Аксіёмы і метады поспеху

- 11:53Апошнія запісы, Людзі адукацыі, Рознае

Для таго каб выкладаць школьнікам матэматыку, дыплома аб вышэйшай адукацыі недастаткова? Для педагога, які ставіць перад сабой высокія мэты, — дакладна. Менавіта таму ён пачынае паглыбляцца ў навуку, займацца даследаваннем.

З навуковым падыходам

Настаўніца матэматыкі сярэдняй школы № 48 Мінска імя Ф.М.Малышава Алена Іванаўна Лакша знешне падобная на старшакласніцу — маладая, пазітыўная, актыўная. Ужо ў размове разумееш, што перад табой чалавек, які ўмее наладзіць цішыню ў класе адным поглядам, які ведае, як якому вучню патлумачыць тэму, каб ён усё зразумеў, які любіць сваю работу настолькі, што гатоў дзеля яе на подзвігі. Адзін з іх — напісанне кандыдацкай. Алена Іванаўна ўзялася за даследаванне найперш не дзеля вучонага звання, а для таго, каб зразумець, як можна матэматыку зрабіць даступнай для разумення кожнага дзіцяці. Сёння яна ўзгадвае пяць гадоў работы над кандыдацкай як час вялікіх выпрабаванняў. Тады яна яшчэ жыла і працавала ў Гродне, таму даводзілася шмат часу праводзіць у цягніках, аўтобусах, бо патрэбную літаратуру можна знайсці толькі ў вялікіх бібліятэках — у нашай або расійскай сталіцы.
— Самая галоўная праблема — катастрафічны недахоп часу, — адзначае Алена Іванаўна. — Трэба ці навукай займацца, ці працаваць у школе, бо гэта дзве розныя справы. Такі подзвіг наўрад ці можна паўтарыць.
Сёння настаўніца здзіўляецца, як усё вытрымала. І тут жа знаходзіць адказ, што не інакш, як нябёсамі, у якасці яе навуковага кіраўніка была прызначана прафесар БДПУ імя Максіма Танка Ірына Аляксандраўна Новік. Калі Алена Іванаўна гаворыць пра свайго навуковага кіраўніка, у яе нават голас мяняецца: у ім з’яўляецца асаблівая нотка дабрыні, змешаная з павагай і ўдзячнасцю.
— Ірына Аляксандраўна — зыходны пункт ва ўсіх наступных маіх перамогах. Калі б не яна, не ведаю, ці зрабіла б я такі значны крок у навуцы. Ірына Аляксандраўна — і сябар, і жанчына, і маці, і дарадца, і вучоны. Па ўсіх пытаннях — да яе. І падкажа, і раскажа, і падштурхне, і зматывуе. А за пяць гадоў было шмат чаго, і слёз таксама, — прызнаецца А.І.Лакша.
Калі пералічваеш усё, чым займаецца Алена Іванаўна, пачынаеш думаць, што ў яе сутках больш гадзін, чым у сутках звычайных людзей. Па-першае, яна — настаўніца матэматыкі для вучняў 48-й сталічнай школы і класны кіраўнік для дзевяцікласнікаў гэтай жа ўстановы. Нагрузка настаўніцкая — дзве стаўкі. Па-другое, А.І.Лакша працуе са студэнтамі, яна — выкладчык кафедры прыродазнаўчых дысцыплін БДПУ імя Максіма Танка. Па-трэцяе, актыўна піша артыкулы, выступае на канферэнцыях, семінарах, падрыхтавала дзве факультатыўныя праграмы: “Школьны курс геаметрыі і эстэтыка” для 9 класа і “Прыкладныя задачы па алгебры” для 8 класа. Сваімі навуковымі пошукамі дзялілася з калегамі ў МГІРА, праводзіла курсы ў БНТУ, БДПУ імя Максіма Танка. Удзельнічала ў амаль 60 канферэнцыях як у Беларусі, так і за яе межамі. Матэрыялы Алены Іванаўны можна знайсці ў часопісах “Матэматыка: праблемы выкладання”, “Народная асвета”. (Сачыце за дадаткам “Партфоліа”, дзе ўжо ў студзені будзе надрукаваны артыкул А.І.Лакша.) Хто выказвае зацікаўленасць да яе даследавання, з тым Алена Іванаўна працягвае зносіны праз электронныя сродкі камунікацыі. Яна вядзе перапіску не толькі з беларускімі настаўнікамі, але і з калегамі з Украіны.
— Напісаць, абараніць навуковую работу і пакласці яе на паліцу не мае сэнсу — праз месяц усё забываецца і страчваецца. Варта ў гэтай галіне працаваць далей, развівацца, — адзначае педагог.
Што школа стане яе месцам працы, рэалізацыі ўсіх задум, Алена Іванаўна асэнсавала яшчэ ў дзяцінстве, калі слухала пра мары маці Лідзіі Аляксееўны ста ць настаўніцай. Жаданне матулі, напэўна, было такім падсвядома моцным, што дзве дачкі выбралі педагогіку ў якасці прафесійнай дзейнасці. Старэйшая, Ірына Іванаўна, працуе ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы, выкладае студэнтам педагогіку. Наша гераіня прызнаецца, што старэйшая сястрычка служыць ёй арыенцірам па жыцці і заўсёды ва ўсім падтрымлівае.
Першыя крокі, памылкі, поспехі ў якасці настаўніцы матэматыкі пасля заканчэння ГрДУ імя Янкі Купалы А.І.Лакша зрабіла ў сельскай школе вёскі Вялікія Эйсманты. Наконт памылак педагог гаворыць па-філасофску: “Яны ёсць у кожнага чалавека. Калі б іх не было, то не было б і стымулу рухацца далей”.

