Пра школьныя клопаты і настаўніцтва як лад жыцця карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” пагутарыла з лаўрэатам ганаровага звання “Чалавек года Віцебшчыны” настаўніцай хіміі Міёрскай сярэдняй школы № 2 імя М.Р.Ізварына Алёнай Яфімавай.
— Калі ўважліва ўгледзецца ў школьны клас, то заўсёды ўбачыш адлюстраванне класнага кіраўніка. Чым вылучаецца ваш цяперашні 11-ы?
— Сёлета будзе мой першы выпуск. Выраслі дзеці, якіх я ўзяла пад сваё крыло ў 6 класе. Для мяне яны самыя лепшыя. У нас моцная ўзаемасувязь і даверлівыя адносіны. У парадку рэчаў параіцца, падзяліцца тым, што хвалюе. Проста, не навязваючы ўласнае меркаванне, дапамагчы. Мае вучні ведаюць: я буду іх падтрымліваць, абараняць, калі трэба. Гэта мэтанакіраваныя дзеці, магчыма, крыху перфекцыяністы ў добрым сэнсе слова. Можа, таму лайдацкія хітрыкі і падман у класе не вітаюцца. Пры неабходнасці штосьці арганізаваць мне варта паставіць задачу, патлумачыць, навошта нам за яе брацца. Потым застаецца прасачыць, як вучні самастойна размеркавалі абавязкі, зрабілі. Не ў маіх правілах прымушаць і даваць гатовыя рашэнні. Безумоўна, інтарэсы, схільнасці ва ўсіх розныя. Хтосьці захапляецца футболам ці боксам, або прыгожа спявае ці танцуе, або займаецца грамадскай дзейнасцю, валанцёрствам, паглыблены ў вучобу і ідзе на залаты медаль… Гэта не размяжоўвае — наадварот, працуе на агульную карысць. Там, дзе ён мацнейшы, кожны гатовы ўзяць вядучую ролю, навучыць астатніх. Для мяне ж галоўным было і застаецца задаць дзецям правільныя арыенціры як штодня, так і па жыцці.
— Якія з іх самыя неабходныя?
— Нават паспяховасць, прафесійны выбар — асабліва актуальнае зараз, вельмі істотнае і патрэбнае, але другаснае. Намнога важней, каб учынкамі рухалі шчырасць, міласэрнасць, справядлівасць. Каб дзеці любілі родны край, паважалі працу, імкнуліся развівацца на карысць сабе і людзям. Такі ўнутраны маральны стрыжань я адчуваю ў сваіх вучнях.
У школе настаўніца кіруе педагагічнай майстэрняй выкладчыкаў хіміі, біялогіі, геаграфіі, а таксама навуковым таварыствам “Шукальнікі”.
— З пункту погляду практыкі — на чым выбудоўваеце выхаваўчы працэс?
— Найперш выхаванне грунтуецца на калектыўных справах. У нас іх многа, мы актыўныя не толькі ў школьных, але і ў раённых мерапрыемствах. Многае вырашае асабісты прыклад. Памятаеце важатага з песні? Трэба быць побач і, канечне, крыху наперадзе. Дзеці бачаць: калі гучыць дзяржаўны гімн, я не моўчкі слухаю, спяваю — і далучаюцца. Вырашылі паўдзельнічаць у велапрабегу — толькі разам. Мінулым летам быў 9-дзённы палатачны лагер: распрацавалі маршрут і адправіліся ў паход па раёне. Знаёмства з прыродай, помнікамі, старымі сядзібамі, размовы ўвечар ля вогнішча, сумеснае пераадольванне цяжкасцей — усё гэта нас яшчэ больш зблізіла. Заадно смецце па дарозе прыбралі, берагавую лінію пачысцілі. На экскурсіі па Беларусі дастаткова часта ездзім з класам. Летась вясной пабылі ў Брэсцкай крэпасці і Белавежскай пушчы, у снежні наведалі Гродна і Ліду. Такія актыўнасці даюць добрую падрыхтоўку да самастойнага жыцця. Ідзе практычнае пазнанне навакольнага свету і грамадства, роднай краіны. Тут вытокі сапраўднага патрыятызму. Пагадзіцеся, наўрад ці рэальна навучыць даражыць незнаёмым. Бо самае блізкае, каштоўнае, любае сэрцу — тое, што мы ахвотна робім і часткай чаго сябе ўспрымаем.
