Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка разлічвае на пазітыўны рост эканомікі ў 2018 годзе. Аб гэтым ён заявіў на цырымоніі ўручэння дзяржаўных узнагарод.
Кіраўнік дзяржавы павіншаваў удзельнікаў цырымоніі з надыходзячым Новым годам. “Упэўнены, ён стане годам працоўных перамог, выканання планаў, праектаў, годам пазітыўнага росту эканомікі”, — заявіў ён.
Уручаючы дзяржаўныя ўзнагароды, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што высокіх вынікаў у сваёй дзейнасці дабіваюцца людзі, якія на першае месца ў рабоце ставяць прафесіяналізм і адказнае стаўленне да справы. “Імі кіруе жаданне перасягнуць сябе, дасягнуць высокага ўзроўню майстэрства, зрабіць штосьці значнае для сваёй краіны, для народа. Для дзяржавы важна бачыць такіх спецыялістаў, узнімаць статус, умацоўваць аўтарытэт і па заслугах ацэньваць іх працу”, — сказаў прэзідэнт.
“У гэтай зале сабраліся тыя, хто канкрэтным прыкладам паказаў сапраўдную адданасць сваёй справе. Кожнае ваша дасягненне ўсяляе пачуццё ўпэўненасці ў будучыні Беларусі, гордасці за наш народ”, — дадаў кіраўнік дзяржавы.
Цёплыя словы ўдзячнасці беларускі лідар адрасаваў работнікам прамысловага сектара эканомікі, ад поспехаў якіх шмат у чым залежыць дынамічнае развіццё краіны.
Дзякуючы лепшым спецыялістам аграпрамысловага комплексу, Беларусь захавала лідарства на сусветным рынку харчовай прадукцыі, адзначыў прэзідэнт.
“Усё гэта было б немагчыма без навуковага суправаджэння. Бягучы год адзначаны дасягненнямі і нашых вучоных. Асабліва каштоўныя поспехі ў распрацоўцы і ўкараненні інавацыйных тэхналогій у вытворчасць”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, важкі ўклад у развіццё эканомікі ўнеслі прадстаўнікі будаўнічай сферы, грамадзянскай авіяцыі.
У сваю чаргу супрацоўнікі сілавых структур гарантуюць нацыянальную бяспеку і забяспечваюць правапарадак.
Сярод узнагароджаных таксама педагогі, прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі, вядомыя спартсмены, трэнеры, якія праславілі краіну на сусветнай арэне, а таксама дзеячы культуры і мастацтва, дзякуючы творчасці якіх пра Беларусь і нашы традыцыі ведаюць далёка за яе межамі.
Узнагароды прадстаўнікам розных сфер уручаны за шматгадовую плённую працу, узорнае выкананне службовых абавязкаў, выключныя дасягненні ў сельскай гаспадарцы, значны асабісты ўклад у вытворчасць звышцяжкай кар’ернай тэхнікі, развіццё прамысловасці, будаўнічай галіны і грамадзянскай авіяцыі, значныя дасягненні ў сферы аховы здароўя, навуковай дзейнасці, культуры і спорту.
Сярод узнагароджаных — генеральны дырэктар ААТ “Белавежскі” з 2002 па 2017 год Юрый Мароз. Ён удастоены ордэна Айчыны II ступені.
Ордэнам Айчыны III ступені адзначаны заслугі генеральнага дырэктара ААТ “БЕЛАЗ” — кіруючая кампанія холдынга “БелАЗ-Холдынг” Пятра Пархомчыка.
Камандзір вайсковай часці 1250 пагранічнай службы Юрый Церцель і камандзір 11-й асобнай гвардзейскай брыгады Заходняга аператыўнага камандавання Узброеных Сіл Аляксандр Пагуляйла ўдастоены ордэна “За службу Радзіме” III ступені.
Заслугі работнікаў розных галін адзначаны ордэнам Пашаны. У іх ліку — дырэктар па вытворчасці ААТ “Амкадор” — кіруючая кампанія холдынга” Валерый Кандратчык, дырэктар ААТ “Завод Прамбурвад” Валянцін Варановіч, дырэктар ААТ “Асілак” Уздзенскага раёна Валерый Майсюк, старшы трэнер нацыянальнай каманды Беларусі па самба Эрнст Міцкевіч, камандзір паветранага судна авіяцыйнага атрада ААТ “Авіякампанія “Белавія” Васіль Парашчанка, генеральны дырэктар СТАА “Белвест” Юрый Суманееў.
Для ўдзельнікаў мерапрыемства перад цырымоніяй уручэння дзяржузнагарод правялі экскурсію па Палацы Незалежнасці.