Быў час, калі ў БДПУ прыходзіла шмат абітурыентаў, якія проста не маглі паступіць у іншыя ўніверсітэты. Але зараз сітуацыя кардынальна змянілася, такіх ужо няма. Маюць месца сур’ёзныя конкурсы, высокія прахадныя балы, прычым не толькі на бюджэт, але і на платную форму навучання. Прэстыж прафесіі заўважна расце.
Якасць падрыхтоўкі абітурыентаў паляпшаецца
Лічбы — рэч упартая, яны не падманваюць і яскрава сведчаць пра тое, што цікавасць моладзі да педагагічнай прафесіі і нашага ўніверсітэта павышаецца.
Ужо трэці год запар сярод абітурыентаў расце колькасць медалістаў, а таксама выпускнікоў ліцэяў і гімназій. Калі ў 2014 годзе да нас прыйшло 100 медалістаў, у мінулым годзе — 132, то сёлета — 148 за кошт бюджэту і 22 на платнае навучанне. Што да гімназістаў і ліцэістаў, то ў 2014 годзе іх было 190, летась — 270, а зараз — 315 за кошт бюджэту і 131 на ўмовах аплаты.
Заўважна павялічыліся прахадныя балы на большасць спецыяльнасцей. Так, на спецыяльнасць “Лагапедыя” дзённай формы навучання прахадны бал вырас у параўнанні з мінулым годам на 50 пунктаў і склаў 323, на спецыяльнасць “Руская мова і літаратура. Замежная мова” — на 49 пунктаў (289). І такіх спецыяльнасцей, дзе прахадныя балы выраслі на 20—50 пунктаў, — 80%.
Вядома, што педагагічная прафесія — пераважна жаночая: 85% настаўнікаў у сістэме адукацыі — жанчыны. Аднак хачу з задавальненнем адзначыць, што сёлета ў нас на чатырох факультэтах істотна павялічыўся працэнт хлопцаў. Найбольш іх прыйшло на факультэт фізічнага выхавання — каля 60%, на гістарычны факультэт — 42%, на фізіка-матэматычны — 40% і на факультэт прыродазнаўства — каля 30%.
Нам яшчэ трэба асэнсаваць гэты феномен, каб зразумець, як прыцягнуць яшчэ больш хлопцаў ва ўніверсітэт. Напэўна, наша работа, як і работа СМІ, па павышэнні прэстыжу педагагагічнай прафесіі прыносіць плён. Мы актыўна прапагандуем перавагі педагагічнай прафесіі: працяглы летні адпачынак, камфортныя ўмовы працы, перспектывы прафесійнага развіцця і сацыяльную абароненасць. Дарэчы, па выніках першага паўгоддзя 2016 года ў чатырох абласцях краіны сярэдняя зарплата настаўнікаў перавысіла сярэднюю па рэгіёне. Абітурыенты і іх бацькі, безумоўна, бачаць гэта і робяць адпаведныя высновы.
Педагагічныя класы вырашаюць стратэгічную задачу
Сёння мы робім вялікую стаўку на педагагічныя класы. Іх у краіне ўжо звыш сотні, там вучыцца паўтары тысячы дзяцей.
Я лічу, што выпускнікі педкласаў — гэта яшчэ лепш, чым медалісты. Яны таксама паглыблена вывучаюць прадметы, якія збіраюцца выкладаць у будучыні, але пры гэтым маюць магчымасць прымераць на сябе педагагічную прафесію. Больш як 80% навучэнцаў педкласаў адзначаюць карысць факультатыву, які яны вывучаюць 2 гадзіны на тыдзень. Кажуць, што ён дапамог ім зразумець, што такое педагагічная прафесія, а таксама выявіць уласныя якасці, лепш зразумець сябе.
Падобны факультатыў быў бы карысны не толькі для навучэнцаў педкласаў, а ўвогуле для ўсіх школьнікаў. Сёння ў змесце школьнай адукацыі адсутнічаюць прадметы, якія вывучаюць чалавека. Так, ёсць гісторыя, біялогія, грамадазнаўства, але ўсё гэта іншае. Няма прадметаў, скіраваных на вывучэнне асобы і міжасобасных адносін, на выпрацоўку ўмення будаваць дыялог, пазбягаць канфліктаў, разумець другіх людзей, а таксама пазнаваць сябе і свае асабістыя якасці. А між тым гэта найважнейшыя жыццёвыя веды. Дзеці, якія вывучаюць факультатыў па педагогіцы, пераканаліся ў гэтым на ўласным вопыце.
