Аляксей і Таццяна Мароз: абое яны завучы ў школах Турава

- 12:23Учительский дуэт

Традыцыі асветніцтва на тураўскай зямлі прадаўжаюць прадстаўнікі педагагічнай дынастыі з родаў Жыткаўцоў, Сілковых, Марозаў і Гурыновічаў. Пра некаторых з іх раскажам.

Неабходная прадмова

У рэдакцыі нарадзілася ідэя расказваць пра сямейныя пары настаўнікаў у асобнай рубрыцы. Такіх пар у Беларусі, вядома ж, сотні. Таму спадзяёмся на чытацкі розгалас, падказкі з месцаў: пра каго яшчэ варта расказаць-напісаць. Акрэслілася і назва праекта: з рамантычна-музычным адценнем. Дарэчы, слова “дуэт” паходзіць з італьянскай мовы: duetto азначае “двойка” ці, можа, нават “двоечка”, бо гэта памяншальная форма лексемы duo.

І калі быць дакладнымі ў азначэннях, то ў першым тэксце праекта мы выйдзем за ўяўныя межы і прадставім… трыа настаўніцкіх дуэтаў. У гістарычнай перспектыве яно ўключае ажно тры настаўніцкія пары з трох пакаленняў тураўскіх педагогаў — і ўсе яны родныя людзі.

Як тры акорды

Аляксей з маці, бацькам і жонкай. Усе настаўнікі!

Самы моцны і гарманічны “акорд” у нашым часе — муж і жонка Мароз, Аляксей Уладзіміравіч і Таццяна Пятроўна, якія ў дзвюх сярэдніх школах Турава працуюць завучамі. Абое з 2021 года з’яўляюцца намеснікамі дырэктара па вучэбнай рабоце. Абаім крыху за сорак, яны ў росквіце творчых і фізічных сіл. Стваральнай энергіі настаўнікам-аптымістам хапае і на школьныя, і на пазашкольныя справы. Для зручнасці адзначым, што настаўнік вышэйшай катэгорыі Аляксей Мароз працуе завучам у 2-й школе (у гістарычным “прадмесці” Турава пад назвай Дварэц), а настаўніца вышэйшай катэгорыі Таццяна Мароз — у 1-й, што ў цэнтры горада.

Другі “акорд” акрэслім так: бацька і маці Аляксея — настаўнікі. Вучыліся разам у Беларускім дзяржуніверсітэце па спецыяльнасці “Хімія і біялогія”. Ужо маючы дыпломы, ажаніліся ў Мінску ды ў Тураве пусцілі карані. Уладзімір Аляксандравіч Мароз, родам са Случчыны, выкладаў хімію, быў і намеснікам дырэктара, і дырэктарам 1-й школы. А Таццяна Іванаўна (у дзявоц­тве Сілкова) выкладала хімію, доўгі час была намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце ў 2-й школе. Абое — настаўнікі вышэйшай катэгорыі. Уладзімір Аляксанд­равіч адзначыў: “Я заканчваў БДУ і збіраўся стаць мікрабіёлагам, аднак не атрымалася так размеркавацца. Таму стаў педагогам, аб чым ніколькі не шкадую: палюбіў сваю работу”. А Таццяна Іванаўна прызналася: “Мне і па гэты дзень яшчэ школа сніцца — практычна кожную ноч…”

Ну і трэці “акорд”: бацькі Таццяны Сілковай таксама былі тураўскімі педагогамі. А доўгажыхар Іван Сілкоў (1903—2000) — увогуле чалавек-легенда. Яго імем смела можна было б назваць адну з тураўскіх школ, і пэўна, што 2-ю, у Дварцы, бо дом Сілковых і цяпер, адноўлены пасля пажару, стаіць непадалёк, на беразе Прыпяці. У доме гасцявалі многія знакамітыя людзі, у тым ліку народны паэт Беларусі Пятрусь Броўка, з якім Іван Сілкоў разам вучыўся і ўсё жыццё сябраваў. Калі заглянем у біяграфію паэта, прачытаем: скончыў педагагічны факультэт БДУ (1928—1931). Прафесію настаўніка там жа набыў Іван Герасімавіч, у біяграфіі яго значацца ўдзел у дзвюх войнах (фінскай і Вялікай Айчыннай), работа дырэктарам школы ў Віцебску, а пасля вайны — загадчыкам Тураўскага райаддзела адукацыі, а таксама інспектарам Жыткавіцкага райаддзела адукацыі. Што да яго жонкі, то ўраджэнка Турава Лізавета Данілаўна Жыткавец (1910—2006) скончыла Віцебскае педвучылішча. Працавала ў Тураўскай сямігодцы, выхавальніцай дзіцячага сада ў Віцебску, выхавальніцай і загадчыцай Тураўскага дзіцячага дома.

