АЛЯКСАНДР БОЙКА , старшыня ЦК галіновага прафсаюза: “Усё больш зацікаўленай моладзі звязвае сваю будучыню з педагогікай”

- 10:59Рознае, Суразмоўца

Для Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі 2016 год асаблівы, юбілейны — сёлета споўнілася 95 гадоў з дня яго арганізацыі. Святкуюць юбілей у галіновым прафсаюзе і ўрачыста, і ў той жа час па-рабочаму. Гэта тычыцца і работы з моладдзю, якая складае немалую частку членаў прафсаюза. Як прафсаюз супрацоўнічае з моладдзю і як маладыя члены прафсаюза заяўляюць пра сябе ў прафесіі, грамадскай дзейнасці, мы папрасілі расказаць кіраўніка Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Аляксандра Аляксандравіча БОЙКУ.

— Моладзь — адна з апор прафсаюза і яго будучыня, — гаворыць Аляксандр Аляксандравіч. — Таму прафарыентацыя, забеспячэнне маладых рабочых і спецыялістаў першым рабочым месцам, замацаванне моладзі ва ўстановах адукацыі надзвычай актуальныя для галіновага прафсаюза. А моладзі ў нашых шэрагах многа: на пачатак бягучага года — 152 579 навучэнцаў (25%), моладзі да 31 года — работнікаў арганізацый галіны — 75 614 чалавек.

— Ведаю, што юбілейны год пачаўся менавіта з разгляду пытанняў рэалізацыі маладзёжнай палітыкі на III пленуме Цэнтральнага камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі. Як працягваецца гэтая работа?

— Якраз тады быў створаны Маладзёжны савет Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі, які з’яўляецца калегіяльным, дарадчым і кансультатыўным органам пры ЦК галіновага прафсаюза, зацверджана адпаведнае Палажэнне аб дзейнасці савета.

Крыху пазней у Гомелі прайшло першае выязное пасяджэнне камісіі па працы з навучэнцамі Маладзёжнага савета. Удзельнікі форуму азнаёміліся з вопытам прафсаюзнай работы і сацыяльнага партнёрства ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны і Гомельскім дзяржаўным тэхнічным універсітэце імя П.В.Сухога, абмеркавалі пытанні сацыяльна-эканамічнай абароны, сацыяльнай падтрымкі навучэнцаў (тлумачэнні Міністэрства адукацыі аб сацыяльнай стыпендыі), а таксама матывацыі прафсаюзнага членства сярод навучэнцаў.

Упершыню ў 2016 годзе ў рамках рэалізацыі Плана сумеснай работы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі быў праведзены Рэспубліканскі агляд-конкурс на лепшую пастаноўку сумеснай работы ўстаноў вышэйшай адукацыі і арганізацыйных структур прафсаюза ў студэнцкіх інтэрнатах.

Акрамя таго, прадстаўнікі нашых пярвічных прафсаюзных арганізацый устаноў вышэйшай адукацыі — члены Маладзёжнага савета Федэрацыі прафсаюзаў, актыўныя ўдзельнікі Міжнароднага маладзёжнага адукацыйнага форуму “ТЕМП-2016. Трудом Едина Молодежь Профсоюзов”, які праходзіў летам на базе Міжнароднага ўніверсітэта “МІТСО”.

— Аляксандр Аляксандравіч, а як галіновы прафсаюз удзельнічае ў абмеркаванні законапраектаў, у тым ліку тых, што тычацца навучэнскай моладзі?

— ЦК прафсаюза плённа ўзаемадзейнічаў з Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі, Міністэрствам адукацыі ў абмеркаванні сацыяльна значных законапраектаў і эфектыўнай абароны працоўных і сацыяльна-эканамічных правоў і інтарэсаў сваіх членаў з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання.

