Аляксандр СЯРЭБРАНІКАЎ: “Чалавек вучыцца заўсёды — галоўнае, каб гэта было нешта добрае”

- 12:42Моя школа

Гэты чалавек дастаткова часта бывае ў нас у гасцях. Амаль у кожнай сям’і. Але ён не грукае ў дзверы, не ўваходзіць у кватэру, а проста з’яўляецца на экране тэлевізара і, як член сям’і, па-хатняму распавядае нам пра падзеі бягучага дня. Па меркаванні многіх жанчын, гэта адзін з найбольш цікавых мужчын на тэлебачанні. Наш сённяшні госць — вядучы праграмы “Нашы навіны” тэлеканала АНТ Аляксандр Сярэбранікаў.

Безумоўна, нашым чытачам будзе цікава даведацца, што наш сённяшні госць – іх калега: першую вышэйшую адукацыю Аляксандр атрымаў у Інстытуце фізічнай культуры (зараз — Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры) і, у адпаведнасці з дыпломам, мае педагагічную кваліфікацыю. Мала таго, наш герой пэўны час працаваў настаўнікам фізічнай культуры. Безумоўна, найперш мы запыталіся, чаму менавіта такі прафесійны шлях ён абраў.
— Гэта было даўно, і першую адукацыю я хутчэй атрымліваў па інерцыі, бо ў сям’і ваеннага і настаўніцы складана (ды і проста сорамна) быць неадукаваным. Але гэта зусім не азначае, што пайшоў я ў гэтую навучальную ўстанову, каб атрымаць хоць нейкі дыплом. У мяне на гэта была вельмі важкая прычына. Па тым часе я прафесійна займаўся спортам — стэндавай стральбой — і дасягнуў досыць значных поспехаў: стаў майстрам спорту і пэўны час быў (ды, уласна кажучы, і зараз з’яўляюся) дастаткова вядомым у спартыўных колах.

— А педагагічная кар’ера як склалася?
— А ніяк. Пасля заканчэння Інстытута фізкультуры я (баюся схлусіць, бо гэта было вельмі даўно) адпрацаваў настаўнікам фізкультуры тыдні 3-4. А потым збег (смяецца). Так што па першай спецыяльнасці працаваў зусім нямнога. Але, ведаючы мае магчымасці, знаёмыя дагэтуль запрашаюць паказаць сябе ў якасці трэнера для спартсменаў — членаў зборнай Беларусі па стральбе.

— Ваша сённяшняя работа ніякім чынам са спортам не звязана. Не шкадуеце?
— Стэндавая стральба засталася маім хобі — я не займаюся ёй прафесійна, бо на гэта проста няма часу: трэніруюся вельмі рэдка, можа, раз у месяц. Але пры гэтым пэўныя трэнерскія задумкі і канцэпцыі ў галаве засталіся, асабліва па псіхалагічнай падрыхтоўцы спартсменаў. У стэндавай стральбе гэта вельмі важна.

— Якія пачуцці выклікаюць трэніроўкі?
— Вялікую колькасць станоўчых эмоцый. Мне заўсёды вельмі прыемна ўзяць у рукі стрэльбу. А самыя прыемныя адчуванні ад таго, што я яшчэ магу пацэліць. А калі час ад часу клічуць на спаборніцтвы, ці аматараў, ці прафесіяналаў (і да гэтага часу такое здараецца!), то выбіраюся абавязкова. Радасна, што спартсмены дасюль усё ж адчуваюць у маёй асобе канкурэнта, бо абавязкова адно з прызавых месцаў я вазьму (смяецца).

— Так вы падтрымліваеце ў тонусе спартыўную брацію?
— Ну, мабыць, і так. Але я стараюся не вельмі перашкаджаць ім будаваць сваю спартыўную кар’еру. Свае медалі я ўжо атрымаў. Няхай і ў іншых будуць.

— Аляксандр, дзе вы пачыналі свой адукацыйны шлях? Куды пайшлі “першы раз у першы клас”?
— Першых пяць з паловай гадоў я вучыўся ў Германіі — майго бацьку паслалі служыць у гэту краіну, і, натуральна, мы з сям’ёй паехалі разам з ім. Дзякуючы таму, што мая маці Валянціна Аляксандраўна — настаўніца, атрымалася так, што з першага па трэці клас я вучыўся менавіта ў яе ў нашым ваенным гарадку. А потым, з чацвёртага класа, ездзілі за 40—50 кіламетраў у іншую школу, дзе вучыліся дзеці ваенных з іншых савецкіх вайсковых фарміраванняў у Германіі.