Гісторыя ў спадчыну

Расказваць пра Тураў і тураўцоў (так яны сябе называюць) не выпадае без гістарычных звестак або цікавых знаходак. І Аляксею Марозу лёгка было здзівіць мяне, паказаўшы прама ў далонях у школьным краязнаўчым музеі імя Кірылы Тураўскага (музею сёлета 35 гадоў!) адметныя прадметы даўніны: каменную сякеру з кругленькай свідравінай пад тапарышча, рог тура, ікол мядзведзя — падарункі школе з раскопак Тураўскага замчышча ад вядомага даследчыка Пятра Лысенкі. Яму старшакласнікі з 2-й школы на чале з маладым настаўнікам гісторыі Аляксеем Ула­дзіміравічам дапамагалі на пачатку 2000-х падчас археалагічных пошукаў.

Не буду падрабязна расказваць пра школьны музей ды розныя тураўскія таямніцы-загадкі: яшчэ ў 2011 годзе тое цудоўна зрабіў мой калега па газеце Ігар Грэчка ў матэрыяле “Зямля святая, тураўская”. Яго экскурсаводам і дарадцам тады быў Аляксей Мароз.

А пра вялікі вопыт сістэмнай работы па спецыяльнай праграме “Спадчына” расказ­вала завуч па выхаваўчай рабоце Таццяна Сілкова. Сын і маці плённа працавалі ў звязцы, а з імі разам і “малодшая Таццяна”, таксама завуч, але па вучэбнай рабоце.

Менавіта ў музеі мы з Аляксеем і паглыбіліся ў “гістарычныя аспекты педагагічнага дуэта”. І я пачуў, што цікавасць да мінуўшчыны, жаданне стаць настаўнікам гісторыі ў ім абудзілі не толькі мясціны Турава, але і жыццёвыя прыклады дзеда Івана, яго вернай спадарожніцы Лізаветы Данілаўны. Па сутнасці, калі пісаць сучасны асветніцкі летапіс Турава і Тураўшчыны, то мо з гэтых дваіх і варта пачынаць? Альбо з раскулачанага за савецкім часам тураўца Данілы Жыткаўца? За яго тады дружна ўступіліся ўсе местачкоўцы — і ён не быў сасланы з сям’ёй у Сібір. Засвоіўшы той суровы ўрок, усе чацвёра дзяцей Данілы Савіча падаліся (каб падалей быць ад небяспечнай уласнасці, ад рэпрэсій ды жабрацтва?) у настаўнікі. У мінулым, аж да часоў заможнага пра­дзеда Савы, ёсць найцікавейшы культурны пласт сямейна-грамадскай гісторыі. Толькі б раска­паць і выпісаць яго. А гісторык Аляксей Мароз у тым дасведчаны, радавод свой ведае да шостага калена. Пазней, у кватэры яго бацькоў недалёка ад школы, калі мы гля­дзелі здымкі ў сямейным альбоме, убачылі дзеда з бабуляй, маладых, з дачушкай-першынцам на руках, Аляксей усклікнуў: “А, вось бачыце: гістарычнае паліто з выд­рай! Я ж расказваў, што купілі яго з Якубам Коласам на грошы, нібыта заробленыя Лізаветай Данілаўнай у час ліквідацыі непісьменнасці ў Мінску”.

