Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Галоўны прынцып — справядлівасць, іншага не дадзена”

- 10:41Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка арыентуе кіраўнікоў заўсёды зыходзіць з прынцыпу справядлівасці пры ажыццяўленні паўнамоцтваў. Неабходнасць гэтага ён падкрэсліў, узгадняючы на пасады новых кіраўнікоў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў.

Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу, што ў рабоце з людзьмі заўсёды важныя сумленнасць і прыстойнасць. “Галоўны прынцып — справядлівасць, іншага не дадзена, — сказаў Аляксандр Лукашэн ка. — Закон не ахопіць усе сферы жыцця і думак чалавека. Таму падключайце адзін прынцып — справядліва павінна быць, каб людзі на нас не крыўдзіліся”.

Прэзідэнт адзначыў, што кіраўнікі ў рэгіёнах адказваюць за канкрэтную тэрыторыю ў цэлым, і “чужых” людзей, прадпрыемстваў для іх быць не павінна. “Дзяліць прадпрыемствы на камунальныя і рэспубліканскія ні ў якім разе нельга. Гэта вашы прадпрыемствы. Смела дзейнічайце. Прыватнае або дзяржаўнае — няважна. Мы з вамі адказваем за людзей”, — падкрэсліў беларускі лідар.

“Ажыццяўляйце ўладу. Для таго вы туды і накіроўваецеся. Вось вам галоўная задача. А як там працаваць, вы ведаеце не горш за мяне, таму што вы паглыблены ў гэтыя працэсы”, — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама звярнуў увагу, што для кіраўнікоў у рэгіёнах асабліва адказным этапам стануць выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў. Прэзідэнт адзначыў, што практычна ўся арганізацыйная работа завязана не на Цэнтрвыбаркам, а на мясцовыя органы ўлады. “Усё павінна быць дастойна, прыстойна, але ўлада павінна дэманстраваць сваю сілу і ўпэўненасць у ажыццяўленні паўнамоцтваў”, — сказаў прэзідэнт.

Прымаючы рашэнні адносна кадравых назначэнняў у беларускія дыппрадстаўніцтвы за мяжой, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка актуалізаваў задачу па перафармаціраванні работы Міністэрства замежных спраў.

Кіраўнік дзяржавы прывёў прыклады ПАР і Аргенціны, куды назначаны новыя паслы, аднак гаварыць аб высокай эфектыўнасці і аб’ёмах супрацоўніцтва Беларусі з гэтымі краінамі пакуль не даводзіцца. Больш за тое, што тычыцца пасла ў ПАР, то ён па сумяшчальніцтве таксама працуе ў Анголе, Зімбабвэ, Мазамбіку і Намібіі. “Ён фактычна не можа займацца эфектыўна такімі аб’ёмамі. Нам трэба ў Афрыцы — я ўжо міністэрству паставіў задачу — вызначыцца, з якімі краінамі мы будзем працаваць. Мы ж не Кітай і не ЗША са сваімі рэсурсамі, што пойдзем ва ўсю Афрыку, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Таму нам трэба ў будучыні паглядзець і, можа, ад нейкіх пасольстваў адысці, калі ў нас там няма інтарэсу і калі там няма супрацоўніцтва”.

Прэзідэнт пры гэтым выказаў меркаванне, што, магчыма, у той ці іншай краіне няма неабходнасці трымаць прадстаўніцтва ў складзе дзясятка дыпламатаў, а на пачатковым этапе можна абысціся адным паслом з памочнікам. “Але мы ўжо заложым аснову развіцця пасольства. Калі мы будзем там развіваць нашу прысутнасць, калі будзе расці тавараабарот, мы будзем нарошчваць наша прадстаўніцтва. Гэта значыць, настаў час яшчэ раз перагледзець гэтую нашу стратэгію, — падкрэсліў ён. — Трэба зыходзіць з таго, што сёння ёсць, але арыентавацца на перспектыўныя напрамкі і краіны. І там будзем сваю прысутнасць павялічваць і па аб’ёмах, і па кадрах”.

Аналагічнага падыходу, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, трэба прытрымлівацца і ў адносінах да работы беларускіх дыппрадстаўніцтваў у іншых рэгіёнах свету, у тым ліку ў Лацінскай Амерыцы. Акрамя Аргенціны, ён звярнуў увагу на Бразілію, у супрацоўніцтве з якой таксама пакуль не дасягнуты жаданы ўзровень. “Так, вялікая краіна. Так, трэба там паспрабаваць папрацаваць, перш чым ліквідаваць пасольства. Але калі ў нас там не атрымаецца, навошта там пасла трымаць і гэтае прадстаўніцтва”, — сказаў прэзідэнт.

“Гэта значыць, такі вось прыземлены курс у найбліжэйшы час — і працэс перафармаціравання работы МЗС адбудзецца. Міністру гэта даручана. Таму трэба спытаць, як гэтая работа арганізавана. Нам ужо сёння трэба мець уяўленне ў гэтым плане”, — рэзюмаваў беларускі лідар.