У педагогаў са Слонімшчыны Сяргея і Вольгі Банцэвіч адна на дваіх прафесія і агульны навукова-даследчы праект

- 15:32Учительский дуэт

Сяргей і Вольга Банцэвіч разам вучыліся на факультэце біялогіі і экалогіі ГрДУ імя Янкі Купалы, яшчэ ў студэнцкія гады стварылі сям’ю і сёння працуюць на Слонімшчыне. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Вольга Пятроўна вядзе ўрокі біялогіі ў сярэдняй школе № 7 Слоніма. Сяргей Віктаравіч працуе ў Дзераўноўскай базавай школе. Ён прызнаўся: “Мы не толькі калегі, але яшчэ і надзейная апора адно для аднаго”.

Вольга родам са Слоніма, вучылася ў сярэдняй школе № 4. А Сяргей прыехаў на Гродзеншчыну з Брэсцкай вобласці, дзе скончыў сярэднюю школу ў вёсцы Гара­дзішча Пінскага раёна. Лёс звёў маладых людзей у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы. Толькі дзяўчына выбрала спецыяльнасць, звязаную з экалогіяй, а малады чалавек — біяхімію.

— На мой выбар прафесіі паўплывала настаўніца біялогіі Раіса Мікалаеўна Грышук. Мяне прыцягвала яе добразычлівасць, зацікаўленасць прадметам, заўсёды хацелася быць падобнай да яе, — расказала Вольга Пятроўна. — У старшых класах я вучылася ў хіміка-біялагічным класе, таму і выбар факультэта УВА не выпадковы. Ва ўніверсітэце я была старастай групы. У інтэрнаце пазнаёмілася з буду­чым мужам, і пасля чацвёртага курса мы ажаніліся.

Маладых педагогаў размеркавалі ў Слонімскі раён. У Сяргея была магчы­масць застацца ў Гродне, але на сямейным савеце вырашылі, што лепш вярнуцца на радзіму Вольгі. Так у 2013 годзе яны апынуліся ў Слоніме і спачатку працавалі ў сярэдняй школе № 7. З цягам часу аднаму педагогу-біёлагу прыйшлося ўступіць месца другому, і Сяргей Віктаравіч накіраваўся ў Сянькоўшчынскую сярэднюю школу. З удзячнасцю ён успамінае дапамогу кіраўніцтва гэтай установы і калег. Сёння ў Дзераўноўскай базавай школе ён выкладае біялогію і хімію, а таксама фізіку і працоўнае навучанне. Разам з навучэнцамі не толькі ўдзельнічае ў конкурсах даследчых работ па біялогіі і хіміі, але і ў “ТэхнаЁлцы”, “Энергамарафоне”, праекце “100 ідэй для Беларусі”.

Працуючы ў розных школах, дома педагогі не маглі не закранаць цікавыя для кожнага тэмы. Так узнікла ідэя сумеснай навукова-даследчай работы. Цудоўнай магчымасцю для іх прафесійнага росту стаў удзел у міжнародным марафоне “Купалаўскія праекты — 2022”. Пад кіраў­ніцтвам вопытных цьютараў і экспертаў Банцэвічы стварылі свой праект — вэб-квест “Цуд-ферма. Падарожжа ў краіну жывёлагадоўлі”. Апрабавалі яго з навучэнцамі сярэдняй школы № 7, дзе адкрыты класы аграрнай накіраванасці. Школьнікам спадабалася ў гульнявой форме ра­шаць рэбусы, крыжаванкі, інтэрактыўныя заданні. У наступным годзе для “Купалаўскіх праектаў” стварылі новы квест для слухачоў аграрнага факультатыву. З гэтым праек­там удзельнічалі і ў аграгіядзе, абласным конкурсе “IT-майстар”, у канферэнцыях, друкавалі свае напрацоўкі ў часопісах. Атрыманы вопыт выкарыстоўвалі ў прафесійнай дзейнасці, што значна павысіла матывацыю навучэнцаў пры вывучэнні прадметаў “Хімія” і “Біялогія”. У планах — развіваць гэты кірунак.

— Вельмі цікава займацца навуковай дзейнасцю разам, заўсёды можам падстрахаваць адно аднаго, дапамагаюць і навучэнцы. Дзякуючы “Купалаўскім праектам”, асвоілі многія сэрвісы, цяпер можам працаваць з графічнымі і відэаматэрыяламі. Мы заўсёды дзелімся канспектамі, станоўчым вопытам, абмяркоўваем, як плануем праводзіць урокі, прыслухоў­ваемся адно да аднаго, запазычваем метады і прыёмы. Але трэба умець сумяшчаць работу і адпачынак. Мы шчаслівыя бацькі двух дзетак і стараемся як мага больш часу праводзіць з імі, — расказвае Сяргей Віктаравіч.

Старэйшаму Аляксею 9 гадоў, ён навучэнец 3 класа. Цікавіцца вучобай, зай­маецца спортам. Чатырохгадовая дачка Алена ходзіць у дзіцячы сад, любіць танцаваць і спяваць. Сям’я ўдзельнічае ў спартыўных забегах.

— Я люблю сваю прафесію за тое, што настаўнік ніколі не стаіць на месцы, — прызналася Вольга Пятроўна. — Не толькі мы вучым дзяцей, але і яны вучаць нас арыентавацца ў сучасным свеце. Да таго ж трэба быць тонкім псіхолагам, адчуваць настрой выхаванцаў і пастаянна вучыцца, самаўдасканальвацца. Дзецям цікава наша меркаванне па самых розных жыццёвых пытаннях, старэйшыя вучні пытаюцца пра прафесійную дзейнасць, пра тое, як гэта — быць студэнтам, жыць у інтэрнаце. Таму мы вучымся адно ў аднаго. Мне пашчасціла, бо побач муж, які дапамагае ва ўсім. Гэта мая апора і падтрымка.

Сяргей Віктаравіч дадаў, што яны з жонкай заўсёды разумеюць адно аднаго, дапамагаюць і падтрымліваюць. Асабліва ён адчуў гэта, калі ўдзельнічаў у конкурсе “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”. На абласным этапе педагог выйшаў у фінал і стаў лаўрэатам у намінацыі “Хімія, біялогія”.

Ірына АНІКЕВІЧ
Фота аўтара