Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Пытанне статусу педагагічнага работніка набыло не проста грамадскае гучанне, а палітычнае”

- 11:00Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Калі ў беларускіх настаўнікаў не будзе дастойнага статусу і зарплаты, дзяржава страціць лепшыя педагагічныя кадры. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, заслухоўваючы даклад аб ходзе прыёмнай кампаніі і падрыхтоўцы сістэмы адукацыі да новага 2016/2017 навучальнага года.

“Пытанне статусу педагагічнага работніка, скажу дакладней — настаўніка, перш за ўсё сярэдняй школы, ужо набыло не проста грамадскае гучанне, а палітычнае. Па многіх прычынах. На настаўніку заўсёды ляжала цяжкая місія, і ніколі багатымі настаўнікі не былі. Не зусім багатыя яны і сёння. Але нагрузку на іх, у тым ліку палітычную, мы ўскладваем вялікую, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Вазьміце парламенцкія выбары, нядаўнія прэзідэнцкія выбары: хто складаў аснову палітычнага ядра, якое праводзіла галоўную палітычную кампанію? Настаўнікі, урачы, дзяржаўныя служачыя. І сёння гэтыя катэгорыі грамадзян, якія забяспечваюць стабільнасць у нашай дзяржаве, неабгрунтавана, напэўна, пакрыўджаны. Але перш за ўсё — настаўнік”.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што далёкі ад папулізму “проста павысіць зарплату настаўнікам — і кропка”. “Я не хачу так ставіць пытанне. Я хачу сказаць па-іншаму: сітуацыя з матэрыяльным забеспячэннем настаўніцтва далей нецярпіма, таму давайце настаўніка нагрузім настолькі, наколькі ён павінен быць загружаны, але будзем плаціць належную зарплату. Мы настаўніка не страцім: настаўнікі былі і заўсёды будуць. Але мы вымываем самыя моцныя кадры з сістэмы нашай адукацыі, перш за ўсё школы. Мы страчваем самых лепшых настаўнікаў”, — дадаў прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што мы часта задаёмся пытаннем, чаму жанчын больш за ўсё сярод настаўнікаў. “Здаўна мужчына — карміцель. І што, калі ён настаўнік, ён пракорміць сям’ю на гэтую зарплату? Таму жанчына застаецца, а мужчыны ідуць шукаць больш аплатную работу. Такім чынам мы страчваем мужчынскую частку нашага настаўніцтва. Гэта не зусім добра”, — упэўнены беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка рэзюмаваў, што статус настаўніка трэба павышаць. “Перш за ўсё ён залежыць ад самога настаўніка, таму давайце загружаць настаўніка такім чынам, каб сапраўды яго статус быў высокі. Каб у вёсцы і ў горадзе, асабліва ў вёсцы, настаўнік быў галоўнай дзеючай асобай, — звярнуў увагу прэзідэнт. — З іншага боку, і дзяржава павінна падставіць сваё плячо. Гэта дрэнна, калі ўжо сёння настаўнік у добрых сярэдніх гаспадарках мае палову зарплаты механізатара, даяркі. Гэта ненармальна, таму гэтае пытанне карэннае, цэнтральнае. Як бы мы ад яго ні адыходзілі, як бы мы сябе ні заспакойвалі, што настаўнікі не ставяць перад намі нейкіх матэрыяльных пытанняў, мы дакладна павінны разумець, што для кожнага чалавека гэта важны момант, а для настаўнікаў — архіважны, паколькі іх сярэдняя заработная плата ніжэйшая, чым па краіне”.

Асобна спыніўся прэзідэнт на пытанні рэфармавання адукацыйнай галіны.

