Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Занятасць у эканоміцы павінна забяспечвацца ўстойлівай і эфектыўнай работай прадпрыемстваў”

- 10:55Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка нагадаў ураду аб неабходнасці вырашэння самых значных для грамадства пытанняў, якія датычацца заработнай платы, занятасці і цэн. Пра гэта кіраўнік дзяржавы заявіў на нарадзе з кіраўніцтвам эканамічнага блока краіны.

“Сёння мы спынімся на трох самых значных пытаннях, якія пастаянна знаходзяцца на кантролі ў грамадства, — зарплаты, занятасць і цэны. Я ўважліва вывучыў усе статыстычныя і аператыўныя даныя, меркаванні і настроі людзей, — сказаў прэзідэнт. — Нейкіх асаблівых, відавочных вынікаў і поспехаў у гэтай рабоце пакуль не ўбачыў”.

Аб заработнай плаце: абяцаны мінімум дасягнуты

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў цэлым па краіне дасягнуты той мінімум, які быў абяцаны з боку кіраўніцтва. Усе вобласці і Мінск у маі ў сярэднім плацілі зарплату па тысячы і больш рублёў (толькі Магілёўская вобласць не дацягнула Br7 да тысячы). “Аднак, паводле маіх даных, даход значнай часткі насельніцтва пакуль яшчэ ніжэйшы за гэты ўзровень, і не ад усіх людзей мы атрымліваем станоўчую ацэнку сваёй работы”, — прадоўжыў прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы прывёў у якасці прыкладу асобныя катэгорыі работнікаў (напрыклад, выхавальнікі дзіцячых садоў), якія, нягледзячы на значную нагрузку, усё яшчэ не атрымліваюць тысячу рублёў. Такіх грамадзян прэзідэнт даручыў падтрымаць, знайшоўшы пры неабходнасці дадатковыя фінансавыя крыніцы. “Знайсці крыніцы, аж да нетрадыцыйных, каб падтрымаць гэтых людзей. Я не хачу сказаць, што мы павінны заплаціць па тысячы з нечым рублёў усім тым, хто проста прыйдзе на работу. Не, — дадаў Аляксандр Лукашэнка. — Прашу далажыць: якія меры прымаюцца па стварэнні ўмоў для дастойнага заробку тым, хто імкнецца зарабіць. Не проста без справы бадзяюцца (ёсць у нас і такія). Але пераважная боль­шасць людзей хоча зарабіць. Ім трэба дапамагчы”.

Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на неабходнасць вырашыць застарэлую праблему, калі рост зарплаты апярэджвае рост прадукцыйнасці працы.

Аб занятасці: удалося не дапусціць катастрофы

Што датычыцца пытанняў занятасці, то кіраўнік дзяржавы канстатаваў адсутнасць сур’ёзных праблем. “У цэлым трагізму няма. Нам удалося не дапусціць катастрофы — скочвання ў яму беспрацоўя, як гэта адбылося нават у нашых сусе­дзяў. Менавіта катастрофы, таму што нават у самых моц­ных дзяржаў свету не хапіла назапашанага запасу трываласці, каб захаваць спакой у грамад­стве, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Аднак занятасць у эканоміцы павінна забяспечвацца ўстойлівай і эфектыўнай работай прадпрыемстваў”.

У той жа час прэзідэнт падкрэсліў недапу­шчальнасць масавых звальненняў супрацоўнікаў. “Людзі на прадпрыемстве — іх нельга выкі­дваць на вуліцу, але яны павінны працаваць. Іх трэба забяспечыць работай. Калі на прадпрыемстве не хапае традыцыйных відаў работ, то ў Мінску і ў іншых гарадах, у вёсцы цяпер шмат работы, можна зарабіць. Арганізуйце людзей”, — паставіў задачу кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што Беларусь у гэтым годзе разлічвае на вельмі добры ўраджай у сельскай гаспадарцы, які можна экспартаваць і атрымаць значную грашовую выручку. У сувязі з гэтым прэзідэнт запатрабаваў арганізаваць якасную і своечасовую ўборачную кампанію і даў адпаведныя даручэнні адказным службовым асобам.

Разам з тым кіраўнік дзяржавы выказаў занепакоенасць сітуацыяй у прамысловым сектары. На думку прэзідэнта, прамысловасць павінна скарыстаць перавагі таго, што ў Беларусі не была спынена вытворчасць. “Эканоміка ў свеце сціснулася. Попыт на сыравіну зменшыўся, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Калі попыт на сыравіну, матэрыялы, металы і іншае зменшыўся, значыць і цэны знізіліся. Значыць, наша прамысловасць можа купіць сыравіну танней. Але цэны на гатовы тавар не знізіліся. Чаму? Таму што эканоміка стаіць. З’явіўся дэфіцыт на многія тавары прамысловасці. Дык прадайце іх, як робяць іншыя”.

