Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Дэмакратыя дэмакратыяй, але беззаконня быць не павінна”

- 11:01Інфармацыйная гадзіна

Галоўная задача дзяржаўных органаў сістэмы захавання нацыянальнай бяспекі — захаваць стабільнасць у краіне, забяспечыць законнасць і правапарадак. На гэта звярнуў увагу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час нарады па пытаннях дзейнасці дзяржаўных органаў сістэмы захавання нацыянальнай бяспекі.

“Дэмакратыя дэмакратыяй, але беззаконня быць не павінна. І не будзе. Вы бачылі ў Злучаных Штатах, Заходняй Еўропе, як супердэмакратычныя дзяржавы (якія, дарэчы, нас павучалі дэмакратыі) абышліся з тымі, хто пратэстуе. Галоўная задача дзяржаўных органаў сістэмы захавання нацыянальнай бяспекі — захаваць стабільнасць у краіне, забяспечыць законнасць і правапарадак. Тое, што ад вас патрабуюць Канстытуцыя і закон”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, для абмеркавання на нараду вынесены многія пытанні, але асноўная ўвага ўдзелена правядзенню выбарчай кампаніі і выбараў Прэзідэнта Беларусі. “Усяго тры тыдні як стартавала гэтая выбарчая кампанія, але ўжо сёння мы бачым, што далёка не ўсе кандыдаты маюць намер прайсці гэты шлях цывілізавана. Вакол парушэнні заканадаўства, больш за тое, этычных норм, знявагі, выпады ў бок улады. Ёсць і такія, хто лічыць, што для дасягнення мэты ўсе сродкі добрыя, — заўважыў Аляксандр
Лукашэнка. — Тое, што ў барацьбе за сімпатыі насельніцтва яны выкарыстоўваюць выключна папулісцкія лозунгі і нічым не падмацаваныя абяцанні, — гэта няхай разбіраюцца самі людзі. Яны прааналізуюць, зробяць адпаведныя высновы. Народ разбярэцца”.

Прэзідэнт звярнуў увагу на недапушчальнасць ператварэння збору подпісаў у несанкцыянаваныя мітынгі і масавыя мерапрыемствы з парушэннем усіх магчымых і немагчымых законаў і норм маралі. “Дапусціць парушэння закона нельга: потым нам давядзецца за гэта вельмі дорага заплаціць. Вы ведаеце, як такая сітуацыя развівалася ва Украіне. Таму закон і яшчэ раз закон. Ён павінен быць бездакорна выкананы”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў прыцягваць да адказнасці і за факты агрэ­сіўных дзеянняў у адносінах да прадстаўнікоў органаў правапарадку. Паводле яго слоў, пагрозы паступаюць не толькі людзям у пагонах. “Пагрозы сёння сыплюцца з усіх бакоў: у адрас дзяржаўных служачых, кіраўнікоў участковых камісій, якія праводзілі парламенцкія выбары, у адрас іх сем’яў. З усіх бакоў пагрозы. Гэта што такое? Я папрашу праваахоўныя органы, асабліва генеральнага пракурора, старшыню Следчага камітэта, міністра ўнутраных спраў, звярнуць на гэта сур’ёзную ўвагу. Калі і­дуць пагрозы — гэта крымінальнае парушэнне, якое караецца законам”, — звярнуў увагу прэзідэнт.

Ён адзначыў, што ўсе падзеі развіваюцца па загадзя прадуманым сцэнарыі, прычым іх удзельнікі — усяго толькі выканаўцы, у якіх ёсць гаспадары з грашыма. “Спачатку прадстаўнікі шэрага ініцыятыўных груп злоўжываюць правам на правядзенне пікетаў для разладжвання сітуацыі і дэстабілізацыі грамадска-палітычнай сітуацыі, потым яны сфарміруюць каманды і групы баевікоў, якія, не выключана, захочуць арганізаваць пабоішча на плошчы. Да гэтага яны і заклікаюць людзей. Чаму тут здзіўляцца? Чаго так усе здзіўляюцца: як Лукашэнка адкажа? Адказ будзе адзін, вы цудоўна разумееце”, — папярэдзіў кіраўнік дзяржавы.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, гэта так званыя сучасныя перадвыбарныя тэх­налогіі, якія часта не вызначаюцца сумленнасцю. “Мы гэта праходзілі ўжо. Мы не дапусцілі расколу тады ў грамадстве, не дапусцім і цяпер. І сёння маем намер прыняць адэкватныя меры, каб заха­ваць мір і стабільнасць у нашай дзяржаве, — падкрэсліў беларускі лідар. — Для гэтага трэба дакладна разумець, на што гатовы пайсці асобныя кандыдаты ў кандыдаты для дасягнення сваёй мэты. Якія рэсурсы яны задзейнічаюць для павышэння свайго рэйтынга. Ці не створыць гэта дадатковыя пагрозы?”

Прэзідэнт пацікавіўся ва ўдзельнікаў нарады, як яны ацэньваюць сітуацыю, якая складваецца, і якія ў іх ёсць прапановы па ўмацаванні стабільнасці “з улікам верагоднасці абвастрэння сітуацыі на любым этапе выбарчага працэсу”. “Нашым людзям не трэба залішне напружвацца і перажываць. Мы павінны забяспечыць кожнаму чалавеку магчымасць спакойна хадзіць па сваёй зямлі, а баць­кам, як гэта заўсёды было ва ўсіх нашых гарадах, — спакойна не проста хадзіць па зямлі, а з маленькімі дзеткамі за руку ў любы час сутак, і ганарыцца сваёй краінай. Краіна павінна быць спакойнай, нягледзячы ні на якія вострыя сітуацыі. Гэта галоўнае, што адрознівае нас ад іншых. У гэтым сутнасць нашага астраўка бяспекі. І гэта мы павінны захаваць, чаго б нам гэта ні каштавала”, — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.