— Відаць, самым любімым настаўнікам была маці?
— Я б не сказаў, што яна была любімым настаўнікам. У мяне ўсе настаўнікі былі любімыя, бо па ўсіх прадметах у мяне былі пяцёркі (да таго моманту, як стаў прафесійна займацца спортам), акрамя рускай мовы ў пачатковай школе…

— ???
— Так, я ніколі (ну ці амаль ніколі) не атрымліваў пяцёрак па рускай мове: маці лічыла, што я мала чытаю, мала ведаю і лянуюся. А па ўсіх астатніх прадметах, як потым і ў 4—6 класах, былі пяцёркі. Тут, відаць, спрацоўваў стэрэатып: “ты мой вучань, і калі ты будзеш выдатнікам, то іншыя будуць казаць, што пяцёркі несапраўдныя”.

— Не крыўдна было?
— Наадварот, быў пэўны стымул. Даказваць маці, што я ведаю болей, чым яна думае. Напрыклад, на матэматыцы я ўвогуле паспяваў зрабіць вельмі многа: за ўрок рашыць 2-3 варыянты кантрольнай.

— Вы былі задзірыстым хлопчыкам?
— Я быў надзвычай сарамлівым, але спорт мяне выхаваў, пазбавіўшы гэтага комплексу. Аднак, нават пазбавіўшыся сарамлівасці, я ўсё ж застаўся даволі “хатнім”. Я нетусовачны чалавек, таму што мне гэтага хапіла падчас заняткаў спортам.

— У выхаванні якіх якасцей дапамог спорт?
— З 8 класа я стаў ездзіць на спаборніцтвы выключна адзін. Быў членам зборнай Беларусі і зборнай СССР па стэндавай стральбе. Таму мне трэба было ўвесь час пераязджаць, і большасць часу я праводзіў у цягніках, самалётах і гасцініцах. Тое, што даводзілася ўвесь час некуды пераяз-джаць, да таго ж аднаму і са зброяй, вельмі моцна дысцыплінавала. Трэба было быць заўсёды сабраным і засяроджаным, ведаць, куды і навошта ты едзеш. А дабаўце да гэтага яшчэ тое, што я быў непаўналетнім… Усе гэтыя моманты моцна далі сябе адчуваць, выхаваўшы дысцыплінаванасць.

— Але што больш дысцыплінавала: мама, якая не ставіла пяцёркі, ці спорт, які патрабаваў асаблівай канцэнтрацыі?
— Відаць, усё ў комплексе. Усё так здорава супала, што з пастаўленымі перада мной у дзяцінстве задачамі справіўся даволі паспяхова. Потым з цягам часу атрымаў вышэйшую адукацыю, а зараз і яшчэ адну: скончыў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь і паспяхова абараніў дыпломную работу па інфармацыйных тэхналогіях у мас-медыя.

— Няўжо ніколі не хацелася пагарэзнічаць?
— Пагарэзнічаць? У маім выпадку наўрад ці можна гэта так назваць. У мяне “на рахунку” некалькі страсенняў мазгоў. Аднойчы, едучы на веласіпедзе па вайсковай часці, дзе мы жылі, я ўрэзаўся ў прапаршчыка. Заехаў так, што адляцеў метраў на пяць ад веласіпеда і ад яго. Прапаршчык не пацярпеў і адчуваў сябе цудоўна (смяецца), а вось я паўсутак праляжаў у непрытомнасці, але потым, дзякуй богу, мяне “адкачалі”. Пасля было шмат розных здарэнняў. Напрыклад, у трэцім класе я змайстраваў самаробную бомбу (было з чаго — у вайсковай часці жылі) і, натуральна, узарваў яе.

