Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Сацыяльная справядлівасць з’яўляецца не толькі залогам даверу насельніцтва да правасуддзя, але і найважнейшым складнікам ідэалогіі беларускай дзяржавы”

- 10:28Інфармацыйная гадзіна

Асноўны крытэрый, якім кіруюцца людзі пры ацэнцы работы судоў, — сацыяльная справядлівасць. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў новым будынку Вярхоўнага суда на нарадзе па пытаннях удасканалення дзейнасці судоў агульнай юрысдыкцыі.

“Язаўсёды гавару: людзі, людзі, людзі. Не для нейкага папулізму — мне ён не патрэбны. Мы сапраўды працуем для людзей. Калі мы гаворым, што дзяржава для народа, трэба рэалізоўваць гэтую формулу. І са­цыяльная справядлівасць з’яўляецца не толькі залогам даверу насельніцтва да правасуддзя, але і найважнейшым складнікам ідэалогіі беларускай дзяржавы. Запатрабаванне на гэтую справядлівасць каласальнае. Не толькі ў славянскіх дзяржавах, але і ва ўсім свеце”, — падкрэсліў беларускі лідар.

“Грамадзяне павінны быць упэўнены, што ў судзе знойдуць абарону сваіх правоў і законных інтарэсаў. Гэта значыць іх праблему пачуюць, унік­нуць у жыццёвую сітуацыю, прымуць аргументаванае і ўзважанае рашэнне. І вельмі важна, каб чалавеку было зразумела, чаму суд вынес менавіта такое рашэнне, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Людзі, якія прыйшлі ў суд, павінны верыць у яго здоль­насць устанавіць ісціну. Тады ім не давя­дзецца ў пошуку праўды звяртацца да прэзідэнта”.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што суддзям трэба быць свабоднымі пры прыняцці рашэнняў: не баяцца пракурораў, не залежаць ад меркавання следчых, не аглядацца на мясцовую ўладу, а кіравацца толькі законам. Пры гэтым ён адзначыў, што яго асабіста ніхто не можа папракнуць у тым, што ён у тых ці іншых выпадках націскаў на суддзяў, нават маючы пэўныя рычагі і паўнамоцтвы. “Галоўная мая функцыя — наадварот — засцерагчы вас пры прыняцці судовых рашэнняў ад усякага націску. Ведаю, што такое бывае. Тыя, хто ў гэтым напрамку працуе, ведаюць маю рэакцыю”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама адзначыў, што адно з паўнамоцтваў прэзідэнта — назначэнне і вызваленне суддзяў ад пасад. Больш за тое, ніколі без ведама кіраўніка дзяржавы праваахоўныя органы не да­звалялі сабе затрымаць суддзю або праводзіць у адносінах да яго аператыўна-тэхнічныя мерапрыемствы. “Суддзі раённага суда гэта або Вярхоўнага. Ніколі гэтага не было і не будзе. Але шмат выпадкаў, калі прэзідэнту паступаюць пэўныя скаргі. У тым ліку і праваахоўныя органы мяне аб гэтым інфармуюць. І калі я бачу, што там сапраўды трэба разабрацца па сутнасці, як я часта гавару, памнажайце на два (размова аб адказнасці за правапарушэнні. — Заўв. БелТА.). Недапушчальна суддзям парушаць закон, на варце якога вы стаіце”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

“У цэнтры вашай увагі заўсёды павінен быць чалавек. Некаму трэба пераасэнсаваць бачанне сваёй прафесіі, быць больш уважлівым да лю­дзей. А часам і ставіць сябе на месца гэтых людзей. Толькі такі суд будзе па-сапраўднаму аўтарытэтным і справядлівым, — дадаў беларускі лідар. — Усё ў законе не прапішаш. На тое і да­дзена суддзю галава і яго вопыт, яго сумлен­насць, прыстойнасць і прынцыповасць”.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што пры рэфармаванні судовай сістэмы Вярхоўнаму суду былі прадстаўлены паўнамоцтвы па арганізацыйным, кадравым і матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні судоў. Ён кіруе ўсімі працэсамі іх жыццядзейнасці. “Думаю, што ні ў адной краіне такога няма. Такое рашэнне я прыняў таму, што судовая сістэма сапраўды павінна быць незалежнай, не трэба яе прывязваць да нейкага асінавага слупа, каб, не дай бой, не адарвалася. Мне гэта не трэба”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

“Вышэйшая судовая інстанцыя абавязана дзейнічаць стратэгічна, працаваць на апярэджанне і, самае галоўнае, быць ініцыятыўнай. Для нас гэта вельмі важна”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Ён арыентаваў судзейскі корпус на тое, каб ён адсочваў у грамадстве працэсы, што адбываюцца, асабліва па слядах сваіх рашэнняў, і адзначаў тое, што мае патрэбу ў дапрацоўцы.

