Агракласы: вопыт, праблемы, перспектывы

- 10:59Адукацыйная прастора

Навукова-метадычныя і кіраўніцкія падыходы да навучання ў профільных класах аграрнай накіраванасці абмеркавалі на Магілёўшчыне.

Тэматычная нарада аб’яднала кіраўнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з усяго рэгіёна. На мерапрыемстве прысутнічалі таксама член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Алег Дзячэнка, начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі, навукі і кадраў Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір Самсановіч, рэктар Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі Віталь Веліканаў. Сумесна ўдзельнікі нарады разгледзелі вопыт, праблемы і перспектывы функцыянавання аграрных класаў.

— Пытанне аб комплекснай падтрымцы развіцця аграпрамысловага комплексу ўвесь час знаходзіцца ў цэнтры ўвагі кіраўніцтва нашай дзяржавы. Аднак інвестыцыі, набыццё тэхнікі і ўкараненне новых сельскагаспадарчых тэхналогій, вытворчасць якаснай і экалагічна чыстай прадукцыі, яе экспарт — толькі адзін са складнікаў гэтага працэсу. Ва ўмовах дынамічнага развіцця сучаснай сельскай гаспадаркі асабліва важным з’яўляецца павышэнне прэстыжнасці аграрных прафесій сярод вучняў агульнаадукацыйных устаноў, прыцягненне ў галіну прафесійных маладых кадраў, — адзначыў член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Алег Дзячэнка.

Сёлета ў профільных класах аграрнай накіраванасці на Магілёўшчыне вучацца звыш 480 дзяцей. Навучанне дазваляе ім загадзя вызначыцца з профілем будучай прафесіі. Больш за тое, некаторыя маладыя людзі нават выбіраюць канкрэтную УВА, у якой маюць намер працягнуць адукацыю. Таму на нарадзе неаднаразова гучала прапанова аб неабходнасці павелічэння колькасці агракласаў.

Значная ўвага была ўдзелена і асаблівасцям іх функцыянавання. Начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі, навукі і кадраў Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір Самсановіч акцэнтаваў увагу прысутных на асноўных падыходах да арганізацыі работы з навучэнцамі, пазнаёміў з вынікамі рэспубліканскага маніторынгу работы агракласаў. Дэкан агранамічнага факультэта БДСГА Наталля Дуктава падрабязна апісала дыдактычныя асновы факультатыўных заняткаў “Уво­дзіны ў аграрныя прафесіі”.

Адметна, што педагогам агракласаў аказваецца ўсебаковая метадычная падтрымка. Як паведаміў рэктар Магілёўскага дзяржаўнага абласнога інстытута развіцця адукацыі Міхаіл Жудро, для іх распрацавана новая праграма павышэння кваліфікацыі. Акрамя таго, МДАІРА перыядычна праводзіць метадычна-навучальныя мерапрыемствы, дзе настаўнікі маюць магчымасць абмяняцца набытым вопытам.

Семінар атрымаўся практыка-арыентаваным і інфармацыйна насычаным. Ён прайшоў у форме канструктыўнага дыялогу. Па выніках мерапрыемства былі прыняты рашэнні па павышэнні якасці і эфектыўнасці факультатыўных заняткаў “Уводзіны ў аграрныя прафесіі”, вызначаны асноўныя напрамкі дзейнасці ўстаноў адукацыі, дзе функцыянуюць агракласы. У ходзе абмеркавання праблем развіцця аграрнай адукацыі ад удзельнікаў нарады паступілі канкрэтныя прапановы па ўдасканаленні нацыянальнага заканадаўства ў гэтай сферы, якія будуць разгледжаны ў Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Магілёўскім дзяржаўным абласным інстытутам развіцця адукацыі.