Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Высокія дасягненні атлетаў шмат у чым вызначаюць прэстыж краіны”

- 10:30Інфармацыйная гадзіна

Алімпійскія перамогі аб’ядноўваюць нацыю, усяляюць пачуццё гонару за сваю краіну. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, адкрываючы Алімпійскі сход НАК Беларусі.

“Спорт — адзін з найважнейшых складнікаў у сацыяльна­палітычным уладкаванні сучаснага свету, і кожны сёння ў Беларусі, не толькі мы з вамі, разумее гэта. Алімпійскія перамогі аб’ядноўваюць нацыю, усяляюць пачуццё гонару за сваю краіну, адкрываюць новых герояў, адлюстроўваюць, у рэшце рэшт, узровень развіцця грамадства, навукі, медыцыны, эканомікі і дзяржавы ў цэлым”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

“Акрамя таго, спорт — гэта здароўе нацыі, выхаванне ў падрастаючага пакалення каштоўных асабістых якасцей, эфектыўная народная дыпламатыя. Высокія дасягненні атлетаў шмат у чым вызначаюць прэстыж краіны, вось чаму мы ўдзяляем развіццю гэтай сферы такую сур’ёзную ўвагу”, — растлумачыў ён.

Прэзідэнт адзначыў, што ў наступным го­дзе ўсёй спартыўнай галіне трэба будзе прайсці важны экзамен — Алімпіяду ў Токіа. “Самы час прааналізаваць падрыхтоўку да гэтага спартыўнага форуму і вызначыць, што яшчэ можна і трэба зрабіць, каб наша каманда апраўдала нарэшце чаканні мільёнаў беларусаў, каб мы з гордасцю глядзелі, як над алімпійскімі аб’ектамі сталіцы Японіі паднімаецца беларускі сцяг”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён нагадаў, што ў мінулым годзе адбыліся дзве вялікія нарады, на якіх быў падрабязна прааналізаваны стан спраў як у зімовых, так і ў летніх відах спорту, намечаны шляхі іх далейшага развіцця, дадзены даручэнні і адпрацаваны механізмы іх рэалізацыі. “Акрамя таго, у красавіку, напярэдадні ІІ Еўрапейскіх гульняў, мы правялі аналагічны мазгавы штурм, дэталёва разгледзеўшы гатоў­насць беларускай каманды да гэтай маштабнай падзеі, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Мы паспяхова арганізавалі свята еўрапейскага спорту. Аб гэтым і цяпер гавораць у Еўропе і ва ўсім свеце. Дзякуй усім, хто прымаў у гэтым удзел. Гульні ў Беларусі прагучалі на ўвесь свет, і нашы спартсмены ў родных сценах выступілі дастойна: па колькасці ўзнагарод занялі 2­е агульнакаманднае месца”.

Аднак, паводле пераканання прэзідэнта, падстаў для самазаспакаення такі поспех не дае і наперадзе сур’ёзная работа для падрыхтоўкі да Гульняў у Токіа. “Што там граху таіць: ІІ Гульні ёсць Гульні, але Алімпіяда — гэта космас у параўнанні з нашымі Гульнямі, і спартсмены там будуць іншыя”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

“Важна падвесці кожнага спартсмена да максімальнага выніку. Мэтанакіравана рыхтаваць да жорсткай барацьбы. Забяспечыць усім неабходным на заключным этапе падрыхтоўкі. Кожнага алімпійца ўзяць на індывідуальны кантроль: медыцынскі, псіхалагічны і гэтак далей”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што, як яму дакладваюць, цяпер 63 беларускія спарт­смены заваявалі права выступіць на Алімпіядзе ў Токіа, а плануецца больш за 100. “Але якая колькасць гэтых ліцэнзій трансфармуецца ў медальную якасць? Саперніцтва ва ўсіх відах каласальнае, — адзначыў беларускі лідар. — І чаму з кожнай Алімпіядай колькасць нашых алімпійскіх квот зніжаецца? У Пекіне — 177, у Лондане — 161, у Рыа­дэ­Жанэйра — 123. Такая ж сыходная крывая і ў колькасці заваяваных беларусамі медалёў?”

