Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Для нас святыя суверэнітэт і незалежнасць”

- 9:35Інфармацыйная гадзіна

Беларусь заўсёды будзе працаваць на аб’яднанне і стабільнасць у Еўропе. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з намеснікам прэм’ер-міністра — міністрам замежных і еўрапейскіх спраў Бельгіі Дзідзье Рэйндэрсам.

“Ваш візіт знакавы, і ад яго вельмі шмат залежыць. Не толькі ў нашых двухбаковых адносінах, але і ў нашых адносінах з вашай імперыяй (Еўрапейскім саюзам. — Заўвага БелТА.). Я магу вам гарантаваць: вы заўсёды ў нашай асобе будзеце бачыць краіну, якая будзе працаваць на аб’яднанне, на стабільнасць у Еўропе. Мы і ў цяжкія часы вам праблем не стваралі, і ў будучыні ніколі гэтых праблем вам ствараць не будзем”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што выступае за шматполюсны свет і захаванне Еўрапейскага саюза. “Еўрасаюз — гэта наймагутнейшы полюс разам з Кітаем, Злучанымі Штатамі Амерыкі. Еўрапейскі саюз — гэта магутная апора для планеты, калі яна знікне — быць бядзе, таму ўсе нашы “брэксіты” і нацыяналістычныя рухі я не ўспрымаю. Чаго б ні каштавала, Еўрапейскі саюз трэба захаваць. Гэта не мая асабістая пазіцыя (хаця і асабістая), гэта пазіцыя зыходзіць з міжнародных дзяржаўных інтарэсаў. Чым больш апор, тым устойлівей сістэма, таму я прыхільнік Еўрапейскага саюза”, — растлумачыў прэзідэнт.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што з’яўляецца праціўнікам двайных стандартаў, якія часам можна заўважыць у дзейнасці ЕС. “Таму я хацеў бы, каб Еўрапейскі саюз адпавядаў тым дэкларацыям, якія ён прапануе ўсяму свету: сумленнасць, прыстойнасць, дэмакратычнасць, — заявіў беларускі лідар. — Калі б вы ўважліва паглядзелі на Беларусь, то ўбачылі б тут і правы чалавека, і дэмакратыю, і парадак, і бяспеку для людзей. Мы таксама не без недахопаў, як і вы. Але трэба размаўляць, трэба быць бліжэй адно да аднаго. Трэба, калі ў вас ёсць вопыт, прапаноўваць і перадаваць яго. Мы гатовы вучыцца. Але майце на ўвазе адно: для нас святыя суверэнітэт і незалежнасць”.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларусь наладзіла ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва з шэрагам бельгійскіх кампаній, аднак гэта далёка не канец.

“Нават пры нашым тавараабароце (больш як $300 млн) гэта невялікія інвестыцыі. Я не скажу, што мы пакутуем ад недахопу інвестыцый, не, але мы хацелі б, каб разам з інвестыцыямі з Кітая, Расіі, іншых краін былі і бельгійскія. Мы хочам дыверсіфікаваць сваю інвестыцыйную дзейнасць. І калі ў вас ёсць такое жаданне, мы будзем гэтаму садзейнічаць, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Былі б рады, калі б бельгійскі ўрад падтрымліваў сваіх інвестараў або хаця б нам падказваў, што вось з гэтым інвестарам можна працаваць. Для нас самае галоўнае — знайсці правільнага, добрага, сумленнага інвестара, таму мы гатовы ў гэтым плане з вамі працаваць”.

Прэзідэнт дадаў, што візіт Дзідзье Рэйндэрса ў Беларусь выклікае ў яго як мінімум дваякія пачуцці. “Дрэнна, што вы першы раз у Беларусі, у Мінску. Добра, што ўсё ж такі прыехалі. Мы вельмі зацікаўлены, каб людзі такога ўзроўню часцей бывалі ў Беларусі, каб на свае вочы маглі бачыць, як жыве і развіваецца краіна”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

У сваю чаргу намеснік прэм’ер-міністра — міністр замежных і еўрапейскіх спраў Бельгіі сказаў, што яго краіна гатова нарошчваць супрацоўніцтва з Беларуссю ў розных сферах. “У Бельгіі з вялікай цікавасцю сочаць за эканамічнымі рэформамі, якія праходзяць і яшчэ толькі будуць праходзіць у Беларусі”, — заявіў ён.
“Мы віталі б актывізацыю двухбаковых кантактаў на міжнароднай арэне. У прыватнасці, былі б вельмі ўдзячныя беларускаму боку за падтрымку кандыдатуры Бельгіі на пасадзе непастаяннага члена Савета бяспекі ААН на перыяд 2019—2020 гадоў”, — сказаў Дзідзье Рэйндэрс.

Ён таксама заўважыў, што, дзякуючы пазітыўным працэсам і рэформам, якія былі праведзены ў рэспубліцы, удалося істотна рушыць наперад у пашырэнні супрацоўніцтва па лініі “Беларусь — ЕС”. Дзідзье Рэйндэрс выказаў надзею, што такое ўзаемадзеянне будзе толькі нарастаць.