Матэматыка на кожны дзень

Як працаваць, каб кожны вучань у класе разумеў матэрыял, які вы выкладаеце? Па-першае, па меркаванні А.І.Лакша, на ўроку павінна быць дысцыпліна. Нельга дапусціць, каб адна палова школьнікаў глядзела на настаўніка і ўважліва яго слухала, імнулася зразумець яго словы, а другая была пагружана ў гульню на тэлефоне. Што зрабіць, каб дзеці аддалі перавагу настаўніку, а не мабільным цацкам? Запужваць і крычаць — не яе метады. А.І.Лакша пераканана, што калі вучням будзе цікава на ўроку, то яны змогуць, кожны на сваім узроўні, канечне, асэнсаваць любую тэму. Метадычны канёк Алены Іванаўны ў тым, што яна паказвае рэальную матэматыку. Якое ў дзяцей самае галоўнае пытанне: навошта мне гэта вывучаць? Таму кожны ўрок А.І.Лакша набліжаны да жыцця. Настаўніца паказвае сваім вучням, дзе і калі яны сустракаюцца што-дзень з матэматыкай.
Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце 48-й школы Людміла Зыгмундаўна Клышэўская гаворыць, што Алена Іванаўна падае матэматыку, нібыта казку. І вучні такі матэрыял успрымаюць з лёгкасцю. У Людмілы Зыгмундаўны дачка вучыцца ў класе А.І.Лакша. Дзяўчына расказвае маці, дарэчы, таксама настаўніцы матэматыкі, як проста можна, напрыклад, патлумачыць тэму “Каардынатная плоскасць”: “Знаходжанне каардынаты на восі абсцыс — гэта як быццам трэба знайсці патрэбны пад’езд дома, а каардынаты на восі каардынат — паехаць на патрэбны паверх”.
48-я мінская школа асаблівая, там выхоўваюцца будучыя раналды і марадоны. З імі настаўніца гуляе на ўроках у футбол, але не з мячом, а з лічбамі. Клас, напрыклад, дзеліцца на тры каманды, звычайна па радах. Вучні задаюць адно аднаму пытанні: правілы, прыклады на ўсе дзеянні, ураўненні. Рад, які не адказаў на пытанне, атрымаў гол.
Алена Іванаўна не з ліку раўнівых настаўнікаў, якія лічаць свой прадмет самым галоўным. Яна разумее, што мара хлопчыкаў — забіць пенальці, таму імкнецца даць юным футбалістам такую матэматыку, якая б дапамагла ім станавіцца пераможцамі. І тады яны абавязкова падзеляцца радасцю з настаўніцай матэматыкі і будуць дзякаваць ёй за поспех.
Юныя спартсмены нярэдка прапускаюць заняткі з-за трэніровак, збораў, спаборніцтваў, а калі вяртаюцца, то мала што памятаюць. Двойкамі і нядопускам на стадыён іх не зматывуеш на вывучэнне прадмета. Алена Іванаўна прыдумала і падрыхтавала для іх спецыяльную праграму навучання. Свою задуму аформіла ў праект “Выкарыстанне элементаў дыстанцыйнага навучання для павышэння якасці навучання ў спартыўных класах”, за які атрымала грант Мінгарвыканкама. Праект запускаецца ў студзені 2015 года. На сайце школы будзе адкрыты асобны раздзел, у якім размесціцца праграма навучання, даты кантрольных і самастойных работ, відэаўрокі.
— У інтэрнэце можна знайсці шмат самых розных матэрыялаў, — расказвае А.І.Лакша. — Аднак дзеці прывыкаюць да свайго настаўніка, яго методыкі выкладання прадмета. Я запісала відэаўрокі, дзе за 10—15 хвілін тлумачу неабходны матэрыял па пэўнай тэме. Вучні іх глядзяць, затым ім прапануюцца прыклады рашэння задач і дамашняе заданне. У свабодны ад трэніровак і спаборніцтваў час яны могуць усё самастойна вывучыць і прыйсці ў клас падрыхтаванымі.
Падобны праект мы запускалі ў гімназіі № 7 Гродна, калі я там працавала. Многія вучні гімназіі займаліся выяўленчым мастацтвам, таксама шмат урокаў прапускалі. Заданні размяшчалі не на сайце, а распаўсюджвалі праз сацыяльныя сеткі. Дзецям было цікава, яны нават імкнуліся паўтарыць подзвіг Шаталава — да Новага года прайсці падручнік. На асобным плакаце мы адзначалі, хто колькі рашыў нумароў. Пераможцам раздавалі прызы.
Наш вопыт будзе карысны, бо ён накіраваны не толькі на юных спартсменаў, але і на дзяцей, якія часта хварэюць і якія вучацца дома.

