Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Павінна быць самая жорсткая тэхналагічная дыктатура і дысцыпліна”

- 10:44Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка праводзіць нараду аб першачарговых мерах па забеспячэнні ўстойлівай работы аграпрамысловага комплексу Віцебскай вобласці.

Праблемныя пытанні АПК Віцебскай вобласці ўжо абмяркоўваліся на ўзроўні кіраўніка дзяржавы ў лістападзе 2019 года, тады былі дадзены даручэнні для выпраўлення сітуацыі. Важнасць вырашэння гэтых праблем абумоўлена і тым, што многія з іх характэрны для ўсіх абласцей краіны.

“Як рэалізаваны тыя канцэптуальныя прапановы і рашэнні, якіх мы дасягнулі тады ў Віцебску? Першае пытанне: якія меры прапануюцца? Якія выпрацаваны мадэлі фінансавага аздараўлення прадпрыемстваў і, галоўнае, што гэта дасць у выніку? — абазначыў прэзідэнт ключавыя пытанні для ўдзельнікаў нарады. — У прадстаўленых да нарады матэрыялах асноўны ўпор пакуль зроблены на меры дзяржаўнай падтрымкі. Калі гэта адзінае, з чым вы сюды прыйшлі, то проста змарнуем час. Але я не думаю, што вы прыйшлі толькі з гэтым”.

“Падыходы нязменныя. Пытанне не толькі і не столькі ў грашах, колькі ў тым, ці зроблены сур’ёзныя высновы па ўсім шлейфе праблем, — прадоўжыў кіраўнік дзяржавы. — Ці ёсць вывераныя вытворчыя і фінансавыя планы? Як будзе наведзены парадак у гаспадарчай дзейнасці, і ці ведае кіраўніцкая вертыкаль Віцебшчыны, што ёй рабіць далей?”

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўсе работнікі прадпрыемстваў АПК у Віцебскай вобласці, ад радавых супрацоўнікаў да кіраўнікоў, павінны працаваць з максімальным напружаннем. “Папярэдзьце іх, што калі дзяржава зробіць адпаведныя крокі ім насустрач, то ім давядзецца працаваць з раніцы да ночы, каб не толькі вярнуць даўгі, якія ў іх назбіраліся, але і вывесці свае прадпрыемствы на бясстратную работу”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Разам з тым, арыентуючы людзей на інтэнсіўную работу, неабходна ў безумоўным парадку забяспечыць ім дастойную заработную плату. “Людзей, вядома, трэба прымусіць працаваць у Віцебскай вобласці, як і ў іншых абласцях, — тых, хто яшчэ не зразумеў, што трэба напружвацца і працаваць. Але не трэба забываць, што, калі вы напружваеце людзей, вы ім своечасова павінны плаціць нармальную заработную плату, — падкрэсліў беларускі лідар. — Як гэтая праблема вырашаецца ў вашых планах? Чым разлічваеце не толькі ўтрымаць людзей у вёсцы, але і прыцягваць новых, высакакласных, спецыялістаў?”

Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт на тым, што чакае ад удзельнікаў нарады сістэмнага погляду на пытанне, якое абмяркоўваецца. “Наколькі эфектыўныя меры, што прапануюцца? Ці здольны яны рэальна палепшыць сітуацыю і зрабіць работу аграпрамысловага комплексу Віцебскай вобласці ўстойлівай? А галоўнае — ці атрымалася ва ўрада і Віцебскага аблвыканкама выпраца­ваць універсальныя меры, якія можна прымяняць у іншых рэгіёнах краіны? — абазначыў кола пытанняў кіраўнік дзяржавы. — Калі мы пойдзем на абнаўленне арганізацыйнай сферы АПК вобласці, то дзе возьмем спецыя­лістаў? Ці ёсць яны ў вас?”

