ёлкі з дапамогай ляснога багацця. Другое месца падзялілі паміж сабой каманды з Пінска (Брэсцкая вобласць) і Магілёва.
“Пінскія фларысты за тры гадзіны стварылі сімвал Новага года — вадзяную змяю, — адзначыла член журы, дырэктар Рэспубліканскага эколага-біялагічнага цэнтра Лідзія Паўлаўна Каліноўская. — Яе скура поўнасцю зроблена з зубчыкаў сасновай шышкі, гэта вельмі тонкая і карпатлівая работа. А майстры з Цэнтра экалагічнага выхавання Магілёўскага абласнога цэнтра творчасці ўразілі ўсіх казачным сюжэтам: цэнтрам іх кампазіцыі сталі Маша і мядзведзь”.
Тры трэція месцы занялі каманды з Ваўкавыскага раённага эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі Гродзенскай вобласці, Брэсцкага абласнога эколага-біялагічнага цэнтра навучэнцаў і Эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі Магілёва.
* * *
На што здольны шышкі? Аказваецца, з іх можна зрабіць шакаладны торт і сняжынкі, якія падаюць за акном. На што здольны майстры? На тое, каб удыхнуць жыццё нават у самую простую галінку.
Наталля АЛЁХІНА.
aliohina@ng-press.by
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.