Беларусь разлічвае на развіццё палітычных і гандлёва-эканамічных адносін з В’етнамам. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на перагаворах з Прэзідэнтам В’етнама Чан Дай Куангам у вузкім складзе.
“Думаю, нам з вамі няма неабходнасці гаварыць аб тым, што аб’ядноўвае нашы народы. У нас з вамі вялікая гісторыя добрых узаемаадносін. Беларускі народ з даўніх часоў, асабліва ў цяжкія перыяды вашай гісторыі, быў заўсёды побач, — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы. — Кожны в’етнамец добра помніць мінулую вайну і тую цану, якую вы заплацілі за свабоду і незалежнасць. Помнім і ведаем аб гэтым і мы. Таму што мы былі тады побач з вамі на в’етнамскай зямлі. Ды і пасля гэтай бязлітаснай вайны мы ўсяляк стараліся дапамагчы сваім в’етнамскім братам у аднаўленні краіны, народнай гаспадаркі, у нармалізацыі жыцця”.
“Мы заўсёды былі і будзем прыхільныя да такіх адносін і такога курсу. Мы вельмі разлічваем на перспектыву нашых адносін, на гандаль паміж нашымі краінамі, палітычныя добрыя адносіны. Вы на нас заўсёды можаце разлічваць”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што ў час візіту чакаюцца не толькі перагаворы з в’етнамскім лідарам, але і сумесная сустрэча з прадпрымальнікамі, бізнесменамі, будуць абмеркаваны праекты, якія могуць быць рэалізаваны як у Беларусі, так і ў В’етнаме. “І мы зробім усё, каб рэалізаваць нашы дамоўленасці”, — дадаў кіраўнік дзяржавы.
Беларусь і В’етнам маюць добрую аснову для ўмацавання і пашырэння супрацоўніцтва, заявіў у сваю чаргу Прэзідэнт В’етнама Чан Дай Куанг у час перагавораў.
“Тое, што мы ўжо зрабілі, — аснова для ўмацавання і пашырэння нашых сувязей. Я гатовы з вамі абмяркоўваць усе меры для паглыблення супрацоўніцтва. Асаблівую ўвагу неабходна ўдзяліць развіццю гандлёва-эканамічных сувязей”, — сказаў Чан Дай Куанг.
Прэзідэнт В’етнама адзначыў, што ў Беларусі і В’етнама агульная шматгадовая гісторыя, якая напісана ў тым ліку крывёй. “Калі мы вялі вайну за незалежнасць, вы былі побач з намі. Мы за гэта вельмі ўдзячны і даражым гэтым”, — падкрэсліў ён.
В’етнамскі лідар дадаў, што рады наведваць з візітам прыгожую, гераічную і гасцінную Беларусь, і падзякаваў Аляксандру Лукашэнку ад імя ўсёй дэлегацыі за цёплы і брацкі прыём.
У час перагавораў у пашыраным складзе з Прэзідэнтам В’етнама Чан Дай Куангам Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што “Беларусь гатова не толькі нарошчваць пастаўкі на в’етнамскі рынак калійных угнаенняў, грузавой, аўтобуснай і кар’ернай тэхнікі, трактароў, іншай прамысловай і харчовай прадукцыі, але і павялічваць закупкі в’етнамскіх тавараў”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, Беларусь зацікаўлена ў імпарце морапрадуктаў, рыбы, рысу, чаю, кавы, спецый, трапічных фруктаў, каўчуку і іншых тавараў. У сваю чаргу кампаніі В’етнама могуць прыняць актыўны ўдзел у рэалізацыі розных праектаў у Беларусі, у тым ліку ў галіне сельскай гаспадаркі, прамысловасці, турызму.
“Важным у гэтым кантэксце ўяўляецца выкарыстанне пераваг зоны свабоднага гандлю паміж В’етнамам і Беларуссю як краінай — удзельніцай Еўразійскага эканамічнага саюза”, — адзначыў прэзідэнт.
Ён таксама канстатаваў з’яўленне новых магчымасцей для развіцця больш цеснай кааперацыі, у тым ліку праз стварэнне сумесных вытворчасцей, сэрвісных цэнтраў, удзел у перспектыўных інфраструктурных праектах. “Мы гатовы аказаць максімальнае садзейнічанне в’етнамскім партнёрам у рабоце на рынку Беларусі”, — заявіў беларускі лідар.
Гаворачы пра беларускую прысутнасць на рынку В’етнама, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў гэтым напрамку ўжо зроблены першыя крокі, якія заслугоўваюць увагі. “Да канца года ў В’етнаме плануецца стварыць сумесную вытворчасць грузавой тэхнікі МАЗ, а ў перспектыве — новую вытворчасць гарадскіх пасажырскіх аўтобусаў”, — сказаў прэзідэнт.