Аляксандр Лукашэнка нацэліў кіраўніцтва Віцебскай вобласці на навядзенне ў рэгіёне жорсткай тэхналагічнай дыктатуры і дысцыпліны.

Прэзідэнт папярэдзіў, што не трэба разлічваць толькі на фінансавую падтрымку прадпрыемстваў з боку дзяржавы. Нават пры яе наяўнасці не ўдасца вырашыць многія праблемы, калі не навесці парадак і дысцыпліну.

“Прывядзіце ў парадак тое, што ёсць: базу, машынныя двары, комплексы, збожжатакі, фермы. Прымусьце людзей своечасова прыходзіць і ісці з работы і выконваць свае функцыянальныя абавязкі”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У якасці прыкладу ён прывёў сітуацыю з падзяжом жывёлы. Асноўная адказнасць за гібель жывёл — на работніках прадпрыемстваў. “Гэта нікуды не варта, што мы 92 тысячы галоў жывёлы загубілі ў цэлым па краіне!” — сказаў прэзідэнт.

“Сёння павінна быць самая жорсткая тэхналагічная дыктатура і дысцыпліна, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — У гэтым годзе подзвігі будзем здзяйсняць з тымі людзьмі, якія ў нас ёсць, і на той базе, якая ў нас створана ў Віцебскай вобласці”.

Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што калі кожны на сваім месцы будзе адказна працаваць і клапаціцца пра эфектыўнасць свайго прадпрыемства, то і ў цэлым сітуацыя ў краіне будзе паспяховай. “Я хачу, каб вы зразумелі: уся вертыкаль улады, якая прысутнічае тут, — ад прэзідэнта да старшынь райвыканкамаў Віцебшчыны — іншага не дадзена, — адзначыў ён. — Калі вы думаеце, што ў нас ёсць вялікія грошы, якія мы будзем выкідаць на Віцебскую вобласць, — не. Сёння, мужыкі, сітуацыя ўжо не тая. Дваццаць гадоў назад, вы памятаеце, было па-іншаму: есці не было чаго, тады літр малака быў за шчасце. Цяпер малака, мяса — няма куды дзяваць у цэлым па краіне. І ніхто на вас маліцца не будзе”.

На нарадзе прэм’ер-міністр Сяргей Румас паведаміў,  што ў аграпрамысловага комплексу вобласці даўгоў на Br3 млрд. Спецыялісты прапрацоўвалі розныя варыянты, што рабіць з гэтай запазычанасцю, але да адзінага рашэння пакуль не прыйшлі. Патрабаванне прэзідэнта адно: так ці інакш грошы павінны быць вернуты.

“Пры ўсёй макраэканамічнай стабільнасці ў нас праблем хапае ў эканоміцы, таму трэба зыходзіць з гэтага, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Або пакідайце гэтыя даўгі ў калгасах і саўгасах (мы іх адтэрмінуем, і банкі бу­дуць на іх у перыяд адтэрміноўкі нармальна глядзець, а не каэфіцыенты лічыць), або мы перададзім гэтыя даўгі галаўному прадпрыемству, або акумулюем у агенцтве (сярод прапаноў — стварыць арганізацыю па кіраванні даўгамі. — Заўв. БелТА.)”.

Кіраўніку дзяржавы было прапанавана правесці “тэхнічную расчыстку” балансаў прадпрыемстваў, каб у іх на балансах не лічылася даўгоў. Гэта дасць магчымасць аўтаматычна палепшыць каэфіцыенты плацежаздольнасці прадпрыем­стваў, яны стануць больш прывабнымі пазычальнікамі.

“Прапрацоўвайце пытанне (калі гэта магчыма) у агенцтва сканцэнтраваць даўгі, — сказаў прэзідэнт. — Але абавязкова яны (прадпрыемствы. — Заўв. БелТА.) хоць па цэнце, па рублі павінны плаціць. Няхай гэты год мы ім скажам: давайце паглядзім, як будзеце працаваць, чапаць не будзем. З 1 студзеня будучага года яны хоць рубель павінны плаціць, яны павінны ведаць, што па даўгах трэба разлічвацца, ніякага спісання!”

