Дзякуючы таленавітаму педагогу Аляксандру Анатольевічу Камяку майстэрня Алекшыцкай сярэдняй школы стала для навучэнцаў месцам рэалізацыі творчых здольнасцей. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».
Хутка споўніцца 30 гадоў, як Аляксандр Камяк выкладае ў гэтай школе працоўнае навучанне і выяўленчае мастацтва. Ён падрыхтаваў шмат пераможцаў заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні (тэхнічная праца) і чарчэнні. Ён не проста займаецца з адоранымі дзецьмі, яшчэ ў пачатковых класах умее заўважыць у дзіцяці творчыя здольнасці і дапамагае развіваць іх. Больш за 10 гадоў з’яўляецца членам журы раённага і абласнога этапаў рэспубліканскай алімпіяды.
Аляксандр Камяк двойчы станавіўся лаўрэатам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў (2010, 2012), а ў 2018 г. узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі.
Сістэмны падыход
Як падкрэсліла дырэктар Алекшыцкай сярэдняй школы Валянціна Яўгеньеўна Паддубіцкая, ва ўстанове адукацыі створана, паспяхова функцыянуе і ўдасканальваецца сістэма развіцця інтэлектуальна-творчага патэнцыялу адораных дзяцей. Велізарны ўклад у арганізацыю работы з адоранымі вучнямі школы, раёна і вобласці ўносіць настаўнік працоўнага навучання Аляксандр Анатольевіч Камяк, выдатнік адукацыі, вядомы майстар на ўсе рукі. Гэта і паслужыла перадумовай для адкрыцця ў 2019 г. на базе школы раённага рэсурснага цэнтра «Рэсурснае забеспячэнне работы з адоранымі навучэнцамі па працоўным навучанні (тэхнічная праца)».
— Дзейнасць рэсурснага цэнтра накіравана на стварэнне ўмоў для бесперапыннага ўдасканалення сістэмы работы педагогаў раёна з адоранымі і высокаматываванымі вучнямі па ўключэнні іх у алімпіядны рух, павышэнне якасці адукацыі, на распаўсюджванне перспектыўнага педагагічнага вопыту работы па вучэбным прадмеце «Працоўнае навучанне», — расказала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Алекшыцкай сярэдняй школы Алена Уладзіміраўна Курчыцкая.
Урокі для дарослых
Абавязковы кампанент дзейнасці рэсурснага цэнтра — інфармацыйна-метадычная падтрымка педагагічных работнікаў устаноў адукацыі Бераставіцкага раёна па пытаннях арганізацыі адукацыйнага працэсу і падрыхтоўкі да розных этапаў рэспубліканскай алімпіяды. Праводзяцца мерапрыемствы па абмене вопытам паспяховай педагагічнай дзейнасці, такія як майстар-класы, трэнінгі, семінары-практыкумы.
Запатрабаванай у апошнія гады формай навучання настаўнікаў стаў урок для дарослых. Большасць настаўнікаў працоўнага навучання маюць невялікі вопыт, таму такія ўрокі дазваляюць арганізаваць метадычнае навучанне педагогаў. Атрыманыя веды і навыкі дапамагаюць ім у пераадольванні цяжкасцей.
На базе рэсурснага цэнтра працуе кансультацыйны пункт падтрымкі настаўнікаў па розных пытаннях. Тут можна абмеркаваць крытэрыі праверкі алімпіядных заданняў, парадак правядзення алімпіяды, азнаёміцца з нарматыўнымі прававымі актамі, якія рэгламентуюць арганізацыю і правядзенне алімпіяды, а таксама з сучаснымі тэхналогіямі, метадамі, прыёмамі, сродкамі падрыхтоўкі навучэнцаў да алімпіяды.
— У першую чаргу рэсурсны цэнтр — дапамога калегам, — падкрэсліў А. Камяк. — Праводжу для іх майстар-класы, дзялюся сваімі работамі і ідэямі, паказваю на практыцы выкананне заданняў, прыёмы вырабу розных рэчаў. Атрымліваецца ўзаемасувязь. І па-другое, у нас вялікая метадычная база, шмат графічнай дакументацыі, тэставых заданняў практычна з усіх алімпіяд.
У аснове — веды
Школьны этап Рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні таксама праводзіцца на базе рэсурснага цэнтра. А на асенніх і зімовых канікулах педагогі і пераможцы раённага этапу маюць магчымасць наведаць трэнерскія заняткі па падрыхтоўцы да абласнога этапу. Тут аналізуюцца вынікі выканання алімпіядных заданняў другога этапу рэспубліканскай алімпіяды, разбіраюцца тэарэтычныя і практычныя заданні абласнога этапу. Шмат гадоў А. Камяк удзельнічае ў падрыхтоўцы каманды Гродзенскай вобласці да заключнага этапу алімпіяды па працоўным навучанні.