Ён таксама адзначыў, што далейшае ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва беларускага вытворцы кар’ернай тэхнікі БелАЗ з в’етнамскай карпарацыяй “Вінакомін” і іншымі кампаніямі надасць дадатковы імпульс развіццю здабыўнога сектара в’етнамскай эканомікі.
ААТ “МАЗ” праводзіць работу па стварэнні ў В’етнаме двух сумесных прадпрыемстваў па прамысловай зборцы грузавой (СП “МАЗ Азія”) і пасажырскай (СП “МАЗ Зеніт”) тэхнікі. СП “МАЗ Азія” вядзе будаўніцтва ўласнага завода па зборцы грузавой аўтатэхнікі ў правінцыі Хынг Ен на поўначы В’етнама, завяршыць якое плануецца ў IV квартале 2017 года. Аснову экспарту кар’ернай тэхнікі ААТ “БелАЗ” у В’етнам складаюць самазвалы грузападымальнасцю 45 т. Найбольш перспектыўным уяўляецца пачатак паставак у В’етнам самазвалаў грузападымальнасцю 130 т, зацікаўленасць у набыцці якіх пацверджана горназдабываючай карпарацыяй “Вінакомін”.
“Да ўдзелу ў інфраструктурных праектах па будаўніцтве метро, тунэляў, распрацоўцы нафтавых і горных нетраў В’етнама могуць быць прыцягнуты беларускія спецыялісты з розных нашых кампаній”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Ён адзначыў, што прадстаўніцтва кампаніі “Мінскметрапраект” ужо адкрыта і працуе ў В’етнаме. “Яно гатова ўзяцца за праекты любой складанасці. Чаму б нам не спраектаваць станцыі метро “Мінская” ў Ханоі і “Беларуская” ў Хашыміне?” — прапанаваў Прэзідэнт Беларусі.
В’етнам высока ацэньвае дружалюбныя адносіны і шматбаковае супрацоўніцтва з Беларуссю, заявіў у сваю чаргу Прэзідэнт В’етнама Чан Дай Куанг.
“Сёння я вельмі рады адзначыць, што адносіны паміж нашымі краінамі бесперапынна развіваюцца ва ўсіх галінах. В’етнам высока ацэньвае, умацоўвае і развівае традыцыйна дружалюбныя адносіны і шматбаковае супрацоўніцтва з Беларуссю, будуе аснову для вываду нашых адносін на новы ўзровень”, — сказаў Чан Дай Куанг.
Прэзідэнт В’етнама дадаў, што краіны рэгулярна абменьваюцца дэлегацыямі на высокім узроўні, што ўносіць вялікі ўклад у будаўніцтва даверлівых адносін і надае імпульс двухбаковаму супрацоўніцтву ва ўсіх галінах.
Чан Дай Куанг павіншаваў беларускі бок з надыходзячым Днём Незалежнасці. “Я ўпэўнены, што пад вашым кіраўніцтвам, спадар прэзідэнт, народ Беларусі будзе актыўна рухацца па выбраным шляху і дасягаць новых мэт у працэсе грамадска-эканамічнага развіцця”, — заявіў ён.
“Дружалюбныя адносіны беларускага і в’етнамскага народаў, якія зарадзіліся яшчэ ў часы Савецкага Саюза, ніколі не перапыняліся і ў выніку ўсебаковага і паступальнага развіцця выходзяць на якасна новы ўзровень. Мы не забылі крылаты выраз той эпохі аб адносінах з В’етнамам “вялікая адлегласць, але блізкія нашы сэрцы”. Ён і сёння як мага лепш характарызуе беларуска-в’етнамскае ўзаемадзеянне”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, Беларусь з цікавасцю назірае за сацыяльна-эканамічнымі поспехамі В’етнама. “Мы рады вашым дасягненням, асабліва за апошнія дзесяцігоддзі”, — сказаў прэзідэнт.
“На фоне эканамічнага росту бачым далейшае павышэнне жыццёвага ўзроўню насельніцтва, удасканаленне інфраструктуры, умацаванне вытворчага і інвестыцыйнага патэнцыялу вашай дзяржавы. Усё гэта стварае перадумовы для рэалізацыі сумесных знешнепалітычных і знешнеэканамічных ініцыятыў”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў узаемную зацікаўленасць у актывізацыі гандлёвых адносін па розных таварных групах, развіцці вытворчай кааперацыі, удзеле ў рэалізацыі інфраструктурных праектаў. “Паспяховы вопыт і добрыя перспектывы ў нас у ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве. Мы з вамі падрабязна абмеркавалі гэтую тэму толькі што на перагаворах”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Яшчэ больш зблізіць народы Беларусі і В’етнама, упэўнены прэзідэнт, можа супрацоўніцтва ў такіх галінах, як адукацыя, навука, спорт і культура.