Агульная сярэдняя адукацыя стане абавязковай

- 9:20Суразмоўца

Кодэкс аб адукацыі дзейнічае ў айчыннай сістэме адукацыі з 1 верасня 2011 года. За гэты перыяд наша жыццё  істотна змянілася, набыла новыя рысы і  адукацыйная галіна. Гэта не магло не паўплываць і на яе заканадаўчую базу. Таму на працягу апошніх гадоў паралельна з існуючым кодэксам  вялася праца над яго новай рэдакцыяй. Каардынатарам работы па ўдасканаленні галоўнага дакумента адукацыйнай сферы выступіла Міністэрства адукацыі. Нядаўна праект новага заканадаўчага акта паступіў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і рыхтуецца дэпутатамі для разгляду на сесіі ў першым чытанні. Як праходзіць работа над новай рэдакцыяй кодэкса, хто ўдзельнічае ў абмеркаванні гэтага дакумента, якія асноўныя змяненні плануецца ўнесці, нашай газеце расказала намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы парламента Л.В.КІР’ЯК.

— Лілія Вацлаваўна, вы аддалі педагагічнай дзейнасці шмат гадоў свайго жыцця, цяпер з’яўляецеся дэпутатам і, як  ніхто іншы, можаце ацаніць ролю настаўніка ў развіцці нашага грамадства і ў цэлым краіны.

— Асоба настаўніка была і застаецца цэнтральнай ва ўсіх грамадска-палітычных і сацыяльных працэсах, а галоўнае, у раскрыцці патэнцыялу чалавека, рэалізацыі яго магчымасцей. Без настаўніка не можа быць добрага спецыяліста ў любой прафесіі, не можа адбывацца фарміраванне ўнутранага свету нашай моладзі, развіццё нашай краіны і яе эканомікі. Асновай адукацыйнай галіны застаюцца нацыянальныя традыцыі, багаты педагагічны вопыт, дзяржаўныя прыярытэты, у лік якіх уваходзяць фінансавая падтрымка адукацыі, забеспячэнне роўнага доступу кожнага нашага грамадзяніна да атрымання якаснай адукацыі, магчымасць выбудоўваць сваю прафесійную кар’еру і атрымліваць гарантыі працаўладкавання. Усе гэтыя напрамкі дазваляюць нашай сістэме адукацыі развівацца якасна і стабільна. Сфера адукацыі — адна з тых дынамічных сфер, якія пастаянна развіваюцца, удасканальваюцца, імкліва рэагуюць на пераўтварэнні, што адбываюцца ў нашай краіне і ў свеце. Бясспрэчна, заканадаўчая база павінна адпавядаць развіццю адукацыйнай галіны. Таму абнаўленне галоўнага дакумента сферы адукацыі — Кодэкса аб адукацыі — з’яўляецца натуральным працэсам, прадыктаваным патрабаваннямі сённяшняй рэчаіснасці і з улікам перспектыўных напрамкаў. Ко­дэкс аб адукацыі павінен утрымліваць традыцыйныя падыходы ў сферы адукацыі і рэагаваць на сучасныя інфармацыйныя і і камунікацыйныя тэхналогіі.

— Як вядома, сёння абмеркаванне кодэкса актыўна вядзецца ў парламенцкіх камісіях, з гэтай нагоды створаны рабочыя групы. А як абмяркоўваецца праект у нашым грамадстве?