— На ваша рашэнне стаць настаўніцай больш паўплывала сям’я, нечы асабісты прыклад або жыццёвыя абставіны?
— Каб сказаць, што я вырасла ў педагагічнай сям’і, — не, у маіх бацькоў іншыя спецыяльнасці. Аднак калі ўзяць глыбей: па бацькавай лініі бабуліна сястра настаўнічала, дзядзька таксама працаваў дырэктарам Волкаўшчынскай школы ў нашым раёне, па матчынай лініі ўсе мае стрыечныя сёстры педагогі — дынастыя атрымліваецца. Уяўленне аб прафесіі з дзяцінства было даволі добрае, плюс нельга не ўлічыць штодзённыя назіранні за работай педагогаў у нашай Чапукоўскай школе. Праз усё жыццё ім удзячная. Нядаўна на свяце ў гонар 30-годдзя роднай школы сустрэла любімых настаўнікаў, цяпер ужо ветэранаў працы, і… забылася на падрыхтаванае загадзя выступленне. Сваімі словамі гаварыла, не як калега — як вучаніца. Ведаеце, лёсам нам даецца шчасце адчуваць сябе дзецьмі, пакуль жывуць нашы бацькі, а вучнямі — пакуль жывуць нашы настаўнікі. Гэтая ўзаемасувязь для мяне заўсёды будзе моцнай, бо яны заклалі аснову асноў. Традыцыйна адзін з вядучых профільных напрамкаў у нашай школе — хіміка-біялагічны. У старшых класах мне настойліва раілі паступаць у медуніверсітэт. Верагодна, пры жаданні паступіла б, толькі неяк не хацелася ў медыцыну. Шчыра прызнацца, і настаўніцкая прафесія тады была не адзіным варыянтам. Калі стала студэнткай біяфака БДУ, яшчэ вырашала, куды далей пайсці. Навукова-педагагічная спецыяльнасць раскрывала шырокі спектр магчымасцей: мікрабіялогія, лабараторыі розныя, ад навукі да крыміналістыкі і рыбаводства, але школа пераважыла астатняе. Так вярнулася настаўнічаць на малую радзіму.
— Не шкадуеце?
— Ніколькі. Разумею, што правільна выбрала і спецыяльнасць, і прафесію, і месца працы. Праз некаторы час пасля вяртання ў Міёры мне прапаноўвалі перспектыўную работу на новай вытворчасці, у лабараторыі металапракатнага завода. Нават думкі не ўзнікла, каб пагаджацца.
Вучні Алёны Яфімавай пастаянна ўваходзяць у лік пераможцаў на раённым, а на працягу двух апошніх гадоў — і на абласным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па хіміі. На іх рахунку перамога на І хімічнай інтэрнэт-алімпіядзе, паспяховы ўдзел у міжнародным конкурсе “Ліга эрудытаў”. За мінулы навучальны год двое вучняў прайшлі адбор у Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк, адзін з іх заняў 1-е месца з навукова-даследчым праектам у секцыі “Зялёная хімія”.
— Як матывуеце вучняў да вывучэння прадмета?