Цэнтральны камітэт прафсаюза разам з Міністэрствам адукацыі рыхтаваў прапановы ў праект указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб некаторых пытаннях прадстаўлення грамадзянам фінансавай падтрымкі дзяржавы”.

Праект прадугледжваў адмену Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 17.12.2002 № 616, якім устаноўлена льготнае крэдытаванне ў памеры 70% кошту навучання за навучальны год для аплаты навучання пры атрыманні першай вышэйшай адукацыі ў дзяржаўных УВА, установах вышэйшай адукацыі спажывецкай кааперацыі і Федэрацыі прафсаюзаў на платнай аснове, і прадастаўленне фінансавай падтрымкі ў памеры 10% кошту навучання на аднаго чалавека за навучальны год.

На наш погляд, прыняцце новага рашэння прывядзе да зніжэння сацыяльных гарантый, фінансавай падтрымкі моладзі і магчымага адтоку асоб, якія жадаюць атрымаць першую вышэйшую адукацыю на платнай аснове, у тым ліку і па востра патрэбных спецыяльнасцях. Сваю пазіцыю Цэнтральны камітэт выклаў Федэрацыі прафсаюзаў.

— Раскажыце, калі ласка, падрабязней і пра такую значную падзею, як Рэспубліканскі прафсаюзны конкурс творчасці працоўных калектываў “Новыя імёны Беларусі — 2016”.

— Падзея сапраўды цікавая, і моладзь актыўна ўдзельнічае ў гэтым творчым конкурсе, бо і моладзь у нас такая — творчая. Так, у намінацыі “Сцэнічная творчасць” у фінал выйшлі Ірына Замулка, студэнтка 5 курса Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна; ансамбль народнай песні “Горліца” (Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт); тэатр танца “Адлюстраванні” (Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі), які пад кіраўніцтвам Антаніны Руткоўскай стаў уладальнікам спецыяльнага прыза журы і сертыфіката на 5 млн беларускіх рублёў.

— Не меншае значэнне, чым развіццё творчасці, мае работа па ўмацаванні здароўя беларусаў, арганізацыя адпачынку. Што робіцца для гэтага?

— Безумоўна, гэта надзвычай важна. Нормы сацыяльных гарантый, жыллёва-бытавых умоў, аховы здароўя і арганізацыі адпачынку моладзі, прававых гарантый дзейнасці галіновага прафсаюза і яго прафсаюзнага актыву ўключае галіновае пагадненне, якое было заключана ў сакавіку на сумесным пасяджэнні калегіі Міністэрства адукацыі і прэзідыума Цэнтральнага камітэта галіновага прафсаюза. У яго ўключаны шэраг пунктаў па актыўным выкарыстанні форм і метадаў маральнага і матэрыяльнага стымулявання работнікаў, якія вядуць здаровы лад жыцця, займаюцца фізічнай культурай і спортам.

Так, вызначана, што наймальнікі ў адпаведнасці з калектыўным пагадненнем (пагадненнем) ствараюць для работнікаў належныя бытавыя ўмовы, умовы для харчавання і заняткаў фізічнай культурай, праводзяць мерапрыемствы па патанненні кошту харчавання, арганізацыі адпачынку, фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы.

У пагадненні рэкамендавана ўключаць у калектыўныя пагадненні (пагадненні) нормы па адлiчэнні з пазабюджэтных сродкаў наймальнікамі ў памеры не менш як 0,15% ад фонду заработнай платы прафсаюзным арганізацыям для правядзення спартыўных мерапрыемстваў, прапаганды здаровага ладу жыцця, іншых сацыяльна значных мэт.

— А колькі навучэнцаў змаглі аздаравіцца ў мінулым навучальным годзе ў санаторыях-прафілакторыях?