Многія вучні захапляюцца праектамі і працягваюць іх у рамках факультатыўных і дадатковых заняткаў, у пазаўрочны і канікулярны час, самастойна вызначаюцца з тэмай творчага праекта і працуюць па індывідуальным плане. Самастойная праектная і даследчая дзейнасць навучэнцаў стварае ўмовы для паспяховага ўдзелу ў алімпіядах. Дарэчы, у рабоце рэсурснага цэнтра таксама вялікая ўвага ўдзяляецца арганізацыі праектнай і даследчай дзейнасці.
— Каб падрыхтавацца да алімпіяды па працоўным навучанні, школьнік павінен добра ведаць чарчэнне, матэматыку, умець рысаваць і ствараць нешта рукамі, быць уседлівым, адказным і дысцыплінаваным, — расказаў Аляксандр Камяк. — Таму нядзіўна, што мае выхаванцы выдатна паспяваюць і па іншых прадметах. Адным словам, гэта ўсебакова развітыя дзеці. Прыемна працаваць з імі, на іх не шкада ні часу, ні інструментаў, ні матэрыялаў.
Творчыя праекты рыхтуюцца не толькі да алімпіяды, але і ў рамках розных конкурсаў, выстаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва («ТэхнаЁлка», «Прывітанне, свет!», «Ратавальнікі вачыма дзяцей», «Калядная зорка» і інш.), выкарыстоўваюцца ў якасці прадметаў інтэр’еру, падарункаў родным і сябрам. Стала традыцыяй на базе рэсурснага цэнтра ў канцы года праводзіць выставу дэкаратыўна-прыкладной творчасці «Настаўнік — вучань: таленавітыя разам».
У 2023 г. на раённы конкурс «Дойліды Бераставіччыны» навучэнцы школы разам з педагогам зрабілі макет храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў аграгарадку Алекшыцы. Каб дасягнуць падабенства з будынкам храма, вельмі адказна падышлі да прапрацоўкі кожнай дэталі. Напрыклад, купалы вытачаны з дрэва, а потым абклеены пяціміліметровымі квадрацікамі з залацістай самаклейнай плёнкі, а іх было 1600. Такія купалы зіхацяць як сапраўдныя. Заслужаная ўзнагарода — першае месца ў конкурсе.
Медаль юнаму майстру
Аляксандр Анатольевіч ганарыцца сваімі вучнямі, памятае праекты кожнага, зробленыя да алімпіяд і нават проста ў падарунак бацькам. Педагог заўсёды падтрымлівае дзяцей і матывуе.
Сённяшні трэцякласнік Іван Малахоўскі яшчэ ў другім класе штодзень прыходзіў у майстэрню, браўся за ўсё, што яму цікава. Педагог вырашыў узнагародзіць хлопчыка і заказаў медаль «Самаму юнаму майстру Алекшыцкай сярэдняй школы», зрабіў які на лазарным прынтары таксама яго былы вучань. На агульнашкольнай лінейцы дырэктар уручыла Івану медаль, што стала нечаканым і вельмі хвалюючым момантам не толькі для хлопчыка, але і для яго бацькоў.
Дзесяцікласнік Іван Сахараў таксама ўвесь вольны час на канікулах праводзіць у школьнай майстэрні. Юнак ганарыцца тым, што сам адрэстаўраваў і тым самым даў другое жыццё дзядулеваму люстэрку. Пры гэтым паспявае па розных прадметах, прымае ўдзел у алімпіядзе па гісторыі.
Педагог імкнецца развіваць творчы патэнцыял школьнікаў рознымі сродкамі, сам асвойвае новыя кірункі і прапаноўвае іх дзецям. Яшчэ ў пачатку работы ў школе Аляксандр Анатольевіч захапіўся геаметрычнай разьбой, сам зрабіў для дзяцей разцы. Шмат гадоў яго навучэнцы з захапленнем выконваюць арнаменты з элементамі геаметрычнай разьбы, упрыгожваюць такім чынам кухонны посуд.
Цікавым педагог умее зрабіць кожны ўрок, бо тэарэтычны матэрыял стараецца падаць між іншым, заняўшы навучэнцаў нейкай справай. Нядзіўна, што нават па суботах вучні спяшаюцца на факультатыўныя заняткі «Хатняя майстэрня», дзе яны могуць даць волю сваім захапленням пад прафесійным наглядам настаўніка.
Ірына АНІКЕВІЧ
Фота аўтара і з архіва ўстановы адукацыі