Аляксандр Лукашэнка: “Надыходзіць эра прафесіяналаў”

29 кастрычніка ў Мінску прайшоў маладзёжны форум “Моладзь. Традыцыі. Будучыня”, прысвечаны 95-годдзю камсамольскага руху і 50-годдзю беларускіх будаўнічых атрадаў. У мерапрыемстве прынялі ўдзел каля 700 чалавек: байцы студэнцкіх атрадаў з усіх абласцей Беларусі, прадстаўнікі маладзёжнага руху розных пакаленняў, а таксама замежныя госці. З удзельнікамі форуму сустрэўся прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка.

“Юбілей — гэта добрая нагода не толькі аддаць даніну павагі мінуламу, але і паразважаць пра будучыню і пра сувязь пакаленняў”, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
На форуме кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з выставай, прысвечанай развіццю будатрадаўскага руху ў Беларусі, і пагутарыў са студэнтамі, якія летам шчыравалі ў складзе будаўнічых, сельскагаспадарчых, экалагічных, педагагічных і сэрвісных атрадаў. Маладыя людзі з задавальненнем расказалі прэзідэнту пра сваю працу, пра тое, як многа яна дае ў плане зносін, прафесійнага станаўлення і самаразвіцця. На памяць аб сустрэчы яны падарылі кіраўніку дзяржавы дзве сапраўдныя будатрадаўскія курткі.
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што маладосць — гэта шчаслівая пара, і пажадаў студэнтам адчуць гэтае шчасце і разумна ім распарадзіцца.
У сваім выступленні перад удзельнікамі форуму Аляксандр Лукашэнка спыніўся на трох асноўных тэмах — працы, ведаў і патрыятызму.
“Сёння, хочам мы гэтага ці не, наша краіна існуе ва ўмовах глабальнага рынку, адкрытай эканомікі, а таму законы жорсткай канкурэнцыі распаўсюджваюцца і на нас, — адзначыў прэзідэнт. — Нядрэнна, што ёсць частка маладых людзей, якая прыняла новыя правілы гульні. Іншая справа, якія высновы з гэтага зроблены. Далёка не кожны малады чалавек засвоіў простую ісціну: у аснове, падмурку ўсяго, ляжыць праца. Складваецца вельмі трывожная сітуацыя. З аднаго боку, сярод моладзі няма асаблівай цікавасці да складаных навуковых дысцыплін. З другога, рабочыя спецыяльнасці таксама не ў вялікай пашане. Некаторыя не хочуць працаваць ні галавой, ні рукамі. Няма наогул жадання працаваць, хочацца ўсяго многа і адразу”.
Зрэшты, Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што да ўдзельнікаў форуму гэта не адносіцца. “У нас ёсць тысячы, дзясяткі, сотні тысяч выдатных, сумленных, самаадданых працаўнікоў, іх пераважная большасць, — заўважыў прэзідэнт. — Але нямала і гультаёў, што граху таіць, і п’яніц, і лайдакоў. Можна са мной не пагаджацца і спрачацца, але ёсць аб’ектыўныя факты: наша прадукцыйнасць працы хранічна адстае не толькі ад еўрапейскіх краін і ЗША, але і ад многіх азіяцкіх дзяржаў. Вядома, гэта тычыцца не толькі моладзі. Але і сярод маладых у пашане не праца, а, хутчэй, іншыя рэчы — лёгкая нажыва, удача. Нават тыя, хто гатовы сумленна працаваць, успрымаюць працу не як радасць, не як магчымасць самарэалізацыі, а як цяжкую, змушаную неабходнасць. Менавіта таму студатрадаўскі рух, вашы рамантычныя адносіны да працы вельмі важныя для сучаснай моладзі”.
Прэзідэнт заўважыў, што ў краінах, якія дасягнулі вялікіх вышынь у эканоміцы, зусім іншае стаўленне да працы. “Дробны, сярэдні ды і буйны бізнес на Захадзе і ва Усходняй Азіі — гэта тварэнне людзей, апантаных не толькі і не столькі ідэяй узбагачэння. Часцей за ўсё імі рухае памкненне даказаць, што яны лепшыя ў сваёй справе. Менавіта на такіх людзях — добрасумленных працаўніках і прафесіяналах, а зусім не на спекулянтах і аферыстах трымаюцца тыя дасягненні, якія ёсць у так званых развітых краінах”, — адзначыў прэзідэнт.
