Актыўна і пазітыўна

- 16:46Нам пішуць

Менавіта так у рамках рэалізацыі інавацыйнага праекта на Быхаўшчыне Магілёўскай вобласці прайшоў пастаянна дзеючы семінар на тэму: “Арганізацыя сацыяльнага расследавання ў сістэме міжведамаснай работы” з удзелам педагогаў сацыяльных устаноў адукацыі раёна.

За 2015 года ў Быхаўскім раёне ў адносінах да 116 дзяцей з 58 сем’яў прызнана, што яны знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Знята з уліку 117 дзяцей з 68 сем’яў. На пачатак бягучага года на такім уліку было 147 дзяцей, якія выхоўваюцца ў 78 сем’ях.
За 2015 год прызнаны маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне і адабраны ў бацькоў 72 дзіцяці, а за час дзеяння Дэкрэта №18 у бацькоў адабрана 212 дзяцей, 117 — вернуты ў 75 біялагічных сем’яў. На дзяржаўным забеспячэнні па стане на 1 студзеня гэтага года знаходзіцца 108 непаўналетніх, з якіх 13 — дзеці-сіроты. Лічбы гавораць самі за сябе.
Прымяненне ў сучаснай сацыяльнай практыцы спецыяльнай дыягностыкі — сацыяльнага расследавання — дазваляе у большасці выпадкаў захаваць сям’ю — натуральнае асяроддзе сацыялізацыі дзіцяці і, тым самым, прама і ўскосна спрыяць прадухіленню сацыяльнага сіроцтва.
Улічваючы важнасць такога падыходу, на семінары асаблівая ўвага была ўдзелена умовам эфектыўнасці сацыяльнага расследавання (сістэмны падыход, ацэнка сітуацыі, рэсурсы дзіцяці і сям’і), разгляду прынцыпаў, метадаў і прыёмаў (правядзенне гутарак, сеткавых сустрэч, сямейных саветаў, складанне генаграмы і інш. ), якія спрыяюць якаснаму і больш глыбокаму выяўленню і вывучэнню фактаў жорсткага абыходжання або незадавальнення асноўных жыццёвых патрэб дзіцяці.
Абмяркоўваліся мэты і задачы сацыяльнага расследавання, больш падрабязна прысутныя спыніліся на алгарытме яго правядзення. Асабліва на пачатковым этапе, калі спецыяліст павінен ацаніць узровень непасрэднай рызыкі нанясення дзецям сур’ёзнай шкоды і неадкладна прыняць меры па захаванні іх бяспекі ў тым выпадку, калі ўзровень рызыкі акажацца высокім. Сацыяльным педагогам быў прапанаваны шэраг дыягностык, якія можна выкарыстоўваць пры рабоце з нядобранадзейнымі сем’ямі, а таксама дакументальнае афармленне вынікаў сацыяльнага расследавання.
Семінар прайшоў на адным дыханні — актыўна і пазітыўна, бо была створана спрыяльная атмасфера, нязмушаныя і нефармальныя зносіны (чатыры каманды). Кожны прыняў актыўны ўдзел у трэнінгах, абмеркаванні пытанняў семінара, мог падзяліцца ўласным вопытам, праявіць свае веды і здольнасці па планаванні і правядзенні сацыяльнага расследавання. Як паказвае практыка, такая форма правядзення любога мерапрыемствы прымушае думаць, разважаць, планаваць, а самае галоўнае, сістэматызаваць і запамінаць матэрыял.
Былі разгледжаны і некаторыя іншыя актуальныя пытанні, напрыклад тыя, што тычацца рэалізацыі ў раёне Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №18 ”Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях”, узаемадзеяння ўсіх структур і ведамстваў раёна.
Словам, задачы пастаўлены і нам спецыялістам сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай служб устаноў адукацыі сёння ёсць над чым працаваць, каб максімальна выканаць іх, а галоўнае — захаваць жыццё і здароўе падрастаючаму пакаленню, выхаваць дастойных грамадзян сваёй Рэспублікі.

Намеснік дырэктара Быхаўскага
сацыяльна-педагагічнага цэнтра
Маргарыта Баркова.