Прапаноўваем трэці артыкул з серыі, прысвечанай тэхналогіі актыўнай ацэнкі (папярэдні надрукаваны ў нумары “Настаўніцкай газеты” за 2 снежня 2017 года). Паважаныя чытачы! Калі прачытаеце гэты матэрыял, то: 1) паглыбіце свае ўяўленні пра найважнейшыя кампаненты тэхналогіі актыўнай ацэнкі; 2) зможаце далучыцца да дыялогаў на нашым дыстанцыйным курсе; 3) зразумееце, што актыўная ацэнка дазваляе кожнаму настаўніку праявіць індывідуальнасць; 4) знойдзеце ў гэтых матэрыялах тое, што зможаце ўбудаваць у сваю дыдактычную сістэму, і тым самым зробіце яе больш эфектыўнай, а вучняў — больш адказнымі і матываванымі.
Папярэдняя заўвага. Падсумоўваючая (выніковая) ацэнка — гэта ацэнка, якая мае бальнае выяўленне і выстаўляецца ў класны журнал і дзённік вучня. Яна фіксуе без магчымасці выпраўлення пэўны ўзровень валодання вучнем вучэбным матэрыялам. Актыўная ацэнка ў гэтым артыкуле разумеецца ў вузкім сэнсе — гэта ацэнка, якая не мае бальнага выяўлення, яна паказвае вучню, што ў яго рабоце добра, а што трэба палепшыць. Большасць пытанняў, як вы ўбачыце, прысвечана размежаванню паняццяў актыўнай і падсумоўваючай ацэнак, а таксама высвятленню адпаведных рэальных праблем педагагічнай практыкі і, у прыватнасці, стасункаў настаўніка з бацькамі яго вучняў.
* * *
— Як лепш вытрымліваць баланс паміж патрабаваннямі нарматыўных дакументаў аб накапляльнасці адзнак і тэхналогіяй актыўнай ацэнкі (АА)?
— Ведаю, што нарматыўныя дакументы, якія рэгламентуюць накапляльнасць адзнак, адсутнічаюць, іх няма. І гэта вельмі правільна. Хутчэй за ўсё, вы маеце на ўвазе няпісаную норму знешняй праверкі кантрольна-ацэначнай дзейнасці настаўнікаў на вучэбных занятках, якая традыцыйна існуе ў нашых школах, склалася ва ўяўленняў тых, хто правярае. Зыходзячы з гэтых уяўленняў не павінна быць урокаў, на якіх настаўнік не выстаўляе адзнак.
— Сутыкнулася з тым, што намеснікі дырэктара патрабуюць ад настаўнікаў абавязкова ставіць у журнал па 6 адзнак за ўрок. Як вы ставіцеся да такіх патрабаванняў і ці ёсць нарматыўныя дакументы, у якіх прапісаны такі падыход? Што рабіць педагогу, які працуе па сістэме АА, сутыкнуўшыся з такімі патрабаваннямі?
— Гэтае патрабаванне не вытрымлівае крытыкі, не адпавядае здароваму сэнсу, паколькі не прадугледжвае адказы на пытанні “Навошта?”, “Чаму “шэсць”, а не “сем” ці “пяць”?”. У настаўніка тут 3 стратэгіі:
1) забыцца на АА і працаваць традыцыйна, каб не нервавацца. Трэба вам 6 адзнак — пастаўлю;
2) мець “двайное дно”: для бачнасці рабіць, як жадае начальства (напрыклад, раскідваць па старонцы журнала адзнакі за праверачную работу), а на самай справе кіравацца нормамі тэхналогіі АА;
3) пераконваць завуча, што скіраванасць настаўніка не на адзнакі, а на веды і кампетэнцыі вучня адпавядае сучасным тэндэнцыям, перадавому вопыту, высновам навукоўцаў, не пярэчыць нарматывам, працуе на павышэнне якасці адукацыі. І сярод завучаў і метадыстаў ёсць нямала талковых спецыялістаў. Выбар — за настаўнікам!
— Даводзіцца размаўляць з адміністрацыяй наконт адзнак у журнале. Як паступіць у гэтым выпадку?
— Я думаю, што вы сказалі адміністрацыі пра дыстанцыйны курс і пра асновы актыўнай ацэнкі, а таксама пра тое, што сістэма АА абмяжоўвае выстаўленне адзнак, бо гэта ідзе на карысць навучанню. Вы сказалі завучу, што на вашых уроках вельмі шмат ацэнкі, а адзнакі — не на кожным з іх. Далей усё залежыць ад фактаў на карысць новага метаду навучання, якія вы прад’явіце адміністрацыі: запросіце на ўрок, пакажаце вучнёўскія работы з вашымі каментарыямі на іх, пазнаёміце з меркаваннямі бацькоў вучняў пра новыя метады і прыёмы работы. Любая адміністрацыя зацікаўлена ў павышэнні якасці ведаў, таму не будзе чыніць вам перашкод, калі ўпэўніцца ў выніковасці вашай работы. Больш за тое, пасадзейнічае ў арганізацыі камфортных умоў працы. Міф пра злога завуча нараджаецца з няўмення настаўніка даходліва патлумачыць ідэйны сэнс змен у кантрольна-ацэначнай дзейнасці.