— Пацярпелыя былі?
— На шчасце, не. Уявіце сабе: ваенны гарадок, у якім амаль усе афіцэры — паляўнічыя і амаль ва ўсіх дома ёсць патроны. Мне і маім сябрам тады было каля 10 гадоў. Мы разбіралі патроны: дроб плавілі на цюшкі, пыжы таксама для нечага выкарыстоўвалі, а порах, як найвышэйшую каштоўнасць, збіралі ў шклянкі. Адной з забаў было абдзіраць серу з запалак, заварочваць яе ў фольгу і кідаць у касцёр. Я вось тады і падумаў: калі маленькая бомбачка з запалак ўзрываецца ціхенька, як тады ўзарвецца вялікая з пораху? Недзе на сметніку знайшоў фольгу і змайстраваў бомбачку, грам на трыста (!) пораху (смяецца), без кнота, проста порах, завернуты ў дзіравую фольгу, і пры дапамозе запалак узарваў яе прама на ваенным пляцы (хацелася, каб гэта было эфектна!), дзе ў тую раніцу маршыравалі салдаты. Але ўзарваў так, што пацярпеў я адзін — увесь выбух прыйшоўся мне на твар, абгарэў так, што не засталося ні броваў, ні веек, ні валасоў. Гадзіны 2-3 я хаваўся, акунаючы галаву ў ранішнюю расу, але потым мяне “вылічылі”. Пасля такой піратэхнікі з паўгода я быў на хатнім рэжыме: вучыўся дома. Памятаю, як мяне тады суседка казашка лячыла абляпіхавым алеем.

— А ў школьныя гады?
— Як і ўсе дзеці, атрымаўшы двойку (як я лічыў, незаслужаную, хаця, па праўдзе, прычыны на тое бывалі: ці не падрыхтаваўся, ці дзяўчат за коскі цягаў, ці займаўся абы-чым на ўроку), выпраўляў… у дзённіку пры дапамозе ляза ці хлоркі (тады ж настаўнікі пісалі ў асноўным пёравымі ручкамі).
Такое здараецца з усімі дзецьмі, таму, памятаючы сябе, ніколі не лаяўся за гэта на сваіх дзяцей, ды і ўсім раю не караць за падобнае.

— Ці былі школьныя прадметы, з якімі б хацелася звязаць сваё далейшае жыццё? Калі вы пайшлі ў спорт, то можна здагадацца, што гэта была фізкультура.
— Якраз-такі фізкультуру я асабліва не шанаваў. Аднак да сённяшняга часу шкадую, што глыбока не вывучаў замежную мову. І нарэшце, думаю, настаў той час, калі я павінен гэта зрабіць… Справа ў тым, што мне замежныя мовы даваліся вельмі лёгка. Дасюль яшчэ засталася ў памяці дастатковая колькасць нямецкіх слоў, так што пры неабходнасці я магу гаварыць з немцамі. Той ваенны гарадок, дзе я жыў у Германіі, быў закрыты, і, вядома, яго насельніцтва размаўляла толькі па-руску. Таму нямецкую мову я вывучаў, гледзячы тэлевізійныя праграмы — рускіх жа каналаў там не было. Не мне ацэньваць, наколькі добра я зараз ведаю нямецкую мову, але ж немцы мяне разумеюць, і я іх таксама. Акрамя таго, кажуць, што ў мяне нават нейкі паўночны акцэнт у нямецкім вымаўленні (смяецца). У свой час нядрэнна атрымлівалася вывучаць англійскую мову — заўсёды па ёй былі пяцёркі. Але так, каб свабодна размаўляць, англійскай мовы я не ведаю. Вось гэта пасля сарака я і хачу выправіць — зрабіць, так бы мовіць, работу над памылкамі.

— Ці падтрымліваеце вы зносіны са школьнымі таварышамі? Ці ёсць сярод іх сапраўдныя сябры?
— Нягледзячы на тое, што стараюся “не свяціцца” ў сацыяльных сетках і па магчымасці іх абыходжу, не так даўно пры дапамозе адной з такіх сетак мяне знайшоў мой сябар, з якім мы сябравалі яшчэ дзецьмі, жывучы ў Германіі. Мы і зараз з ім падтрымліваем адносіны, сазвоньваемся.
Так здарылася, што маіх сяброў дзяцінства лёс раскідаў па ўсім свеце. Пасля таго як бацька пайшоў на пенсію, мы вярнуліся ў Мінск (дарэчы, нарадзіўся я таксама ў Мінску), усе астатнія таксама параз’язджаліся па ўсіх кутках тагачаснага СССР.
Пазней, у 80-я гады, была мода пасля 8-га класа ўсіх “дрэнных” вучняў адпраўляць у тэхнікумы і ПТВ. І так атрымалася, што хлопцы, з якімі я сябраваў, правучыліся са мной (у 137-й мінскай школе) толькі паўтара года. А з аднакласнікамі, з якімі заканчвалі школу, за 22 гады сустракаліся ўсяго некалькі разоў.
Апошнія два гады я амаль не вучыўся: добра, калі за месяц я адзін тыдзень прысутнічаў на занятках. Увесь астатні час я быў на зборах — аб’ездзіў увесь Савецкі Саюз уздоўж і ўпоперак.
Як бачыце, трывалыя сяброўскія адносіны проста не было калі наладжваць. Таму, відаць, і сяброў са школьнага часу няма.

