Аграрны — значыць сучасны

Чаму моладзь імкнецца ў Гарадок?

За 30 км на поўнач ад Віцебска на рацэ Гаражанка ўтульна размясціўся невялічкі горад з немудрагелістай назвай Гарадок. Менавіта тут дзейнічае вядомы на ўвесь рэгіён (і нават за яго межамі) Гарадоцкі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж, які рыхтуе спецыялістаў для сельскай гаспадаркі, — як нам сказалі, сапраўдны студэнцкі гарадок у Гарадку. Карацей, усё выглядала даволі інтрыгуюча, і мы накіраваліся сюды, у Гарадок, — месца, дзе фарміруецца прафесійнае аблічча, філасофія і будучыня сучаснай вёскі.

Да нядаўняга часу ў маленькім Гарадку дзве аграрныя ўстановы — прафесійна-тэхнічная і сярэдняя спецыяльная. Некалькі гадоў назад было прынята рашэнне аб іх аб’яднанні, і сёння Гарадоцкі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж — гэта даволі буйны адукацыйны цэнтр, які прыцягвае моладзь з усяго рэгіёна. Сярод навучэнцаў ёсць таксама прадстаўнікі Мінскай і Магілёўскай абласцей і нават з Пскоўшчыны (Расія).

Адукацыю ў каледжы атрымліваюць 800 навучэнцаў дзённай формы і каля 300 завочнікаў. Калектыў складаюць больш як 300 су­працоўнікаў. І ўлічваючы, што ў Гарадку крыху больш за 12 тысяч жыхароў, прынамсі, кожны дзясяты чалавек у райцэнтры — прадстаўнік аграрна-тэхнічнага каледжа.

Аграрная адукацыя ў Гарадку мае амаль 90-гадовую гісторыю. Адсюль выйшла звыш 20 тысяч спецыялістаў, і сёння многія гарадоцкія выпускнікі з’яўляюцца не толькі высокімі прафесіяналамі, але і кіраўнікамі рознага ўзроўню. Таму каледж не мае патрэбы ў нейкай асаблівай рэкламе — на Віцебшчыне яго ведаюць работадаўцы, яму давяраюць бацькі, а самае галоўнае — добры імідж установе ствараюць самі навучэнцы (найлепшы PR — сарафаннае радыё).

Матэрыяльна-тэхнічная база, якая падтрымліваецца ў каледжы на самым сучасным узроўні, дазваляе забяспечыць высокую якасць падрыхтоўкі спецыялістаў і прыцягвае моладзь. Па шчырасці, мы таксама былі ўражаны той найноўшай тэхнікай — трактарамі, камбайнамі, іншымі агрэгатамі, якія захоўваюцца ў гаражах каледжа. Здавалася, яны толькі што сышлі з завадскога канвеера, і гэта не ўстанова адукацыі, а выстава “БелАгра”. У распараджэнні навучэнцаў таксама рэсурсны цэнтр “Дыягнаставанне трактароў”, сучасныя вучэбныя кабінеты і лабараторыі, аснашчаныя ўнікальнымі тэхнічнымі сродкамі.

Дырэктар каледжа Уладзімір Шыцько (у свой час быў кіраўніком вядомай Лужаснянскай гімназіі, а пасля дэпутацкай работы ў парламенце стаў на чале аб’яднанай установы адукацыі ў Гарадку) тлумачыць, што асноўны ўпор робіцца на якасную падрыхтоўку спецыялістаў.

— Актыўна ўдасканальваем матэрыяльную базу, — гаворыць Уладзімір Ула­дзіміравіч. — За мяжой многія вытворцы зацікаўлены ў прасоўванні сваёй тэхнікі і таму даюць яе ўстановам адукацыі бясплатна. У нашай краіне такая практыка не распаўсю­джана. Тым не менш мы выйшлі з адпаведнай прапановай на Міністэрства прамысловасці, напісалі пісьмы на прад­прыемствы — і нас падтрымалі практычна ўсе беларускія вытворцы. Сёння мы маем (па дагаворы захоўвання) найноўшыя ўзоры сельскагаспадарчай тэхнікі. Больш за тое, ёсць дамоўленасць, што, як толькі з’явіцца новая мадэль трактара ці камбайна, мы вяртаем прад­прыемству наш узор і бяром навейшы. Такім чынам, без вялікіх фінансавых выдаткаў забяспечваюцца найлепшыя ўмовы для навучання спецыялістаў.

Вядома, далёка не кожная ўстанова прафесійнай адукацыі мае такую раскошу — найноўшую тэхніку ва ўласных гаражах. Таму летась на базе Гарадоцкага каледжа быў адкрыты рэсурсны цэнтр “Дыягнаставанне трактароў”, які сёння працуе на ўвесь Віцебскі рэгіён. Па графіку тут праходзяць стажыроўкі і навучанне прадстаўнікі ўсіх аграрных устаноў адукацыі вобласці.

