У Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі адкрылася выстава лепшых работ Рэспубліканскага конкурсу “АрхНавацыя-2017”.
Рэспубліканскі конкурс “АрхНавацыя” (арганізатары — НЦМТДіМ і Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Беларусі) сёлета праводзіцца ўжо шосты раз. І хоць выдатна разумееш, што прадстаўленыя на выніковай экспазіцыі творы будуць плёнам усяго толькі дзіцячай фантазіі, а не прафесійных уяўлянняў пра архітэктурнае асяроддзе, і што выстаўленыя тут архітэктурныя макеты ніколі не дачакаюцца сваёй праектнай дакументацыі, выставу “АрхНавацыі” ўсё адно чакаеш менавіта ў гэтыя познекастрычніцкія, перадлістападаўскія дні, калі нават самыя прыгожыя і самыя сучасныя рэальныя будынкі хаваюцца ў восеньскіх маркотных прыцемках, калі горад замірае, рыхтуецца да зімовай спячкі, а ў тваёй галаве нараджаецца іншы горад — светлы, казачны, дзіцячы, цацачны… Той, які (ты гэта ўжо дакладна ведаеш) з замілаваннем будзеш бачыць у Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.
Зрэшты, рэспубліканскі конкурс ёсць рэспубліканскі конкурс, тут усё, пачынаючы ад Палажэння і заканчваючы складам журы, вызначаецца і зацвярджаецца на афіцыйным узроўні, а тэматыку “АрхНавацыі” арганізатары абнаўляюць і прадумваюць да драбніц штогод. Сёлета, па словах намесніка дырэктараНЦМТДіМ Алены Левінай, удзельнікам конкурсу, навучэнцам аб’яднанняў па інтарэсах устаноў адукацыі дзяцей і моладзі дадатковай адукацыі і іншых УА ва ўзросце ад 4 да 20 гадоў, былі прапанаваны для асэнсавання і мастацка-архітэктурнага ўвасаблення тры асноўныя тэмы: “Разумны горад” (уяўленні пра ідэальную архітэктурную будучыню, раскрыццё тэндэнцый развіцця горадабудаўніцтва, мабільнасці і экалагічнасці гарадской архітэктуры), “Універсальны дызайн” (творчыя ідэі, звязаныя са стварэннем безбар’ернага гарадскога асяроддзя, і наогул горадам, які быў бы зручным для ўсіх: мам з каляскамі, пажылых людзей і маленькіх дзетак, людзей з абмежаванымі магчымасцямі, мінакоў і веласіпедыстаў) і “Мінск — горад гісторыі і культуры” (прысвячэнні 950-годдзю сталіцы Беларусі). У заключным рэспубліканскім этапе конкурсу прынялі ўдзел больш за 800 навучэнцаў з усіх рэгіёнаў краіны, на выставе прадстаўлена каля 300 жывапісных і графічных работ, мастацкіх фота і архітэктурных макетаў. Пераможцы конкурсу ў чатырох намінацыях (“Жывапіс”, “Графіка”, “Мастацкая фатаграфія”, “Архітэктурнае макетаванне”) у дзень закрыцця выставы, 25 лістапада, атрымаюць дыпломы Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва і сувеніры. Выявы лепшых твораў па традыцыі аздобяць фабрычны перакладны каляндар на 2018 год.
Вось некаторыя нюансы сёлетняй экспазіцыі на ўзроўні першаснага ўражання: больш за ўсё работ прадстаўлена па тэме “Разумны горад”; самы распаўсюджаны архітэктурны аб’ект у творах дзяцей — прычым і ў макетах, і ў графіцы, і ў фота, і ў жывапісе — сталічны касцёл Святога Сымона і Святой Алены (але не абышлося, безумоўна, і без будынкаў Нацыянальнай бібліятэкі, Кафедральнага сабора на Нямізе, Мінскай гарадской ратушы, плошчы Перамогі ў Мінску і іншых знакавых аб’ектаў); адным з самых незвычайных у сэнсе выбару аб’екта, мабыць, можна назваць макет “Кобрынскія электрасеткі” (навучэнцаў Кобрынскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці), а ў сэнсе самой архітэктуры незвычайнага на выставе вельмі шмат, з відавочнай перавагай футурыстычных і касмічных форм; сёлетні юбілей Мінска паспяхова зрабіў сваю справу, Мінск — абсалютны пераможца па колькасці мастацкіх вобразаў, у тым ліку створаных канкурсантамі не са сталіцы.
Тым часам гісторыя стварэння кожнай з прадстаўленых работ у кожнага канкурсанта свая. Сямігадовая Валерыя Трубіцына (займаецца ва ўзорнай студыі “Крынічка” НЦМТДіМ у Вольгі Кашкурэвіч; 1-е месца ў намінацыі “Жывапіс”) прызналася, што намаляваць менавіта плошчу Перамогі ў конкурсным малюнку ёй падказала выкладчыца, але ракурс дзяўчынка выбрала сама — не з боку вакзала, а, наадварот, у бок вакзала, “бо тады бачна больш дрэў, зеляніны”.
Адзінаццацігадовая Кацярына Дзмітрук (займаецца ў народнай студыі НЦМТДіМ у Юліі Шаціла; 1-е месца ў намінацыі “Графіка”) графічнымі сродкамі ўвасобіла “Горад зорнай ноччу” — горад, які стаіць на вадзе, як кажа сама Каця, пасярод вялікай вады, там, дзе яго ўзвялі людзі, якія выратаваліся ад вялікай бяды і дабраліся да гэтага месца на чаўнах. Абсалютна без жартаў сцвярджаю: біблейскія матывы тут відавочныя. Углядзіцеся ўважліва ў гэты цудоўны вобраз…
Пятнаццацігадовыя Арцемій Цеў, Антон Міцько і Кірыл Яскевіч з мінскай гімназіі № 41 (займаюцца ў гімназічнай студыі “Крэатыў” у педагога Ларысы Сцяпанавай; 1-е месца ў намінацыі “Архітэктурнае макетаванне”) прадставілі на конкурсе макет фрагмента сучаснага горада-спадарожніка — сваю дыпломную работу пасля заканчэння 9 класа. Тут можна ўбачыць вышынны будынак даследчага цэнтра, гандлёвыя цэнтры, жылыя дамы, зону для адпачынку, раку, якая дзеліць гарадскую прастору папалам… Твары ў хлопцаў светлыя, вочы ўсмешлівыя, позіркі добразычлівыя, але ўчэпістыя… У галаве іх мітусліва раяцца матэматыка з фізікай (профілі 41-й гімназіі), а ў думках і фантазіях нараджаецца новы горад. Разумны горад. Горад будучыні. І жыве мара стаць яго архітэктарам.
Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.