Настаўнікі адзначаюць, што працаваць у педкласах значна прасцей, чым у звычайных, бо вучні разумеюць складанасці педагагічнай працы і задачы, якія стаяць перад педагогам, а таму стараюцца быць на адным баку з ім. Дзеці ў такіх класах з большай ахвотай вывучаюць прадметы і ўдзельнічаюць у алімпіядах. Атрымліваецца вельмі станоўчы “пабочны эфект”. Спадзяёмся, што з пункту гледжання матывацыі і падрыхтоўкі выпускнікі педкласаў стануць добрымі студэнтамі, а потым і спецыялістамі.
Дарэчы, мы правялі апытанне навучэнцаў педкласаў наконт прафесійнага самавызначэння. Больш чым за год да паступлення трэць з іх прынялі рашэнне паступаць на педагагічныя спецыяльнасці, 54% — пазітыўна настроены, але яшчэ канчаткова не вырашылі. Мы разлічваем, што змены ў правілах прыёму, якія дазволяць выпускнікам педкласаў паступаць на педагагічныя спецыяльнасці без уступных выпрабаванняў, будуць садзейнічаць іх выбару на карысць педагогікі.
Увогуле, педагагічныя класы — гэта вельмі добрая схема, якая дазваляе вырашыць важную стратэгічную задачу — адабраць сапраўды дастойных. Ёсць падстава меркаваць, што, калі яна пачне працаваць на поўную моц, у педагогіцы будзе мінімум выпадковых людзей.
Эфект салёнага агурка
Каб у школу прыходзілі добрыя настаўнікі, трэба вырашыць дзве задачы: прыцягнуць ва ўніверсітэт найбольш падрыхтаваных і матываваных абітурыентаў і забяспечыць высокую якасць іх прафесійнай падрыхтоўкі падчас вучобы. І ў гэтым плане мы таксама робім вельмі многа.
Стараемся як мага раней пагрузіць нашых студэнтаў у педагагічную прафесію. Напрыклад, летась увялі валанцёрскую практыку для першакурснікаў. Тры факультэты апрабавалі, зразумелі, што гэта спрацоўвае, і з новага навучальнага года ўсе факультэты пачнуць працаваць па падобнай схеме. Студэнты 1 курса адзін дзень на тыдзень (як правіла, у суботу) праводзяць ва ўстановах адукацыі, дзе дапамагаюць педагогам у арганізацыі самых розных мерапрыемстваў. Такое пагружэнне ў педагагічную рэчаіснасць дае ім яскравае ўяўленне пра будучую прафесію. Першакурснікі нават пачынаюць па-іншаму ставіцца да псіхолага-педагагічных дысцыплін, бо разумеюць, што ім не хапае адпаведных ведаў.
Для студэнтаў 2 курса мы ўвялі так званы дзень у школе. Адзін раз на тыдзень яны цэлы дзень праводзяць ва ўстанове адукацыі: будучыя выхавальнікі — у дзіцячым садзе, прадметнікі — у школах, студэнты факультэта спецыяльнай адукацыі — у карэкцыйных цэнтрах і г.д. Яны таксама дапамагаюць настаўнікам у падрыхтоўцы да заняткаў, культурна-масавых і выхаваўчых мерапрыемстваў. Летась мы апрабавалі згаданую методыку, а з гэтага навучальнага года ўводзім школьны дзень для ўсіх студэнтаў 2 курса.
Мы лічым гэты вопыт вельмі пазітыўным, і яго было б карысна распаўсюдзіць на ўсе ўніверсітэты, дзе рыхтуюць педагагічныя кадры: валанцёрская практыка — на першым курсе і дзень у школе — на другім. Чым раней студэнты пагрузяцца ў будучую прафесію, тым лепш. Тыя з іх, хто зрабіў выпадковы выбар, павінны канчаткова ўсвядоміць, іх гэтая сфера дзейнасці ці не. І лепш, калі студэнт зразумее гэта на першым ці другім курсе і пойдзе з універсітэта, чым калі расчаруецца ўжо на месцы працы. Размяркуецца такі спецыяліст ва ўстанову адукацыі — будзе мучыцца сам, і школа будзе мучыцца ад яго абыякавасці.
У той жа час матываваныя студэнты набіраюцца вопыту. Тыя, хто ўдзельнічае ў валанцёрскіх праектах і працуе ў педагагічных атрадах, не баяцца ісці ў школу, могуць працаваць з дзецьмі любога ўзросту і іх бацькамі. Гэта тое, што неабходна сёння: сур’ёзная практыка-арыентаваная падрыхтоўка. Па гэтай прычыне мы актыўна развіваем студэнцкае самакіраванне і многія праекты аддаём на водкуп студэнтаў.