— А ўвогуле, сяброў у вас многа?
— Абсалютна дакладна магу сказаць, што сяброў у сталым узросце не можа быць шмат — гэта ў дзяцінстве мы сябруем з вельмі многімі людзьмі. Сёння ў мяне ёсць адзін надзейны сябар, за 15 гадоў нашага знаёмства правераны часам і выпрабаваннямі.

— Аляксандр, скажыце, што было для вас самай значнай школай жыцця? Які перыяд сталення вы можаце вызначыць як самы важны?
— Чалавек вучыцца заўсёды — галоўнае, каб гэта было нешта добрае. І тое, што я вельмі рана набыў самастойнасць, і тое, што ў дзяцінстве зведаў нямала экстрэмальных сітуацый (якія, дзякуй богу, добра скончыліся), і тое, што ў чацвёртым класе я паспрабаваў курыць, за што ад бацькі добра атрымаў партупеяй (і курыць адразу ж расхацелася) — усё паспрыяла закладванню асноўных чалавечых якасцей.
У мяне была добрая школа і па жыцці. Пасля арміі, дзе я, дарэчы, служыў у спартыўнай роце, я пяць год працаваў у міліцыі (як стралка мяне паклікалі ў адну са спецслужбаў), пасля гэтага работа ў камерцыйнай структуры навучыла мяне рыначным адносінам — усё жыццё набываеш пэўны вопыт.

— Ці хочацца што-небудзь памяняць?
— Кажуць, што ўвесь час трэба нешта мяняць у жыцці. Навучыўся чаму-небудзь — і, змяніўшы профіль, вучышся чаму-небудзь іншаму. І так усё жыццё.

Наша інтэрв’ю адбывалася паміж эфірамі Аляксандра ў пакоі для адпачынку дыктараў, таму час ад часу туды заглядвалі вядучыя канала АНТ. І так атрымалася, што на наступнае пытанне “Што вас найбольш раздражняе?” адказаў не наш суразмоўца, а яго калега Алег Раманаў, які ўключыўся ў размову. “Чужая думка, з якой ты катэгарычна не згодзен!” — падкрэсліў ён. “Ну чаму ж? А калі яна правільная?” — “Правільнай можа быць толькі твая ўласная думка”, — сказаў Алег Раманаў.

— Калі ў сям’і, то, відаць, так і павінна быць. Пэўная ступень патрыярхату павінна захоўвацца (смяецца). А яшчэ мяне раздражняе непрыстойнасць.
Што тычыцца адмоўных урокаў жыцця, то варта адзначыць, што я абсалютна не прымаю здраду (ды і хто яе можа прыняць). Але нават калі гэта здараецца, то самае галоўнае, каб гэта не былі блізкія людзі.

— У вас, наколькі я зразумеў, зараз настаў перыяд пераацэнкі каштоўнасцей?
— А як жа ж? Як ніяк сорак гадоў хутка будзе. А ў гэтым узросце кожны мужчына мяняецца як асоба, прыходзіць да пераасэнсавання таго, што ўжо за плячыма. Тым больш што ў жыцці адбываецца пераасэнсаванне не толькі поляду на свет і яго філасофскага ўспрымання, але і практычна ўсіх сфер жыцця.

