Аматарам цырка рэкамендуецца

- 11:53Культура

Белдзяржцырк 1 лютага пачаў новы цыркавы сезон унікальнай праграмай “Водная феерыя. Фэнтэзі парк”. Неверагодныя акрабатычныя трукі, відовішчная дрэсура, неймаверныя ілюзіі і бліскучы клоўнскі гумар, а таксама эфектнае шоу маляўнічых фантанаў і лазернай інсталяцыі, захапляльныя вадаспады і сотні гіганцкіх струменяў пад самым купалам цырка, якія часам дасягаюць 23-метровай вышыні, прывядуць у захапленне і маленькіх, і дарослых гледачоў.

Акрабаты на батуце начале з А.Палунчуковым.

Шоу пачынаецца…

У імправізаваным парку адпачынку хлопчык і дзяўчынка сядзяць на лаўцы і, як усе сучасныя дзеці, не адрываюць вачэй ад смартфонаў і не звяртаюць ніякай увагі на тое, што адбываецца вакол. А тым часам побач з імі сядае ці то чалавек са звышздольнасцямі, ці то злы чараўнік, які, як у казцы Яўгена Шварца, ператварае дзяцей, што дарэмна трацяць час, у зусім дарослых дзядзечку і цётачку, ролі якіх выконвае знакамітая сямейная пара клоўнаў —  Аляксандр і Бэла Чэрвоткіны. Яны на працягу ўсяго шоу нагадваюць гледачам, як лічыць па-англійску, весяляць іх, разраджаюць напружаную атмасферу паміж складанымі нумарамі і адцягваюць увагу, пакуль тэхнічны персанал рыхтуе чарговыя дэкарацыі і рэквізіт. Дарэчы, прыехалі яны да нас са Злучаных Штатаў Амерыкі, хоць абодва — выхадцы з Савецкага Саюза. “Я — патомны цыркавы артыст з роду Філатавых і Карнілавых, а мая жонка Бэла — ураджэнка Латвіі, прафесійная спартсменка, гімнастка, якая таксама рана пачала выступаць на манежы, — расказаў Аляксандр Чэрвоткін. — Мы яшчэ ў 1994 годзе пачалі працаваць у сусветна вядомых цырках, пасля пераехалі ў Лас-Вегас, дзе ўдзельнічалі ў стварэнні многіх папулярных амерыканскіх шоу і праграм, выступалі на фестывалі ў Монтэ-Карла. Мы стараемся несці культуру гумару абодвух паўшар’яў Зямлі”. Магчыма таму іх нумары здаюцца нашым гледачам такімі вясёлымі, лёгкімі і зразумелымі, але зусім не надакучлівымі.

Цуды працягваюцца і пасля ператварэння дзяцей у дарослых: манеж становіцца вялізным прыгожым фантанам з рознакаляровымі воднымі струменямі, і ажываюць цэнтральныя скульптуры парку, якія да гэтага здаваліся статычнымі, — сілавыя атлеты Ілья і Аляксандр Цішчанкі пачынаюць дэманстраваць неверагодныя магчымасці чалавечага цела. А пасля іх змяняюць акрабаты на батуце пад кіраўніцтвам Аляксандра Палунчукова, якія, нягледзячы на струмені вадаспада, “хадзілі па сцяне” вежы. У гэты момант гледачы пачынаюць разумець, што фантаны і вадаспады не проста дэкарацыі праграмы, а яе паўнавартасныя ўдзельнікі. “Самая галоўная зорка нашага шоу — гэта манеж, які апускаецца і падымаецца, з вялізнай колькасцю вады і святла, — падкрэслівае Аляксандр Чэрвоткін. — Артыстам вельмі складана канкурыраваць з такой зоркай, таму на іх ляжыць вялізная адказнасць, бо ва ўсім даводзіцца адпавядаць яму. І я спадзяюся, што тыя, хто тут цяпер прадстаўляе сваё мастацтва, вартыя гэтай цудоўнай сцэны”.

На раялі — Марыя Бакалкіна.

На водным манежы

На працягу ўсяго паказу водныя і “сухапутныя” нумары чаргуюцца, а выступаць на мокрай арэне няпроста. “Усе ведаюць, наколькі складана нам стаяць і рухацца па слізкай паверхні, напрыклад, у галалёдзіцу, гэтак жа і тут, — патлумачыла галоўны рэжысёр Белдзяржцырка Ала Нікалаева-Аліева. — Асабліва складана паветраным гімнастам, бо іх рэквізіт намакае. Батутысты таксама хоць і не першы раз удзельнічаюць у такой праграме, аднак і ім усё роўна слізка, праўда, яны добра спраўляюцца. Мы ўсё яшчэ падбіраем спецыяльны абутак для нашых артыстаў — братоў Дзмітрыя і Багдана Казаковых, каб іх ногі не слізгалі і яны змаглі паказаць свой новы сілавы трук. Да мокрай паверхні трэба прызвычаіцца і жывёлам, бо любы звер не любіць дажджу. Але ў нас абавязкова ўсё атрымаецца, і праграма стане яшчэ больш яркай і эфектнай”.

