Анлайн-Ваабражулькі сталі пераможцамі

- 13:00Адукацыйная прастора

Падведзены вынікі рэгіянальнага конкурсу “Інавацыі ў анлайн-адукацыі”. Арганізатар — рэзідэнт Гомельскага тэхнапарка кампанія “Кідскей” — прааналізаваў 46 работ, назваў імёны пераможцаў і ўручыў ім грашовыя прызы і кветкі.

Д арэчы, конкурс праводзіўся па ініцыятыве кампаніі “Кідскей”, якая займаецца навучаннем дзяцей чытанню на рускай мове па ўсім свеце з выкарыстаннем уласных методык і анлайн-платформы, пры падтрымцы галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама і адміністрацыі Гомельскага тэхнапарка. Прапанова па развіцці адукацыі ў віртуальнай прасторы знайшла водгук у педагогаў. Тры лепшыя распрацоўкі належаць педагогам з раённых цэнтраў Гомельшчыны.

Трэцяе месца з работай “Навучанне дзяцей сучаснай тэхніцы хуткага малюнка” заняла настаўніца выяўленчага мастацтва Веткаўскай сярэдняй школы № 1 Марыя Худзякова. На другім — настаўніца пачатковых класаў 14-й мазырскай школы Людміла Вінакурава з работай “Фарміраванне крэатыўнага мыслення”. Першае месца заняла праграма пад назвай “Вясёлыя гульні з Унімайкай, Запамінайкай, Ваабражулькай і Чамучкай” дырэктара і адначасова настаўніка-дэфектолага Давыдаўскай сярэдняй школы Светлагорскага раёна Святланы Маркевіч.

Распрацаваныя методыкі анлайн-адукацыі пераможцы будуць выкарыстоўваць не толькі ў сваіх установах. Пасля нязначных дапрацовак спецыялістамі праграмы стануць даступныя кожнаму, хто зацікаўлены ў развіцці адукацыі, адзначыла дырэктар кампаніі Ганна Аксёненка:

— Мы ў пошуку таленавітых педагогаў-метадыстаў, якія гатовы ствараць цікавыя праекты для дадатковай адукацыі. Плануем знаёміцца больш грунтоўна з напрацоўкамі ўсіх педагогаў, якія даслалі на конкурс свае праекты, каб дапамагчы дапрацаваць іх праграмы.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.