“Хопіць гэтых рэформ у адукацыі — трэба ўдасканальваць тое, што ёсць. Трэба даць нармальныя падручнікі, перш за ўсё падручнікі гісторыі ў школы, каб дзеці разумелі, што адбывалася ўчора ў нашай краіне. Погляд у мінулае — гэта погляд у будучыню. Не мне вас вучыць. А мы пачынаем займацца не тымі пытаннямі, якія сёння надзённыя, злабадзённыя для нашай сістэмы адукацыі”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што рэформы проста разбураць старую нармальную сістэму адукацыі, а на яе месцы нічога не з’явіцца. “Нас ужо заходнікі папярэджваюць:

“Вы адзіныя ў былым сацыялістычным лагеры, не кажучы аб Савецкім Саюзе, засталіся, хто не разбурыў сістэму адукацыі, і яна дае вам эфект, не паламайце яе”. Асабліва нас папярэджваюць нашы заходнія суседзі — усходне-еўрапейскія дзяржавы, якія мелі такую сістэму адукацыі”, — падкрэсліў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама напярэдадні пачатку новага навучальнага года паўтарыў сваё патрабаванне: усе дзеці павінны вучыцца ў школах у роўных умовах. “Не галоўнае пытанне, бягучае пытанне, але яно вельмі важнае, — гэта школа. Заўтра дзеці пойдуць у школу. Маё патрабаванне адно — яно ідзе ад грамадства: усе дзеці павінны быць у роўных умовах і павінны пайсці ў школу аднолькава. Яны павінны быць апрануты, як усе. Ёсць бяднейшыя слаі насельніцтва, ёсць сярэднія, багатыя і гэтак далей, але дзеці ў гэтым не вінаватыя. Яны павінны быць апрануты і падрыхтаваны: партфелі, рукзакі і іншае, што неабходна, ад пластыліну і алоўкаў да адзення, — усё павінна быць аднолькава. Дзе браць грошы, я ўжо дзесяць разоў аб гэтым гаварыў у папярэднія гады”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы асобна падкрэсліў, што не будзе сёння заслухоўваць падрабязныя справаздачы аб тым, як завяршыўся набор абітурыентаў у ВНУ, як школы гатовы да новага навучальнага года. “Мы гэта ўсё роўна абмяркуем у найбліжэйшы час на асобнай нарадзе”, — адзначыў беларускі лідар і дадаў, што на ёй прымуць рашэнне па праблемах, якія сёння існуюць у сістэме адукацыі, ад школы да паслядыпломнай адукацыі.

“Сёння задача адна: мы павінны акрэсліць гэтыя праблемы і да нарады падрыхтаваць рашэнне або прыняць рашэнне па гэтых праблемах. Вось гэта мяне больш за ўсё хвалюе”, — звярнуў увагу прэзідэнт.

Як патлумачыў журналістам пасля даклада Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў, укараненне базавых падручнікаў знізіць нагрузку на школьнікаў. “Базавы падручнік, базавыя веды маюць на мэце разгрузіць нашых вучняў у школе. Мы іх будзем укараняць паэтапна. Нельга фарсіраваць, таму што падрыхтоўка падручнікаў, вучэбных дапаможнікаў — гэта вельмі сур’ёзная справа, пытанне, якое не патрабуе спешкі”, — адзначыў Міхаіл Жураўкоў.

Міністр расказаў, што ў час даклада кіраўніку дзяржавы прадэманстравалі першыя базавыя падручнікі па гісторыі Беларусі і сусветнай гісторыі. “Гэта падручнікі, якія падрыхтаваны ў адпаведнасці з нашай новай канцэпцыяй. Да іх ёсць дадатковыя матэрыялы, якія можна знайсці на партале Нацыянальнага інстытута адукацыі, у хрэстаматыі. Ёсць у падручніку і інфармацыя аб турыстычных паходах, паездках, звязаных з вывучэннем той ці іншай тэматыкі”, — растлумачыў міністр.

Паводле слоў Міхаіла Жураўкова, базавыя падручнікі і новыя хрэстаматыі будуць гатовы да 2019 года.
Было ўзнята ў час даклада прэзідэнту і пытанне аб закрыцці школ. Міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў далажыў, што ў бягучым годзе ў рамках аптымізацыі закрыта 65 школ і рэарганізавана яшчэ 83.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што закрыццё школ — гэта не толькі матэрыяльна-тэхнічнае пытанне, але і ідэалагічнае, паколькі, фактычна, школа — гэта цэнтр вёскі, а пасля закрыцця навучальнай установы населены пункт пакідае і жыццё.