— Як вы спалучаеце ў сваім класе актыўную і падсумоўваючую ацэнкі? Як патлумачылі вучням свой варыянт ацэньвання (спалучэнне ацэнкі і адзнакі)?
— Пачынаючы працу з АА, прадумвала для сябе варыянты спалучэння ацэнкі і адзнакі, пыталася ў вучняў, як яны паставяцца да таго, што за некаторыя работы я не буду выстаўляць адзнаку, а дам магчымасць палепшыць яе, папрацаваўшы з заданнем. Вырашылі так: перад праверкай работы адразу пытаюся ў вучняў, каму з іх ставіць адзнаку за выкананую работу, а каму даваць каментарый. Пасля дзвюх правераных работ вучні, якія спачатку казалі, што не трэба ім каментарыі, сталі гаварыць, каб ім таксама не ставілі адзнаку, а давалі магчымасць папрацаваць. Зразумела, што самастойныя праверачныя і кантрольныя работы ацэньваюцца адзнакай.
— Ці можна на першым этапе ўвядзення АА прымяняць наступны варыянт ацэньвання: частка вучняў атрымлівае адзнакі, а частка — не (па жаданні або з-за ўстойлівага неразумення АА з боку вучня і яго бацькоў)?
— Многія настаўнікі так і робяць. У адпаведнасці з дамовай з класам, з вучнямі адносна схемы ацэньвання. У працэсе паглыблення настаўніка ў філасофію актыўнай ацэнкі і авалодання адпаведнымі працэдурамі прыярытэт актыўнай ацэнкі над падсумоўваючай будзе ўзрастаць. Але на кантрольных этапах вывучэння тэмы адзнакі атрымліваюць усе.
— Цікавіць пытанне прымянення АА ва ўмовах маіх прадметаў (гісторыі і грамадазнаўства), калі ўрок — раз на тыдзень, кожны ўрок — новая тэма, тэматычны кантроль — раз на чвэрць. Магчыма, гэта напісанне некалькіх прамежкавых работ, якія давалі б уяўленне, у якім кірунку рухацца далей?
— Інструменты АА даюць магчымасць настаўніку праверыць узровень ведаў вучняў на кожным уроку, але апасродкавана: “НаШтоБуЗу”, самаацэнка, узаемаацэнка, сігнальныя карткі. Аднак у кожным прадмеце ёсць базавыя ўменні і веды, на якія будуць абапірацца і настаўнік, і вучань пры вывучэнні наступнага матэрыялу. Здаровы сэнс падказвае настаўніку пра неабходнасць перыядычна правяраць узровень апорных ведаў вучняў, каб і далей правільна разлічваць мэту ўрока, узровень складанасці вучэбнага матэрыялу, яго аб’ём.
— Якое месца ў навучанні павінен займаць прамежкавы кантроль?
— Прамежкавы кантроль для настаўніка — сродак дыягностыкі і далейшай карэкцыі вучэбнай дзейнасці навучэнцаў, а выніковы тэматычны кантроль — сродак вызначэння ўзроўню навучанасці. Кантрольная работа ацэньваецца толькі адзнакай з выстаўленнем у журнал.
— На некалькіх уроках прымяняла АА, вучні па крытэрыях адпрацоўвалі свае веды. Але на цяперашнім этапе ідуць урокі абагульнення і кантролю, ад актыўнай ацэнкі прыйшлося на нейкі час адмовіцца. Ці можна так рабіць?
— Гэта і ёсць добры прынцып спалучэння актыўнай і падсумоўваючай ацэнак: не скарыстоўваць адзнаку, не навучыўшы. Калі ж з першых урокаў вывучэння тэмы настаўнік, імкнучыся да накапляльнасці, скіраваны не на навучанне, а на кантроль, ён губляе магчымасць паспяховага вывучэння матэрыялу. Менавіта гэта трэба даводзіць сваёй адміністрацыі і бацькам.
— Мяне хвалюе, што з пераходам у 5 клас у маіх навучэнцаў не будзе магчымасці выкарыстоўваць “НаШтоБуЗУ”, бо не ўсе настаўнікі сярэдняга звяна прымяняюць актыўную ацэнку. Паспяховасць рэзка знізіцца, паколькі дзецям трэба будзе прывыкаць да іншых падыходаў. Ці мае хваляванні марныя?