“Прыярытэтнай для Вярхоўнага суда павінна стаць і аналітычная работа. Неабходна на поўную сілу задзейнічаць магутны інтэлектуальны патэнцыял, які суд мае”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэн­ка.

Аляксандр Лукашэнка выказаў пажаданне, каб у новым Палацы правасуддзя рэгулярна прахо­дзілі мерапрыемствы з удзелам прадстаўнікоў як судзейскага корпуса, так і іншых органаў дзяржкіравання. Менавіта для такіх нарад, канферэнцый, круглых сталоў і задумваўся гэты маштабны будынак.

Прэзідэнт арыентаваў кіраўніцтва Вярхоўнага суда на тое, каб прааналізаваць, што яшчэ засталося нявыкананым у ходзе рэфармавання судовай сістэмы. Кіраўнік дзяржавы пералічыў некаторыя з такіх прабелаў: “Ведаю, што слаба выкарыстоўваецца медыяцыя — магчымасць прымірэння бакоў да прыняцця рашэння па спрэчцы. А гэта важна: менш работы было б і валакіты. Не запатрабаваны інстытут трацейскага суда. Давайце, нарэшце, паспрабуем”. Акрамя таго, на думку Аляксандра Лукашэн­кі, у Беларусі павінен быць агульнада­ступны электронны банк судовых рашэнняў.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што сучасныя рэаліі патрабуюць паскорыць работу па інфарматызацыі судовай сістэмы.

“Выкарыстанне IT-тэхналогій у вашай дзейнасці дасць магчымасць рацыянальна патанніць судаводства, скараціць судовыя расходы. Суды маюць неабходнае аснашчэнне для фіксацыі судовага працэсу”, — сказаў кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да ўдзельнікаў нарады.

Прэзідэнт пацікавіўся, як судзейскі корпус мае намер карыстацца найноўшымі тэхналогіямі і што цяпер перашкаджае ім адмовіцца ад папяровых пратаколаў судовых пасяджэнняў. Кіраўнік дзяржавы перакананы, што пара пачаць ужо фарміраванне электронных спраў: “Да 1 верасня 2020 года мы павінны ажыццявіць лічбавізацыю, як гэта модна ў нас гаварыць, на падставе найноўшых дасягненняў IT. Усе пасяджэнні Вярхоўнага суда павінны ісці без паперак. Калі толькі ў асобных выпадках каму-небудзь патрэбны гэты канспект”.

Што тычыцца ўсіх астатніх судоў, то Аляксандр Лукашэнка даручыў кіраўніку Адміністрацыі прэзідэнта вывучыць магчымасць ажыццяўлення поўнай лічбавізацыі судоў па ўсёй краіне, аж да раённых, да названага тэрміну. Кіраўнік дзяржавы даручыў таксама прыцягнуць да гэтай работы Парк высокіх тэхналогій і Аператыўна-аналітычны цэнтр.

Разам з тым прэзідэнт папярэдзіў суддзяў аб павышанай адказнасці пры пераходзе на поўную аўдыя- і відэафіксацыю пасяджэнняў.

“Гэтыя навацыі істотна павышаюць адкры­тасць і празрыстасць правасуддзя. Укараненне электроннага судаводства ўлічваецца пры складанні міжнародных рэйтынгаў, якія вызначаюць узровень развіцця і інвестыцыйнай прывабнасці нашай дзяржавы”, — адзначыў прэзідэнт.

Судовая сістэма Беларусі павінна адпавядаць лепшым стандартам правасуддзя, паставіў задачу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

“Задача Вярхоўнага суда зрабіць так, каб айчынная судовая сістэма адпавядала лепшым стандартам правасуддзя, карысталася аўтарытэтам у юрыдычнай грамадскасці як нашай краіны, так і за мяжой, — арыентаваў удзельнікаў нарады кіраўнік дзяржавы. — Такі падыход будзе ў значнай меры садзейнічаць развіццю інавацыйных тэхналогій, прыцягненню замежных інвестыцый, павышэнню канкурэнтаздольнасці эканомікі”.

Прэзідэнт выказаў перакананасць у тым, што Вярхоўны суд не павінен заставацца ў баку ад магістральных напрамкаў развіцця дзяржавы і грамадства. “Меры па стымуляванні прадпрымальніцкай актыўнасці і развіцці лічбавай эканомікі, якія прымаюцца, патрабуюць прававой абароны гэтых працэсаў з боку судовай улады”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.