Рэсурсны цэнтр уключае ў сябе некалькі лабараторый, клас тэарэтычнага навучання, асобныя лабараторныя стэнды для вывучэння пэўных вузлоў і агрэгатаў. Сапраўды шыкоўную лабараторыю абсталяваў у каледжы Мінскі трактарны завод: два найноўшыя трактары і адзін (энерганасычаны) у разабраным выглядзе, шмат стэндаў і макетаў.

У Гарадоцкім дзяржаўным аграрна-тэхнічным каледжы вядзецца навучанне па спецыяльнасцях “Тэхнічнае забеспячэнне сельскагаспадарчай вытворчасці”, “Тэхнічная эксплуатацыя аўтамабіляў”, “Энергетычнае забеспячэнне сельскагаспадарчай вытворчасці” і “Грамадскае харчаванне”.

Таксама навучэнцы атрымліваюць рабочыя прафесіі: вадзіцеля аўтамабіля катэгорыі C; трактарыста-машыніста сельскагаспадарчай вытворчасці катэгорыі А, B, D; слесара па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання; рабочага па комплексным абслугоўванні і рамонце будынкаў і збудаванняў; зваршчыка ручной зваркі; кухара; прадаўца.

Зараз у каледжы плануюць стварыць сучасную лабараторыю сумесна з “Гомсельмашам”. Вядуцца перамовы і з расійскім “Кіраўцам”.

У лабараторыі дыягнаставання і тэхнічнага абслугоўвання сельскагаспадарчай тэхнікі хлопцы вучацца дыягнаставаць механізмы і сістэмы сучасных энерганасычаных трактароў. Тут яны атрымліваюць вельмі каштоўныя навыкі. Бо, калі трактар ламаецца ў полі, адна справа пазваніць у рамонтную службу і ска­заць, маўляў, нешта там не працуе, і зусім іншая — паведаміць, які канкрэтна датчык выйшаў са строю. Гэта дазволіць рамонт­нікам значна хутчэй вырашыц­ь праблему. Хлопцы працуюць у згаданай лабараторыі з асаблівай цікавасцю, бо разумеюць: хто навучыцца дыягнаставаць трактар, справіцца потым і з аўтамабілем.

— Не сакрэт, што сучасная тэхніка ў выпадку паломкі можа прастойваць у гаражах толькі таму, што яе няма каму адрамантаваць, — гаворыць Ула­дзімір Шыцько. — Механікі часта не ведаюць, з якога боку да яе падысці, баяцца, бо тэхніка складаная і дарагая. А нашы хлопцы могуць не толькі эксплуатаваць найноўшую тэхніку, але і абслугоўваць яе, пры неабходнасці знайсці і выправіць паломку.

Зразумела, у аграрна-тэхнічны каледж прыходзяць не выдатнікі, але гэтыя хлопцы трапляюць у такую атмасферу, што ім хочацца вучыцца. Як заўважыў намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Юрый Сарачынскі, калі ёсць добрая база, то прывіць цікавасць да вучобы і даць неабходныя веды значна прасцей.

Усе навучэнцы каледжа могуць бясплатна атрымаць вадзіцельскія катэгорыі В і С, а таксама катэгорыі А, B, D трактарыста. І гэта вельмі прывабны бонус для кожнага хлопца.

У арсенале каледжа — сучасныя сімулятары сельскагаспадарчай тэхнікі з усімі неабходнымі рэгуліроўкамі. І гэта нават цікавей, чым танчыкі. Уявіце: хлопец сядзіць у кабіне збожжаўборачнага камбайна, толькі замест лабавога шкла — манітор. І ён вя­дзе гэты свой камбайн-карабель па бяскрайняй ніве, з пагоркамі і нізінкамі, рэгулюе настройкі, каб атрымаць большы намалот. Іншыя сімулятары дазваляюць араць глебу, ажыццяўляць зварку і г.д. Вядома, хлопцам падабаецца. Гэта цікавая мужчынская справа, якой яны вучацца з сапраўдным задавальненнем.

Зараз у каледжы ствараецца станцыя тэхнічнага абслугоўвання легкавых аўтамабіляў, у планах — адкрыць станцыю тэхабслугоўвання энерганасычаных трактароў.

— Будзем не толькі рамантаваць уласную тэхніку (мы і зараз гэта робім), але і аказваць тэхнічную дапамогу сельскім прадпрыем­ствам, — гаворыць дырэктар каледжа. — У нас ужо ёсць добры вопыт. Калі я прыйшоў сюды працаваць, у адным з нашых трактароў паламаўся рухавік. Віцебскія і мінскія фірмы гатовы былі ўзяць яго ў рамонт, аднак выставілі рахунак 22—25 тысяч рублёў. Але ж у нас ёсць свае інжынеры-механікі, тэхнікі. Кажу: “Хлопцы, а чаго мы баімся? Давайце паспрабуем адрамантаваць самі!” У выніку рамонт абышоўся нам на парадак танней, чым калі б мы ажыццяўлялі яго з дапамогай старонніх арганізацый. Патрацілі грошы толькі на запчасткі. А трактар той дагэтуль ездзіць, і ніякіх праблем. Калі ў каледжы з’явіцца станцыя тэхабслугоўвання, то гаспадаркі атрымаюць канкрэтную дапамогу, а нашы навучэнцы пад кіраўніцтвам вопытных майстроў змогуць набіць руку. Цяпер мы вымушаны вазіць дзяцей на рамонтную практыку ў суседнія гаспадаркі. А на ўласнай СТА навучэнцы змогуць і практыку прахо­дзіць, і дадатковую капейку зарабіць.