Прэзідэнт таксама пацікавіўся, у якіх умовах праходзіць падрыхтоўка членаў нацыянальных каманд у рэгіёнах, як працуе спартыўная вертыкаль на месцах. “Забяспечанасць дзіцячых спартыўных школ інвентаром, трэнерскімі кадрамі і падрыхтоўка рэзерву — гэта таксама ўклад у алімпійскія медалі”, — упэўнены кіраўнік дзяржавы.

“Безумоўна, у нас ёсць таленавітыя спартсмены і трэнеры, неабходная матэрыяльна­тэхнічная база. Важна толькі разумна і эфектыўна распарадзіцца сваімі магчымасцямі, — падкрэсліў прэзідэнт. — А ўрад, Мінспорту і НАК павінны ўзяць на строгі кантроль гэтыя пытанні. А вам, Наталля Іванаўна (кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава. — Заўвага БелТА.), трэба, каб яны прыходзілі і дакладвалі штомесяц аб тым, што адбываецца, і паклалі вам на стол спіс спартсменаў, якія прынясуць медалі. А вы спытаеце, што для іх зрабілі і для гэтых трэнераў і чаго не хапае. Толькі так. Інакш быць не можа”.

“Тады будуць і грошы, і кватэры, і слава, і медалі, і ордэны. Толькі вынік! За вынік бу­дзе адпаведная плата”, — дадаў прэзідэнт.

Ён заклікаў удзельнікаў мерапрыемства даць глыбокі аналіз стану спраў, абазначаць праблемы і ўносіць дакладныя і канкрэтныя прапановы: “Калі трэба, адразу тут прымем неабходныя рашэнні на ўзроўні кіраўніка дзяржавы. Чакаю прадметнай размовы, без непатрэбных самасправаздач і папулізму”.

“У Японіі трэба паказаць максімальны вынік. Гэта нават не пытанне аддачы за ўкладзеныя ў вашу падрыхтоўку намаганні і сродкі, гэта перш за ўсё пытанне адказнасці перад краінай, перад народам, які верыць у сваіх спартсменаў і чакае гучных перамог. Вось аб чым вы павінны памятаць, выхо­дзячы на алімпійскія арэны. Гэта мой галоўны пасыл алімпійцам і ўсім вам”, — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што спартыўныя аб’екты нясуць вялікую сацыяльную нагрузку, паколькі атлеты там трэніруюцца бясплатна, за дзяржаўны кошт. Часта ўтрымліваць такія аб’екты затратна. Прэзідэнт лічыць, што неабходна прыняць меры, каб зрабіць спартыўныя пляцоўкі акупнымі. “Вялікіх грошай тут не заробіш, але акупляцца яны павінны, асабліва ў такіх відах, як тэніс”, — перакананы ён.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, паспяховым спартсменам, якія дабіліся вышынь і зарабілі грошай, таксама трэба ўносіць уклад у развіццё беларускага спорту і дапамагаць іншым атлетам. Напрыклад, куп­ляць інвентар — тыя ж ракеткі ў Палац тэніса. “Калі чалавек выходзіць на высокі ўзровень, ён павінен неяк удзельнічаць у далейшым развіцці спорту ў краіне. Такіх відаў дастаткова: і футбалісты, і хакеісты, якія пакуль толькі грошы атрымліваюць, а краіну няславяць”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт на сходзе звярнуў увагу ўсяго кіраўніцтва алімпійскага камітэта на тое, што “ўласнасць НАК — гэта святое”. За стан спартыўных аб’ектаў адказвае і міністр спорту, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. “Задача нумар адзін міністру — свята берагчы дзяржаўную ўласнасць, якая перадаецца ў распараджэнне спартсменаў, дзе яны могуць трэніравацца і паказваць высокія вынікі. Аб гэтым я яго папярэдзіў ужо. Тое ж самае і ў НАКу павінна быць”, — падкрэсліў ён.