— Наколькі моцна на вас як на асобу паўплывалі бацькі? Якія рысы іх характару вы б хацелі набыць сабе?
— Я заўсёды зайздросціў маці: пры ўсёй сваёй занятасці яна паспявала (ды і зараз таксама паспявае) дома стварыць такую ўтульнасць, што ўсе проста дзівіліся, пры гэтым у яе заставаўся час, каб пачытаць (а я, напрыклад, заўсёды шукаю апраўдання, кажучы, што ў мяне на гэта не хапае часу). Нават цяпер, можа па 5-6 разе, яна перачытвае Пушкіна і Дастаеўскага і кожны раз адкрывае ў гэтых кнігах нешта новае. Але, спадзяюся, я да гэтага таксама хутка прыйду.
Пра бацьку, якога, на жаль, зусім нядаўна не стала, у мяне ўвогуле няма ніякіх дрэнных успамінаў. Гэта быў прыклад сапраўднага бацькоўства, калі, нягледзячы на бясконцыя вучэнні і паездкі, у яго заўсёды знаходзіўся час, каб узяць мяне на паляванне, на рыбалку ці проста ў нешта пагуляць.
Увогуле, выхаванне, якое дала мне сям’я, было вельмі грунтоўным. І я, можа, узяў бы ад бацькоў яшчэ больш, каб не заняткі спортам: фактычна год з пятнаццаці я быў вымушаны прыслухоўвацца да іх парад на адлегласці. Дзеці заўсёды павінны браць лепшае ад бацькоў (хаця ўсе бацькі адрозніваюцца).

— За жыццё вы памянялі некалькі сфер дзейнасці. У якую з іх вы вярнуліся б з радасцю?
— Калі б не было ў маім жыцці тэлебачання, я, нават не думаючы, вярнуўся б у спорт. Нават у якасці гуляючага трэнера. Адно толькі: мой від спорту — стэндавая стральба — вельмі дарагі, на ўзроўні вялікага тэніса. Але калі гэтыя абставіны скінуць з рахунку, то адназначна ў спорт.
А можа, і на трэнерскую работу, у школу, калі мяне туды возьмуць (смяецца). У дыпломе ж нездарма, відаць, напісана: “Выкладчык фізічнай культуры, трэнер па стралковых відах спорту”.

— Як, на вашу думку, бацькі павінны рэагаваць на поспехі дзяцей?
— Бацькі павінны найперш любіць сваіх дзяцей, падтрымліваць іх і дапамагаць дасягаць поспехаў. Я напрыклад, вельмі люблю сваіх дзяцей, ганаруся імі і стараюся быць добрым бацькам. Наколькі ў мяне гэта атрымліваецца — хай вырашаюць яны самі.

— Якую якасць педагога вы лічыце самай галоўнай?
— Добрага педагога я чамусьці асацыірую з маёй маці. Хаця і пасля пачатковай школы ў нас былі добрыя класныя кіраўнікі і прадметнікі. Памятаю, у Германіі была цудоўная настаўніца рускай мовы і літаратуры Эльвіра Канстанцінаўна. Але ўспаміны сціраюцца, і нешта, нават больш важкае, узгадаць ужо цяжка.
А паказчыкам таго, што настаўнік сапраўды добры, з’яўляюцца адносіны да яго выхаванцаў. Гэта цудоўна, калі праз шмат гадоў твае былыя вучні прыходзяць у госці, тэлефануюць і дзеляцца сваімі радасцямі — не забываюцца на цябе. Я гэта назіраў і назіраю на прыкладзе маёй маці: выпускнікі з розных куткоў свету віншуюць яе са святамі і заўсёды рады сустрэцца.
З чаго так? Колькі памятаю, маці ў класе ніколі не філоніла, не было такога, што правяла ўрок і забылася на яго. Да кожнага ўрока яна рыхтавалася надзвычай карпатліва: у яе была велізарная колькасць матэрыялаў і цудоўная арганізацыя ўрокаў. Дарэчы, вельмі добра памятаю, што да 4 класа ўрокі дома я не рабіў (толькі вершы на памяць вучыў), бо, дзякуючы намаганням настаўніцы, на занятках усе паспявалі выканаць праграму ўрока і нават зрабіць дамашняе заданне.
Ды і вучыліся ўсе ў класе добра і досыць роўна, бо ўсе прадметы даваліся проста, даступна, даходліва.
А якую якасць назваць галоўнай? Нават не ведаю. Відаць, трэба быць педагогам па прызванні.

— А чаму самі не засталіся ў педагогіцы?
— Часам людзі не ідуць працаваць у школу, кажучы пра невялікія заробкі, вялікую нагрузку ці яшчэ штосьці такое. Відаць, у той час душа да гэтага не ляжала, а працаваць проста для таго, каб працаваць, без душы… Навошта? Трэба любіць усіх вучняў, добрых і дрэнных, таленавітых і не вельмі — трэба мець на гэта сілы і прызванне, трэба ўмець вучыць. Пакуль што гэта не маё. Але ўсё яшчэ можа памяняцца. Я ж, як-ніяк, па адукацыі педагог…

Гутарыў Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.