Аб цэнаўтварэнні: яно застаецца на асаблівым кантролі кіраўніцтва

Прэзідэнт запатрабаваў ад урада і мясцовых органаў улады трымаць на асаблівым кантролі пытанні цэнаўтварэння. “Сітуацыя, вядома, не крытычная, але ёсць пытанні”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнікі абласцей павінны праінфармаваць прэзідэнта аб тым, як на месцах рэалізуюцца нядаўна прынятыя кропкавыя рашэнні аб падтрымцы занятасці і стымуляванні эканамічнай актыўнасці ў цэлым. “Мы прадаставілі губернатарам, старшыням гарадскіх і раённых выканкамаў надзвычайныя паўнамоцтвы. Дзейнічайце! Далажыце, як вы іх выкарыстоўвалі, паколькі дадатковыя паўнамоцтвы — гэта дадатковая адказнасць”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

“Перад намі стаяць абсалютна зямныя задачы. Чалавек павінен хадзіць на работу, атрымлі­ваць дастойную зарплату — заробленую, а прадпрыемствы — эфектыўна развівацца”, — рэзюмаваў беларускі лідар.


На нарадзе ў кіраўніка дзяржавы Прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка адзначыў, што перад новым складам урада кіраўніком дзяржавы былі пастаўлены задачы. Галоўная з іх — не дапусціць спаду эканомікі. “У той жа час міжнародныя фінансавыя арганізацыі — МВФ, Сусветны банк і іншыя — прадказвалі Беларусі ў гэтым го­дзе глыбокую рэцэсію. Іх прагноз вагаўся і да гэтага часу вагаецца ў інтэрвале 4—6 працэнтаў спаду ВУП”, — сказаў прэм’ер-міністр.

Ён таксама адзначыў, што такія прагнозы па аналагічным або яшчэ большым спадзе ёсць і адносна шэрага асноўных гандлёвых партнёраў Беларусі. “Аднак своечасова прынятыя кіраўніком дзяржавы рашэнні аб незакрыцці прадпрыемстваў, падтрымцы найбольш пацярпелых ад пандэміі арганізацый і калектываў далі магчымасць не дапусціць спаду і захаваць эканоміку краіны. Урад аператыўна разгарнуў практычную работу разам з рэгіёнамі”, — падкрэсліў кіраўнік урада.

Так, напрыклад, згодна з указам № 143 “Аб падтрымцы эканомікі”, падатковыя льготы і прэферэнцыі (адтэрміноўкі, растэрміноўкі, падатковыя крэдыты) атрымалі каля 36 тысяч суб’ектаў гаспадарання і індывідуальных прадпрымальнікаў на агульную суму больш як Br31 млн. На месцах прынята больш за 6 тысяч рашэнняў аб прадастаўленні арэндных канікул. Аб’ём падтрымкі па гэтым напрамку склаў Br25 млн. Рэалізуюцца меры, накіраваныя на падтрымку работнікаў камерцыйных і бюджэтных арганізацый.

“Самы масіўны блок дапамогі прыпаў на стымулюючыя выплаты работнікам аховы здароўя і сацыяльнага абслугоўвання. Так званыя COVID-надбаўкі, якія склалі Br213 млн”, — сказаў Раман Галоўчанка.

Ён таксама дадаў, што па рашэнні кіраўніка дзяржавы аб бягучай падтрымцы прадпрыемстваў выкарыстаны крэдытныя рэсурсы пад гарантыі ўрада на Br145 млн, або 29 працэнтаў ад выдзеленага прэзідэнтам ліміту. Пад мясцовыя гарантыі — яшчэ Br109 млн, або 15,6 працэнта ад ліміту.

У беларускім урадзе разлічваюць выканаць задачы, пастаўленыя кіраўніком дзяржавы, і як мінімум захаваць ВУП на ўзроўні 2019 года. Для такіх прагнозаў, па словах прэм’ер-міністра, ёсць абнадзейлівыя перадумовы. “На фоне ўсіх астатніх негатыўных навін ёсць пазітыўная — пра добры ўраджай, трэба яе скарыстаць, сабраць ураджай, не страціць. Упершыню, напэўна, за многія гады, сітуацыя ў нябеснай канцылярыі складваецца для аграрыяў паспяхова. Трэба яе скарыстаць, — адзначыў прэм’ер-міністр. — Задача сёння — не страціць ураджай. Попыт на прадукты харчавання вялікі”. Беларусь за апошні час ужо змагла істотна нарасціць экспарт прадуктаў харчавання і забяспечыць прыток валюты ў краіну. У гэтым годзе ёсць усе ўмовы для наступнага росту экспарту сельгаспрадукцыі.