Алея памяці

- 11:47Нам пішуць

У Рэспубліцы Беларусь 7 лістапада 2017 года адзначаецца Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Для любога грамадзяніна краін гэта жывая гістарычная памяць. Рэвалюцыя 1917 года стала адной з самых значных падзей XX стагоддзя і кардынальна паўплывала на ход далейшай гісторыі. Людзі атрымалі права на працу, адукацыю, адпачынак, права ўдзельнічаць у кіраванні краінай. Пачуццё гаспадара, усведамленне сваёй прыналежнасці да лёсу краіны, магчымасць творчасці ў працы — усё гэта давала высокія вытворчыя вынікі, выклікала энтузіязм і самаадданасць. Дзякуючы Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі, беларускі народ атрымаў дзяржаўнасць, стварыў эканамічны і інтэлектуальны патэнцыял, збярог і ўзбагаціў нацыянальную культуру.

У вёсцы Налібакі Навагрудскага раёна каля школы ў гонар 50-годдзя Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі выпускнікі 1968 года са сваім класным кіраўніком Ігарам Адамавічам Кавальчуком пасадзілі памятную алею. Нашчадкам выпускнікі напісалі пасланне, якое захоўваецца і цяпер у Ігара Адамавіча.

Прайшлі гады. Налібацкая базавая школа ўжо зачынена. Састарэла за 50 гадоў і алея. Таму напярэдадні 100-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі па ініцыятыве настаўнікаў былой Налібацкай базавай школы і пад кіраўніцтвам начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Алега Аркадзьевіча Анікевіча было прынята рашэнне пасадзіць новую бярозава-рабінавую алею, якая яшчэ шмат гадоў будзе расці і нагадваць аб гэтай вялікай падзеі. У пасадцы алеі прымалі ўдзел педагогі і вучні Уселюбскага дзіцячага сада — сярэдняй школы (у гэтай установе цяпер вучацца дзеці вёскі Налібакі), ветэраны педагагічнай працы. Гэтае мерапрыемства — магчымасць перадаць ад старэйшага пакалення малодшаму дух адданасці Радзіме, патрыятызму, гатоўнасць працягнуць традыцыі сваёй краіны.

Да юбілею Кастрычніцкай рэвалюцыі ў бібліятэцы ўстановы арганізавана кніжная выстава “Вобраз рэвалюцыі ў літаратуры”. Да юбілейнай даты з вучнямі праведзены наступныя мерапрыемствы: кіналекторый “Вечны кліч”, урокі памяці па тэмах “Кастрычніцкая рэвалюцыя: факты і разважанні”, “Гісторыя і ўрокі кастрычніка”, майстар-клас “Гваздзік — сімвал рэвалюцыі” (1—4 класы); флэшмоб “Папуры з рэвалюцыйных песень” (для вучняў 9—11 класаў).

І міжволі ўспамінаюцца словы рускага гісторыка Васіля Ключэўскага. “Гісторыя — гэта не настаўніца, а назіральніца, яна нічому не вучыць, але сурова карае за няведанне ўрокаў”. Беспамяцтва — гэта страшны дыягназ. Мы павінны памятаць урокі мінулага, ведаць гісторыю сваёй краіны, паважаць яе без усялякіх выключэнняў і замоўчванняў”.

Ці засвоілі мы ўрокі падзей стагадовай даўнасці, пакажа час.

В.В.ДУНАЙ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Уселюбскага дзіцячага сада — сярэдняй школы
Навагрудскага раёна, Гродзенскай вобласці.