“Дзяржавай зроблена нямала для спорту вышэйшых дасягненняў. Нашым трэніровачным базам, арэнам, умовам падрыхтоўкі зайздросцяць многія краіны”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

У бягучым годзе ўведзены ў эксплуатацыю новы будынак Рэспубліканскага навукова­практычнага цэнтра спорту. “Вы так перажывалі, што ён вам патрэбны. Ён абсталяваны ўсім неабходным для навукова­медыцынскага суправаджэння трэніровачнага працэсу. Усё, што прасілі, зрабілі. Можа, нечага не хапае. Калі ласка, скажыце. І як гэта (увядзенне новага будынка РНПЦ. — Заўвага БелТА.) паўплывала на якасць падрыхтоўкі, аднаўлення і рэабілітацыі атлетаў?” — спытаў прэзідэнт.

“Паглядзіце, хто там працуе. Трэба гэтым заняцца. Каб там былі спецыялісты, якія працавалі б на спартсменаў”, — заўважыў беларускі лідар.

Прэзідэнт закрануў і допінгавую тэму. “Насцярожваюць апошнія факты: Марына Арзамасава (бег на 800 м. — Заўвага БелТА.), Дзмітрый Набокаў (скачкі ў вышыню. — Заўвага БелТА.), Кірыл Грышчанка (барацьба грэка­рымская. — Заўвага БелТА.). Чакаю шчырай размовы. Гэтыя праблемы тычацца непасрэдна іміджу краіны”.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў Беларусі прыняты комплекс мер, накіраваных на ўзмацненне барацьбы з допінгам, аж да крымінальнай адказнасці за схіленне спартсмена да выкарыстання забароненых сродкаў.

“А што бывае з тымі, хто пускае гэтыя працэсы на самацёк, вы добра ведаеце. У тым ліку на прыкладзе нашых цяжкаатлетаў, якім у выніку пасля ўсіх разборак пакінулі ўсяго толькі дзве алімпійскія ліцэнзіі. Вельмі шкада, калі нашы цяжкаатлеты (трэба аддаць ім належнае) у апошнія пару гадоў выйшлі на прыстойны ўзровень. Паказалі сапраўдную барацьбу і характар”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

“Вы таксама бачыце, што адбываецца вакол расійскага спорту. Над нашымі сусе­дзямі зноў навісла пагроза зусім не трапіць на Алімпійскія гульні пад сваім сцягам. Могуць паставіць пад санкцыі ўсю краіну, не звяртаючы ўвагі на чыстых і сумленных атлетаў”, — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што такой увагі да спорту, як у Беларусі, няма нідзе. Гэтымі пытаннямі займаюцца на розных узроўнях: і ў федэрацыях, і ва ўрадзе. І праблем у беларускім спорце, лічыць прэзідэнт, дзве — неарганізаванасць і безадказнасць.

“Я не разумею, якія яшчэ разборкі патрэбны? Кіраўнік адміністрацыі — чалавек, які заўсёды адгукнецца на любую дробязь. Віцэ­прэм’ер ведае аб сваёй адказнасці. Я не ўяўляю, што яшчэ трэба арганізацыйна зрабіць і якая яшчэ патрэбна вам падтрымка, я проста не разумею”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

У той жа час Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі ёсць таленавітыя спартсмены і трэнеры. На яго думку, пара ўжо дзейнічаць і сур’ёзна рыхтаваць каманды, а не разлічваць на нейкія перспектывы, пра якія гавораць многія гады. “У хакеі не можаце вы рукамі добра клюшку трымаць, абыгрываць — бегайце. Два разы абяжыце канадца, амерыканца або расіяніна — не давайце яму гуляць, вяжыце яго. Але не вяжуць жа”, — заўважыў прэзідэнт.

“Усе мы нясём адказнасць. Але помніце адно: народ не хоча нікога бачыць і ведаць. Добра, дрэнна — “ай, гэта прэзідэнт”. Таму я і гавару: будзе вынік — бу­дзем працаваць, не будзе — трэба даваць дарогу іншым”, — падагульніў Аляксандр Лукашэнка.