Колькі цікавых гісторый, выдатных асоб, колькі старонак мужнасці, трагедый, сапраўднага гераізму і глыбокага гора, болю ўвабралі ў сябе кнігі жыццяў тураўскіх педагогаў Івана Герасімавіча ды Лізаветы Данілаўны! На пачатку вайны ёй прыйшла пара раджаць, і дачушка Алена пабачыла свет… у нямецкім шпіталі. У акупацыі маладой настаўніцы разам з ёй цудам удалося пазбегнуць вывазу на работы ў Германію. А Іван Сілкоў і кавалерыстам ваяваў, і танкістам на франтах быў… І ад сустрэч з узброенымі бандытамі-“бульбаўцамі” ўбярог яго Бог у пасляваенны час, калі працаваў інспектарам ды хадзіў, часта і вечарамі-начамі, па ўстановах адукацыі. Аповеды пра сумесную працу з Якубам Коласам, пра ўпартую карову, якую хлопцы-студэнты дапамаглі гнаць па Мінску дадому “дзядзьку Якубу”, пра сяб­роўства дзеда з вядомымі пісьменнікамі таксама западалі ў памяць і душу дапытліваму ўнуку. І ўрэш­це ён зрабіў выбар на карысць педагогікі і гісторыі: паступіў ва ўніверсітэт у Гомелі. На 3 курсе пазнаёміўся там, у студэнцкім інтэрнаце, з другакурсніцай Таццянай Гурыновіч, і праз год, у 2002-м, яны пабраліся шлюбам.

Так у сям’ю ўвайшла Таццяна…

Прыехалі маладыя Марозы ў Тураў, калі дыпламаваны гісторык Аляксей атрымаў туды накіраванне, а будучы філолаг Таццяна, перавёўшыся на завочнае аддзяленне, давучвалася. Увайшла ў сям’ю “малодшая Таццяна” з добрым пасагам.Каштоўным укладам у тураўскую дынастыю стала і тое, што дзяўчыне з Лоеўшчыны, з маленства прывучанай да вясковай працы, усё пад сілу. “Там я прайшла, як кажуць, праз агонь, ваду і медныя трубы,” — жартуе Таццяна Пятроўна, прыгадваючы былое. Паколькі ў Тураве працы па спецыяльнасці не было, пагадзілася працаваць выхавальніцай у групе прадоўжанага дня, плюс лабаранткай. А ўжо менш чым праз два гады адбыўся кар’ерны ўзлёт! Таццяна Пятроўна заняла пасаду намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце. Аляксей Уладзіміравіч прызнаецца: многія з ужо пройдзеных жонкай этапаў з яе падтрымкай яму адоль­ваць значна прасцей. Хоць і сам ён па шэрагу спецыфічных пытанняў галоўны дарадца для яе.

А ў рабоце завуча столькі падводных камянёў! Пра тое аўтарытэтна расказалі мне Марозы ўжо ў чатыры галасы. “Працавала ў школе мала, і тут мяне кінулі ў вялізнае мора інфармацыі, нібы маленькую лодачку, — прыгадвае Таццяна-малодшая. — Давялося ўсяму вучыцца самой, каб не пайсці на дно. Санітарныя нормы, ахова працы, грамадзянская абарона… Ну і расклад урокаў на год. Перажывала, калі першы раз яго складала, дырэктар падбадзёрваў: гэта як у шахматы гуляць. А я ж не ўмею ў шахматы! (Смяецца.) Асвойвала гэтае мастацтва. І за два дні склала. Я часам вершы пішу, калі натхненне прыходзіць. Так і з раскладам: злавіла патрэбную хвалю — і работа хутка ідзе”.

У настаўнікаў 2-й тураўскай школы свята!

Удакладняю: гэта ж колькі пераменных велічынь трэба ўлічыць, колькі ўсяго трымаць у галаве і гарманічна зво­дзіць! Таццяна Пятроўна дзеліцца сакрэтамі: “Раблю шаблон, пачынаю алоўкам злёгку пазначаць пазіцыі, каб нешта потым лёгка можна было перасунуць. Люблю працаваць у папяровым варыянце. А сёлета на камп’ютары паспрабавала: ёсць праграма. Уносіш даныя, усе нюансы… То камп’ютар сказаў: мы не зможам скласці расклад пад ваша патрабаванне. (Смяецца.) А я гэта зрабіла! Практычна ні ў кога няма фортак, усе задаволены, і з саннормамі поўны парадак”.

