Акадэмія “АграСіці”

- 11:49Навіны рэгіёнаў

Ужо сярэдзіна лета, прыйшоў час азірнуцца і зрабіць высновы, ці спраўдзіліся чаканні на незабыўны і карысны адпачынак. З упэўненасцю магу сказаць, што для хлопчыкаў і дзяўчынак, якія сёлета пабывалі ў лагеры працы і адпачынку з кругласутачным знаходжаннем “АграСіці” на базе Вярэйкаўскай сярэдняй школы Ваўкавыскага раёна, гэтае лета на самай справе стане незабыўным.

Па-першае, гэта новыя знаёмствы гарадскіх хлопчыкаў і дзяўчынак з сярэдняй школы № 5 Ваўкавыска і сельскіх з Вярэйкаўскай сярэдняй школы, па-другое, гэта магчымасць паспрабаваць сябе ў вясковай працы (што не вельмі лёгка), а для кагосьці і першыя самастойна заробленыя грошы, пасільны ўклад у сямейны бюджэт, першы запіс у працоўнай кніжцы.

У гэтым годзе праект, па якім працаваў лагер, насіў прафарыентацыйную накіраванасць і называўся “Аграрная акадэмія”. Партнёрамі праекта былі гаспадарка РСКУП “Ваўкавыскае”, якая забяспечыла дзяцей працай, а таксама Гродзенскі аграрны ўніверсітэт у асобе дэкана факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі Віктара Іванавіча Паплеўкі, з дапамогай якога была арганізавана прафарыентацыйная экскурсія па гэтай ВНУ.

У першай палове дня ў лагеры арганізоўвалася занятасць дзяцей, у другой палове ішла работа над рэалізацыяй праекта “Аграрная акадэмія”, у аснове якога было стварэнне акадэміі “АграСіці”. Для гэтага лагер часова ператварыўся ва ўніверсітэт з рознымі факультэтамі. На працягу змены дзеці прайгравалі сацыяльныя ролі — студэнт, стараста групы, прафарг, фізарг. Дырэктар лагера быў адначасова рэктарам універсітэта.

Работа кожнага факультэта — аховы раслін, аграрна-экалагічнага, эканамічнага, інжынерна-тэхналагічнага — была накіравана на стварэнне іміджу абранай прафесіі. Праводзіліся таксама тэматычныя дні. Да кожнай групы (10 чалавек) прымацоўваўся куратар, які суправаджаў навучэнцаў на працягу ўсёй змены.

У першы дзень навучэнцы выбіралі старасту групы і кірунак работы факультэта, распрацоўвалі экран індывідуальнага росту. Для кожнага была заведзена заліковая кніжка, дзе ў далейшым адзначаліся поспехі на працягу змены.

Элементам кожнага дня быў інтэрактыў, накіраваны на актуалізацыю асобасных якасцей, якія дапамагаюць удзельнікам праекта працаваць у камандзе. Абавязкова праводзіўся студсавет (па выніках дня): кожны ўдзельнік мог прагаласаваць за таго, хто, на яго думку, лепш за астатніх праявіў сябе ў дзённых выпрабаваннях і можа прэтэндаваць на атрыманне медаля або ордэна (яны заносіліся на экран індывідуальнага росту). У канцы работы лагера кожны атрымаў дыплом за паспяховае заканчэнне “Аграрнай акадэміі”, а самыя спрытныя ў працы заслужылі званне магістра сельскагаспадарчых навук.

Вядома, дзеці запомняць прафарыентацыйную трохгадзінную экскурсію па Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце, святкаванне Дня Незалежнасці, конкурсы і забавы, падрыхтаваныя педагогам-арганізатарам Н.М.Пастушок і музычным кіраўніком Г.М.Гжымайла, забаўляльную праграму “10 нагод закахацца” і дыскатэку, падрыхтаваныя і праведзеныя работнікамі Вярэйкаўскага дома культуры, вячэрні валейбол, вогнішча і чаяванне з выхавальнікамі, дзякуючы рабоце якіх змена стала яшчэ больш незабыўнай (С.В.Свірыдава, Н.Ф.Пашко, А.Ч.Бебех, Н.Ю.Белавус). А якімі смачнымі былі абеды, прыгатаваныя работнікамі сталовай! Не засталася незаўважанай і чысціня, якую падтрымлівалі тэхработнікі школы.

На полі вучні працавалі пад чулым кіраўніцтвам настаўніка працоўнага навучання школы У.А.Кашына. Хлопцы і дзяўчаты з вялікім гонарам дэманстравалі працоўныя мазалі ад праполкі цыбулі і капусты.

Хочацца шчыра падзякаваць кіраўніцтву РСКУП “Ваўкавыскае” — дырэктару С.С.Чаркоўскаму і аграному гаспадаркі А.Б.Немцу, якія забяспечылі дзяцей працай і далі магчымасць атрымаць першую зарплату.

Ганна ТАЛОЧКА,
дырэктар лагера “АграСіці”.