— 1370 навучэнцаў аздаравіліся ў санаторыі-прафілакторыі БДЭУ (6 — у спецыялізаваных санаторыях Рэспублікі Беларусь), сума выдаткаваных сродкаў склала 245 млн рублёў (да дэнамінацыі); 98 млн 46 тысяч рублёў патрачана на матэрыяльную дапамогу і аздараўленне студэнтаў ГрДУ імя Янкі Купалы; прафкам МДУ імя А.А.Куляшова выплаціў матэрыяльную дапамогу на суму 151 млн 326 тысяч рублёў 515 студэнтам.

Таксама пагадненнямі, калектыўнымі пагадненнямі ўстаноў адукацыі прадугледжана прадастаўленне работнікам у бясплатнае карыстанне памяшканняў для заняткаў аматарскіх аб’яднанняў і клубаў па інтарэсах, спартыўных секцый і гурткоў, стварэнне груп здароўя, частковая кампенсацыя кошту абанементаў пры наведванні басейна.

У палажэннях аб матэрыяльным стымуляванні працы работнікаў устаноў прадугледжваюцца паказчыкі прэміравання за вядзенне здаровага ладу жыцця, удзел у спартыўна-масавых мерапрыемствах, у арганізацыі адпачынку і аздараўлення членаў прафсаюза (не гаворачы пра стымуляванне маральнае).

Дарэчы, калі ўжо мы загаварылі пра стымуляванне, дадам: для матывацыі і падтрымкі таленавітай моладзі прэзідыум ЦК прафсаюза на падставе прадстаўленняў абласных камітэтаў, прафкамаў УВА Мінска робіць грашовыя выплаты (прафсаюзныя стыпендыі) навучэнцам з ліку прафсаюзных актывістаў. Стыпендыяты атрымліваюць узнагароды ва ўрачыстай атмасферы (зале пасяджэнняў прэзідыумаў Дома прафсаюзаў, музеі гісторыі Мінска, тэатры імя Янкі Купалы).

Адным з відаў заахвочвання членаў прафсаюза Цэнтральны камітэт галіновага прафсаюза бачыць правядзенне экскурсій сумесна з УП “Беларустурыст” як па краіне, так і за яе межамі.

— Думаю, не памылюся, калі скажу, што без удзелу студэнтаў і навучэнцаў немагчыма рэалізацыя інфармацыйнай палітыкі прафсаюза.

— Так, гэтая палітыка рэалізоўваецца ў рамках Праграмы дзейнасці ФПБ на 2015—2020 гады, Канцэпцыі інфармацыйнай работы Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі. І без моладзі нам тут не абысціся.

Напрыклад: абноўленыя сайты ППА студэнтаў БНТУ, БДУІР, сайт галіновага прафсаюза былі прадстаўлены ў конкурсе “Інтэрнэт-прэмія” Міжнароднай спецыялізаванай выставы “ТIБO-2016” у намінацыі “Адукацыя і навука”. Пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі ўстаноў вышэйшай адукацыі актыўна пашыраюць прадстаўніцтва ў сацыяльных сетках.

Газета прафкама студэнтаў Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Post Scriptum стала першай у намінацыі “Лепшае выданне студэнцкіх арганізацый” у зімовай школе студэнцкай журналістыкі. Post Scriptum выдаецца пры падтрымцы рэктарата і прафкама студэнтаў МДЛУ, існуе ўсяго 1,5 года, але ўжо прызнана лепшай.

Вось яшчэ прыклады рэалізацыі талентаў маладых членаў нашага прафсаюза: пераможцай беларуска-расійскага конкурсу настаўнікаў славеснасці “#СілаСлова”, які быў арганізаваны Пастаянным камітэтам Саюзнай дзяржавы і Міжнародным інфармацыйным агенцтвам “Расія сёння”, стала Наталля Грэсь, маладая настаўніца сярэдняй школы № 12 Ліды Гродзенскай вобласці. Яна прадставіла на суд журы ўрок літаратуры на тэму “Служэнне Айчыне ў творах рускіх і беларускіх пісьменнікаў на аснове творчасці Васіля Быкава і Міхаіла Шолахава”. Акрамя пераможцы, Беларусь у фінале прадстаўлялі настаўнікі з Баранавіч, Мінска, Маладзечна, Магілёва, Мінскай вобласці.