Прынамсі, водны паказ у Бел­дзяржцырку рыхтаваўся ўсяго пяць дзён. “Гэтая праграма дастаткова абкатаная, яна была ў розных цырках, а таму проста некаторыя нумары дадаюцца, а некаторыя — знімаюцца”, — сказаў мастацкі кіраўнік цырка Вітаўтас Грыгалюнас. А дырэктар цырка Уладзімір Шабан дадаў, што ўсяго ў шоу задзейнічана каля 200 чалавек як артыстаў, так і тэхнічнага персаналу, у тым ліку дзевяць чалавек абслугоўваюць фантаны і лазерную інсталяцыю.

Аляксандр і Бэла Чэрвоткіны.

Але вернемся да паказу. Сярод зорак “Воднай феерыі” — дрэсіраваныя мядзведзі і сабачкі, малпы і марскія львы. Апошнія амаль не паддаюцца дрэсуры, а таму іх вельмі рэдка можна ўбачыць на цыркавым манежы. “Яны з характарам, а таму іх немагчыма прымусіць нешта рабіць, калі яны самі гэтага не захочуць. Дрэсіроўшчыку застаецца толькі прыслухоўвацца да таго, што яны робяць самі, і накіроў­ваць. А яшчэ яны вельмі ўважлівыя, і ім даволі складана адаптавацца да новых умоў. Перад выхадам на манеж яны праводзяць цэлы рытуал: абнюхваюць кожны кут, усё правяраюць, і, калі хоць штосьці іх не задаволіць — могуць і не выйсці, — расказаў дрэсіроўшчык марскіх ільвоў Аляксей Гаўрылаў. — Я стаўлюся да сваіх гадаванцаў як да сяброў. Увогуле, з марскімі жывёламі вельмі складана наладзіць адносіны, яны павінны быць узаемнымі і даверлівымі.

У час класічных нумароў мя­дзведзь Юрыя Базанава паганяе на матацыкле, а малпачкі Ганны Бакаевай прадэманструюць трукі на канаце з завязанымі вачамі і нават уніз галавой. Дарэчы, штогод журналісты, прысутнічаючы на паказах з удзелам братоў нашых меншых, задаюць артыстам і кіраўніцтву цырка пытанне наконт іх стаўлення да забароны выкарыстання жывёл у цырках. На гэты раз Уладзімір Шабан адказаў, што асабіста ён катэгарычна супраць выкарыстання жывёл у перасовачных цырках і заапарках, калі для іх утрымання адсутнічаюць неабходныя ўмовы. “Гэта і настройвае лю­дзей супраць шоу з жывёламі. Аднак вы зайдзіце за кулісы Бел­дзяржцырка і паглядзіце, якія ўмовы ў нас створаны для чатырохногіх артыстаў: у іх асаблівы рацыён, ёсць спецыяльныя душавыя і салярый. Усе яны дагледжаныя і накормленыя, і выступаюць з задавальненнем”, — падкрэсліў дырэктар цырка. Ала Нікалаева-Аліева ўзгадала, як аднойчы дрэсіроўшчыкі знайшлі ў баку для смецця маленькіх кацянят і прынеслі іх у цырк, тое ж самае было і з сабакамі. А калі ў аднаго з дрэсіроўшчыкаў захварэў тхор, ён заўсёды насіў яго з сабой у сумцы і выходжваў. “Ад сябе дадам такі факт: у заапарку жывёлы жывуць у два разы даўжэй, чым у дзікай прыродзе, а ў цырку — у тры разы. Нядаўна ў нашым цырку нарадзілася малпачка, якую назвалі Ева. А ўсе ведаюць, што жывёлы ў няволі нараджаюцца вельмі рэдка. У нас цудоўныя ўмовы для братоў нашых меншых”, — рэзюмаваў Вітаўтас Грыгалюнас.

