У пачатку мая беларусы адзначаюць важныя, дарагія і доўгачаканыя святы: светлы Вялікдзень, Першамай, Дзень Дзяржаўнага сцяга і герба, Дзень Перамогі, які Прэзідэнт Беларусі назваў самай важнай і галоўнай дзяржаўнай урачыстасцю. Па добрай традыцыі да іх прымеркавана ўручэнне кіраўніком дзяржавы высокіх дзяржаўных узнагарод і ўшаноўванне лепшых людзей краіны.
Пакаленне пераможцаў — тыя, хто выратаваў Радзіму ад фашысцкага зняволення, хто прынёс чалавецтву мір і свабоду, — завяшчала як зрэнку вока берагчы бяспеку краіны, адзначыў прэзідэнт. “Мы сапраўды ганарымся тым, што Беларусь у цяперашніх трывожных умовах па праве лічыцца кутком стабільнасці”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
У гэтым вялікая заслуга людзей у пагонах, якія забяспечваюць правапарадак і спакой у грамадстве, ахоўваюць граніцы дзяржавы, процістаяць злачыннасці, абараняючы жыццё і ўласнасць грамадзян, прадоўжыў прэзідэнт. Самыя лепшыя прадстаўнікі сілавых структур Беларусі ўдастоены ордэнаў “За службу Радзіме” і медалёў “За адзнаку ў воінскай службе”.
Ушаноўвалі ў Палацы Незалежнасці таксама дзеячаў культуры. Гэта невыпадкова, паколькі бягучы год аб’яўлены ў краіне Годам культуры, нагадаў Аляксандр Лукашэнка. Таму такая ўвага ўдзелена людзям творчай сферы, якія ўносяць у жыццё прыгажосць і духоўнасць, разнастайнасць пачуццяў, што ўзвышаюць чалавека і абуджаюць у ім лепшыя якасці. “Ваша творчасць заслугоўвае ўсялякіх пахвал і шырокага прызнання не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. Вы з гонарам прадстаўляеце розныя формы, жанры мастацтва, якое, паводле трапнага выказвання вялікага пісьменніка Бальзака, з’яўляецца тварам нацыі”, — сказаў прэзідэнт, звяртаючыся да прысутных на цырымоніі дзеячаў культуры і мастацтва.
Не менш дастойна на цырымоніі былі прадстаўлены педагогі — як школьныя, так і ўніверсітэцкія. За паспяховае ўкараненне эфектыўных методык вучэбнага і выхаваўчага працэсу, якіх у многіх школах так не хапае, адзначаны высокімі ўзнагародамі дырэктары мінскіх гімназій № 4 і № 13, настаўнікі маладзечанскай гімназіі № 7, валожынскай № 1. За плённыя навуковыя распрацоўкі, паспяховую педагагічную дзейнасць пры падрыхтоўцы спецыялістаў узнагароджаны прадстаўнікі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, Акадэміі кіравання пры прэзідэнце, Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта і Нацыянальнай акадэміі навук.
“Асаблівай удзячнасці і павагі заслугоўваюць лепшыя прадстаўнікі айчыннай медыцынскай сферы. Клопат аб здароўі людзей — наш нязменны дзяржаўны прыярытэт. І ў яго рэалізацыі важную ролю адыгрывае кваліфікаваная работа кожнага звяна, кожнай установы сістэмы аховы здароўя”, — сказаў прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка з задавальненнем адзначыў поспехі ўрачоў мінскіх гарадскіх клінічных бальніц № 9, № 10, дзіцячай № 3, Мінскай абласной клінічнай дзіцячай бальніцы.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што сярод узнагароджаных ёсць прадстаўнікі і такіх сфер дзейнасці, як будаўніцтва і сельская гаспадарка, дзяржаўнае кіраванне, фізкультура і спорт. “Гэта сведчыць аб тым, што Радзіма цэніць і падтрымлівае кожнага, хто ўносіць дастойны ўклад у агульны дабрабыт. Ордэны, медалі і высокія званні гэтак жа, як пашана і павага ў грамадстве, заўсёды знаходзяць сваіх герояў”, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт чарговы раз падкрэсліў, што галоўнае багацце Беларусі — гэта цудоўныя людзі, якія абараняюць родную зямлю, праслаўляюць сваімі справамі маладую суверэнную дзяржаву. Кіраўнік дзяржавы павіншаваў прысутных са святамі і заслужанымі дзяржаўнымі ўзнагародамі. Аляксандр Лукашэнка пажадаў, каб яны сталі стымулам для новых працоўных поспехаў, творчых дасягненняў. Ён таксама падзякаваў за цёплыя словы, якія выказвалі ўзнагароджаныя ў яго адрас, і гарантаваў, што дзяржава акумулюе і выкарыстае вынікі іх працы ў імя росквіту роднай Беларусі.
Па матэрыялах БелТА.
Фота Мікалая ПЯТРОВА, БелТА.