Аксана Землякова: настаўнікі сваімі ведамі, пашанай, аўтарытэтам вядуць за сабой маладое пакаленне беларусаў

- 16:17Моя гражданская позиция

Сваімі думкамі аб выхаванні любові да Радзімы, асаблівасцях сістэмы адукацыі Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці і сваёй грамадзянскай пазіцыяй з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” падзялілася начальнік аддзела адукацыі Астравецкага райвыканкама Аксана Землякова.

Навучыць любіць Радзіму

Педагогі Астравеччыны ўсебакова рыхтуюцца да правядзення чарговай выбарчай кампаніі ў наступным годзе. Работнікі сістэмы адукацыі складаюць большую частку членаў участковых выбарчых камісій, і на базе дзевяці ўстаноў адукацыі плануецца размяшчэнне выбарчых участкаў.

Настаўнікі — гэта тая катэгорыя грамадзян, якая сваімі ведамі, пашанай, аўтарытэтам вядзе за сабой маладое пакаленне беларусаў.

Нашы педагогі — сапраўдныя патрыёты, здольныя навучыць любіць Радзіму сваіх маладых калег, якіх у Астравецкім раёне значна больш, чым у іншых раёнах Гродзенскай вобласці. За апошнія тры гады настаўнікі раёна двойчы адзначаны ганаровымі граматамі Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, тройчы ўзнагароджаны нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі”. У раёне працуюць чатыры настаўнікі-метадысты. Прыемна, што сёння сістэма адукацыі Астравеччыны павялічваецца, абнаўляецца і расце: будуюцца новыя школы, дзіцячыя сады, а гэта прыток маладых спецыялістаў у раён. Па статыстыцы, за апошнія тры гады да нас на работу прыбываюць не менш за 40 педагогаў. Мы адзіны раён у вобласці са 100-працэнтнай забяспечанасцю педагагічных работнікаў арэндным жыллём. На нашым балансе знаходзіцца 56-кватэрны арэндны дом, дзе атрымліваюць кватэры маладыя спецыяліс­ты і сем’і педагогаў.

З уводам у эксплуатацыю Беларускай АЭС рэйтынг горада значна вырас. Ужо нельга пачуць, як казалі раней, “Астравец — свету канец”. Сёння гавораць: “Хто не быў у Астраўцы, таму і Мінск сталіца”. Пра наш горад атамшчыкаў ведаюць не толькі ва ўсёй Рэспубліцы Беларусь, але і далёка за яе межамі. Акрамя таго, горад мае развітую інфраструктуру, якая ўлічвае інтарэсы моладзі. І гэта нас бязмежна радуе.

Не застаюцца без увагі вёскі і аграгарадкі раёна. Арэнднае жыллё прадастаўляецца і настаўнікам, якія працуюць у сельскай мясцовасці. Прычым педагогі чатырох устаноў адукацыі маюць магчымасць пражы­ваць у арэндных дамах у гэтых жа населеных пунктах.

Сельскія ўстановы адукацыі маюць свае фішкі і брэнды, якія спрыяюць рознабаковаму выхаванню і развіццю дзяцей. Так, на гербе Астраўца адлюстравана выява кумжы — рыбы з атрада ласасёвых, якая водзіцца ў рэках нашага раёна, і ў сувязі з гэтым у Варнянскай школе адкрыты Ласасёвы цэнтр. Дарэчы, ён адзіны ў нашай краіне. А вось бізнес-кампанія Спондаўскай школы на ўсю акругу славіцца выдатнымі саджанцамі ягадных культур.

Захаваць гісторыю

Трэці год рэалізуецца сумесны з раённай “Астравецкай праўдай” праект “Сцяжынка да школьнага парога”, у рамках якога мы ўжо ўспомнілі 47 зак­рытых у розныя часы ўстаноў адукацыі і лю­дзей, якія там працавалі і вучыліся. Такім чынам мы захоўваем гісторыю школ, збіраем матэрыял, гутарым з ветэранамі педагагічнай працы, выпускнікамі. Напрыклад, наступны наш матэ­рыял будзе прысвечаны закрытай у 1972 годзе Жукойні-Жэлядскай школе, каб ніхто і нішто не было забыта. У гэтым праяўляецца любоў да роднага краю і павага да ветэранаў педагагічнай працы Астравеччыны.

Ва ўсіх школах функцыянуюць класы ваенна-патрыятычнай накіраванасці, адкрыты музеі або музейныя экспазіцыі, у якіх асобны куток прысвечаны генацыду беларускага народа. На базе сярэдняй школы № 3 горада з 2022 года адкрыты ваенна-патрыятычны клуб “Адзінства” для навучэнцаў 5—11 класаў. Па суботах заняткі клуба праводзяцца на базе мясцовай вайсковай часці № 7434. На дзень дзеці акунаюцца ў армейскі побыт, што ім вельмі падабаецца. Удзельнікі клуба “Адзінства”, у якіх сярэдні бал не ніжэйшы за 6, маюць права па-за конкурсам паступаць у Ваенную акадэмію Рэспублікі Беларусь.

Браць прыклад

Я вельмі люблю сваю работу. Не было ў маім жыцці ніводнага дня, каб мне не хацелася ісці на працу. На пасадзе начальніка аддзела адукацыі я з лютага 2018 года, а ўвогуле працоўную дзейнасць пачала ў жніўні 2005 года настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў сельскай базавай школе ў вёсцы Міхайлоўшчына Ашмянскага раёна. Прайшла этапы работы намеснікам дырэктара школы па вучэбна-выхаваўчай рабоце, дырэктара базавай школы, 8 гадоў узначальвала Гальшанскую гімназію Ашмянскага раёна (зараз гэта сярэдняя школа). Выхоўваю дачку-сямікласніцу і сына, які працуе інтэрнам у Астравецкай цэнтральнай раённай клінічнай бальніцы.

Ужо з пачатковых класаў я дакладна разумела, што хачу быць менавіта настаўніцай, ад чаго “пакутавалі” мае сябры, якіх я ўсаджвала на свае першыя “ўрокі”. Даставалася і бацькоўскай шафе, якая служыла школьнай дошкай. Дарэчы, мой тата Анатоль Валянцінавіч з 8 гадоў называў мяне па імені і імені па бацьку, патлумачыўшы, што менавіта так звяртаюцца да настаўнікаў.

Сёння шмат гавораць пра вяртанне прэ­стыжу настаўніцкай прафесіі. Я ўпэўнена, што калі педагог лічыць сваю прафесію прызваннем і гордасцю, то гэта і ёсць прэ­стыж. У цяперашні час палітыка нашай дзяржавы накіравана на ўсебаковую падтрымку адукацыі (у аплаце працы, стварэнні ўмоў для плённай работы і г.д.). Мы, педагагічная грамадскасць, павінны поўнасцю апраўдваць надзеі і выконваць пастаўленыя кіраўніком дзяржавы задачы. Усё гэта дазволіць забяспечыць паўнацэннае, па­этапнае, а галоўнае, мірнае развіццё нашай краіны.

Гавораць, што ў чалавека адна Радзіма. Хачу з гэтым паспрачацца. Я не нара­дзілася тут, на беларускай зямлі, аднак Беларусь стала для мяне не толькі Радзімай, але і тым месцам, якім я ганаруся. Ганаруся нашымі людзьмі, культурнай спадчынай, маляўнічай прыродай, чысцінёй і парадкам. Ганаруся нашым Прэзідэнтам Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам, чалавекам, з якога неабходна і хочацца браць прыклад — як кіраўніка, бацькі і галоўнага пат­рыёта нашай краіны.

Наталля КАСТЭНКА