Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Неабходна адрадзіць давер у міжнародных справах, без якога немагчыма ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва”

- 14:38Інфармацыйная гадзіна

Мінск і далей гатоў адыгрываць ролю нейтральнай пляцоўкі, на якой могуць вырашацца самыя сур’ёзныя пытанні. Аб гэтым заявіў 12 снежня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на Міжнароднай канферэнцыі “Палітыка нейтралітэту: міжнароднае супрацоўніцтва ў імя міру, бяспекі і развіцця” ў Ашхабадзе.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што мэты Беларусі і Туркменістана сугучныя. “У аснове беларускай знешняй палітыкі таксама імкненне да міру, раўнапраўнага ўзаемадзеяння з усімі без выключэння партнёрамі, узаемная павага. Па сутнасці, наша шматвектарнасць у знешняй палітыцы блізкая да туркменскага нейтралітэту”, — сказаў беларускі лідар.
Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь, як і Туркменістан, выступае за безумоўны прыярытэт палітыка-дыпламатычных метадаў урэгулявання любых міжнародных канфліктаў, у тым ліку тых, што апошнім часам назіраюцца ў рэгіёне.
У сваім выступленні Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў, што “міжнароднае супрацоўніцтва можа быць эфектыўным і ўзаемавыгадным толькі на аснове ўзаемнай павагі. Гэта тое, чаго катастрафічна не хапае ў сучасным свеце. Сёння часта адсутнічае элементарная гатоўнасць паважаць выбар іншых”.
“І тая катэгарычнасць, з якой нам спрабуюць звонку навязаць быццам бы ўніверсальныя мадэлі развіцця, нічым не лепшая за рэлігійны фанатызм”, — падкрэсліў беларускі лідар. Ён дадаў, што пры гэтым абсалютна не ўлічваюцца гістарычныя, культурныя асаблівасці як асобных дзяржаў, так і цэлых рэгіёнаў.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што на сусветнай арэне неабходна адрадзіць давер. “Мы, маладыя незалежныя дзяржавы, не патрабуем нічога звышнатуральнага. Неабходна адрадзіць давер у міжнародных справах, без якога немагчыма ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва. А супрацоўніцтва — гэта, перш за ўсё, дыялог, гэта імкненне пайсці на кампраміс дзеля агульнай карысці”, — сказаў беларускі лідар.
“Паглядзіце, што адбываецца сёння на планеце. Такое адчуванне, што свет проста звар’яцеў. Імкліва памнажаецца колькасць рэгіянальных канфліктаў, якія правакуюць маштабныя міграцыйныя крызісы. Узнікаюць цэлыя тэрарыстычныя квазідзяржавы, якія нясуць пагрозу для ўсёй сусветнай супольнасці. Нават паспяховая Еўропа сёння не можа адчуваць сябе ў бяспецы. Санкцыйныя, інфармацыйныя войны даводзяцца да абсурду. Вядучыя сусветныя гульцы практыкуюцца ў ваяўнічай рыторыцы і бразганні зброяй”, — адзначыў Прэзідэнт Беларусі.
Паводле яго слоў, “малыя і сярэднія дзяржавы часта штучна сутыкаюцца з альтэрнатывай выбару”.
“Зноў замаячыла здань новых блокавых процістаянняў, якія падрываюць фундаментальныя асновы глабальнай і рэгіянальнай бяспекі. І гэта асабліва прыкра ўсведамляць у год 70-годдзя заканчэння самай кровапралітнай вайны ў гісторыі чалавецтва — Другой сусветнай”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў сучасным свеце ўзрастае роля малых і сярэдніх дзяржаў. “Іх уклад ва ўстойлівае развіццё і гарантаванне міру і бяспекі ў сваіх рэгіёнах цяжка пераацаніць”, — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.
“Таму вельмі важна, што менавіта гэтыя словы — мір, бяспека, развіццё — з’яўляюцца дэвізам канферэнцыі. Удачны выбар. Яны ж павінны стаць і галоўнымі маякамі нашых сумесных дзеянняў на будучыню”, — падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што беларускі бок з вялікім задавальненнем прыняў запрашэнне прэзідэнта Туркменістана да ўдзелу ў канферэнцыі, прысвечанай 20-годдзю з дня набыцця краінай статусу пастаяннага нейтралітэту.
“Гэта сапраўды знамянальная падзея. Па-першае, таму што паміж нашымі дзяржавамі і народамі склаліся дружалюбныя, я сказаў бы, брацкія адносіны. А тое, што важна для нашых сяброў, важна і для нас, — сказаў беларускі лідар. — Па-другое, мы шчыра рады тым дасягненням, якіх кіраўніцтва і народ Туркменістана дабіліся за апошнія гады незалежнасці на шляху нейтралітэту. Па-трэцяе, і гэта галоўнае, тэматыка канферэнцыі, што называецца, на злобу дня, яна актуальная не толькі для самога Туркменістана, але і для рэгіёна і ўсяго свету”.
“Азіраючыся на мінулае, можна сказаць, што з распадам Савецкага Саюза ўсе постсавецкія рэспублікі ў адно імгненне апынуліся на пакутлівым раздарожжы: куды і як ісці далей”, — адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы.
“Трэба было выбіраць не проста вектар развіцця, трэба было вызначаць, па сутнасці, свой лёс. І 20 гадоў назад Туркменістан прыняў, як аказалася, лёсавызначальнае для сябе рашэнне — уступіць на шлях нейтралітэту”, — сказаў беларускі лідар. Ён падкрэсліў, што Беларусь з вялікай павагай паставілася да гэтага кроку і не проста падтрымала спецыяльную рэзалюцыю Генеральнай Асамблеі ААН па гэтым пытанні, але і стала суаўтарам гэтага дакумента.
“Напэўна, мудрасць і дар прадбачання туркменскага народа, а таксама, хутчэй за ўсё, благаславенне Усявышняга дапамаглі Туркменістану знайсці тую аптымальную для сябе ўнікальную ідэю, якая ў далейшым забяспечыла ўстойлівае і паступальнае развіццё краіны, яе безумоўнае прызнанне на міжнароднай арэне… Вы імкняцеся да таго, каб мір і спакой панавалі не толькі ў Туркменістане, але і ва ўсім рэгіёне. І як вынік — тысячы бежанцаў з канфліктных раёнаў у свой час знайшлі дом і прыстанішча на ўдзячнай Туркменскай зямлі”, — сказаў Прэзідэнт Беларусі.
“Вы ні да кога не хочаце далучацца. Але пры гэтым нікому не хочаце перашкаджаць жыць. Вы хочаце жыць у міры і спакоі на сваёй зямлі і будаваць шчасце для свайго народа. Вы не ствараеце ніякіх праблем для сваіх суседзяў”, — адзначыў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тую вялікую сацыяльную падтрымку, якая аказваецца ў Туркменістане людзям, умацоўваючы іх веру ва ўласную будучыню і будучыню роднай дзяржавы. “Вось гэта і ёсць фактычна той ідэал развіцця дзяржавы, да якога мы ўсе павінны імкнуцца. Гэта і ёсць забеспячэнне сапраўдных, а не эфемерных правоў чалавека, аб якіх так любяць сёння паразважаць некаторыя нашы партнёры”, — падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.
Ён адзначыў, што ва ўнутранай палітыцы Беларусь таксама нацэлена на стварэнне эфектыўнай нацыянальнай эканомікі, дастойных умоў жыцця для сваіх грамадзян, эвалюцыйныя пераўтварэнні пры захаванні сацыяльнай адказнасці дзяржавы.