— Каб у 5 класе вучні не сутыкнуліся з адсутнасцю “НаШтоБуЗУ” і іншых элементаў АА, неабходна дзяліцца з настаўнікамі гімназіі сваім досведам і матэрыяламі з дыстанцыйнага курса, паказваць навучальную эфектыўнасць крытэрыяў і зваротнай сувязі і г.д. У заданнях, якія вы атрымліваеце на дастанцыйным курсе, прадугледжаны пункт “Правядзенне навучальных сустрэч з педагогамі вашай установы”. А хваляванні вашы звязаны і з праблемамі пераемнасці навучання ў цэлым.
— Прачытала ў каментарыях Наталлі Катчанка да справаздачы І.Лазоўскай: “Але тут узнікае пытанне, якое часта абмяркоўваецца настаўнікамі, што працуюць па АА: колькі разоў можна даваць магчымасць вучню палепшыць яго працу?” Сапраўды, заўсёды кажам пра камфортныя ўмовы для вучня. Але як дзейнічаць настаўніку, калі адзін вучань атрымлівае адзнаку з першага разу, а другі будзе падцягваць яе за некалькі спроб? Як стымуляваць вынік, атрыманы з першага разу? Ці не стануць вучні хітрыць, бо можна асабліва і не старацца: усё роўна дадуць шанс выправіць і дапрацаваць?
— Адказ на гэтае пытанне кожны настаўнік знаходзіць сам. Павінен працаваць прынцып разумнай дастатковасці. Настаўнікі ўсе розныя, вучні розныя, таму не можа быць для ўсіх аднаго рэцэпта. Але і такім прынцыпам трэба кіравацца: шанс палепшыць сваю работу ў вучня быць павінен.
— Памятаю з практыкі: калі выстаўлялі адзнакі за чвэрць, то ўлічвалі балы выніковых адзнак за кантроль і сярэдні паўрочны бал. Ці можа настаўнік дзейнічаць гэтак жа і пры выкарыстанні актыўнай ацэнкі і выніковай адзнакі?
— Пры выкарыстанні АА мы павінны кіравацца нормамі ад міністэрства і, што вельмі цікава, ад камп’ютаршчыкаў. Ведаеце, што робіць электронны журнал? Выстаўляе адзнаку за чвэрць як сярэдняе арыфметычнае. Хоць мы ведаем, што вага адзнак за вусны адказ і за кантрольную работу розная. У ідэале адзнака за чвэрць — гэта характарыстыка ведаў вучняў, узроўню вучэбных уменняў. Уяўляеце, колькі настаўніку прыйшлося б напісаць? Будзем імкнуцца да ідэалу, наколькі гэта магчыма ў нашых умовах.
— Якія формы кантролю ведаў у большай ступені падыходзяць да актыўнай ацэнкі?
— Актыўная ацэнка спалучаецца з усімі формамі, відамі і прыёмамі кантролю ведаў і ўменняў. Галоўнае, каб яна адпавядала крытэрыям (“НаШтоБуЗУ”). У модулі па зваротнай сувязі (у наступным артыкуле) мы на гэтым засяродзімся падрабязней.
* * *
— Якія метады працы з бацькамі ў вашай практыцы найбольш прадуктыўныя?
— Каб пераканаць бацькоў, патрэбны прыклады. Карысна паказаць работы дзяцей з актыўнай і выніковай ацэнкай. Папрасіце дзяцей даць зваротную сувязь на выкарыстанне актыўнай ацэнкі і паказаць гэтую інфармацыю бацькам. Я паказвала работы дзяцей да і пасля каментарыяў. Дэманстравала работы без правядзення каментарыяў. Правяла сярод дзяцей ананімнае анкетаванне аб адносінах да актыўнай ацэнкі і паказала вынікі бацькам. Арганізоўваючы працу з бацькамі, трэба быць рэалістам: за адзін сход разбурыць стэрэатып перавагі ацэнкі ў школе нельга. Трэба працаваць на перспектыву. Перакананне абавязкова параўноўваць вучня з іншымі па іх адзнаках самае непарушнае, уведзена ў правіла яшчэ з пачатковай школы. Цікава, а на рабоце іх таксама параўноўваюць з іншымі калегамі, ці ўсё ж правяраюць канкрэтна зробленае? Калі вы пакажаце бацькам шляхі іх рэальнай дапамогі дзецям, вас пачуюць зацікаўленыя ў гэтым.
— Галоўная цяжкасць — пераадолець стэрэатыпы бацькоў, бо школьныя балы — гэта мера заахвочвання і пакарання, інструмент маніпуліравання навучэнцамі. Большасці бацькоў, ды і навучэнцаў, веды не патрэбны. Ім неабходны высокія адзнакі, і пажадана, каб моцна не напружвацца пры іх атрыманні. Як можна пераканаць бацькоў, што веды першасныя, а адзнака другасная? Як гэта атрымалася ў вас?