— Кодэкс аб адукацыі — найважнейшы дакумент для ўсіх сфер жыццядзейнасці нашай дзяржавы, які закранае многія аспекты грамадскага жыцця. Законапраект выклікае вялікую цікавасць не толькі ў асяроддзі педагогаў краіны, але і ў баць­коўскай грамадскасці, грамадскіх аб’яднаннях, мясцовых органах выканаўчай і распарадчай улады. Аб актыўнасці нашых грамадзян у абмеркаванні новай рэдакцыі кодэкса сведчаць шматлікія звароты ў профільную камісію па адукацыі, культуры і навуцы, куды  штодня паступаюць заўвагі і прапановы. Дэпутаты актыўна абмяркоўваюць законапраект у сваіх выбарчых акругах з органамі кіравання адукацыяй, кіраўнікамі навучальных устаноў, педагогамі. Для мяне сустрэчы з калегамі, з якімі я разам працавала, заўсёды вельмі прадукцыйныя і прыносяць задавальненне. Хто, як не практыкі, могуць агучыць рэальныя праблемы і ўнесці прапановы па іх заканадаўчым урэгуляванні. Напрыклад, нядаўна ў рамках дыялогавай пляцоўкі па абмеркаванні абноўленага Кодэкса аб адукацыі ў Гродне прайшоў канструктыўны дыялог з педагагічнай грамадскасцю рэгіёна. Кіраўнікі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, настаўнікі прыхільна ўспрынялі новыя прынцыповыя падыходы, якія выкладзены ў новым дакуменце і склада­юць аснову дзяржаўнай палітыкі ў сферы адукацыі.

— Якія змяненні ў кодэксе выклікаюць павышаную цікавасць?

— У цэлым нашы педагогі адзначаюць узважанасць законапраекта, яго актуалізацыю з улікам сучасных змен у грамадстве і практыкі правапрымянення. Напэўна, ключавым момантам у дакуменце з’яўляецца норма аб абавязковай агульнай сярэдняй адукацыі. Як вядома, сёння ў нашай краіне абавязковай з’яўляецца агульная базавая адукацыя. Але, як паказвае практыка, большасць выпускнікоў 9 класа хочуць атрымаць агульную сярэднюю адукацыю і працягваюць навучанне ў 10 класе або ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Як бачна,  абавязковасць агульнай сярэдняй адукацыі прадыктавана самім жыццём і адказвае галоўным агульначалавечым каштоўнасцям. Атрыманне агульнай сярэдняй адукацыі з’яўляецца дастатковай для чалавека і грамадзяніна ў мэтах забеспячэння стабільнага эканамічнага і сацыяльнага развіцця дзяржавы. Таксама выклікае ўхваленне прынцып інклюзіі ў новай рэдакцыі кодэкса для роўнага доступу да атрымання якаснай адукацыі ўсіх катэгорый навучэнцаў з улікам іх індывідуальных адукацыйных патрэб і магчымасцей. Падтрымліваюцца нормы, якія тычацца правядзення факультатыўных заняткаў у шосты школьны дзень для вучняў 5—11 класаў (цяпер для 9—11), а таксама тыя нормы, згодна з якімі заснавальнікі ўстановы адукацыі (мясцовыя выканаўчыя органы) надзяляюцца пэўнымі паўнамоцтвамі па вызначэнні напаўняльнасці класаў, у тым ліку сумеснага навучання і выхавання навучэнцаў з асаблівасцямі развіцця. Ажыўленыя дыскусіі ў педагагічным асяроддзі выклікаюць нормы артыкулаў новай рэдакцыі кодэкса, якія вызнача­юць правы і абавязкі навучэнцаў i iх законных прадстаўнiкоў. Напрыклад, правы бацькоў на атрыманне інфармацыі пра ажыццяўленне і зместавае напаўненне  адукацыйнага працэсу, пра метады навучання і выхавання, вынікі вучэбнай дзейнасці іх дзяцей прадугле­джваюцца ў парадку, якi вызначаецца ўстановай адукацыі. Гэтая норма дазволіць вырашыць пытанне часам неабгрунтаванага ўмяшання бацькоў у дзейнасць, якая адносіцца выключна да кампетэнцыі педагога.