Паводле слоў прэзідэнта, ад гэтага працэсу нікуды не дзецца, аднак падыходзіць да яго неабходна вельмі асцярожна і выверана. Кіраўнік дзяржавы даручыў яшчэ раз вывучыць гэтае пытанне, праверыць, наколькі правільна былі прыняты рашэнні аб закрыцці школ і як будзе арганізавана навучанне дзяцей, пераведзеных у іншыя ўстановы.

На дакладзе ў прэзідэнта гучалі розныя меркаванні аб профільных класах у школах. Аднак было прынята рашэнне, што такую практыку трэба падтрымліваць. Паглыбленае вывучэнне прадметаў у школах дасць магчымасць сем’ям сэканоміць на рэпетытарах. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы запатрабаваў, каб профілі ствараліся ў залежнасці ад інтарэсу вучняў да прадмета, а не для таго, каб аб’яднаць моцных дзяцей у адным класе, а больш слабых вучняў пакінуць у іншым.

Намеснік прэм’ер-міністра Наталля Качанава, размаўляючы пасля даклада з журналістамі, адзначыла, што абітурыенты, якія вучыліся ў профільных класах, на цэнтралізаваным тэсціраванні паказваюць вынікі не горшыя, чым у ліцэістаў і гімназістаў. “Сёння не толькі ліцэі і гімназіі, але і профільныя класы даюць магчымасць атрымаць даволі высокі ўзровень ведаў, не звяртаючыся да паслуг рэпетытараў”, — сказала яна.

Намеснік прэм’ер-міністра таксама падкрэсліла: “Ужо сёння хацелася б адзначыць, што вельмі нядрэнна прайшло цэнтралізаванае тэсціраванне. Арганізавана ўсё было даволі паспяхова, а дзеці паказалі ў гэтым годзе больш высокую якасць ведаў: 330 тэстаў былі напісаны на 100 балаў, тры абітурыенты атрымалі найвышэйшыя балы па ўсіх трох тэстах, 15 абітурыентаў атрымалі па 100 балаў па двух тэстах. А ў цэлым веды даволі нядрэнныя”.

Паводле папярэдніх даных, у беларускія ВНУ ўжо залічана 55,5 тысячы абітурыентаў, у тым ліку на бюджэт — 27,2 тысячы чалавек, на ўмовах аплаты — 28,3 тысячы.

На ўмовах мэтавай падрыхтоўкі ў ВНУ прынята больш як 2,2 тысячы абітурыентаў, прычым у асноўным на сельскагаспадарчыя і медыцынскія спецыяльнасці.

Міністр адукацыі таксама закрануў у размове з прэсай і пытанні эксперымента па апрабацыі галіновай сістэмы аплаты працы педагагічных работнікаў і адзначыў, што да ўдзелу ў эксперыменце ў хуткім часе далучацца новыя рэгіёны.

“Мы пашыраем эксперымент па галіновай сістэме аплаты працы, ён у гэтым годзе будзе распаўсюджаны ўжо на цэлыя рэгіёны і нават вобласць”, — сказаў Міхаіл Жураўкоў. Паводле яго слоў, гэтая навацыя паказала сваю эфектыўнасць. “Тыя школы, якія ўжо некалькі гадоў у эксперыменце, не хочуць вяртацца на старую сістэму аплаты”, — адзначыў міністр.

Ён пакуль не назваў, якая менавіта вобласць прыме ўдзел у эксперыменце. Вядома, што на гэта прэтэндуюць дзве адміністрацыйныя адзінкі.

Міхаіл Жураўкоў растлумачыў, што эксперымент прадугледжвае дыферэнцыраванне аплаты працы ў залежнасці ад нагрузкі педагога. Улічваецца не толькі колькасць вучэбных гадзін, але і наяўнасць у настаўніка гурткоў, факультатываў, аб’ём пазакласнай работы, удзел у падрыхтоўцы школьнікаў да алімпіяд і спаборніцтваў.