Аляксей таксама ўжо кампетэнтны ў розных тонкасцях справы: з 2021 года і ён на пасадзе завуча. Педагог удакладняе: “Я ў тэхнічных пытаннях больш дасведчаны, Таццяна — па метадычнай частцы, у яе ў гэтым вялікі вопыт”. І ўжо разам яны тлумачаць: трэба ўлічваць загружанасць педагогаў, парадак “складаных” прадметаў у раскладзе…

І праца, і натхненне, і творчасць…

Цікавыя людзі. Улюбёныя ў прафесію, у свой горад. Сапраўдныя патрыёты Бацькаўшчыны. Уявіце сабе: для іх нават дзень вызвалення Турава ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў (5 ліпеня) і дзень памяці Кірылы Тураўскага (11 мая) — гэта і сямейныя святы: у гэтыя даты нарадзіліся дочкі Аляксандра і Сняжана.

Пра сваё жыццёвае крэда ёміста сказаў Аляксей Мароз у школьным музеі, пад мудрым позіркам свяціцеля Кірылы Тураўскага: “Я патрыётам беларускай дзяржавы заўсёды быў і сёння застаюся. Бо я — беларус, а за мной моцным бастыёнам стаяць вось такія волаты духа, як Кірыла Тураўскі, стаіць уся багатая і слаўная гісторыя нашых папярэднікаў. І мы яе павінны зберагчы і перадаць нашчадкам без скажэнняў. Гэта наша, я ўпэўнены, асноўная жыццёвая задача.

У прыватнасці, мая — як настаўніка і проста чалавека. Нам трэба перадаць гэтую памяць-спадчыну дзецям, потым унукам. Што хаваць: не ўсім дзецям сёння на ўроках гісторыі цікава. Аднак размова тут не пра забаўку нейкую, не пра цікава-нецікава, а пра лёс Бацькаўшчыны. І таму патрэбны ў гэтым кірунку і ўпартая праца, і натхненне, і творчасць”.

Думаю, такіх дасведчаных спецыя­лістаў, як Аляксей і Таццяна Мароз, варта было б запрашаць на творчыя сустрэчы з калегамі-педагогамі ў іншыя школы, гарады. Абменьвацца вопытам. Дарыць адно аднаму радасць зносін… Вось не запытаў: ці спяваюць яны дуэтам?.. Зрэшты, калі ёсць суладнасць у жыцці сямейным, у працы, у зносінах з роднымі і блізкімі, тады і ўсё жыццё як песня.

Напрыканцы хочацца згадаць і пра іх пазашкольныя захапленні. Таццяна, сумуючы ў Тураве па грыбах Лоеўшчыны, патроху прывучыла і мужа да “ціхага палявання”: ездзяць аж пад Лельчыцы. А ён асвоіў з дзяцінства на Прыпяці ды з часам удасканаліў рыбацкае майстэрства. (“Паабяцаў сябру: стану настаўнікам вышэйшай катэгорыі — добры сабе рыбацкі рыштунак набуду. Як стаў ім, то адразу і набыў”.). І цяпер яны з Таццянай ужо і грыбнікі заўзятыя, і рыбакі-аматары…

Пажадаем тураўскім асветнікам, настаўніцкім дуэтам: няхай далучаюцца ў іх вялікую педагагічную дынастыю новыя галасы! Дарэчы, Пётр Гурыновіч, Таццянін брат, выкладае ў Лоеўскім педкаледжы. Алена Гаўрыленка, сястра, працуе выхавальніцай у Лоеўскім сацыяльна-педагагічным цэнтры. Пётр Пятровіч назваў дачку ў гонар сястры, і ўжо меншая Таццяна Пятроўна Гурыновіч скончыла ўніверсітэт ў Гомелі, працуе настаўніцай біялогіі і хіміі.

Іван ЖДАНОВІЧ
Фота аўтара і з архіва Аляксея Мароза