Дарэчы, з мінулага года каледж накіроўвае навучэнцаў толькі на аплатную практыку. Гэта няпроста было арганіза­ваць у аграпрамысловым комплексе, але ўжо ёсць плён: некаторыя хлопцы за два месяцы змаглі зарабіць больш як па дзве тысячы рублёў.

— Сёння ў гаспадарках тэхніка ёсць, але не хапае механізатараў, таму кіраўнікі вельмі зацікаўлены, каб прыязджала моладзь, — гаворыць Уладзімір Шыцько. — І паколькі гаспадарка прымае навучэнца на аплатную практыку, то адносіны паміж ім і кіраўніком зусім іншыя. Калі не трэба плаціць, то і стаўленне такое — “не перашкаджай!”, і ў хлопца, адпаведна, няма старання. А за грошы кіраўнік строга спытае, і навучэнец у сваю чаргу праявіць максімальную адказнасць. У нас многія хлопцы пасля трэцяга курса купілі машыны — і не за бацькоўскія грошы, а за свае. Вядома, старэнькія, недарагія. Але ж гэта будучыя  механікі — ім у радасць пакапацца ў тых машынах, давесці іх да ладу. Зараз пайшоў рэзананс, кожны хоча трапіць у добрую гаспадарку, каб зарабіць.

Гэтай вясной каля 120 навучэнцаў, якія ўжо маюць вадзіцельскае пасведчанне, працавалі на сяўбе ў сельскіх гаспадарках вобласці. Водгукі ад кіраўнікоў самыя добрыя. А галоўнае, хлопцы бачаць, што пры добрай арганізацыі працы, высокай дысцыпліне і адказнасці ў аграрным сектары можна зарабляць.

— У нас ёсць свая вучэбная гаспадарка — 800 га зямлі, — расказвае Уладзімір Ула­дзіміравіч. — Сеем збожжавыя, садзім бульбу, агародніну і такім чынам забяспеч­ваем сталовую ўласнай прадукцыяй. Летась заклалі фруктовы сад на 500 дрэў. Праз два — тры гады будуць ужо свае яблыкі і грушы. У складзе вучэбнай гаспадаркі ёсць таксама пчальнік, забяспечваем дзяцей мёдам. Самі выпякаем хлеб і булачкі. Усё гэта дазваляе істотна патанніць харчаванне навучэнцаў.

Вельмі вялікая ўвага ў каледжы ўдзяляецца выхаваўчай рабоце. Установа тэхнічная, каля 95% навучэнцаў — хлопцы. І гэта самы дураслівы ўзрост — 15—19 гадоў. З такой арміяй падлеткаў усе супрацоўнікі каледжа: ад дырэктара да прыбіральшчыцы — мусяць быць выхавальнікамі.

Каля 650 навучэнцаў пражываюць у інтэрнатах, бо большасць дзяцей — з сяла. І ў кожным з пяці інтэрнатаў наладжаны добры побыт, арганізаваны вольны час насельнікаў.

У каледжы стараюцца максімальна за­няць дзяцей пасля вучобы. Тут дзейнічаюць 16 спартыўных секцый, 11 гурткоў эстэтычнай накіраванасці. З наступнага навучальнага года адкрываецца кібер-гурток. Такім чынам, будучыя аграрыі маюць магчымасць рэалізаваць сябе не толькі ў прафесіі, але і ў спорце, у мастацкай і тэхнічнай творчасці.

— Я заўсёды кажу калегам: не навучэнцы для нас, а мы для іх, — гаворыць Уладзімір Шыцько. — І нам дзяржава плаціць за тое, каб мы дапамаглі ім стаць на крыло. У гэтых дзяцей небагатыя бацькі (амаль палова — з няпоўных сем’яў), і ім удвая патрэбна падтрымка. Наша задача як педагогаў — даць ім магчымасць адчуць сябе паспяховымі.


Вось такім адкрыўся нам Гарадок — горад, дзе прарастаюць мары. Зрэшты, тут няма ілюзій: з шыкоўнай тэхнікай і найноўшымі тэхналогіямі сельская праца становіцца лягчэйшай, але не лёгкай. Аднак, гледзячы ў дапытлівыя вочы гарадоцкіх навучэнцаў, можна зразумець: яны і не шукаюць лёгкага хлеба. Ім важна мець у руках на­дзейную тэхніку, нармальна зарабляць і ба­чыць плён сваіх намаганняў. Тыя, хто меў усё гэта падчас вучобы, на меншае не пагодзяцца. Так, сельская праца нялёгкая, але і не бязрадасная. Хлопцы, якія глядзелі на свет з кабіны “Беларуса” 3022, гэта дакладна ведаюць.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.