Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Гарантаваць бяспеку на кожным участку — наш святы абавязак”

- 11:38Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў аказаць падтрымку выбаркамам і паклапаціцца аб гарантаванні бяспекі іх працы. Пра гэта ён заявіў на рабочай сустрэчы з Наталляй Качанавай і Віктарам Шэйманам.

“Наталля Іванаўна, я вас папрашу як начальніка штаба ўжо нашай перадвыбарнай кампаніі абавязкова перагаварыць з губернатарамі. Удакладніце, якая, акрамя матэрыяльных сродкаў, патрэбна падтрымка. Асаблівую ўвагу папрашу звяр­нуць вас, ды і Віктар Ула­дзіміравіч (Шэйман. — Заўв. БелТА.) у гэтым плане можа дапамагчы, на гарантаванне бяспекі на выбарчых участках. Таму што мне ўсё часцей і часцей паступае інфармацыя пра тое, што не ўсюды ў нас спакойна хочуць правесці прэзідэнцкія выбары. А гарантаваць бяспеку на кожным участку — наш святы абавязак, — падкрэсліў беларускі лідар. — Вы бачыце, што робіцца вакол. Няхай пакрычаць, пашумяць. Празмернасцей быць не павінна. Не павінна быць так, што яны пачнуць нас крытыкаваць за тое, што мы выкарыстоўваем момант, каб дзесьці кагосьці абмежаваць. Ёсць закон, і згодна з законам павінна ісці перадвыбарная агітацыя і ўся работа”.

Звяртаючыся да кіраўніка спраў прэзідэнта Віктара Шэймана, беларускі лідар адзначыў, што трэба аказаць усялякую падтрымку выбаркамам. “Я пра гэта казаў яшчэ ў пачатку выбарчай кампаніі, не толькі Цэнтральнай выбарчай камісіі (матэрыяльную, яшчэ нейкую падтрымку), але і ўдакладніць на месцах. Магчыма, людзі маюць патрэбу ў нейкай дапамозе. Трэба звязацца з губернатарамі”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

“Віктар Уладзіміравіч — матэрыяльная частка, Наталля Іванаўна — арганізацыйная частка. Удакладніце ў Лідзіі Міхайлаўны Ярмошынай, якая патрэбна падтрымка ёй і на месцах. Калі трэба, каб я падключыўся, тэрмінова мяне праінфармуйце”, — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.