Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Веру ў вас і шчыра жадаю, каб прафесійныя поспехі кожнага ўвайшлі ў гісторыю не толькі беларускай навукі, але і сусветнай”

- 10:55Актуально, Апошнія запісы

Беларусь зрабіла першы крок у пабудове інтэлектуальнай эканомікі. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на цырымоніі ўручэння дыпломаў акадэміка і члена-карэспандэнта НАН Беларусі, доктара навук і атэстатаў прафесара навуковым і навукова-педагагічным работнікам.

“Мінулы год быў вельмі важны для Беларусі. Ён паказаў, што наша краіна гатова зрабіць першы крок у пабудове інтэлектуальнай эканомікі, эканомікі будучыні. І мы яго зрабілі”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Ён нагадаў, што на II з’ездзе вучоных прыняты доўгатэрміновы стратэгічны дакумент — Праграма развіцця навукі да 2040 года. “Менавіта вам — вучоным — трэба будзе ажыццяўляць гэтыя ідэі. Вашы здольнасці, інтэлект заслужана прыцягваюць паслядоўнікаў, дазваляюць фарміраваць і развіваць навуковыя школы, планамерна рыхтаваць маладую змену. Не страцьце гэтае імкненне да навуковага пошуку і творчасці!” — даў наказ беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што дзяржавай нямала зроблена для развіцця айчыннай навукі. Былі пачуты і прапановы дзеячаў навуковай сферы. У краіне падрыхтаваны шэраг заканадаўчых актаў, накіраваных на павышэнне сацыяльнага статусу навуковых работнікаў і стварэнне спрыяльнага асяроддзя для інтэлектуальнай дзейнасці. “Лічу, што гэтыя рашэнні будуць добрым стымулам для актывізацыі навуковай дзейнасці, дадуць магчымасць больш поўна раскрыць таленты нашых вучоных і прыцягнуць моладзь у гэтую вельмі важную сферу”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Навуку прэзідэнт параўнаў з непрачытанай кнігай. “Кожнае новае вынаходства, паспяховы вопыт або адкрыццё прыводзяць да новых пытанняў, даюць новыя тэмы для работы, ставяць чарговыя задачы і выклікаюць велізарнае жаданне вырашаць іх”, — адзначыў ён.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што заслужанае прызнанне на гэтым шляху прыходзіць да таго, хто з’яўляецца не проста спецыялістам у сваёй галіне, а хто паспяхова праходзіць цяжкі і цярністы шлях вучобы і практыкі, абароны дысертацый, становіцца аўтарам калі не сенсацыі, то ўнікальнага даследавання, карыснага для краіны і людзей.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што асаблівы статус цяперашняму мерапрыемству надае той факт, што новыя званні былі атрыманы ў Год навукі, пад знакам якога ў Беларусі прайшоў 2017 год.

У Беларусі па праве ганарацца навуковай элітай, якую складаюць самыя разумныя і працавітыя спецыялісты, адзначыў прэзідэнт.

“Мы маем права чакаць ад вас адкрыццяў на мяжы немагчымага. У гэтым сэнс навукі. З гэтага моманту вы пачынаеце жыць у новай прафесійнай рэальнасці, а гэта значыць працаваць і заўсёды адпавядаць свайму высокаму званню, — сказаў прэзідэнт. — Яшчэ важней пакінуць пасля сябе след у выглядзе сваіх вучняў”.

Ён падкрэсліў, што вынікі працы вучоных павінны прымяняцца на практыцы, служыць на карысць людзей і краіны. “Вельмі веру ў вас і шчыра жадаю, каб прафесійныя поспехі кожнага ўвайшлі ў гісторыю не толькі беларускай навукі, але і сусветнай”, — пажадаў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што галоўнае багацце Беларусі — гэта людзі.

Прэзідэнт назваў адной з ключавых умоў паспяховага развіцця інавацыі ў прамысловай і аграрнай сферах стварэнне новых матэрыялаў і тэхналогій у машынабудаванні і электроніцы, хіміі і біялогіі, медыцыне і фармацэўтыцы — у тых галінах, якія вызначаюць узровень і якасць жыцця людзей.

Вялікая роля ў сучасным свеце таксама адводзіцца даследаванням у гуманітарнай сферы. “І тут перад вамі — педагогамі, гісторыкамі і сацыёлагамі — няпростая і важная задача. Сёння многія спрабуюць перапісаць гісторыю, ніяк не могуць уціхамірыцца. І вам неабходна дастойна адказаць на гэты выклік, пакінуць нашчадкам аб’ектыўнае ўяўленне аб нашым жыцці, аб той гісторыі, якая сапраўды была”, — падкрэсліў беларускі лідар.

На мерапрыемства былі запрошаны больш за 40 дзеячаў навуковай сферы, якія прадстаўляюць розныя галіны ведаў. Сярод іх шмат імён, вядомых не толькі ў Беларусі, але і за мяжой.

Фота Мікалая ПЯТРОВА, БелТА.