Гімнасты, эквілібрысты і ілюзіяністы

Акрамя таго, праграму “Воднай феерыі” ўпрыгожваюць паветраныя гімнасты на рамянях — дуэт Satellite Рамана Кранжко і Ангеліны Прохаравай, чыё пачуццёвае выступленне пад рамантычную музыку асабліва спадабаецца дарослым гледачам. Запамінаюцца і нумары Марыі Бакалкінай “Эквілібр на раялі”, Наталлі Нарышкінай “Паветраная гімнастка ў сетках”, “Хула-хупы на шары” Хрысціны Кудзінай, якая ў канцы выступлення ўзнімаецца пад купал цырка на сярэбраным шары, што рухаецца магутным напорам вады, а яшчэ “Паветраныя гімнасткі ў кальцы” пад кіраўніцтвам Лізаветы Васільчанка і “Віртуозная пяцёрка” на чале з Уладзімірам Плотнікавым, якая паказвае эквілібр на штэйн-трапэ. Між іншым апошнія дэманстравалі свой небяспечны нумар 108 разоў за апошнія два месяцы, пры гэтым ні разу не ўпалі. Апісаць гэты відовішчны нумар вельмі складана, але адзначу, што яго кіраўнік узнімае на доўгім шасце худзенькую прыгажуню-гімнастку, трымаючы гэты перш (шост) на сваёй галаве. “Максімальная вага, якую я паднімаў такім чынам, — 70 кг, плюс перш — 10 кг, — патлумачыў Ула­дзімір Плотнікаў. — Зараз у мяне дзве партнёршы па 45 кг і рэквізіт — 10 кг, атрымліваецца 55 кг. Хлопцы, якія стаяць у маёй калоне, сярэдні важыць 60 кг, а верхні таксама 45 кг. Калі ў нас не атрымліваецца трук, мы перарабляем яго, і глядач у любым выпадку ўба­чыць тое, што мы павінны яму паказаць”.

Хочацца адзначыць трыумфальны нумар ілюзіяністаў пад кіраўніцтвам Антона Грышына, якія знікаюць і з’яўляюцца, пераапранаюцца і мяняюцца месцамі за лічаныя секунды. Хоць гледачы і разумеюць, як адбываюцца такія цуды, аднак як зрабіць іх за 5 секунд — застаецца неспасціжным і неверагодным. Праграма “Водная феерыя. Фэнтэзі парк”, якая бу­дзе ладзіцца ў Белдзяржцырку да 10 мая, напоўнена вельмі прыгожай музыкай і танцамі, а яе кульмінацыяй становіцца сапраўдная водная феерыя — фантан з соцень струменяў, якія рухаюцца пад музыку разам з лазерным шоу.

У Мінску водная праграма дэманструецца трэці раз, аднак кожная наступная вельмі адрозніваецца ад папярэдняй, бо мяняюцца не толькі нумары, а нават фантаны, якія пачынаюць то танцаваць, то спяваць, то рухацца разам з артыстамі. Таму, калі вы былі на падобным шоу тры гады назад і думаеце, што ўсё бачылі, — паверце, далёка не ўсё!

“Сярэбраны клоўн” Монтэ-Карла

На 44-м Міжнародным фестывалі цыркавога мастацтва ў Монтэ-Карла, які праходзіў з 16 па 26 студзеня, атракцыён “Шамбала” штатнага артыста Белдзяржцырка Сяргея Несцерава заваяваў сярэбраную ўзнагароду, што з’яўляецца паказчыкам высокага ўзроўню майстэрства артыста.

У нумары заслужанага артыста Расіі Сяргея Несцерава ўдзельнічаюць пяць белых тыграў, якія пад кіраўніцтвам дрэсіроўшчыка выконваюць унікальныя трукі. Такі нумар — гэта прыклад майстэрства, грацыёзнасці і ўнікальных узаемаадносін паміж жывёламі і чалавекам. “Каб трапіць на такі фестываль, артысты стаяць у чарзе гадамі. І калі трапіў, то пасля ўжо лічышся прызнаным артыстам міжнароднага ўзроўню, — сказаў Уладзімір Шабан. — У гэтым го­дзе нашу краіну прадставіў Сяргей Несцераў з цыркавым нумарам “Шамбала” — атракцыёнам з пяццю белымі тыграмі, які рыхтаваўся на нашай пляцоўцы восем месяцаў. Для нас вялікі гонар, што гэты атракцыён узяў першае серабро, бо ёсць яшчэ і другое, і трэцяе. Дарэчы, трохтысячны зал у цэнтры Монтэ-Карла на нашым нумары ўставаў двойчы: першы раз, калі тыгры сыходзілі, а другі — калі тыгрыца прыбягала абдымацца з дрэсіроўшчыкам. Гэта было ўражальнае відовішча, якім мы ганарымся. Паверце, такое бывае раз у жыцці”.

Сёлета сваё мастацтва на прэстыжным фестывалі ў Монтэ-Карла прадэманстравалі 150 артыстаў з 18 краін свету: Кітая, Расіі, Японіі, Швейцарыі, Бельгіі, ЗША, Японіі, Беларусі і інш.

Акрамя таго, у гэтым годзе артысты Белдзяржцырка выступяць на фестывалях цыркавога мастацтва ў Кыргызстане і КНДР, адправяцца з гастролямі ў Томск і Казань. А новы нумар “Паветраны палёт” пад кіраўніцтвам Яўгена Канановіча запрашаюць у ізраільскі Ашдод у красавіку.

Што тычыцца наступных праграм Белдзяржцырка, то летам гледачы змогуць убачыць паказ “Афрыка” з удзелам артыстаў з Эфіопіі, восенню — сумеснае беларуска-венгерскае шоу, а бліжэй да Новага года — чарговую цыркавую казку.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.