Што да сістэмы адукацыі, то Аляксандр Лукашэнка адзначыў: Беларусі ўдалося захаваць шмат каштоўнага з савецкай эпохі і пры гэтым рухацца згодна з сучаснымі патрабаваннямі часу. Аднак пры гэтым прэзідэнт заўважыў, што адбылася пераацэнка каштоўнасцей і адукацыя, зрабіўшыся масавай і даступнай, страціла былы аўтарытэт. “Нямала людзей лёгка забываюць пра дыплом, аддаючы перавагу хай і малакваліфікаванай, але вельмі прыбытковай працы. Усё гэта прывяло да таго, што нам не заўсёды ўдаецца захаваць галоўнае, што было ўласціва савецкаму часу, — каласальны прэстыж ведаў, імкненне да творчасці, пошуку, вялікую павагу да інтэлекту і адукаванасці. Такія ж праблемы адчуваюцца на ўсёй постсавецкай прасторы”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Па словах кіраўніка дзяржавы, карані гэтай з’явы ў тым, што ў пэўны перыяд “героямі” сталі тыя, хто здолеў хутка разбагацець, прычым няважна, якім шляхам. А вучоны, педагог, выкладчык ВНУ, якія атрымлівалі мізэрную зарплату, ператвараліся ў анекдатычных персанажаў. “Стэрэатыпы адклаліся ў грамадскай свядомасці і паўплывалі на падзенне прэстыжу інтэлектуальнай працы”, — заўважыў прэзідэнт.
“Вы спытаеце: “Што ж рабіць?”. Я магу адказаць крылатай ленінскай фразай: “Па-першае, вучыцца. Па-другое, вучыцца. І па-трэцяе, вучыцца. Каб навука сапраўды ўваходзіла ў плоць і кроў”. Як ні парадаксальна гэта прагучыць, рамантык, які прысвяціў сябе любімай навуцы, праз 10—15 гадоў апынецца ў больш выгадным становішчы, чым нацэлены толькі на фінансавы поспех прагматык”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт таксама адзначыў, што хуткіх і лёгкіх грошай не будзе: усяго трэба паслядоўна дамагацца ўласным розумам і працай. “Надыходзіць эра прафесіяналаў ва ўсіх сферах — ад вытворчасці і бізнесу да мастацтва і індустрыі забаў”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка і параіў маладым успрымаць адукацыю як доўгатэрміновыя і самыя выгадныя інвестыцыі ў саміх сябе.
Гаворачы пра патрыятызм, прэзідэнт заўважыў, што кожны павінен берагчы нашу радзіму Беларусь сваёй працай, прыстойным стаўленнем адно да аднаго, а галоўнае — адзінствам.
“Няма нічога больш небяспечнага для маладой незалежнай краіны, як унутраныя сваркі і звады, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Менавіта яны вядуць да галоўнай небяспекі, якая падпільноўвае любую маладую нацыю, — да радыкальных ідэй рэвалюцый і ўзрушэнняў, якія патрабуюць разбурыць усё ўшчэнт дзеля чарговага міфа пра светлую будучыню”.
Прэзідэнт заўважыў, што супраць рэвалюцый і ўзрушэнняў выступае сама гісторыя: дагэтуль ніводнае пакаленне беларусаў не магло пражыць жыццё мірна, спакойна, бяспечна. “У мінулым стагоддзі наш народ вычарпаў ліміт на войны, рэвалюцыі і ўзрушэнні”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка і ўзгадаў вядомую кітайскую прымаўку, якая сцвярджае: “Не дай Бог жыць у эпоху змен”.
“І хоць маладосці заўсёды ўласціва патрабаваць радыкальнай ломкі і неадкладных змен, я заклікаю вас задумацца над урокамі гісторыі. Ці прыносілі каму-небудзь шчасце ўзрушэнні? Не, яны неслі толькі разгубленасць, бяду і разруху. І ніколі, падкрэсліваю, ніколі не абыходзіліся без крыві”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
“Нашай краіне пара перапыніць сумную традыцыю мінулага стагоддзя — разбураць ушчэнт і кожныя тры дзесяцігоддзі пачынаць усё будаваць з нуля. І менавіта моладзь павінна сказаць тут сваё слова, назаўжды прышчапіўшы сабе імунітэт да разбуральных радыкальных ідэалогій”, — адзначыў прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка перакананы, што ісці наперад трэба спакойна, цвёрда і паслядоўна. “Так, многае ў нас яшчэ трэба выправіць, многае трэба пабудаваць. Але выпраўляць мы будзем самі, прычым не руйнуючы, а дабудоўваючы”, — падкрэсліў прэзідэнт.