Пункт прыцягнення

Зразумела, што настаўніца магла б перайсці на работу ў ВНУ ці ў гімназію. Але на гэта ў Алены Іванаўны сваё меркаванне: “З дзецьмі цікавей, чым са студэнтамі. Звычайныя школьнікі падштурхоўваюць мяне да таго, каб асвойваць нешта новае, шукаць. Здараецца, дзіця прыходзіць дадому, і там яно нікому не патрэбна. Адкуль у яго будзе жаданне вучыцца? Няхай яно ў школе будзе патрэбна”.
У практыцы А.І.Лакша былі дзеці, якія станавіліся пераможцамі раённага і гарадскога этапаў алімпіяды. Але настаўніцы бліжэй навука, чым алімпіядныя задачы, таму яна схіляецца да падрыхтоўкі вучняў да навукова-практычных канферэнцый. З апошніх дасягненняў у гэтым кірунку — перамога вучаніцы 9 “А” класа Уладзіславы Хмары на раённым этапе навукова-даследчых работ навучэнцаў, дзе дзяўчына прадстаўляла даклад па тэме “Кропка Тарычэлі”. Зараз яна рыхтуецца да гарадскога этапу.
А яшчэ ў 48-й школе яе трымаюць дзеці — 9 “А” клас,з якімі яна з 5 класа.
— Многія настаўнікі не хочуць браць класнае кіраўніцтва, а мне падабаецца, — прызнаецца А.І.Лакша. — Я люблю сваіх дзяцей. Гэта не першы мой клас: адзін выпуск быў у Гродне. Зараз мне дасталіся цікавыя дзеці, яны ў мяне ўсе самастойныя. Калі трэба нешта падрыхтаваць, сабраць, толькі скажаш, як яны ўжо ўсё выканаюць. У нас ёсць традыцыя — разам святкаваць дні нараджэння. Нягледзячы на тое, што вучні ўжо вышэй за мяне ростам, яны прыносяць цукеркі, частуюць усіх. Любую агульную справу заканчваем чаяваннем. Не важна з чым — батонам, хлебам, сушкамі. Самыя яркія ўспаміны засталіся з адных такіх пасядзелак. Неяк хадзілі з класам у заапарк, пасля чаго я прапанавала зайсці да мяне ў госці і паглядзець, як жыве іх настаўніца. У той час я арандавала пакой на Убарэвіча, побач з заапаркам. Набылі ў магазіне тры батоны, дзве бляшанкі згушчонкі і пайшлі на кватэру. Там заварылі гарбату. Посуду ў мяне было няшмат, таму гарбату давялося піць з самых розных ёмістасцей — хто якія знайшоў. Было весела. Здаецца, ніхто з нас раней нічога смачнейшага за батон са згушчаным малаком не еў. Дзень застаўся ў памяці і на фотаздымках. За чатыры гады сабралася вялікая фота- і відэатэка — звыш дзвюх тысяч здымкаў. Ёсць жаданне да выпускнога падрыхтаваць цікавы альбом.
Вучні 9 “А” класа падарылі А.І.Лакша свае сэрцы і прызналіся ў сваіх пачуццях на дзень яе нараджэння: выклалі сэрца з маленькіх свечак і запалілі іх.
Бацькі, бачачы, з якой любоўю і павагай іх дзеці адносяцца да настаўніцы, гатовы быць памочнікамі ва ўсіх класных справах і прыслухоўвацца да парад Алены Іванаўны. Менавіта таму на розных мерапрыемствах яны разам з дзецьмі. І менавіта дзякуючы бацькам у кабінеце з’явіліся новыя прыгожыя жалюзі і маркерная дошка.
— У першую чаргу важна, каб дзеці сталі добрымі людзьмі. Быць чалавекам у любой сітуацыі — гэтаму я павінна навучыць сваіх выхаванцаў, — гаворыць аб сваёй задачы класнага кіраўніка А.І.Лакша.
Алена Іванаўна ў сярэдняй школе № 48 Мінска працуе пяты год, а да гэтага ў яе была двухгадовая практыка ў сельскай школе, чатырохгадовая — у гродзенскай гімназіі. Настаўніца набыла вопыт работы ў розных навучальных установах, з рознымі дзецьмі. 48-ю школу знайшла па аб’яве, на той час тут не хапала настаўніка матэматыкі. Зайшла, пазнаёмілася і засталася. Усё, што трэба для творчай працы, ёсць: кіраўніцтва і калектыў, якія ідуць насустрач, цікавыя дзеці і спагадлівыя бацькі.

Святлана КІРСАНАВА.
Фота аўтара.