Агульныя пытанні вырашым разам

- 10:55Актуально, Апошнія запісы

У Мінску прайшло першае ў гэтым навучальным годзе пасяджэнне Грамадскага рэспубліканскага студэнцкага савета. На сустрэчу з міністрам адукацыі Ігарам Карпенкам прыехаў абноўлены склад студэнцкага савета, а таксама маладзёжныя паслы Мэт устойлівага развіцця. Ігар Васільевіч заклікаў маладых людзей далучацца да актыўнага абмеркавання, якое было пачата з іх папярэднікамі ў мінулыя гады, усіх пытанняў.

Зяртаючыся да ўдзельнікаў сустрэчы, І.В.Карпенка адзначыў, што без студэнцкага самакіравання адукацыя не можа быць паўнавартаснай структурай: “Студэнцтва можа і павінна аказваць уплыў на сучасныя адукацыйныя працэсы. Выкладчык перастае быць адзінай крыніцай інфармацыі. Цяпер і мы вучымся ў вас. Студэнцкі савет займаецца вырашэннем не толькі нейкіх гаспадарчых пытанняў, але і аказвае ўплыў на фарміраванне вучэбных планаў”.

У прыватнасці, міністр прапанаваў моладзі падключыцца да фарміравання гуманітарнага блока прадметаў ва УВА, выказаць свае ідэі па яго напаўненні. Па яго словах, гэтае абмеркаванне пачалося ўжо: рабочая група ў складзе навукоўцаў і метадыстаў падрыхтавала канцэпцыю, якую збіраецца абмеркаваць з кіраўнікамі кафедр грамадскіх навук УВА. Сутнасць канцэпцыі ў тым, каб пакінуць толькі дзве дысцыпліны дзяржаўнага адукацыйнага кампанента — філасофію і гісторыю беларускай дзяржаўнасці. Ігар Карпенка патлумачыў, што няправільна дубліраваць школьны і ўніверсітэцкі курс гісторыі, які і там, і там пачынаецца са старажытнасці. На яго думку, якраз спецыяльны курс па гісторыі беларускай дзяржаўнасці глыбей асветліць пытанні фарміравання суверэннай Беларусі, яе грамадска-палітычнай сістэмы, эканамічнай мадэлі.

А вось у пералік дысцыплін сацыяльна-гуманітарнага блока плануецца ўключыць 20 прадметаў, у тым ліку паліталогію, рэлігіязнаўства, эканамічную тэорыю, сацыялогію і інш. У гэтым кірунку таксама вітаюцца прапановы ад студэнтаў. Міністр нагадаў, што дзверы яго кабінета заўсёды расчынены для студэнтаў і ён заўсёды знойдзе час выслухаць усе іх парады і пытанні.

Шмат пытанняў ад студэнтаў прагучала і падчас гэтай сустрэчы. Так, маладыя людзі цікавіліся, ці могуць разлічваць на пэўныя паслабленні ад выкладчыкаў, калі вырашаць стаць валанцёрамі на міжнародных спартыўных спаборніцтвах, на выбарах, падчас перапісу насельніцтва і інш. У адказ міністр заклікаў не выбіраць нешта адно, але пры жаданні паваланцёрыць быць гатовым да больш напружанай вучобы ў вольны час. У якасці прыкладу прывёў свае студэнцкія будні, калі ён таксама сумяшчаў і грамадскую дзейнасць, і вучобу. Прагучала і тэма абавязковага размеркавання для маладых спецыялістаў, якая ўжо стала традыцыйнай для такіх сустрэч. Але, па словах Ігара Карпенкі, стаўленне да гэтага пытання стала мяняцца, нават тыя, хто вучыўся платна, просяць кіраўніцтва УВА прадаставіць ім першае працоўнае месца. Толькі ў мінулым годзе было задаволена 1000 такіх пажаданняў. Закрануліся і тэмы заканадаўчага замацавання ўсеагульнай сярэдняй адукацыі, і Закона аб адтэрміноўцы, і інш.

Удзельнікі сустрэчы разам з прадстаўнікамі Міністэрства адукацыі, Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы разгледзелі і ўнеслі прапановы ў праект стратэгіі развіцця дзяржаўнай мала­дзёжнай палітыкі Беларусі да 2030 года, абмеркавалі правядзенне Нацыянальнага маладзёжнага студэнцкага форуму ў 2019 годзе, а таксама магчымасці для моладзі ўключыцца ў дзейнасць па рэалізацыі нацыянальнай стратэгіі па дасягненні Мэт устойлівага развіцця.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.