Унесены дапаўненні і ў частцы патрабаванняў да педагагічных работнікаў: педагагічную дзейнасць не змо­гуць ажыццяўляць асобы, якія ма­юць медыцынскія супрацьпаказанні. Дапоўнены і заканадаўча бу­дуць замацаваны правы педагагічных работнікаў на маральнае і матэрыяльнае заахвочванне ў сістэме адукацыі за поспехі ў навуковай, навукова-тэхнічнай, эксперыментальнай, інавацыйнай дзейнасці. Цяпер такія заахвочванні педагогі ма­юць толькі за паспяховае выкананне педагагічнай дзейнасці. Гэтыя змены пашыраюць магчымасці наватарскай дзейнасці педагогаў і далейшага ўдасканалення іх прафесійнага майстэрства. Для кіраўнікоў устаноў адукацыі важным з’яўляецца заканадаўчае замацаванне педагагічнага савета як асноўнага органа самакіравання. Гэта звязана з тым, што савет навучальнай установы, стварэнне якога прадугле­джана ў існуючым заканадаўстве, не заўсёды ў поўнай меры выконвае сваю функцыю, і пры створаных папячыцельскіх саветах не заўсёды яго існаванне мэтазгодна. Прадугледжваецца і стварэнне ва ўстановах адукацыі навукова-тэхнічнага, вучнёўскага, студэнцкага саветаў як органаў самакіравання з мэтай стымулявання ўдзелу высокаматываванай, інтэлектуальна адоранай і таленавітай мола­дзі ў кіраванні ўстановай адукацыі. Такія саветы ўжо працуюць ва ўстановах адукацыі, але заканадаўчае замацаванне гэтай нормы, безумоўна, надасць новы імпульс маладзёжным ініцыятывам, іх рэалізацыі, актывізуе ўдзел маладых лю­дзей у навуковай дзейнасці ўжо са школы.

— Ці шмат навацый па падтрымцы навучэнскай моладзі будзе замацавана ў законапраекце?

— Нароўні з паняццем “сацыяльная абарона навучэнцаў” уводзіцца паняцце “падтрымка выпускнікоў”, што прадугле­джвае прадастаўленне месца працы шляхам размеркавання, працаўладкавання за кошт броні працоўных месцаў для выпускнікоў з катэгорыі дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, асоб з асаблівасцямі развіцця, якія атрымалі прафесійна-тэхнiчную, сярэднюю спецыяльную або вышэйшую адукацыю, у тым выпадку, калі ёсць праблемы з прадастаўленнем месца працы. Прадугледжваецца залік у тэрмін абавязковай працы па размеркаванні перыяду ваеннай службы па кантракце, перыяду альтэрнатыўнай службы па жаданні выпускніка. Статус маладога спецыяліста замацоўваецца за выпускнікамі, якія атрымалі адукацыю на ўмовах аплаты і накіраваны на работу. Згодна з гэтым статусам, такая катэгорыя выпускнікоў атрымае ў поўнай меры тую сацыяльную падтрымку, якая прадугледжана для маладога спецыяліста. Ад вяртання сродкаў за навучанне вызваляюцца выпускнікі, уключаныя ў склад нацыянальных зборных каманд Рэспублікі Беларусь па пэўных відах спорту, калі яны не адпрацавалі неабходны тэрмін абавязковай працы.

Таксама ўдакладняецца парадак прызначэння стыпендый Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у мэтах забеспячэння роўных правоў на атрыманне сацыяльнай падтрымкі навучэнцаў незалежна ад формы ўласнасці ўстаноў вышэйшай адукацыі, у якіх яны вучацца (як дзяржаўныя, так і недзяржаўныя УВА). Магчымасць атрымання матэрыяльнай дапамогі будзе ў моладзі, якая не толькі вучыцца на дзённай форме за кошт сродкаў бюджэту, але і атрымлівае адукацыю на платнай аснове, за кошт сродкаў пазабю­джэтнай дзейнасці навучальнай установы.