Арганізацыя адукацыйнага працэсу, пазавучэбная дзейнасць, спорт, творчасць, валанцёрскі рух — усё гэта робіць студэнцкае жыццё цікавым і скіраваным на будучую педагагічную дзейнасць. Спрацоўвае эфект салёнага агурка: калі пакласці агурок у слоік з моцным расолам, то ён абавязкова засоліцца. Так і нашы студэнты: калі яны прыйшлі ва ўніверсітэт і не пакінулі яго ў першы год вучобы, то сама атмасфера, асяроддзе, у якім яны знаходзяцца, спрыяе таму, каб яны выйшлі ў свет добрымі спецыялістамі.
Хто адказны за імідж педагагічнай прафесіі?
Быў час, калі ў педагагічны ўніверсітэт прыходзілі маладыя людзі па рэшткавым прынцыпе, калі больш нікуды не маглі паступіць. У іх была даволі слабая падрыхтоўка, яны не мелі матывацыі да педагагічнай дзейнасці. Вядома, пазней многія з іх сышлі з прафесіі, але многія і засталіся. Сёння ім сапраўды няпроста ў школе, яны разумеюць, што не могуць дасягнуць найвышэйшага прафесіяналізму, маюць значныя комплексы наконт сваёй прафесіі. Менавіта гэтыя настаўнікі часцей за ўсё выказваюць незадаволенасць і адгаворваюць вучняў ад паступлення на педагагічныя спецыяльнасці. Уявіце: нашы студэнты падчас практыкі натхнёна расказваюць старшакласнікам, як цікава вучыцца ў БДПУ і як пачэсна быць педагогам. Тут выходзіць настаўніца і кажа: “Кіньце вы, ну што гэта за прафесія? Каму яна патрэбна?!” Можна толькі здагадвацца, што ў гэты час думаюць пра яе вучні. Педагог, які прыніжае сваю прафесію, прыніжае сябе. І гэта вельмі сумна.
Трэба разумець, што ў грамадстве існуе павага не да той ці іншай прафесіі, а да асобы. Высокапрафесійныя настаўнікі не пакутуюць ад недахопу ўвагі і павагі, яны атрымліваюць задавальненне ад сваёй работы, іх паважаюць вучні і бацькі, яны адчуваюць сябе самарэалізаванымі і ганарацца сваёй прафесіяй.
Мы аналізавалі, якія школы даюць нам больш за ўсё абітурыентаў. Напрыклад, у сярэдняй школе № 1 Ашмян больш як палова настаўнікаў — яе выпускнікі, у Ліцэі БДУ трэць настаўнікаў — былыя ліцэісты, у гімназіі № 20 Мінска, дзе ў нас адкрыты педагагічныя класы, 11 чалавек — выпускнікі гэтай жа гімназіі. Чаму так адбываецца, што выпускнікі вяртаюцца ў родныя ўстановы, хоць зарплата там такая ж, як усюды? Аказваецца, многае залежыць ад атмасферы, створанай у тым ці іншым калектыве. Калі педагогі ў школе, гімназіі ці ліцэі паважаюць сябе і іншых, падтрымліваюць адно аднаго, то выпускнікі бачаць гэта і імкнуцца вярнуцца ў камфортнае асяроддзе, дзе можна спакойна працаваць і развівацца. Гэта вельмі важна, асабліва для жанчын. Калі ж у нейкіх установах атмасфера абвострана, няма самапавагі, а ёсць толькі незадаволенасць, то хто ж захоча вярнуцца? Вось і атрымліваецца, што з адных школ выпускнікі прыходзяць да нас штогод, а з іншых нікога няма гадамі. Лічу, тут ёсць над чым падумаць…
Нам абавязкова трэба гаварыць моладзі пра высокую місію настаўніка, не ўсё ж ў жыцці вымяраецца грашамі. Нашы выпускнікі, якія ўжо маюць пэўны педагагічны вопыт, усведамляюць сваю ролю і ганарацца сваёй прафесіяй. Але трэба, каб і абітурыенты разумелі, што настаўнік — гэта ключавая фігура ў грамадстве, ад якой залежыць дабрабыт дзяржавы. Тады да нас будзе прыходзіць самая лепшая моладзь. І ўсё ў нас будзе добра!
Падрыхтавала Галіна СІДАРОВІЧ.