Што да пераемніка камсамольскіх традыцый і арганізатара форуму — БРСМ, то Аляксандр Лукашэнка адзначыў: у рабоце з моладдзю дзяржава абапіраецца на гэтую арганізацыю, як на перадавы атрад, што аб’ядноўвае амаль паўмільёна чалавек, або пятую частку моладзі краіны.
“Мы абсалютна не хаваем таго, што ставім перад БРСМ ідэалагічныя і палітычныя задачы. Але гэтыя задачы звязаны не з ператварэннем яго членаў у чыіх-небудзь “ястрабаў” ці “сокалаў”, а перш за ўсё з фарміраваннем патрыётаў нашай краіны. І вы не зможаце папракнуць мяне ў тым, што я казаў: бярыце дубіны, каменне і ідзіце ў кагосьці кідайце. Я ўсё жыццё, з’яўляючыся прэзідэнтам, стараўся зберагчы моладзь ад гэтага”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама заявіў, што людзі з цвёрдай грамадзянскай пазіцыяй, якія прайшлі школу БРСМ, з’яўляюцца сапраўдным, правераным кадравым рэзервам.
Натуральна, прэзідэнт павёў размову і пра будатрадаўскі рух. Ён лічыць сапраўдным дасягненнем той факт, што з 2002 па 2013 год колькасць удзельнікаў студатрадаў узрасла ў 25 разоў. І цяпер важна забяспечыць іх працай і годнай зарплатай.
“Студатрады — гэта толькі частка маладзёжных працоўных традыцый, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Варта падумаць аб адраджэнні на новай аснове такіх паняццяў, як “камсамольская пуцёўка”, “камсамольская брыгада”, “камсамольская будоўля”, якія дапамогуць сканцэнтраваць энергію маладых на прарыўных напрамках эканомікі”.
Прэзідэнт адзначыў таксама праект БРСМ “100 ідэй для Беларусі”. “Зараз прынцыпова важна давесці перспектыўныя распрацоўкі да ўкаранення, накіраваўшы на гэтыя мэты рэсурсы Акадэміі навук і інавацыйных фондаў міністэрстваў”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка і даручыў ураду ў найбліжэйшы час выбраць самыя перспектыўныя ідэі для рэалізацыі.
Кіраўнік дзяржавы таксама заявіў, што БРСМ варта ўзяць пад сваё крыло работу з творчай моладдзю. “Маладыя лепш зразумеюць маладых, і новая парасткі інтэлігенцыі створаць сучасную культуру, якая стане годным адлюстраваннем нашай эпохі”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
“Мы разглядаем БРСМ як свайго роду каталізатар актыўнасці моладзі. Паглядзіце, колькі карысных ініцыятыў зараджаецца цяпер у маладзёжным асяроддзі: захаванне памяці аб героях Вялікай Айчыннай вайны, асабліва напярэдадні 70-годдзя Перамогі, дапамога хворым і інвалідам, пошук зніклых людзей, барацьба з “чорнымі археолагамі”, абарона жывёл. За ўсім гэтым стаяць энергічныя, неабыякавыя людзі. Своечасова заўважыць такіх людзей, аказаць ім дапамогу, скаардынаваць намаганні валанцёраў і дзяржаўных органаў — адна з задач вашага саюза”, — заўважыў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка ахвотна падтрымаў прапанову ўдзельнікаў форуму аб аб’яўленні ў Беларусі Года моладзі, аднак лічыць, што гэта трэба зрабіць не ў надыходзячым, а 2015 годзе. “Гэта будзе вельмі няпросты год, — заўважыў прэзідэнт. — Гэты год будзе вызначаць будучыню нашай краіны па многіх-многіх напрамках. І як вы вырашыце ў той год, хай так і будзе. Гэта будзе для вас”.
Падсумоўваючы вынікі сустрэчы, Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз павіншаваў усіх прысутных на форуме з 95-годдзем камсамольскага руху і 50-годдзем беларускіх будаўнічых атрадаў. “Гэтыя даты не падстава для настальгіі, — заўважыў прэзідэнт. — Ваш форум — яркае сведчанне адзінства пакаленняў і гатоўнасці нашай моладзі, абапіраючыся на традыцыі, ісці ў будучыню”.
Нечаканым сюрпрызам для ўдзельнікаў форуму стала запрашэнне Аляксандра Лукашэнкі наведаць Палац Незалежнасці. Убранства палаца вельмі моцна ўразіла маладых людзей. А між тым над узвядзеннем і аздабленнем гэтага палаца працавалі і студэнцкія будаўнічыя атрады Беларусі.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота БелТА.