— Згодна. На жаль, сёння правіць баль адзнака. Складваецца ўражанне, што веды не такія ўжо і важныя, галоўнае — адзнакі, за якія або хваляць, або караюць. Сучасныя бацькі і навучэнцы аддаюць перавагу колькаснаму паказчыку доказу паспяховасці — адзнацы. Іншым разам іх нават не турбуе, наколькі яна аб’ектыўная. Бацькам не вельмі падабаецца, калі мы радзей выстаўляем адзнакі. Не марнуйце сілы на пераадоленне стэрэатыпаў гэтых бацькоў, а працуйце над якасцю ведаў. З’явіцца вынік (а ён абавязкова з’явіцца!) — яны стануць вашымі саюзнікамі. У маёй практыцы атрымалася менавіта так.
— Ці заўсёды неабходна далучаць бацькоў да працэсу навучання? Як гэта зрабіць, калі некаторыя не ходзяць на сходы, неахвотна ідуць на сувязь?
— Мы жывём у такі час, калі многія бацькі ставяцца да нашай прафесіі са спажывецкага пункту гледжання: павінны мы, а не яны. Калі ў вас ёсць такія экзэмпляры, проста не звяртайце на іх увагі. Нейтральнае стаўленне — тое, за што не павінна быць прэтэнзій да вас нават у такіх бацькоў. Сканцэнтруйце ўвагу на тых, хто зацікаўлены ва ўзаемных адносінах, у ведах сваіх дзяцей і іх якасці. АА падтрымлівае і накіроўвае, спрыяе камфортнай атмасферы, і дзеці расцвітаюць, як кветкі. А калі добра дзецям, то і бацькі з ахвотай ідуць на кантакт.
— Падкажыце, калі вучань у 11 класе — хранічны троечнік, нічога не дапрацоўвае і не цікавіцца ні мовай, ні літаратурай, як яго далучыць да АА? Ён просіць паставіць заробленую “тройку” і задаволена ўсміхаецца. Так і на іншых уроках. Яшчэ і свайго сябра цягне туды ж. Маўляў, навошта “парыцца”? Разумею, што выпадак адзінкавы, але бацькі хлопца падтрымліваюць.
— Я не лічу, што мы абавязаны зацікавіць і пераламіць кожнага вучня. Калі ў гэтага юнака такая пазіцыя па жыцці, мы не перавыхаваем яго. Можа, у яго ёсць іншае захапленне, па якім ён рэальна “парыцца”, а вучоба ў школе не здаецца яму важнай. Наколькі я разумею, вы зрабілі ўсё магчымае для гэтага юнака, таму скіруйце сваю ўвагу на іншых, больш зацікаўленых вучняў. Да вады падвялі — конік піць не збіраецца. Тут ужо не прымусіш. Гэта не ваш недахоп як настаўніка, гэта яго рашэнне, і яму спраўляцца з наступствамі.
— Ці мае значэнне тое, што для большасці бацькоў няма ніякай розніцы якая выкарыстоўваецца сістэма ацэнкі, пакуль дзеці прыносяць добрыя адзнакі за чвэрць і год?
— Адпаведнасць адзнакі ўзроўню ведаў — сістэмная праблема для школы. Яна аб’ядноўвае і мэты, і працэс, і вынікі навучання. Трэба мяняць сітуацыю. Актыўныя настаўнікі здольны і мяняюць школу і грамадства. Гэтаму дапамае і актыўная ацэнка.
* * *
Ну як, калегі-настаўнікі, ці падабаюцца вам пытанні і адказы ўдзельнікаў дыстанцыйнага навучання? Мне вельмі падабаюцца, бо, па-першае, у працэсе гэтых дыялогаў адбываецца паглыбленне суразмоўцаў у сутнасць АА; па-другое, мы назіраем рэальны абмен вопытам работы; па-трэцяе, ёсць магчымасць вучыцца на памылках калег. Калі пры чытанні артыкула ў вас узніклі пытанні, можна звярнуцца да адпаведных матэрыялаў, якія надрукаваны на сайце www.aacenka.by, і дачакацца наступнага артыкула. Ён будзе прысвечаны арганізацыі настаўнікам зваротнай сувязі паміж ім і вучнямі, навучэнцаў паміж сабой, педагога з бацькамі вучняў.
Галіна СУХАВА,
настаўніца гімназіі № 5 Віцебска,
настаўнік-метадыст, лаўрэат конкурсу “Настаўнік года — 2009”.
Фота Вольгі ДУБОЎСКАЙ.