 Значна мяняюцца падыходы да мэтавага навучання, пашыраецца сфера прымянення мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў і рабочых для забеспячэння кадрамі арганізацый рознага профілю, размешчаных, у першую чаргу, у малых населеных пунктах, на забруджаных тэрыторыях.

— Не можам прамінуць пытанне аб дыстанцыйнай форме навучання, якая сёння па вядомых прычынах замяніла ў нейкай меры традыцыйныя аўдыторныя заняткі і ўвайшла ў адукацыйны працэс на ўсіх узроўнях адукацыі.

— 10 гадоў назад, калі вялася распарацоўка Кодэкса аб адукацыі, дыстанцыйнае навучанне ў нашай краіне знахо­дзілася ў стадыі зараджэння. У дакуменце была замацавана норма пра тое, што дыстанцыйнае навучанне — гэта від завочнай формы атрымання адукацыі, які ажыццяўляецца пераважна з выкарыстаннем сучасных камунікацыйных і інфармацыйных тэхналогій. Цяпер дыстанцыйнае навучанне ўраўнавана з завочнай і вочнай формамі атрымання адукацыі. У новай рэдакцыі ко­дэкса адзначана, што адукацыя можа быць атрымана ў вочнай (дзённай, вячэрняй), завочнай, дыстанцыйнай формах атрымання адукацыі і ў форме саіскальніц­тва. Такім чынам, дыстанцыйныя адукацыйныя тэхналогіі могуць выкарыстоўвацца ў любой форме атрымання адукацыі.

Адметнымі навацыямі новай рэдакцыі кодэкса з’яўляюцца рэалізацыя адукацыйнай праграмы шляхам сеткавай формы ўзаемадзеяння і ўстанаўленне дыстанцыйнай формы як самастойнай формы атрымання адукацыі. Сеткавая форма ўзаемадзеяння дазволіць навучэнцам адной установы вучыцца з выкарыстаннем рэсурсаў іншай установы. Укараненне дыстанцыйнай формы абумоўлена яе высокай запатрабаванасцю на міжнародным рынку адукацыйных паслуг і ў нашай краіне, што пашырае магчымасці прадастаўлення адукацыйных паслуг і павышэння іх якасці. Як адзначыў міністр адукацыі Ігар Васільевіч Карпенка на выніковым пасяджэнні калегіі Міністэрства адукацыі, з якім наша камісія цесна супрацоўнічае ў стварэнні новай рэдакцыі кодэкса, у мінулым навучальным годзе ва ўмовах складанай эпідэмічнай сітуацыі быў арганізаваны бесперапынны адукацыйны працэс з прымяненнем дыстанцыйных тэхналогій, у выніку чаго выпускнікі атрымалі атэстаты сталасці і ўступілі ў дарослае жыццё. Мы напрацавалі вялікі вопыт ва ўкараненні сучасных тэхналогій, арганізацыі дыстанцыйнага навучання, што дазволіла стварыць сваю адукацыйную платформу, адзіны інфармацыйна-адукацыйны рэсурс, які цяпер знайшоў прымяненне ў правядзенні заняткаў у аддаленым рэжыме і з’яўляецца дапаўненнем класна-ўрочнай сістэмы. У найбліжэйшай перспектыве рэспубліканскае інфармацыйна-адукацыйнае асяроддзе ахопіць усе ўзроўні адукацыі.

Абноўлены Кодэкс аб адукацыі будзе накіраваны на забеспячэнне права кожнага грамадзяніна на адукацыю на працягу ўсяго жыцця ў адпаведнасці з індывідуальнымі патрэбамі, а гэта азначае пастаяннае развіццё і ўдасканаленне асобы. Кожны трэці жыхар нашай краіны сёння вучыцца! І я хачу падзякаваць усім педагогам, якія вельмі годна і сумленна працуюць, фарміруючы падмурак асобы і заўсёды застаючыся адданымі сваёй прафесіі і вернымі краіне.

Гутарыла Ала КЛЮЙКО.