— Ключавы момант — прывучыць дзяцей не механічна завучваць, а разумець. Тады паступова развіваецца блізкае да інтуіцыі адчуванне прадмета: калі, напрыклад, чытаеш заданне і адразу ўяўляеш ураўненне рэакцыі. Наколькі гэта захапляльна, мне адкрыла мая школьная настаўніца Леакадзія Іванаўна Цвячкоўская, а я імкнуся перадаць сваім вучням. Па-мойму, сумніўная карысць у вучэбных заняткаў, дзе настаўнік толькі слухае-ацэньвае ці, расказваючы новую тэму, адно сочыць, каб цішыня панавала ў класе. Стараюся так праводзіць урокі, каб дзеці самі тэму разабралі, зразумелі і праверылі сябе. Мае старшакласнікі на ўроках гавораць больш за мяне. Загадзя дэталёва прадумваю і пры неабходнасці імправізую, каб усе былі задзейнічаны, у любы момант магу задаць пытанне. Практыкую перавернутыя ўрокі, ствараю праблемныя сітуацыі, бо дзецям цікава іх вырашаць. У даследчых работах, дзе знаходжу памылкі, стаўлю знак пытання — вучні іх самі потым выпраўляюць, тлумачаць. Пасля заняткаў мы на сувязі ў месенджарах. У прыватнасці, заданні раздрукоўваю для сваіх алімпіяднікаў і сабе, разам паралельна працуем, потым звяраем рашэнні. На пачатку знаёмства з хіміяй часта выкарыстоўваю элементы гульні, далей больш займаемся праектамі. Хто мае схільнасць і жаданне, уключаецца ў даследчую дзейнасць.
— Ці не залішняя гэта нагрузка на школьнікаў?
— Хутчэй разгрузка. Складаная тэма становіцца больш зразумелай, калі дзеці прапрацуюць яе творча, не проста параграф прачытаюць. Дапусцім, сямікласнікам я прапанавала: “Можа, хтосьці знойдзе цікавы лайфхак, каб паказаць, як атамы адзін з адным звязваюцца?” І дзеці прыдумалі атамам прымаляваць рукі. Колькі рук, такая валентнасць. Маларастваральныя ўласцівасці кіслароду відавочныя на прыкладзе звычайнага акварыума. Дзевяцікласнікі нядаўна знаёміліся на занятках з нітратамі, цяпер самастойна вывучаюць іх утрыманне ў прадуктах харчавання, і ў канцы чвэрці кожны прадставіць праект па тэме. Заахвочваю дзяцей знаходзіць міжпрадметныя сувязі. З той жа літаратурай: дзе, у якіх творах прыведзена хімічная з’ява, чаму аўтар звярнуўся да тэмы? Праекты — гэта не выключна пра паглыбленае вывучэнне хіміі, хаця пра яго таксама. Мае вучні здымаюць хімічныя Tik-Tok, робяць буклеты, прэзентацыі, інтэрактыўныя плакаты.
Педагог прымае ўдзел у патрыятычных акцыях, у тым ліку вела- і аўтапрабегах. З’яўляецца членам партыі “Белая Русь”, падчас нядаўняй электаральнай кампаніі ўваходзіла ў склад выбарчай камісіі. Разам з камандай раёна ўдзельнічае ў абласным турыстычным злёце, неаднаразова займала прызавыя месцы ў раённых спаборніцтвах па валейболе, лыжах, шахматах, лёгкай атлетыцы.
— Што найперш для вас азначае слова “Радзіма”?
— Радзіма — наш вялікі дом, дзе мы абавязаны паводзіць сябе гаспадарліва. Сумленна працаваць, клапаціцца, каб усім добра жылося, падтрымліваць чысціню і парадак. Гэта месца, якое павінна быць свяшчэнным і камфортным для кожнага з нас. Калі не, значыць варта задумацца і спачатку, магчыма, штосьці выправіць у сваіх паводзінах. З’явілася ідэя, як зрабіць, каб табе, тваёй сям’і, калектыву, гораду, краіне жылося лепш? Трэба яе шматкроць узважыць, абмеркаваць, знайсці аднадумцаў і пачынаць дзейнічаць. Усё ў нашых руках.
Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара і прадастаўлена аддзелам па адукацыі Міёрскага райвыканкама