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што цяпер Беларусь страчвае вялікія грошы на фоне падатковага манеўру ў Расіі, таму вельмі важна шукаць рэзервы па ўсіх напрамках. “Пытанне ў выратаванні вобласці і вяскоўцаў. А каб іх выратаваць, іх трэба там аб’яднаць і прымусіць працаваць. І заплаціць ім грошы. І сказаць, што малако і мяса ў гэтым годзе кроў з носа вы павінны на галаўное прадпрыемства паставіць. Ці не? Вайна ідзе, а вы балбатнёй займаецеся”, — раскрытыкаваў стан спраў кіраўнік дзяржавы.

Забеспячэнне людзей жыллём кіраўнік дзяржавы назваў найважнейшым пытаннем. На яго думку, трэба вярнуцца да практыкі будаўніцтва дамоў у аграгарадках. “У вас усюды ёсць аграгарадкі. У гэтых аграгарадках для кожнага спецыяліста — для пачатку галоўнага — павінен быць пабудаваны дом”, — падкрэсліў прэзідэнт.

Будаўніцтвам такога жылля мог бы заняцца філіял Шклоўскага завода газетнай паперы “Домабудаванне”, лічыць Аляксандр Лукашэнка. “Вось тут мы плячо падставім. Але гэта павінна быць жыллё па месцы — у аграгарадку”, — падкрэсліў ён.

У якасці іншых мер падтрымкі маладых аграрыяў таксама прапаноўвалася замяніць ім тэрміновую ваенную службу на службу ў рэзерве.

“Чаго яго ў армію цягнуць? Мы больш страцім, — пагадзіўся прэзідэнт. — Няхай яны пяць або дзесяць гадоў, можа, два гады па два месяцы адлучаюцца на ваенную падрыхтоўку, але мы іх павінны навучыць, каб яны хаця б у тэрытарыяльнай абароне маглі служыць”.

Адпаведных прапаноў, як павінна арганізоўвацца работа ў гэтым напрамку, Аляксандр Лукашэнка чакае ад Міністэрства абароны і Дзяржсакратарыята Савета бяспекі. Такая падтрымка для маладых спецыялістаў таксама будзе пэўнай ільготай, заўважыў кіраўнік дзяржавы. “Але прайсці гэтую суровую школу жыцця трэба ўсім, — падкрэсліў ён. — Дамовіліся. Прапрацуем гэтае пытанне. Нам трэба знайсці аптымальны варыянт”.

Акрамя таго, размова ішла аб фінансавым стымуляванні маладых спецыялістаў. Прэзідэнт падкрэсліў, што зарплата ў гэтай сферы павінна быць дастойнай, аднак, паводле яго слоў, рэспубліканскі і абласны бюджэты не трэба перагружаць стварэннем новых фондаў падтрымкі, як гэта прапаноўвалася.

“Мужыкі, я вас вельмі прашу: зразумейце сур’ёзнасць моманту. Грошай лішніх няма. Ідзе барацьба не на жыццё, а на смерць. Або мы патонем, або застанёмся на плаву. Але ў нас ёсць усё для таго, каб нармальна плыць і не патануць. Мы павінны гэта вытрымаць, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Усё залежыць ад вас там, на месцах. Калі Віцебская вобласць выплыве, то Магілёўская і Гомельская дакладна не па­мруць. Мінскай — бог наканаваў (развівацца. — Заўв. БелТА.), астатнія больш ці менш працуюць”.

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што цяпер Віцебскую вобласць “трэба разварушыць”. Указ, які павінен пасадзейнічаць развіццю яе аграпрамысловага комплексу, прэзідэнт даручыў дапрацаваць у найбліжэйшыя пару тыдняў.