Студэнтка 3 курса Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны Аліна Пятрэнка стала пераможцай фотаконкурсу народнага праекта Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі “Я = Беларусь”. Навучэнцы ўніверсітэта актыўна падключыліся да конкурсу на старонцы пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў у сацыяльнай сетцы.

— Хацелася б ведаць і пра такі бок прафсаюзнага маладзёжнага жыцця, як міжнародная дзейнасць. Яна вядзецца дастаткова актыўна?

— Канечне. Напрыклад, С.А.Курыловіч, старшыня камісіі па рабоце з працуючай моладдзю Маладзёжнага савета Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі, педагог дадатковай адукацыі Мінскага дзяржаўнага ліцэя № 14 дрэваапрацоўчай вытворчасці і транспартнага абслугоўвання, удзельнічаў у V сесіі Усерасійскай педагагічнай школы прафсаюза, форуме маладых педагогаў у Санкт-Пецярбургу.

У чэрвені Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна правёў сумесную акцыю з прафсаюзным камітэтам студэнтаў Тульскага дзяржуніверсітэта ў рамках міжнароднага праекта “Полымя Перамогі”.

У гэты ж самы час прафкамы УВА Брэста прымалі курсантаў Дзяржаўнага ўніверсітэта марскога і рачнога флоту імя адмірала С.В.Макарава (Санкт-Пецярбург) у рамках мерапрыемстваў, прысвечаных 75-годдзю пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

Прафкам ППА студэнтаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы прыняў удзел у VI Рэспубліканскім студэнцкім форуме “Дапаможам ім жыць”, які праходзіў сёлета у Магілёве пры падтрымцы італьянскага дабрачыннага фонду Aiutiamoliavivere; з 7 па 10 ліпеня старшыня прафбюро педагагічнага факультэта Яна Мілюкова прымала ўдзел у Днях моладзі Рэспублікі Беларусь, якія праводзіліся ў Рэспубліцы Азербайджан.

— Аляксандр Аляксандравіч, як, на ваш погляд, не толькі як старшыні галіновага прафсаюза, але і як педагога: ці адбываецца зараз павышэнне прэстыжу прафесіі настаўніка, пра што так многа гаворыцца апошнім часам?

— Прыёмная кампанія 2016 года, у якой штогод актыўны ўдзел прымаюць прафсаюзныя работнікі і актывісты, паказала на прыкладзе БДПУ імя Максіма Танка, што пазітыўныя змяненні ў дачыненні да прафесіі настаўніка ёсць. Нам важна, каб настаўнікамі станавіліся свядома, каб прафесія прыцягвала адораных, таленавітых хлопцаў і дзяўчат. Дзякуючы вялікай працы і падтрымцы ініцыятыў па адраджэнні прэстыжу прафесіі дзяржавай, прафсаюзам, адміністрацыяй УВА, усё больш зацікаўленай моладзі, якая вырашыла звязаць сваю прафесійную дзейнасць менавіта з педагогікай.

— І яшчэ адно пытанне: наколькі актыўна моладзь і наогул члены Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі рыхтуюцца да выбараў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання?

— На сходах працоўных калектываў былі разгледжаны кандыдатуры і вылучаны прадстаўнікі для абрання 11 верасня бягучага года ў Палату прадстаўнікоў. Гэта больш за 30 работнікаў галіны, сярод якіх студэнты, магістранты, аспіранты, выкладчыкі, настаўнікі, кіраўнікі ўстаноў адукацыі і іншыя катэгорыі работнікаў нашай галіны. Паказальна, што сярод кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь прысутнічае студэнцкая моладзь з розных рэгіёнаў краіны. Так што ўдзел самы актыўны.

Гутарыла Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.